понедельник, 13 февраля 2017 г.

Сарданэла Ягамосьць. Мовазнаўца Паліванаў. Койданава. "Кальвіна". 2017.




    Яўген Дзьмітрыевіч Паліванаў – нар. 12 сакавіка (28 лютага) 1891 г. у губэрнскім горадзе Смаленск Расійскай імпэрыі, на “адвечнай зямлі беларускага народа”, у дваранскай сям’і.
    У 1908 г. скончыў Аляксандраўскую гімназію ў Рызе, у 1911 г. Практычную ўсходнюю акадэмію па японскім разрадзе ў Санкт-Пецярбургу, у 1912 г. гісторыка-філялягічны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту.
    У 1914 ды 1915 гг. зьдзейсьніў паездкі ў Японію, дзе вывучаў японскія дыялекты. Таксама існуе меркаваньне, што ў 1916 г., пад час знаходжаньня ў Японіі, навуковец сумяшчаў свае дасьледаваньні з працай на расейскую ваенную выведку. У Петраградзе ён быў запрошаны на пасаду прыват-дацэнта па катэдры японскай мовы.
    У 1917 г. Паліванаў далучыўся да левых меншавікоў і ўзначаліў аддзел друку Міністэрства замежных спраў Часавага ўраду. Падчас Кастрычніцкага перавароту 1917 г. ён далучыўся да бальшавікоў і з лістападу 1917 г. выконваў абавязкі аднаго з двух намесьнікаў наркама замежных спраў Л. Троцкага, у прыватнасьці рыхтаваў першапачатковы тэкст Брэсцкай мірнай дамовы. Выконваючы ўрадавае заданьне, Паліванаў перавёў і апублікаваў сакрэтныя дамовы царскага ўраду з іншымі дзяржавамі. Аднак напачатку 1918 г. паміж ім ды Троцкім адбыўся канфлікт, падчас якога наркам абвінаваціў навукоўца ў службовых злоўжываньнях, прыхільнасьці да алькагольных напояў і прыналежнасьці да чарнасоценскага “Зьвязу рускага народа”. Дарэчы, у юнацкасьці, нібыта нападпітку, Паліванаў пазбавіўся кісьці левай рукі, але заўсёды імкнуўся паказаць, што гэты фізычны недахоп яму не замінае.
    Паліванаў пачаў працаваць загадваючым Ўсходнім аддзелам Інфармацыйнага бюро Паўночнай вобласьці, а затым арганізатарам кітайскай камуністычнай сэкцыі пры Петраградзкім камітэце РКП(б). У 1919 г. ўступае ў шэрагі РКП(б) і атрымаў у 28 гадоў званьне прафэсара.
    У 1921 г. ён пераехаў у Маскву, дзе пачаў працаваць намесьнікам начальніка Далёкаўсходняга аддзела Камінтэрну і загадваць усходнім сэктарам у Камуністычным унівэрсытэце працаўнікоў Усходу. Быў камандзіраваны Камінтэрнам у Ташкент дзеля працы ў закансьпіраваным аддзеле па лініі Сіньцзяна. Працаваў прафэсарам Сярэднеазіяцкага ўнівэрсытэта і намесьнікам старшыні Дзяржаўнай навуковай рады Туркестанцкай рэспублікі. У 1923 г. у Маскве выйшла ягоная праца: Проблема латинского шрифта в турецких письменностях. (По поводу нового якутского алфавита, азербайджанской азбуки jeni jol и узбекского алфавита, санкционированного 2-м Съездом Узбекского рабочего просвещения).
    У 1924 г. па выкліку Ваеннай акадэміі езьдзіў у Маскву для выкладаньня японскай мовы. У 1924 - 1925 гг. Паліванаў працаваў у Ташкенце загадваючым Галоўліту. Напачатку 1926 г. ён быў запрошаны ва Ўладзівасток, дзе працаваў прафэсарам японскай мовы ў Далёкаўсходнім унівэрсытэце. У траўні яму далі камандзіроўку і навуковец правёў некалькі дзён у Японіі.
     Увосень 1926 г. Паліванава запрасілі ў Маскву дзе ён працаваў у Камуністычным унівэрсытэце працоўных Усходу імя І. В. Сталіна ды быў старшынёй лінгвістычнай сэкцыі Навукова-дасьледчых інстытутаў грамадзкіх навук. Тады ж з-за наркаманіі было прыпыненае ягонае чалецтва ў партыі.
    У лютым 1929 г. Паліванаў выступіў у Камуністычнай акадэміі з дакладам, дзе пераканаўча выявіў недаказанасьць і хібнасьць “яфэтычнай тэорыі”, аўтарам якой быў Мікалай Мар, які карыстаўся падтрымкай савецкіх уладаў.
    З гэтага моманту пачалося мэтанакіраванае цкаваньне Паліванава. Ён страціў магчымасьць працаваць у Маскве і ў 1929 г. зьяжджае ў Самарканд, дзе пачаў працаваць ва Ўзбэцкім дзяржаўным НДІ, а ў 1931 г. пераехаў разам з інстытутам у Ташкент. Ад 1934 г. навуковец жыў у г. Фрунзе, працуючы прафэсарам у Кіргіскім інстытуце культурнага будаўніцтва ды актыўна займаўся дасьледаваньнем дунганскай мовы і працаваў над перакладам кіргіскага эпасу “Манас”.
    Яўген Паліванаў быў выбітным паліглётам бо ведаў, як сам сьцьвярджаў, 18 моў: францускую, нямецкую, ангельскую, лацінскую, грэцкую, гішпанскую, сэрбскую, польскую, кітайскую, японскую, татарскую, узбэцкую, туркмэнскую, казахскую, кіргіскую, таджыкскую, эстонскую і рускую. Але, апроч гэтых, яшчэ пасіўна: абхаскую, азэрбайджанскую, альбанскую, калмыцкую, асырыйскую, арабскую, грузінскую, дунганскую, карэйскую і мардоўскую (эрзя). Ён мог перакладаць з аркушу Гётэ з нямецкай на узбэцкую мову, ён ня толькі перакладаў вершы з іншых моў, але і пісаў іх пад псэўданімам Бо Цзі-шэн.
    У канцы ліпеня 1937 г. з Масквы прыйшла шыфратэлеграма, падпісаная намесьнікам наркама ўнутраных спраў Фрыноўскім, з прадпісаньнем арыштаваць прафэсара Паліванава і даставіць яго ў Маскву. Арышт адбыўся ў ноч на 1 жніўня, і навукоўца неўзабаве перавезьлі ў сталіцу, ва ўнутраную турму НКУС на Лубянцы. Ён быў абвінавачаны ў працы на замежную (японскую) выведку і шпіянажы па артыкуле 58-1а КК і накіраваны ў Бутырскую турму.
     25 студзеня 1938 г. адбылося зачыненае паседжаньне Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР. Суд прызнаў яго вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 58-1а, 58-8 і 58-11 КК РСФСР і прысудзіў да вышэйшай меры пакараньня. У той жа дзень Яўген Дзьмітрыевіч Паліванаў быў расстраляны на палігоне “Камунарка” і там жа пахаваны.
    3 красавіка 1963 г. Пленум Вярхоўнага Суда СССР пастанавіў адмяніць той прысуд і справу ў адносінах Паліванава вытворчасьцю спыніць за адсутнасьцю ў ягоных дзеяньнях складу злачынстваў.
     Ягоная жонка Брыгіта Альфрэдаўна Паліванава-Нірк (1899-1946), па паходжаньні эстонка, была арыштаваная 10 красавіка 1938 г. у Ташкенце і 13 лістапада 1038 г. была асуджана на 10 гадоў ППЛ як “агент польскай выведкі”. Памерла ў Каргапольляге 1 ліпеня 1946 г., рэабілітаваная ў 1989 г.
    Цяпер у Смаленску рэгулярна праводзяцца філялягічныя навуковыя канфэрэнцыі, г. зв. Паліванаўскія чытаньні. У 2001 г. у рамках дадзеных чытаньняў прайшоў міжнародны сэмінар “Яўген Дзьмітрыевіч Паліванаў і ягоныя ідэі ў сучасным асьвятленьні”.
    Пры жыцьці Яўгена Дзьмітрыевіча Паліванава выйшла каля 140 публікацый, у тым ліку больш 20 кніг і брашур. Шматлікія працы засталіся ў рукапісным выглядзе або былі згубленыя.
    Літаратура:
    Булахов М. Г.  Восточнославянские языковеды. Т. 3. Минск. 1978. С. 150-152.
    Ларцев В. Г.  Евгений Дмитриевич Поливанов. Страницы жизни и деятельности. Москва. 1988. 327 c.
    Лингвист Семен Андреевич Новгородов. Хаартыскалар, докумуоннар, ыстатыйалар. Дьокуускай. 2007. С. 117.
    Сарданэла Ягамосьць,
    Койданава