четверг, 1 октября 2015 г.

Валянціна Белавусава. Цудоўны радок майстра. Койданава. "Кальвіна". 2015.

                                                                  Калі тубыльцы пераходзяць на звычаі чужынцаў,
                                                             яны перастаюць быць аўтахтонным насельніцтвам...
                                                                                                                     Эразм Цюндзявіцкі,
                                                                                                                                     Койданава
                                                      ЦУДОЎНЫ  РАДОК  МАЙСТРА
    Колькі ўсяго прыгожага вакол нас, колькі неабдымнага і неспазнанага! Але гэта ўжо не цікавіць, не прываблівае і не абуджае душу. Колькі шчасьця можна знайсьці ў тым, што на першы погляд здаецца такім непрыкметным! Аднак людзі не заўважаюць гэтага. Яны зусім развучыліся кахаць, радавацца сонцу, блакітнаму небу i жыцьцю.
    На выставе, што разгорнута ў горацкай карціннай галерэі, вы ўбачыце прыгожыя сурвэткі, машынную вышыўку, якую майстарка зрабіла сваімі рукамі. Вытанчаныя творы мастацтва зроблены Людмілай Васільеўнай Шыпінай, членам народнага аб’яднаньня “Мастацтва”, прыгожай жанчынай, добрым і таленавітым чалавекам.
    Выстава гасьцінна адчыняе дзьверы для аматараў мастацтва і тых, хто цікавіцца мастацтвам вышыўкі “гладзьдзю” і вышыўкі “рышэлье”. Гэтыя карункі жыцьця дапамагаюць жыць і Людміле Васільеўне. Зараз жыве майстарка ў Горках, але нарадзілася ў Хабараўску. Пасьля заканчэньня школы паступіла ў тэхнічнае вучылішча ў г. Балхаш, якое скончыла у 1957 годзе. Працавала ў лябараторыі вышуку грунту ў Алма-Аце, затым – у Якуціі ў г.Нерунгры інжынерам, потым загадчыкам лабараторыі.
    У Горках – з 1991 года. Некаторы час працавала у гімназіі №1, вяла гурток машыннай вышыўкі.
    Вышыўкай пачала займацца ў Алма-Аце, дзе наведвала гурток і ўдасканальвала свае майстэрствы па розных дапаможніках. Больш ярка яе талент праявіўся менавіта ў нашым горадзе.
    Людміла Васільеўна – член аб’яднаньня “Мастацтва” з 1994 года. Гэта яе чацьвёртая пэрсанальная выстава. Яна актыўна ўдзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх выставах майстроў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, гарадзкіх i раённых сьвятах. Яе творы славілі горацкую зямлю на Днях Магілёўшчыны ў Мінску, на Рэспубліканскіх фэстывалях-кірмашах “Дажынкі-2000” у Шклове, “Дажынкі – 2006” у Бабруйску, на сьвяце “Горад майстроў”.
    У майстаркі шмат прыхільнікаў яе таленту. Сваімі творамі яна прыносіць прысутным вялікае маральнае задавальненьне.
    Хочацца сказаць ёй вялікі дзякуй за цудоўную выставу і пажадаць творчага неспакою, посьпехаў і натхненьня.
    Валянціна Белавусава
    27 лістапада 2009

                                                                     ДАВЕДКА
    Людміла Васільеўна Шыпіна – нар. 7 лістапада 1934 г. ў краявым г. Хабараўск РСФСР (СССР).
    Скончыла Балхашскае тэхнічнае вучылішча (1957). Працавала ў лябараторыі вышуку грунту ў Алма-Аце, затым у г. Нерынгры Якуцкай АССР інжынэрам, загадчыкам лябараторыі.
    Ад 1991 г. на заслужаным адпачынку і з сям’ёй пераехала ў Горкі Магілёўскай вобласьці.
    Чалец аб’яднання “Мастацтва” пры Горацкай карціннай галерэі з 1994. Майстрыха дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Прымае ўдзел у выставах майстроў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва горада, раёна, вобласці, рэспублікі. У 1997 адбылася пэрсанальная выстава ў Горацкай карціннай галерэі.
    Літаратура:
·  Авраменко Л.  Мир радости и красоты. // Ленінскі шлях. Горкі. 4 сьнежня 2002.
·  Кальчэўская І.  Майстэрства. Фантазія. Шчырасць. // Ленінскі шлях. Горкі. 18 сьнежня 1996.
·  Міхайлаў У.  Почырк майстрыхі. // Ленінскі шлях. Горкі. 7 сакавіка 1997.
·   Госця маслакоўцаў – майстрыха Л. Шылава. // Ленінскі шлях. Горкі. 23 лістапада 2002.
    Зайда Швачка,
    Койданава