четверг, 1 октября 2015 г.

Уладзімер Амяльчэня. Раднейшага бацькі не бывае. Койданава. "Кальвіна". 2015.


                                                  РАДНЕЙШАГА БАЦЬКІ НЕ БЫВАЕ

    Гэту сям’ю ведаюць далёка за межамі Салігорска. А знакаміта сям’я тым, што адзін мужчына вырасьціў чатырох сыноў, сам не быўшы жанатым.
    Быў час, калі па вялікія грошы ехалі людзі ў Якуцію здабываць золата. Паехаў туды, на бераг Ледавітага акіяна, у пасёлак Энтузіястаў, і Аляксандр Артамонаў, малады бадзёры баяніст. Ён не разьбіраўся ў тэхніцы, якая працавала ў вечнай мерзлаце, але добра разьбіраўся ў музыцы, у арганізацыі культурна-масавага адпачынку. Таму сярод золатаздабыдчыкаў адчуваў сябе вольна, меў павагу.
    Але аднойчы ў рукі трапіла нейкім прывезеная газэта “Савецкая Беларусь”. У адным артыкуле расказвалася, што ў Віцебскі дом нехта падкінуў маленькага хлопчыка. З таго часу Аляксандр Віктаравіч згубіў спакой. Ён абураўся на тых, хто адрокся ад дзіцяці. Ноччу прачынаўся ў мокрым поце, адчуваў сябе хворым: не давала жыцьця хваляваньне за хлопчыка. З пасёлкам золатаздабыдчыкаў прыйшлося разьвітацца.
     Нялёгка і зусім не проста было забраць дзіця з прытулку. Куды лягчэй і прасьцей было яго туды сьпіхнуць. Многа сіл і выдумкі страціў у барацьбе з бюракратамі Аляксандр Артамонаў. Усе зьдзіўляліся, як гэта нежанаты мужчына возьме гадаваць чужое дзіцятка, якую карысьць з гэтага хоча мець. Усё ж перамог. Другога жніўня 1990 года хлопчыка забраў і даў яму імя Герман Аляксандравіч Артамонаў.
    Скора з таго ж дзіцячага дома прыйшлося ўзяць яшчэ аднаго хлопчыка, каб Герману было весялей. Пазьней Аляксандр Віктаравіч з Салігорскага дзіцячага дома ўзяў да сябе яшчэ дваіх хлапчукоў.
    Герман скончыў пэдагагічны унівэрсытэт імя Максыма Танка, працаваў трохі ў роднай Салігорскай школе, цяпер ён асьпірант гэтага унівэрсытэта, працуе над дысэртацыяй.
    - У нас вельмі добрыя адносіны ў сям’і, моцная мужчынская дружба, - расказвае Герман.
    - Мы вельмі любім і шануем свайго бацьку. Ён для нас бацька, маці і бабуля, раднейшага бацькі не бывае.
    Уладзімір Амяльчэня
    Сын Герман (злева): “Мы вельмі любім і шануем свайго бацьку”
    /Інфа-Кур’ер. Слуцк. 5 снежня 2007./