воскресенье, 27 сентября 2015 г.

Серафім Кулачыкаў. Капітан Гастэла. Пераклаў з якуцкай І. Маркевіч. Койданава. "Кальвіна". 2015.


                                                         У ВЯНОК ДРУЖБЫ
    Эльляй
                                                          КАПІТАН ГАСТЭЛА
                                                          У прасторах над зямлёй
                                                          Прыцемкам ночы
                                                          Выляталі на разбой
                                                          Кáты-крумкачы.

                                                          Ды заўважыў чорны цень
                                                          Сокал-капітан.
                                                          Ім насустрач паляцеў
                                                          Скрозь начны туман.

                                                          Імчыць Гастэла напралом
                                                          У гушчу чужаніц.
                                                          Пракаціўся ў небе гром
                                                          Сполахам зарніц.

                                                          Захістаўся гарызонт,
                                                          Блізка — гладзь шашы.
                                                          Скіраваў свой самалёт
                                                          У паток машын.

                                                          Выбух даль ускалыхнуў,
                                                          Нібыта салют.
                                                          Сэрцам лётчык захінуў
                                                          Родную зямлю,

                                                          Нездарма народ яго
                                                          Сокалам заве,
                                                          Сына слаўнага свайго
                                                          Будзем помніць век.
                                                                          Пераклаў І. Макарэвіч.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. 8 лістапада 1974. С. 6./


                                                                     ДАВЕДКА



    Серафім Раманавіч Кулачыкаў (Эльляй - Эльлэй) - нар. 16 (29) лістапада 1904 г. у Ніжнеамгінскім насьлезе Батурускага ўлусу Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці Расейскай імпэрыі

    Творчую дзейнасьць пачаў з 1924 г. перакладам на якуцкую мову рускіх рэвалюцыйных песьнях. У 1928 г. скончыў Дзяржаўны інстытут журналістыкі пры Наркамаце Асьветы РСФСР, працаваў у рэдакцыях якуцкіх газэт. У 1942 г. пакліканы ў шэрагі РСЧА, а у 1944 г. быў дэмабілізаваны пасьля раненьня. Ад 1946 г. чалец КПСС. У 1955 г. дэпутат Вярхоўнай Рады ЯАССР. У 1964 г. нададзена званьне народнага паэта Якуцкай АССР. Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамола Якуціі.
    Памёр 14 сьнежня 1976 г. у Якуцку.
    Нароўні з савецка-ідэалягічнай тэматыкай выкарыстоўваў у сваіх творах матывы вуснай народнай творчасьці, перакладаў паасобныя творы Тараса Шаўчэнка.
    Быў узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Дружбы народаў, “Знак Пашаны” і шматлікімі мэдалямі.
    Ягоным імем названая адна з вуліц горада Якуцка і Чычымахская сярэдняя школа Татцінскага ўлусу.
    Айуна Далёнчык,
    Койданава



    Іван Мікалаевіч Маркевіч – нар. 15 чэрвеня 1936 г. у в. Восава Бярэзінскага р-на Менскай вобл. БССР– СССР, у сялянскай сям’і.
    Пасьля заканчэньня у 1954 г. Ляжынскай сярэдняй школы паступае у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, але хвароба перашкодзіла вучобе.
    Працаваў у калгасе, брыгадзірам жывёлагадоўлі ў саўгасе “Уша”, старшынёй Ушанскага сельскага Савета, займаў пасады старшыні рабочага камітэта і старшыні райкама прафсаюзаў сельскай гаспадаркі і нарыхтовак.
    Пачатак журналісцкай дзейнасьці адзначаны 1963 годам. Спачатку супрацоўнічаў з чэрвеньскай газэтай “Уперад”, а калі ў 1965 годзе быў адноўлены Бярэзінскі раён, – з раённай газэтай “Сцяг Леніна”. Адначасова вучыўся на філялягічным факультэце БДУ імя Леніна, які скончыў у 1970 г. Ад 1973 г. супрацоўнік рэдакцыі газэты “Літаратура і Мастацтва”. У 1978-1981 гг. мэтадыст Мінскага абласнога навукова-мэтадычнага цэнтра народнай творчасьці.
    Перакладаў з рускай, літоўскай, бурацкай, якуцкай ды іншых моў.
    Памёр 14 верасьня 1981 года у Мінску.
    Літаратура:
    Якуцкая літаратура. Элляй. 3732. Капітан Гастэла. [Верш]. Пер.: І. Макаревіч. – “Літ. і мастацтва”, 1973, 19 кастр., с. 6. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1966-1975 гг. Паказальнік літаратуры. Складальнік І. І. Фалькоўская. Мінск. 1978. С. 289.
    Гарэлік Л. М.  Маркевіч Іван. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 215-216.
    Рэут Г. І.  Маркевіч Іван. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 216.
    Вальжына Бяроза,
    Койданава.

    Мікалай Францавіч Гастэла – нар. ў 1907 г. у Маскве. Ягоны бацька, Франц Паўлавіч Гастыла, паходзіў з в. Плужыны Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі.
    У 1924 г. сям’я Гастэлы пераехала ў Мурам, дзе Мікалай уладкаваўся сьлесарам на Паравозабудаўнічы завод імя Ф. Э. Дзяржынскага. Адначасна скончыў школу, а ў 1928 г. уступіў у ВКП(б). У 1930 сям’я Гастэлы вяртаецца ў Маскву, і Мікалай уладкоўваецца на працу на Першы дзяржаўны мэханічны завод будаўнічых машын імя 1-га траўня.
    У траўні 1932 г. па спэцыяльным набору ён пакліканы ў РСЧА і адпраўлены на вучобу ў авіяцыйную школу лётчыкаў у г. Луганск. У 1939 г. ўдзельнічаў у баях пры Халхін-Голе. Удзельнічаў у Савецка-Фінляндзкай вайне 1939-1940 гг. і ў далучэньні Бесарабіі і Паўночнай Букавіны да СССР (чэрвень-ліпень 1940 г.). У 1940 г. Гастэла прысвоена званьне капітана.
    26 чэрвеня 1941 г. на ДБ-3ф Гастэла бамбаваў варожую танкавую калёну на дарозе Маладэчна — Радашковічы. У выніку агню зэнітнай артылерыі ягоны самалёт быў падбіты. Паводле афіцыйнай савецкай вэрсіі, снарад пашкодзіў паліўны бак, і самалёт загарэўся. Тады Гастэла з іншымі чальцамі экіпажу лейтэнантам А. А. Бурдзенюком, лейтэнантам Р. М. Скорабагатым, старшым сяржантам А. А. Калініным накіравалі машыну на калёну ворага.
    За гэты ўчынак Гастэла атрымаў званьне Героя Савецкага Саюзу з наданьнем знаку “Залатая зорка” і ордэна Леніна (1941, пасьмяротна). Загад Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР ад 26 ліпеня 1941 г. Чальцы экіпажа Гастэлы — Бурдзянюк, Скарабагаты ды Калінін — засталіся ў ценю подзьвігу камандзіра. Толькі ў 1958 годзе яны былі ўзнагароджаныя ордэнамі Айчыннай вайны I ступені (пасьмяротна).
    У 1990-я гады ў СМІ зьявілася іншая вэрсія падзей каля вёскі Дзякшняны (яе аўтарам стаў маёр у адстаўцы Эдуард Харытонаў). Былі апублікаваныя дадзеныя аб эксгумацыі меркаванай магілы Гастэлы ў 1951 г. У сувязі з тым, што там былі знойдзеныя парэшткі экіпажа Аляксандра Маслава, была вылучана здагадка, што менавіта Маслаў зьяўляецца аўтарам “вогненнага тарана”, які прыпісваецца Гастэле. У 1996 г. ўказам прэзыдэнта РФ Ельцына Маслаў і ўсе чальцы яго экіпажа былі ўзнагароджаны званьнем Героя Расійскай Фэдэрацыі (пасьмяротна).
    Радаслава Верабей,
    Койданава.