среда, 27 мая 2015 г.

Джахтара Куё. Майстра Саўрыцкі. Койданава. "Кальвіна". 2015.




    Сямён Рыгоравіч Саўрыцкі - нар. 23 траўня 1940 г. ў вёсцы Міхалова Лагойскага раёну Менскай вобласьці БССР - СССР.
    Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1967 г. Працоўны шлях пачаў настаўнікам адной з вясковых школ Лагойшчыны, маляваў шыльды, афармляў інтэр’еры. Паваротным у жыцьці майстра стаў час, калі яго дачка Тацьцяна паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча па спэцыяльнасьці “кераміка” і папрасіла змайстраваць для сябе ганчарны круг. З таго моманту Сямён Саўрыцкі зрабіў кераміку справай свайго жыцьця.
    У верасьні 1991 г. сп. Я. Лецка, акторка Тацьцяна Мархель, фальклёрны ансамбаль “Рунь”, народны майстра па кераміцы, Сямён Саўрыцкі, наведалі сваіх землякоў у Якуцку дзеля азнаямленьня з дзейнасьцю мясцовай суполкі “Суродзіч”. Сямён Саўрыцкі тады прывёз у Якуцк плойму сваіх керамічных вырабаў.



    Сямён Саўрыцкі сябра Саюза народных мастакоў з 1998 года. Ягоныя мастацкія вырабы выстаўляліся ў Нямеччыне, Польшчы, ЗША, Ізраілі, Японіі, ААЭ. А ў Лагойску, сфарміравалася дынастыя, школа ганчароў (дачка Тацьцяна, зяць Іван Раманчук, прыняў ад бацькі эстафэту і малодшы сын Уладзімер).  Змог праявіць сябе майстар і як выбітны мастак-пэйзажыст.
    7 студзеня 2008 г. Сымон Саўрыцкі памёр.
    Літаратура:
    Несцяровіч В.  Ганчары. // Культура. Мінск. 13-20 снежня 2002. С. 12.
    Джахтара Куё,
    Койданава.



                                                                             ДАДАТАК


                                                                      РОДНАЕ
    — Па выхаваньні я інтэрнацыяналіст, — гаварыў вядомы ў рэспубліцы мастак-кераміст Сямён Саўрыцкі, калі мы з ім пазнаёміліся. — Для мяне, як і многіх беларусаў, сваё роднае, нацыянальнае быццам не існавала, не засяроджваў асабліва на гэтым я ўвагі. Прынамсі, да аднаго выпадку. Наладжвалася выстаўка беларускага мастацтва ў Якуціі. Некалькі маіх прац — гладышоў, варэек, куфляў, глякоў, чарак, сьвісьцёлак — таксама ўзялі на яе. Запрасілі паехаць туды і мяне. Ніколі я не быў у Якуціі, дай, думаю, зьежджу... Не скажу, каб нечым уразіла мяне тая выстаўка. Ды і сама Якуція. Але адзін эпізод, што адбыўся там, перавярнуў усё маё ўяўленьне аб мастацтве. Стаяў я ля сваіх вырабаў, апавядаў пра іх, адказваў на пытаньні. І вось падыходзіць да мяне зусім стары чалавек. Было яму гадоў дзевяноста, а можа, і болей. Ён быў не адзін, а з дачкою, таксама ўжо старой жанчынай. Убачыў зробленыя мною гладышы, глякі, варэйкі, куфлі, чаркі, сьвісьцёлкі, і як бы анямеў. А потым раптам заплакаў, заліўся сьлязьмі. Ледзь супакоілі мы яго разам з дачкою. Аказалася, сам гэты стары родам з Беларусі, быў высланы ў Сыбір, там, можна сказаць, пражыў усё сваё вядомае жыцьцё. Зусім забыў Беларусь... А ўбачыў мае вырабы — і ажыло роднае, тое, чым жыў у дзяцінстве, — хата, двор, бацька, маці, гладышы і глякі, з якіх калісьці піў малако, бярозавік... Так узяло старога за душу, што ён і назаўтра, і напасьлязаўтра прыходзіў на выстаўку. І чаго толькі не расказваў, чаго не ўспамінаў!.. Я, як зачынілася выстаўка, аддаў яму свае вырабы. Бачылі б вы, як радаваўся ён, як мне дзякаваў. Аж рукі цалаваў! А ў мяне пасьля гэтага і думка ўзьнікла: “Есьць усё ж нешта нашае, беларускае, што належыць толькі нам і больш нікому, што нікога так не хвалюе, як саміх нас, беларусаў”. І з таго часу толькі на роднай мове пачаў размаўляць, па вёсках езьдзіць, шукаць усяго свайго, што яшчэ не загінула, засталося. І ўсё гэта ўзнаўляць, ляпіць у гліне. І, ведаеце, мяне за гэта палюбілі не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі, бо, як выявілася, таго, што ёсьць у нас, нідзе больш няма... І яно не толькі ў назвах, але і ў формах, у мэтадах апрацоўкі матэрыялу, у зьмесьце, прызначэньні кожнай рэчы. І ў гэтым — сваім, нацыянальным, беларускім — я, як цяпер разумею, цікавы, патрэбны многім...
    /Мастацтва і Літаратура. Мінск. 8 студзеня 1993. С. 8./