четверг, 28 мая 2015 г.

Гуля Юначка. Гзоўскі. Койданава. "Кальвіна". 2015.



    Аляксандр Іосіфавіч Гзоўскі-Юнаша – нар. 8 (20) красавіка 1888 г. у маёнтку Борхава (Борхаў) Гомельскага павета Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі, у сям’і “абруселага, дакладней, абеларусеўшага паляка” Іосіфа Фартунатавіча Гзоўскага ды Людвікі з Ланеўскіх-Воўк.
    Скончыў Смаленскую гімназію, юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэта.
    У 1911-1912 гг. у расейкай арміі. У 1912-1914 гг. працаваў адвакатам. А 1914 г. ізноў на вайсковай службе. У 1915 г. скончыў Аляксееўскае ваеннае вучылішча ў Маскве. Служыў у Канску і Іркуцку, наведаў „край якутаў” /Gzowski-Junosza Aleksander. // Zieliński S.  Mały słownik pionierów polskich kolonjalnych i morskich. Podróżnicy, odkrywcy, zdobywcy, badacze, eksploratorzy, emigrańci, pamiętnikarze, działacze i pisarze migracyjni. Warszawa. 1933. S. 660./
    Ад кастрычніка 1917 г. у Туркестане, рэдактар газэты “Туркестанский курьер” у Ташкенце. У канцы 1917 - пачатку 1918 г. супрацоўнічаў з Часовым урадам у Какандзе.
    Ад лютага 1918 г. у Маскве, супрацоўнік газэтаў “Раннее утро” і “Русские ведомости”. Як карэспандэнт гэтых газэт выехаў у Смаленск. Пасьля іх закрыцьця ў ліпені 1918 г. працаваў рабочым на чыгуначнай станцыі, восеньню 1918 г. — загадчыкам юрыдычнай часткай аддзела сацыяльнага забесьпячэньня Заходняй вобласьці (камуны). Супрацоўнічаў у газэце “Известия Западной коммуны”.
    Разам з першым урадам БССР у студзені 1919 г. пераехаў у Менск; супрацоўнік газэт “Звезда” і “Бедняк” загадчык рэдакцыі часопіса “Заря Запада”. Смаленскія і менскія падзеі апісаў у творы “У дзяржаве чырвоных людажэрцаў. Аповесьць з жыцьця бальшавіцкай Расіі”, выдадзенай асобнай кнігай у Варшаве ў 1921 г. у перакладзе на польскую мову. Першую рэдакцыю аповесьці зьмясьціў у газэце “Минский курьер” у 1919 г. пад назвай “Александр Мясникьянц. Роман в двух частях”. Гзоўскі, застаўшыся ў Менску, занятым польскімі войскамі, стаў выдаўцом і рэдактарам газэты “Минский курьер”. Паводле некаторых дадзеных, выданьне фінансавалася “двуйкай” — польскай ваеннай выведкай. Другая рэдакцыя аповесьці друкавалася ў жніўні-верасьні 1920 г. у варшаўскай “Свободе” пад назвай “Палачи революции”. Гзоўскі быў рэдактарам “Свободы”, а фактычным выдаўцом і кіраўніком — Барыс Савінкаў.
    У 1921 г. Гзоўскі рэдактар варшаўскага аддзяленьня тэлеграфнага агенцтва “Руссопресс”. Прыняўшы польскае грамадзянства, жыў у Варшаве, ад 1927 г. — у Жэляхове Гарволінскага павету, а ў 1938 г. у Собалеве таго ж павета. А. Гзоўскі з’яўляецца аўтарам многіх п'ес, аповесцей ды мэмуараў Карыстаўся псэўданімамі і крыптанімамі: Б. Ольгинский, Альфа-Бэта, А. Юноша, А. Б. ды інш.
    Памёр у 1938 годзе.
    Літаратура:
    Gzowski-Junosza Aleksander. // Zieliński S.  Mały słownik pionierów polskich kolonjalnych i morskich. Podróżnicy, odkrywcy, zdobywcy, badacze, eksploratorzy, emigrańci, pamiętnikarze, działacze i pisarze migracyjni. Warszawa. 1933. S. 660.
    Скалабан В.  Гзоўскі Аляксандр Іосіфавіч. // Сузор’е беларускага памежжа. Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 2014. С. 130.
    Гуля Юначка,
    Койданава.