пятница, 15 мая 2015 г.

Людка Сьцефановіч. Манцэвіч. Койданава. "Кальвіна". 2015.




    Міхась /Michał, Михаил/ Антонавіч Манцэвіч /Mancewicz, Монцевич/ - нар. 24 сьнежня 1860 /1858/ года ў м. Ражаны /лясьніцтва Бярозавае Балота/ Слонімскага павету Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі, у сям’і Антонія ды Анэлі, са Стэфановічаў, Манцэвіч.
    Пад час вучобы ў падрыхтоўчай школе ў Беластоку пасябраваў з Ігнатам Грынявіцкім, які пазьней выканаў замах на расейскага цара Аляксандра ІІ.
    Пасьля заканчэньня гімназіі ў Белай Падлясцы ад 1879 г. вучыўся на прыродазнаўчым факультэце Варшаўскага унівэрсытэце, дзе далучыўся да польскага сацыялістычнага руху. Уваходзіў у “Чырвоны крыж” ды “Баявую дружыну” — дапаможныя арганізацыі партыі “Пралетарыят”. Ад восені 1884 г. чалец ЦК партыі “Пралетарыят”, кіраваў работніцкімі гурткамі, удзельнічаў у дэманстрацыях і інш.
    27 кастрычніка 1885 г. быў арыштаваны в Прылуках Кобрынскага павету ды зьняволены ў Х Павільёне Варшаўскай цытадэлі а ў 1887 г. адміністрацыйна сасланы на 5 гадоў ва Ўсходнюю Сыбір.
    Ссылку адбываў у с. Тунцы Забайкальскай вобласьці ды дадатковую кару ў іркуцкім вязеньні.
    Вярнуўшыся ў Эўрапейскую Расею ды, з-за тога што яму было забароненае пражываньне ў Царстве Польскім і Заходніх губэрнях, пасяліўся ў губэрнскім месьце Арол. Затым пераехаў у Смаленск, дзе восеньню 1893 г. па даручэньні Ю. Пілсудскага ўступіў у расейскую рэвалюцыйную арганізацыю “Народнае права” як прадстаўнік ад ППС. У 1894 г. быў арыштаваны у друкарні ды зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Санкт-Пецярбурзе. У канцы 1895 г. быў высланы на 8 гадоў у Якуцкую вобласьць.
    Быў паселены ў сяле Багарадцы (10 вёрст ад Якуцка - Хатасы) Заходне-Кангаласкага ўлусу Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці, дзе разам з Генрыкам Дулембай займаўся сталярствам. Там пачаў жыць з сасланай Марыяй Жыраковай, з якой фармальна зарэгістраваў шлюб толькі ў 1908 г. у Вільні.
    Марыя Іванаўна Жыракова /Жирякова/, дачка губэрнскага сакратара, нар. 14 лістапада 1861 г. у Яраслаўлі. Скончыла Яраслаўскую жаночую гімназію (па іншых зьвестках, навучалася ў Яраслаўскім сірочым доме). У сярэдзіне 1880-х гг. - настаўніца ў с. Арэфіна, Рыбінскага павета Яраслаўскай губэрні. У 1885-1886 гг. падтрымлівала дзейную сувязь з яраслаўскім нарадавольскім кружком менскага габрэя Восіпа Мінора. З-за прыцягненьня да дазнаньня была звольнена з пасады сельскай настаўніцы. 25 лістапада 1887 г. была высланая пад галосны нагляд у адзін з паўночна-усходніх паветаў Валагодзкай губэрні на 3 гады і паселеная ў Сольвычагодзку. У 1893 г. атрымала пры казанскім Спавівальным інстытуце званьне спавівальнай бабкі. Выехала 16 траўня 1893 г. у с. Новадзявочае Сенгілейскага вуезду Сімбірскай губэрні, дзе заняла пасада земскай акушэркі але адтуль зьехала ў Саратаў, а затым у Арол, дзе завязала блізкія зносіны з дзеячамі партыі “Народнае Права”. Напачатку 1894 г. была камандзіравана ў Смаленск для ўдзелу ў працы ўладкаванай там друкарні, дзе пазнаёмілася з Міхасём Манцэвічам. У сакавіку 1894 г. выехала са Смаленска але была арыштаваная ў Яраслаўлі і прыцягнутая да дазнаньня пры Пецярбургскім жандарскім кіраваньні па справе партыі “Народнае Права” па абвінавачваньні ва ўдзеле ў друкаваньні ў смаленскай друкарні “Маніфэста сацыяльна-рэвалюцыйнай партыі Народнага Права” і брашуры “Надзённае пытаньне”. У лістападзе 1895 г. была выслана пад галосны нагляд ва Ўсходнюю Сыбір на пяць гадоў ды паселеная 30 жніўня 1896 г. у акруговым месьце Кірэнск Іркуцкай губэрні, адкуль паводле яе хадайніцтву, неўзабаве была пераведзеная ў Заходне-Кангаласкі ўлус Багарадзкага насьлега, Якуцкай вобласьці, дзе ў 1898 г. нарадзіла дачку Марыю. Па пастанове Асобай нарады ад 18 кастрычніка 1900 г. ёй, па вызваленьні ад галоснага нагляду, забаронена было надалей да распараджэньня знаходжаньне ў сталіцах і Пецярбургскай губэрні і на тры гады - у гарадах унівэрсытэцкіх, фабрычных, Іркуцку і Краснаярску. У лютым 1904 г., застаючыся ў Якуцкам акрузе, падпісала ў ліку 42-х асоб заява супраць “Якуцкага пратэсту” палітссыльных. У 1904 г. выехала ў Чарнігаў, адкуль у 1918 пераехала з мужам у Польшчу, жыла затым у Варшаве.


    Міхась Манцэвіч з цягам часу зрабіўся у Якуцку аптэкарам у губэрнскай аптэцы разам з Гершам Ранц, “католікам, майсеевага веравызнаньня”. У Якуцку Міхась пачаў хварэць на сэрца, ды так, што закінуў сваё улюбёнае паляваньне. У 1902 г. скончыўся тэрмін ссылкі і Манцэвіч пакінуў Якуцк на параплаве.
   У 1905. працаваў на чыгунцы ў Ваўкавыску, у 1906-1907 гг у Гародні ды ад 1908 г. у Вільні., у 1909-1911 гг. у Вазьнясенску, а ад 1912 ў Мікалаеве над Бугам, але ужо не браў удзелу ў рэвалюцыйным руху.
    У верасьні 1918 г. пераехаў з сям’й ў Варшаву. Ад 1925 г. на пэнсіі. Чалец Таварыства былых Палітычных вязьняў. Аўтар успамінаў.
    Памёр 17 траўня 1930 году у Вясёлай пад Варшавай і пахаваны на Павонзках.

    Ягоная жонка Марыя Іванаўна Манцэвіч памерла ў сьнежні 1932 г. у Варшаве.
    Іхняя дачка Марыя Манцэвіч, якая нар. 17 ліпеня 1898 г. ў Багарадцах Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці, вучылася да 1917 г. на мэдычным факультэце Адэскага унівэрсытэта. Была сьведкам шэсьцяў і сьпеваў камуністых, якія вешалі людзей на слупах і іншых іхных зьверстваў.

    У 1918 г. Марыя пераехала з сям’ёй у Варшаву, дзе працягнула навучаньне. Падчас польска-савецкай вайны ў 1920 годзе. яна служыла санітаркай. У момант пачатку ІІ-й сусьветнай вайны, Марыя, тады ўжо па мужы Якубовская, працавала ў Супрацьсухотнай паліклініцы і выгадавала траіх уласных дзяцей і дачка страчаным стрыечных братоў. Сям’я заставалася адна. Муж, Уладзіслаў, трапіў у нямецкі палон.
     Ўдзельнічае ў змове. Для АК вяла курсы дапаможных мэдсясьцёр. Падчас Варшаўскага паўстаньня кіравала бальніцай, арганізаваным на тэрыторыі дзіцячага дома “Наш Дом”. У яе доме на Беляны хаваліся габрэі. /Gutman Israel red. nacz., Księga Sprawiedliwych wśród Narodów Świata, Ratujący Żydów podczas Holocaustu, Kraków. 2009./
     Пасля вайны Марыя Манцэвіч-Якубовская па-ранейшаму працавала ў Супрацьсухотнай паліклініцы, доктар фтызіятар. На пэнсіі даваць парады як герыятар.
    Памерла 18 лістапада 2002 г. у Варшаве.


    Літаратура:
    Pietkiewicz K.  Michał Mancewicz i jego czasy. // Niepodległość. T III. Warszawa. 1931. S. 226-250.
    Pietkiewicz K.  Do biografji Michała Mancewicza. // Niepodległość. T V. Warszawa. 1932. S. 123-127.
    Pacholczykowa A.  Mancewicz Michał. // Polski słownik biograficzny. T. XIX/3. Z. 82. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk. 1974. S. 468-469.
     Czerepica W.  Związki rewolucjonistów Białorusi i Polski w latach 70-80 XIX wieku. Warszawa, 1985.
    Чарапіца В. Манцэвіч Міхаіл Антонавіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск. 1993. С. 71.
    Людка Сьцефановіч,
    Койданава.