воскресенье, 12 апреля 2015 г.

Лія Капысь. Драбкін. Койданава. "Кальвіна". 2015.



     Ізраіль Яфімавіч Драбкін – нар. ў 1907 г. ў м. Копысь Гарэцкага вуезду Магілёўскай губэрні Расійскай імпэрыі [часам сьцьвярджаюць, мабыць па сугуччы, што ён нарадзіўся ў м. Капыль Слуцкага вуезду Менскай губэрні].
    Па заканчэньні музычнага тэхнікуму ў 1930 г. працаваў музыкам. Пасьля службы ў шэрагах Чырвонага Войску паступіў у Ленінградзкі горны інстытут, не скончыўшы які, ў 1935 г. паступіў на працу ў Дальбуд, дзе пачаў сваю дзейнасьць геолягам палявой партыі Ценькінскага раённага геолягавыведнага ўпраўленьня.
    У 1939 г. Драбкін экстэрнам абараніў дыплём і быў прызначаны галоўным геолягам, у 1940 г. Верхне-Колымского РайГРУ, затым намесьнікам начальніка горнапрамысловага упраўленьня па геолягавыведцы на Ценьцы і ў Сеймчане (1939-1948).
    Пры актыўным удзеле і непасрэдным кіраўніцтве І. Драбкіна былі зробленыя шматлікія буйныя адкрыцьці рассыпнога золата ў раёнах Ценькі і Сеймчану. У 1948 г. Ізраіль прызначаецца галоўным інжынэрам ГРУ Дальбуду, намесьнікам начальніка ўпраўленьня, а з 1959 па 1971 год узначальвае Паўночна-ўсходняе геалягічнае ўпраўленьне. Неаднаразова бываў у межах Якуцкай АССР.
    Шматлікія адкрыцьці радовішчаў золата, цыну, вугалю, нафты і іншых карысных выкапняў злучаны з імем Ізі Драбкіна. Ён вядомы як адзін з актыўных арганізатараў волаваздабываючай прамысловасьці на Калыме, пошукава-выведачных працаў на золата ў раёнах Чукоткі. Ён зьяўляўся галоўным рэдактарам 30-га тому геалёгіі СССР на Паўночным усходзе, шматлікіх рэгіянальных геалягічных мапаў, аўтарам шэрагу прагнозаў па рассыпным і рудным золаце, якія мелі вялікае значэньне для засваеньня нетраў Паўночнага ўсходу.
    13 кастрычніка 1971 г. І. Драбкін выйшаў на пэнсію, а 16 кастрычніка 1971 г. раптоўна сканаў.
     Сярод узнагарод Ізраіля Драбкіна: ордэн Леніна, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сьцяга, знак Пашаны, “Дыплём першаадкрывальніка” СНК СССР, шматлікія мэдалі; у 1964 г. яму была прысуджаная Ленінская прэмія. Ён кандыдат геоляга-мінэралягічных навук, аўтар шматлікіх навуковых працаў па геалёгіі і мэталягеніі Паўночнага ўсходу.
     Ізраіль Драбкін - прататып героя рамана Алега Куваева “Тэрыторыя” [1-е выданьне, пасьмяротнае, “Современник”, 1975 г. “У гэтым сачыненьні сябе маглі пазнаць толькі два чалавека: Ізя Драбкін і Мікалай Ільліч Чамаданаў. Абодва яны мёртвыя”. /З ліста Алега Куваева Альбэрту Міфтахутдзінаву ад 1974 г./], які лічыцца найвышэйшым посьпехам ягонай творчасьці і што апавядае пра пасьпяховае адкрыцьцё золата на Чукотцы ў канцы 1940-х - пачатку 1950-х гг. Пачынаючы ад 1975 г. раман вытрымаў больш 30 выданьняў. Выдаваўся ён і за мяжой: на французскай, нямецкай, гішпанскай, арабскай, ангельскай, японскай і польскай мовах, акрамя беларускай.
    Літаратура:
    Жизнь – поиск // Магаданский геолог. Магадан. 18 ноября 1967.
    Драбкин Израиль Ефимович (к 60-летию со дня рождения). // Колыма. № 11. Магадан. 1967. С. 70.
    Ерофеев Б. Н.  К шестидесятилетию И. Е. Драбкина. // Разведка и охрана недр. № 1. Москва. 1968. С. 68.
    Драбкин Израиль Ефимович. // Хрюкова Г. М.  Геологи Колымы и Чукотки. Биобиблиографический справочник «Помни их имена». Вып. 2. Магадан. 1969. С. 37-38.
     Лія Капысь,
    Койданава.