воскресенье, 29 марта 2015 г.

Ляста Хваля. Матрос Бацянкоў. Койданава. "Кальвіна". 2015.

    Рыгор Аляксеевіч Бацянкоў [Батенков] – нар. у 1885 г. у в. Цяцерына Прачысьцінскай воласьці Духаўшчынскага вуезду Смаленскай губэрні Расейскай імпэрыі, у сялянскай сям’і.
    Скончыў царкоўнапрыходзкую школу, гарбар. Ажаніўся, жонка засталася ў роднай вёсцы, а сам быў пакліканы ў войска і ў 1906-1907 гг. служыў матросам 2-й стацьці на мінаносцы “Трывожны” Сыбірскага флёцкага экіпажу ва Ўладзівастоку. Прымаў удзел 17 кастрычніка 1907 г. ва ўзброеным паўстаньні ваенных маракоў. Быў арыштаваны і Прыамурскім ваенна-акруговым судом 20-22 лістапада 1907 г. ва Ўладзівастоку прысуджаны да пазбаўленьня воінскага званьня і ўсіх правоў стану, выключэньню з ваеннай службы і ссылцы на катаржныя працы на 12 гадоў.
    Тэрмін адбываў на Нерчынскай катарзе, ад 26 сакавіка 1908 г. у Зерэнтуйскай турме, ад 4 лістапада 1910 г. на Казакаўскіх промыслах, ад 9 красавіка 1912 г. на Наватраецкіх залатых промыслах. Па ўказе 21 лютага 1913 г. тэрмін катаржных прац скончыўся 24 красавіка 1913 г.
    24 кастрычніка 1913 г. быў прызначаны на паселішча ў Якуцкую вобласьць. Дастаўлены ў м. Якуцк 18 ліпеня 1914 г. і якуцкім губэрнатарам разьмеркаваны ў Алёкмінска-Амгінскую сельскую грамаду Алёкмінскай акругі Якуцкай вобласьці, куды і быў адпраўлены 25 ліпеня 1914 г.
    15 чэрвеня 1915 г. атрымаў пасяленчаскую пашпартную кніжку ад сельскага грамадзтва і выехаў на заробкі ў с. Віцім Кірэнскай акругі Іркуцкай губэрні, дзе заставаўся да канца траўня 1916 г. Там жа набыў фальшывы пашпарт і выехаў у м. Ахоцк, дзе быў арыштаваны Ахоцкім павятовым спраўнікам. На высьвятленьне асобы спатрэбілася больш за два месяца і пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, 4 сакавіка 1917 г., быў вызвалены з-пад арышту.
    У 1917-1918 гг. быў чорнарабочым у Ахоцку, 1918-1920 гг. - качагар на параходзе і парабкаваў у Іркуцкай губэрні, 1922-1926 гг. працаваў на гаспадарчых пасадах у м. Іркуцку.
    У 1927 г. горны штэйгер (майстар) Г. А. Бацянкоў з Іркуцку пісаў у трэст “Якутзолата”, што ў 1916 г. ім было выяўленае золата на рацэ Анча і каля станцыі Юдомы-Крыжоўскай. На выснове гэтых дадзеных была заарганізаваная Джугжурская экспэдыцыя. У выніку былі перададзены ў эксплюатацыю участкі будучых капальніцкіх упраўленьняў: Бурхалінскі, Еўканджынскі, Батыльскі, Мінорскі, Ыныкчанскі.
    У 1926-1934 гг. Бацянкоў працаваў дырэктарам Вусьць-Майскага капальніцкага ўпраўленьня трэста “Якутзолата” у м. Непрыметным (Алдане), памагатым дырэктара канторы “Забзолата”.
    Ад 1935 г. жыл у Смаленску.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. С. 426-427, 466.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995; Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 426-427, 466.
    Ляста Хваля,
    Койданава.