суббота, 28 марта 2015 г.

Малпа Гной. Аляксееў. Койданава. "Кальвіна". 2015.




    Пётар Аляксеевіч Аляксееў - нар. 14 (26) студзеня 1849 г. у в. Навінская Сычоўскаго вуезду Смаленскай губэрні Расейскай імпэрыі, у сялянскай сям’і.
    З дзяцінства працаваў на ткацкіх фабрыках у Маскве ды Пецярбургу. Бываў у Смаленску. У 1873 г. зблізіўся з народнікамі, ад 1874 г. чалец народніцкага гуртка “масквічоў”. Вёў прапаганду і распаўсюджваў літаратуру сярод працоўных.
    4 [16] красавіка 1875 г. быў арыштаваны і затым асуджаны па “працэсе 50-ці”, на судзе 9 (21) сакавіка 1877 г. прамовіў знакамітую прамову пра будучую рэвалюцыю, у якой утрымоўваліся словы, сталыя хрэстаматыйнымі: “…Уздымецца мускулістая рука мільёнаў працоўнага люду і ярмо дэспатызму, агароджанае салдацкімі штыхамі, разьляціцца ў прах”. Гэтая прамова, аддрукаваная ў таемнай друкарні ў Пецярбургу і ў некалькіх друкарнях рускай эміграцыі, вырабіла вялікае ўражаньне на “прагрэсіўную” расейскую грамадзкасьць. У прыватнасьці, У. І. Ленін назваў прамову Аляксеева “вялікім вяшчунствам рускага працоўнага-рэвалюцыянэра”.
    Аляксееў быў прысуджаны да 10 гадоў катаргі, якую адбываў у Новабелгародзкай катаржнай турме, ад 1882 г. на Кары ў Забайкальскай вобласьці, у 1884 г. накіраваны на паселішча ў Якуцкую вобласьць.
     9 сакавіка 1885 г. Аляксееў быў дастаўлены ў Якуцк і ўселены ў Сасыльскі насьлег Баягантайскага ўлусу Якуцкай акругі, а ў кастрычніку 1886 г. пераведзены ў Жулейскі насьлег Батурускага ўлуса Якуцкай акругі, дзе пражыў пяць гадоў. Тут ён з дапамогай якутаў пабудаваў юрту, завёў каня ды карову, атрымаў ад насьлега ральлю і сенажаць ды займаўся агародніцтвам і земляробствам.

    Якуцкая юрта, - піша ён у лісьце ад 25 сакавіка 1885 г., -складаецца з дзьвюх палоў, перагароджаных тонкімі жэрдкамі і дзьвярамі, а часам так прама ні тым, ні іншым. Першая, куды вы ўваходзіце, прызначаная для саміх гаспадароў, а другая - для іх скаціны... Хатон - так завецца быдлячая палова - захутаны вакол наглуха, абкладзены гноем, асьвятляецца дзьвюма-трыма ледзянымі вузенькімі вокнамі... Вы не можаце сабе прадставіць, да чаго брудныя самі якуты і наколькі сьмярдзяць іхнія юрты! Я - чалавек, які прызвычаіўся да ўсяго, - і тое ў мяне перш рабілася галавакружэньне. Малако, масла і ўся ежа прасякнута хатонным пахам да таго, што толькі моцны голад прымушае абвыкаць да ўсяго”. /Каторга и Ссылка. № 6. 1924 С. 173-174./
    16 (28) жніўня 1891 г. Аляксееў быў забіты, па афіцыйнай вэрсіі, “багацеямі-якутамі” Яўгенам Абрамавым ды Хвядотам Сідаравым “з мэтай рабаўніцтва”, а па неафіцыйнай - кажуць, што ён быў вельмі неабыякавы да выдатнай паловы чалавецтва і быў забіты мужчынамі тых жанчын, што былі неабыякавыя да самога Аляксеева.
    У Якуцку ў гонар Пятра Аляксеева ў 1949 г. названая адна з цэнтральных вуліцаў гораду, былая Лягерная.
    У 1963-1991 гг. існаваў Аляксееўскі раён ў Якуцкай АССР (былы Жулейскі насьлег), але пасьля Пастановы Прэзыдыюму Вярхоўнай Рады Якуцкай АССР ад 19 сакавіка 1990 г. ён ператварыўся ў Татцінскі улус. Гэтае рашэньне было зацьверджанае Ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнай Рады РСФСР ад 6 жніўня 1990 г. за № 125-I.
    Пятру Аляксееву ў п. Вусьць-Тата (1972) пастаўлены бюст (скульптар Ксенафонт Пшэньнікаў).
    У Расіі ад 2004 г. існуе левы акцыянісцкі Рух супраціву імя Пятра Аляксеева.
    Літаратура:
    Пекарский Э.  Рабочий П. Алексеев. // Былое. № 19. Петроград. 1922.
    Майнов И. И.  Петр Алексеевич Алексеев. 1849-1891. Москва. 1924.
    Струминский М. Я.  Петр Алексеев в якутской ссылке. Якутск. 1940.
    Каржанский Н. С.  Московский ткач Петр Алексеев. Москва. 1954.
    Аляксееў Пётр Аляксеевіч. // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. І. Мінск. 1969. С. 285.
    Ленин В. И.. Полное собрание сочинений. 5-е изд. Т. 4. Москва. 1969. С. 377.
    Алексеев Петр Алексеевич. // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 288.
    Малпа Гной,
    Койданава.