воскресенье, 15 марта 2015 г.

Фэфэла Касаткіна. Асаткін. Койданава. "Кальвіна". 2015.



    Аляксандар Мікалаевіч Асаткін [Асаткин-Владимирский] – нар 3 (15) кастрычніка 1885 г. у с. Вазьнясенскае Бычыхінскай воласьці Кастрамскога вуезда і губэрні Расейская імпэрыя, у сям’ царкоўнага вартаўніка.
    Скончыў земскую школу, вучыўся ў Кастрамской духоўнай сэмінарыі, дзе з 1902 г. па 1904 г. прымаў дзейны ўдзел у арганізацыі с.-д. вучнёўскіх кружкоў па даручэньні кастрамской групы РСДРП. Чалец РСДРП з 1904 г. Скончыў Маскоўскі камэрцыйны інстытут. З восені 1904 г. стаў весьці прапаганду сярод працоўных, у лістападзе 1904 г. арыштаваны, незадоўга да кастрычніка 1905 г. судзіўся выязной сэсіяй Маскоўскай судовай палаты і прысуджаны да некалькіх гадоў крэпасьці. Пасьпеў, аднак, перайсьці на нелегальнае становішча і быў накіраваны ў якасьці арганізатара ў Кінешэмска-Вічускі фабрычны раён, дзе вёў працу да новага арышту ў 1906 г.
    У траўні 1906 г. сасланы на 4 г. у Нарымскі край, у чэрвені адтуль зьдзейсьніў уцёкі. Працаваў адказным арганізатарам у Варонежы, затым, узімку 1906 г. быў камандзіраваны Маскоўскім абласным бюро на працу ва Ўладзімір. Быў у ліку кіраўнікоў Уладзімірскай акруговай арганізацыі. У сакавіку 1907 г. абраны дэлегатам на V (Лёнданскі) зьезду РСДРП (1907), з рашаючым голасам (псэўданім “Борис Пахомов”), пасьля якога аб’ехаў шэраг арганізацый з дакладам.
    Увосень 1907 г. арыштаваны ў Царыцыне, куды быў накіраваны Саратаўскім камітэтам. У турме захварэў на тыф, але тым не менш адпраўлены да акрыяньня этапам у Нарым, дзе заставаўся да лета 1911 г. У 1910 г. разам з групай ссыльных (Куйбышаў і інш.) прыцягнуты за стварэньне партыйнай бальшавіцкай арганізацыі ў ссылцы.
    Перайшоў на нелегальнае становішча і перабраўся ў Маскву. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі працаваў у Адэскай радзе працоўных дэпутатаў. У траўні 1917 г. быў накіраваны на працу ў Кінешэмска-Іванаўскі раён для арганізацыі прафзьвязу тэкстыльшчыкаў. Быў дэлегатам III Усярасейскай канфэрэнцыі прафзьвязаў, чальцом першай, часавай цэнтральнай рады прафзьвязаў. У верасьні 1917 г. быў абраны таксама старшынёй Іванава-Ўзьнясенскай гарадзкой думы.
    У 1918-1921 гг. чалец Прэзыдыюму ВЦСПС, чалец ЦК прафзьвязу тэкстыльшчыкаў.
    У 1921 камандзіраваны ў Туркестанскую АССР і прызначаны там старшынёй Цэнтральнай рады народнай гаспадаркі.
     У 1922 г. адкліканы і працаваў адказным інструктарам ЦК РКП(б).
    У 1923 г. узначальваў партыйна-урадавую камісію па ўзбуйненьні Беларускай ССР. Ад лютага 1924 г. сакратар часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б), з траўня 1924 першы сакратар ЦК КП(б) Беларусі.
    Ад жніўня 1924 г. першы намесьнік загадваючага аддзелам ЦК ВКП(б), першы сакратар Уладзімірскага губкаму ВКП(б) (пражываў па вул. Вялікая Маскоўская д. № 8). У 1927 г. інструктар ЦК ВКП(б), у 1928 г. старшыня праўленьня Усесаюзнага Сельскагаспадарчага банку.
    У студзені 1928 г. працаваў у складзе асобае камісіі па высьвятленьні прычынаў паўстаньня ў Якуцкай АССР.
    Ад 1930 г. у Хабараўску, старшыня выканкаму Далёкаўсходняга краю.
    У 1931-1932 гг. прадстаўнік Наркамату зьнешняга гандлю СССР ў Кітаі ды Японіі.
    Ад 1932 г. начальнік палітсэктару МТС Наркамату земляробства УССР, з 1935 г. начальнік Управы народнагаспадарчага ўліку УССР. Ад лістапада 1936 г. чалец Прэзыдыюму АН УССР, дырэктар Інстытуту эканомікі АН УССР.
    У 1937 г. арыштаваны і прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Расстраляны 2 верасьня 1937. Рэабілітаваны пасьмяротна у 1957 г.
    Ягоным імем названая адна з вуліц м. Уладзімера, усталявана мэмарыяльная шыльда.
    Літаратура:
    Растопчина М.  Очерки по истории революционного движения в Костроме. Кострома. 1922. С. 16, 49.
    Марциновский А.  Записки рабочего-большевика. Саратов. 1922. С. 30.
    Владимирова В.  Из недавнего прошлого. Москва-Ленинград. 1924. С. 79.
    Малышев С.  Боевые странички 1905 г. Ленинград. 1926. С. 49.
    Альбом деятелей ВКП(б), ЦК, ЦКК и Центр. Рев. Ком. ВКП(б). Москва. 1927. С. 78.
    Фурманов Д.  «Путь к большевизму». Ленинград. 1927. С. 118-119, 126-127, 131, 137, 145.
    Асаткин (Асаткин Владимирский) Александр Николаевич. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. 5. Социал-демократы. 1880-1904. Вып. 1. А – Б. Москва. 1931. Стб. 147-148.
    Зеляноўскі Ф. А.  Асаткін-Уладзімірскі Аляксандр Мікалаевіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. І. Мінск. 1969. С.503.
    Асаткін-Уладзімірскі Аляксандр Мікалаевіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. І. Мінск. 1993. С. 203.
    Асаткін-Уладзімірскі Аляксандр Мікалаевіч. // Беларуская энцыклапедыя. Т. 2. Мінск. 1996. С. 21.
    Фэфэла Касаткіна,
    Койданава.