четверг, 5 февраля 2015 г.

Паласка Скок. Плясун Ігар. Койданава. "Кальвіна". 2015.



    Ігар Аляксандравіч Майсееў /Игорь Александрович Моисеев/ - нар. 21 студзеня 1906 г. ў губэрнскім м. Кіеў Расійскай імпэрыі. Бацька - Аляксандр Міхайлавіч Майсееў, адвакат, дваранін. Маці - Ганна Аляксандраўна Грэн, францужанка, мадыстка.
    У дзяцінстве Ігар некалькі гадоў жыў ва Францыі. Вучыўся ў Маскве ў прыватнай балетнай студыі (1920), у Харэаграфічным тэхнікуме, які скончыў у 1924 г. і быў прыняты ў трупу Вялікага тэатра, дзе працаваў да 1939 г. Быў пастаноўшчыкам шэрагу фізкультурных парадаў на Краснай плошчы. У 1933 г. скончыў Унівэрсытэт мастацтваў. У 1936 г. ведаў харэаграфічнай часткай Тэатра народнай творчасьці. У 1937 г., заручыўшыся падтрымкай старшыні СНК  В. Молатава, стварыў першы ў краіне прафэсійны ансамбаль народнага танца (Ансамбаль народнага танца СССР). У 1938 г. стварыў першую ў краіне прафэсійную школу народнага танца (харэаграфічная Школа-студыя пры Дзяржаўным акадэмічным ансамблі народнага танца), а ў 1966 году - арганізаваў харэаграфічны канцэртны ансамбаль “Малады балет” (потым Дзяржаўны тэатар балета пад кіраўніцтвам Н. Касаткінай і В. Васильлева), якім кіраваў да 1970 г.
    Ігар Майсееў ня быў чальцом КПСС. Народны артыст СССР (1953). Герой Сацыялістычнай Працы (1976). Ляўрэат Ленінскай (1967), трох Сталінскіх (1942, 1947, 1957) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1985). Узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і мэдалямі.
    Быў тройчы жанаты:
    Першая грамадзянская жонка Ніна Барысаўна Падгарецкая - прыма-балярына Вялікага тэатра, удзельнічала ў стварэньні ансамбля.
    Другая жонка Тамара Аляксееўна Зейферт (1918-2005) - народная артыстка РСФСР, ляўрэат Дзяржпрэміі, пэдагог-рэпетытар, дачка Вольга Ігараўна Майсеева (р. 1943) - заслужаная артыстка РСФСР, кавалер ордэна Дружбы народаў, салістка ансамбля і пэдагог-рэпетытар, унук Уладзімер Барысавіч Майсееў, (р. 1963) - заслужаны артыст Расіі, саліст Вялікага тэатра, стваральнік Рускага нацыянальнага балетнага тэатра, мастацкі кіраўнік Краснаярскага дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Сыбіры імя М. С. Гадэнкі.
    Трэцяя жонка Ірына Аляксееўна Майсеева (Чагадаева, Конева) - у ансамблі з 1941. Заслужаная артыстка РСФСР, салістка ансамбля, ляўрэат Дзярж. прэміі, пэдагог-рэпетытар. Удава Майсеева, пасьля яго сьмерці - старшыня творчай калегіі, якая кіруе ансамблем.
    Памёр 2 лістапада 2007 г. ў Маскве ад ускладненьняў гіпэртанічнай хваробы і ішэмічнай хваробы сэрца. Пахаваны 7 лістапада 2007 на Новадзявочых могілках.
    Ад 1937 гады Ігар Майсееў быў кіраўніком створанага ім “Ансамбля народнага танца СССР” (у 1991 г. пераназваны ў “Дзяржаўны акадэмічны ансамбаль народнага танца пад кіраўніцтвам Ігара Майсеева”, ад 2007 г. - імя Ігара Майсеева.)
    Ім былі, сярод шматлікіх, пастаўленыя і беларускія танцы: “Лявоніха”, “Крыжачок”, “Полька «Янка»”, “Бульба”, “Полька «Маці»”, “Юрачка (Вясковы Дон Жуан)”, а таксама якуцкі танец “Добры паляўнічы”.
    Літаратура:
    Сладков Л. Танец — жизнь моя. // Филателия СССР. №7. Москва. 1975. С. 52-54.
    Паласка Скок,
    Койданава.