среда, 4 февраля 2015 г.

Тамара Чартарыская. Элеанора Ільліч Сьвітыч. Койданава. "Кальвіна". 2015.

    Элеанора Станіславаўна Ільліч Сьвітыч, па мужы Георгіеўская - нар. у Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі, у шляхецкай сям’і тытулярнага дарадніка каталіцкага веравызнаньня. Сястра літаратара Ўладзіслава Ігнація Ільліч Сьвітыч.
    Элеанора разам з Васілём Рыгоравічам Георгіеўскім, 1848 г.н, ураджэнцам с. Спаскае Тульскай губэрні Расейскай імпэрыі, які жыў па пашпарце на імя Нікіфара Іванавіча Неледзінскага, арганізавала на сваёй кватэры ў Адэсе невялічкую нарадавольскую друкарню дзеля друкаваньня лятучых лісткоў для рабочых. Яны пасьпелі надрукаваць толькі адну ўлётку на сьмерць рэвалюцыянэра Фесенкі, як іх у лютым 1882 г. арыштавалі.
    Васіль утрымоўваўся з 14 лютага 1882 г. у Адэскім турэмным замку, дзе летам 1883 г. захварэў на псыхічнае захворваньне. Летам 1884 г. адпраўлены з Маскоўскай перасыльнай турмы ва Ўсходнюю Сыбір на 5 гадоў пад нагляд паліцыі.
    Паселены быў у акруговым м. Кірэнск Іркуцкай губэрні. У сакавіку 1877 г. быў пераведзены ў Верхаленск Іркуцкай губэрні. У пачатку траўня 1887 г. па распараджэньні ўладаў за “дзёрзкія паводзіны” быў зьняволены ў Верхаленскую валасную турму, адкуль зьдзейсьніў уцёкі з насільлем супраць варты. Быў прыцягнуты да дазнаньня па гэтай справе і пераведзены разам з жонкай Элеанорай у Альхонскую стэпавую думу Верхаленскай акругі Іркуцкай губэрні.
    Па распараджэньні міністра ўнутраных спраў, за абразу дзеяньнем Верхаленскага спраўніка пры выкананьні ім службовых абавязкаў, Васіль быў пераведзены на жыхарства ў Якуцкую вобласьць з павялічэньнем галоснага тэрміну нагляду на тры гады. За ім добраахвотна рушыла ягоная жонка Элеанора, былая ссыльна-пасяленка, з двума дзецьмі.
    Быў уселены ў Верхне-Кангаласкі ўлус Якуцкай акругі, дзе займаўся земляробствам.
    Пастановай Сэнату ад 16 сьнежня 1891 г. Георгіеўскі за супраціўленьне ўладам быў прысуджаны да 1 года і 4 месяцаў турмы, якія адбываў з 14 сакавіка 1892 г. ў Іркуцкім турэмным замку, адкуль быў вызвалены 14 жніўня 1893 г. Жыў у Іркуцку, працаваў ў друкарні газэты “Восточное Обозрение”.
    У чэрвені 1894 г. выехаў ва Ўфу. Пражываў на хутары брата ў Стэрлітамакскім вуездзе Ўфімскай губэрні, займаўся сельскай гаспадаркай.
    У чэрвені 1896 г. паступіў на службу ў страхавы аддзел Уфімскай губэрнскай земскай управы. У 1903 г. яму забаранілі жыць ва Ўфімскай губэрні на працягу 5 гадоў.
    Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 175.
    Гуревич-Фрейфельд Е. Из далекого прошлого. // Каторга и Ссылка. Историко-Революционный вестник. Кн. 3 (24). Партия «Народная Воля». Москва. 1926. С. 167.
    Георгиевский Василий Григорьевич. // Деятели революционного движения в России. Биобиблиографический словарь. От предшественников декабристов до падения царизма. Т. III. 70-е гг. Выпуск 2. С-Я. Москва. 1932. Стб. 1436-1438.
    Тамара Чартарыская,
    Койданава.