среда, 25 февраля 2015 г.

Ружа Кругагляд. Мастак Дударэнка. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Леанід Дударэнка – нар. 25 кастрычніка 1930 г. ў гмінным м. Маладзечне Вілейскага павету Рэспублікі Польшча. Ад 1948 г. жыве ў Менску БССР.
    Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1956 г., Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут – у 1962 г. У 1991 годзе атрымаў званьне заслужанага дзеяча мастацтваў. Ад 1965 г. зьяўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў.
    Ружа  Краягляд,
    Койданава.


                                                    КУДЫ БЯЖЫШ, БЕЛАЯ ЛАЙКА?



    Пэрсанальная выстаўка жывапісу заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Леаніда Дударэнкі пад назвай “Расія вачыма беларуса” працуе ў Нацыянальным мастацкім музэі. Яна прымеркавана да Года культуры Расійскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
                                                      “Камчадалка з белымі лайкамі”
    Л. Дударэнка — адзін з нешматлікіх жывапісцаў, хто ў 70-я — 90-я гады ХХ ст. аб’ездзіў з эцюднікам не толькі ўвесь Савецкі Саюз — ад Сахаліна, Далёкага Усходу, Чукоткі да Прыбалтыкі і Запаляр’я, — але і пабываў у Аўганістане, Манголіі і некаторых эўрапейскіх краінах. Пра Беларусь, асабліва пра Меншчыну і родную Маладзечаншчыну, я ўжо і не кажу…
    І адусюль ён прывозіць высакаклясныя натурныя пэйзажы, партрэты, часам — карціны. Слова “турыст” ён не ведае, таму што вандроўкі па сьвеце для яго не сродак забавы ці адпачынку, а — творчая праца.
    Вось і на гэтай выстаўцы бачым цэлую жывапісную геаграфію Далёкага Усходу, Сыбіры, Чукоткі і Сахаліна, Якутыі і Салавецкіх астравоў, Камчаткі і Карэліі, поўначы і цэнтра Расіі з унікальнымі цэрквамі і манастырамі. Гэта не толькі пэйзажы, але і цудоўныя партрэты людзей, якія сустракаліся мастаку на жыцьцёвых шляхах-дарогах: “Камчадалка з белымі лайкамі”, “Ліст да каханага” (партрэт якуткі), “Дзяўчына-якутка”, “Капітан буксіра Чарнышоў”, аўтапартрэт “Мастак на Поўначы”, намаляваны ў 1977 годзе…
    Хачу падкрэсьліць, што Леанід Дударэнка, якому ў будучым годзе споўніцца 80 гадоў, даўно знайшоў свой, асаблівы, уласьцівы толькі яму погляд на мастацтва. Але гэты “погляд” вельмі моцны ў каранёвай аснове, разнаплянавы і разнастайны. Творы, прадстаўленыя ў экспазыцыі, менавіта такія: то жорсткія па рытме і колераплястыцы, то вясёлыя, душэўныя; эпічныя, панарамныя, як доўгая, засяроджаная песьня, альбо пленэрна-імпрэсіяністычныя. Некаторыя блізкія да “суровага стылю” з ягонай актыўнай паэзіяй праўдзівай і мужнай выявы.
     На выстаўцы я ўбачыў і адзін, зусім новы, твор, прысьвечаны Аляксандру Салжаніцыну.
    Палатно так і называецца: “Салжаніцын”, але я даў бы яму назву “Успамін пра Архіпэляг ГУЛяг”: мастак стварыў вобраз ужо пажылога пісьменьніка на фоне сыбірскіх лягерных вышак. І я падумаў вось пра што.
    Безумоўна, стылістычная розьніца паміж “раньнім” і “позьнім” пэрыядамі творчасьці Дударэнкі відавочная. Але, у той жа час, няма ніякага псыхалягічнага разрыву і тым больш — канфлікту паміж гэтымі часовымі этапамі. Яны папросту працягваюць адзін аднаго, як разьдзелы адной кнігі. Наўрад ці можна ўжыць у адносінах да іх вызначэньні “лепш — горш”, “багацей — бядней” і г. д.: кожны з іх цікавы і непаўторны па-свойму.
    Але, з іншага боку, сёньняшняя лінія “канцэптуальнага” мастацтва Дударэнкі, напоўненая сацыяльнымі праблемамі нашага супярэчлівага, суровага і жорсткага часу, упэўнены, працягваецца не выпадкова. Боль за людзей, боль за краіну, боль за лёс плянэты заўсёды быў уласьцівы яму, хаця ён і не любіць усё гэта выказваць гучна.
    Праз год мы пабачым на вялікай юбілейнай выстаўцы жывапісца ўсё, што яго хвалюе, ад чаго гарыць ягоная душа, што яго засмучае і што радуе. І, канешне ж, яшчэ раз убачым вачыма мастака тыя цудоўныя мясьціны і краіны, дзе яму даводзілася пабываць…
    Барыс Крэпак.
    /Культура. Мінск. 25 красавіка – 1 траўня 2009./