пятница, 20 февраля 2015 г.

Ліня Мамакан. Сікора. Койданава. "Кальвіна". 2015.

                                                              Вяртаньне БНП.
                           Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі
                                                                  18.12.2007
                                   ІНТЭРВІЮ З КАМАНДЗІРАМ “ЛЯСНЫХ БРАТОЎ”
    На Віцебшчыну мы з сябрам паехалі на машыне на пачатку кастрычніка. Чатырыста кілямэтраў ад Слоніму да Шаркаўшчыны адолелі за шэсьць гадзін. З дапамогай мапы, нарэшце, знайшлі вёску Малыя Алашкі. Пад праліўным дажджом, па невялікім мастку, не бязь цяжкасьцяў, фарсавалі рэчку і распачалі пошукі хаты Віктара Сікоры. Ён нас ужо чакаў. Ці не адразу я ўключыў дыктафон.
    ДАВЕДКА: Віктар СІКОРА нарадзіўся ў 1925 годзе [памёр у 2008 – А. Б.] ў вёсцы Малыя Алашкі ў сям’і Івана Сікоры, вядомага садавода, які на пачатку стагодзьдзя вёў перапіску з Коласам, Купалам, Львом Талстым. Віктар Сікора скончыў 6 клясаў польскай школы, а падчас нямецкай акупацыі — шасьцімесячныя курсы, пасьля якіх у 1942 годзе паступіў у Пастаўскую настаўніцкую сэмінарыю. У 1943 годзе, калі арганізаваўся Саюз Беларускай Моладзі, Віктар Сікора стаў адным з яго кіраўнікоў у Паставах. З красавіка 1944 года — сябра падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Вясною-летам 1945 года — камандзір аддзелу беларускіх “лясных братоў” на Шаркаўшчыне. Арыштаваны 5 сьнежня 1945 году. Сядзеў у менскай “амэрыканцы”. З бальшавіцкіх канцлягероў на Бацькаўшчыну вярнуўся ў 1955 годзе.
    - Сп. Віктар, што ўяўляў сабой Пастаўскі СБМ?
    - У нашай мясцовасьці СБМ пачаўся ўвосень 1943 году, калі ён арганізаваўся пры настаўніцкай сэмінарыі. Амаль усе навучэнцы адразу запісаліся ў Саюз, а тыя, што пажадалі стаць малодшымі кіраўнікамі, паехалі на адмысловыя курсы СБМ у Альберцін. Быў там месяц і я. Вярнуліся адтуль мы ўжо дружыновымі.
    Я ачольваў СБМ у настаўніцкай сэмінарыі, а ў Пастаўскім раёне - Аўген Занкавіч. Пастаўскі раён уваходзіў тады ў Глыбоцкую акругу. Акруговым кіраўніком СБМ у хлопцаў быў Аўген Мацюшонак, а пасьля яго - Мечыслаў Рачыцкі. У дзяўчат акруговай кіраўнічкай была Ульяна Куштэлян. Тое, што СБМ зрабіў за няпоўны год, бальшавікі за 70 гадоў не зрабілі ў камсамоле...
    Пасьля Мацюшонак накіраваў мяне і Рачыцкага ў Менск на 40-дзённыя курсы.
    - У якім гэта было годзе?
    - У 1944-ым. З усёй Беларусі зьехаліся хлопцы. Лейтэнант Язэп Сажыч вёў ваенную справу, нас муштраваў. На гэтых курсах найбольшую ролю адыгрываў Родзька. Ён часта прыходзіў. Сымпатычны, малады, яму было 23-24 гады. Родзька быў выдатным аратарам. Такіх прамоўцаў трэба было пашукаць! Гэта быў адзін з самых разумных людзей, каторых я ведаў. Быў яшчэ Барыс Рагуля, камандзір коннага эскадрону. Ён прыяжджаў некалькі разоў і вельмі сябраваў з Родзькам. А вось Міхась Ганько, праваднік Галоўнага Штабу СБМ з Родзькам штосьці не сябраваў. І ня ведаю нават, чаму.
    У нас на курсах выкладаў Аўген Калубовіч. Вельмі прыгожа гаварыў ён па-беларуску. Зь Міколам Шкялёнкам, першым намесьнікам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады, пазнаёміўся. Як ішоў па Менску, мяне ўсё браў, як ахову. Бо Менск разбураны быў, ляжаў у руінах. У мяне былі два пісталеты, якія Родзька выдаў...
    - Калі Вы ўпершыню пачулі пра Беларускую Незалежніцкую Партыю?
    - Было так. Спачатку ніхто нічога не гаварыў. Кожны з выкладчыкаў выказваў свае погляды, слухалі нас, прыглядаліся, як хто сябе паводзіць. Бо розныя людзі трапілі на курсы... Ну, а пасьля я пазнаёміўся з Родзькам. Сталі неяк зьбірацца на тайныя сходы. Родзька нам казаў: “Трэба гуртавацца, трэба ўмацоўваць свае становішчы, зьбіраць сілы... Для нас аднолькавыя ворагі - фашызм і камунізм. Але нам няма дзе падзецца. Пападземся паміж імі й нас зьнішчаць, наогул, сатруць... Немцы, хоць і ворагі - паляць вёскі, забіваюць людзей, і мы гэта бачым, але ж хоць даюць “людзьмі звацца”, хоць можна на роднай мове гаварыць, вучыцца...
    - Цяпер самы адказны час. Яшчэ раз мы павінны выбраць меншае ліха. Два злы, ліхі ёсьць. Мы мусім выбраць меншае ліха і павінны зь ім ісьці. Тым больш, немцы абяцалі нас узброіць. Нам трэба атрымаць ад іх зброю... Камунізм для нас большы вораг, бо немцам ужо прыходзіць канец. А бальшавікі, як прыйдуць, так і пойдуць...
    У нас ёсьць партыя падпольная, тайная. Наперадзе нас чакае змаганьне за вольную Беларусь. Пасьля мы павінны будзем змагацца з бальшавікамі. Калі ўдасца перайсьці ў падпольле, будзем на нелегальным становішчы. І сыстэма ў нас будзе такая, што адзін ведае толькі трох чалавек і больш нікога. Кансьпірацыя такая”.
    Былі вялікія спадзяваньні на Захад, на Англію і Амэрыку. Мы верылі, і Родзька на іх спадзяваўся. “Нам трэба ўзяць у іх [немцаў] зброю, каб мы маглі пасьля ўтрымаць Беларусь”, - казаў ён.
    На гэтай першай сустрэчы, якая праходзіла ў гасьцініцы на цяперашняй Камсамольскай вуліцы, было 12 чалавек з эсбээмаўскіх курсаў. Усіх нас Родзька прыняў у падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю. Неўзабаве ён адвёз мяне й іншых хлопцаў у Вільню на вуліцу Коленштрасэ, гэта Вугальная, а па-летувіску - Англю. Там знаходзілася адна нямецкая сакрэтная ўстанова.
    - Родзька вам патлумачыў, дзеля чаго вы туды едзеце?
    - Не. Там нам далі запоўніць анкеты па-нямецку і па-беларуску, што “я, Сікора Віктар, абязуюся дапамагаць нямецкаму вэрмахту”. Зразу далі мне польскі пісталет “Радам”. Родзька сказаў мне: “Стварай сваю групу і прывозь яе сюды”. Я адказваю: “Мы ж вэрбуемся! Каб я гэта ведаў, не паехаў бы! Я зь немцамі нічога ня маю, зь імі не супрацоўнічаю. Вы ж упіхнулі мяне не туды!..”
    Родзька ж гаворыць: “Не зьвяртай на гэта ўвагі. Трэба выконваць заданьне. Раз мы стварылі сваю Незалежніцкую Партыю... У нас зброі няма, а дзе мы возьмем? У нас яе няма. Мы хутка пераходзім на нелегальнае становішча. Ты што, ня бачыш, што вось-вось прыйдуць бальшавікі? І што, уцякаць? Трэба ж некаму застацца! Нам трэба сваю справу рабіць!”. Ну і ўсё. Я вярнуўся ў Паставы і ўцягнуў чалавек сорак, амаль усіх сваіх хлопцаў.
    - Вы іх прымалі ў БНП?
    - Так, Занкавіча прыняў. Хоць ён быў маім кіраўніком у СБМ, у БНП было наадварот. Я быў прызначаны партыйным кіраўніком на Пастаўскі раён, а Аўген Занкавіч - маім намесьнікам. Былі яшчэ Лапіцкі Алег, Прыстаўка Вячаслаў, Латышонак Аляксандар, Жыхар Аўген, Грыгор’еў...
    Пасьля, калі мяне арыштавалі чэкісты, я сказаў, што завэрбаваў з сэмінарыі толькі 10 чалавек. Тых, каго ў красавіку 1944 году завёз у Вільню. Тут ужо нікуды ня дзенесься. Ды яны ўсе пасьля трапілі ў батальён “Дальвіц”... У Вільні я атрымаў дакумэнт, што зьяўляюся кіраўніком узброенай групы абвэра, і каб усе нямецкія органы мне аказвалі дапамогу. Некалькі разоў мяне правяралі немцы і кожны раз гэты дакумэнт дзейнічаў - зразу адпускалі.
    - Якое апошняе заданьне Вы атрымалі ад Усевалада Родзькі?
    - Трэба было на Кангрэс прыехаць, які праходзіў у Менску напрыканцы чэрвеня 1944 году. Сабраць сваіх людзей і прыехаць. Родзька сказаў, што “там усё вырашыцца”. Са мной было 12 чалавек, мы ехалі ўзброеныя вінтоўкамі і пісталетамі на цягніку. За Лынтупамі паравоз быў падарваны. Відаць, акоўцы зрабілі дывэрсію. Цягнік пачалі абстрэльваць зь лесу. Дзявацца не было куды, мы адстрэльваліся, аж пакуль бронецягнік не падышоў. Прыйшлося нам вярнуцца ў Паставы. На Кангрэс мы ня трапілі.
    А апошні раз я сустракаўся з Родзькам дзесьці ў траўні 1944-га ў Вільні, на сьвяткаваньні 25-х угодкаў Беларускай гімназіі. Астроўскі там быў. Забэйда-Суміцкі выступаў, Родзька. Ён ужо быў у вайсковай форме беларускага афіцэра, старшага лейтэнанта. На мундзіры былі бел-чырвона-белыя пятліцы й Ярылавы крыжыкі. Я стаяў там на варце, ахоўваў мерапрыемства...
    - Як сталася, што Вы ня трапілі ў дэсантны батальён “Дальвіц”?
    - Быў пачатак ліпеня. У беспарадку адступалі немцы. Хацеў адступаць і я. Але тут прыехалі людзі ад Родзькі й кажуць: “Мы ад Родзькі. Ты павінен застацца. Вось табе даведка, што ты - партызанскі сувязны. Гэта загад!”. Ведаеце, загад ёсьць загад. Я застаўся, а хлопцы мае пайшлі на захад, ува Усходнюю Прусію. Там трапілі ў дэсантны беларускі батальён “Дальвіц”. Расказваў мне Латышонак, што не ўдалося ім перайсьці да заходніх хаўрусьнікаў. Паабяцалі ім дапамагчы й падвялі... Тады яны з Родзькам пайшлі пешым маршам праз Польшчу. І недзе там Родзька, па сваёй неасьцярожнасьці, быў арыштаваны. А яны далей пайшлі групай. Прыйшлі сюды, а тут “істрабкі”, палявое НКВД...
    - Арганізавалі яны тут што-небудзь?
    - Многіх хутка паарыштоўвалі. Некаторых нават з Чырвонай Арміі пабралі. Ведаеце, сама структура, кансьпірацыя была яшчэ неадпрацаваная... Адзін толькі Жыхар дзейнічаў.
    - Калі Вы пайшлі ў лес?
    - Я баяўся, што мяне арыштуюць, даведаюцца пра маю дзейнасьць у СБМ. Пайшоў у Чырвоную Армію. Трапіў аж на Ўкраіну, пад Белую Царкву, быў пісарам у роце. А калі даведаўся, што на 1-шы Прыбалтыйскі фронт накіроўваецца эшалён, запісаўся добраахвотнікам. Недаяжджаючы да Дзьвінску, з цягніка ўцёк. Гэта быў канец лістапада. Ужо пачыналіся маразы. А мае аднавяскоўцы напісалі з войска дахаты, што я ўцёк. Пачалі шукаць. Бацька тады выкапаў яму пад бульбай і я там хаваўся чатыры месяцы - да вясны. А як сьнег сышоў, падаўся ў лес. Там сустрэў шмат такіх як я. Былі мы добра ўзброеныя, мелі нават “дзегцяры” - кулямёты.
    - У нас тут лясы. Аж да Браслава адзін толькі лес - ніводнай жывой душы. Разьбіліся на атрады па 20-40 чалавек, бо разам было цяжка. У цяжкадаступным месцы пабудавалі сабе ў лесе дамкі, самыя пяклі хлеб — была свая пякарня, гаспадарка.
    - Колькі чалавек было ў Вашым атрадзе?
    - Каля трыццаці.
    - Вы былі ў іх камандзірам?
    - Так, слухаліся мяне. Праўда, у нас была “дэмакратыя”...
    А пасьля капітуляцыі Нямеччыны саветы абвесьцілі амністыю дэзэрцірам і многія хлопцы павыходзілі зь лесу, паверылі. Шмат хто меў у вёсках сем’і...
    - Як Вы трапілі ў рукі чэкістаў?
    - Да мяне прыйшоў сувязны зь Вільні - “Каліноўшчык”, які аказаўся агентам НКВД. Малады хлопец, добра абазнаны ў справах БНП. Ён прыйшоў у Малыя Алашкі і ашукаў бацьку. Сказаў яму, што “пойдзем за мяжу, тут нічога не робіцца, а ўжо скончылася вайна і абвешчана амністыя. У лесе засталося мала людзей. Тых, хто застаўся, перакідваем за мяжу”. Папрасіў, каб бацька зьвёў яго са мною. З “Каліноўшчыкам” я сустракаўся некалькі разоў. Ён прапанаваў, каб я прывёў на сустрэчу ўсіх сваіх хлопцаў. А ў той час (пачатак жніўня 1945 году) са мной заставалася пятнаццаць чалавек, узброеных аўтаматамі ППШ...
    Мяне не арыштавалі. Чэкісты мяне ўзялі й сказалі: “Выведзі гэтую групу зь лесу, тады цябе не зачэпім”. Я кажу: “Ну дык я ўжо выйшаў...” “Ну, нічога, ужо як-небудзь дапамажы”. Мяне нібыта амніставалі, уладкавалі на працу на пошту, памочнікам начальніка аддзяленьня. Жыў дома, але пад наглядам...
    Я ўжо ведаў, што мяне пасадзяць. Мог уцячы, але тады чэкісты арыштавалі б маю сям’ю... Перадаў у лес хлопцам вестку, каб яны ішлі адсюль. І вось яны кажуць: “Адыходзім, пойдзем на Польшчу”. І пайшлі. Гэта ўсе мясцовыя хлопцы былі, беларусы. Зь іх памятаю Міцкевіча. Хата ягоная стаяла ў лесе недалёка ад Алашак.
    Мяне узялі 5 сьнежня 1945 году. Прышлі два лейтэнанты, сяржант і сем аўтаматчыкаў. Акружылі хату... Пешшу прывялі мяне ў Варапаева, а пасьля на цягніку прывезьлі ў Вялейку. Пакуль ехаў у таварным вагоне, рукі і ногі былі зьвязаныя калючым дротам... Пасьля Вялейкі завезьлі ў менскую “амэрыканку”, дзе мяне жудасна катавалі... Ніхто ў сьвеце так ня зьдзекваўся над людзьмі, як рабілі бальшавікі. У Воршы ў перасыльнай турме ў камэры, якая разьлічана на 20 чалавек, сядзела 240. Каленкі ў каленкі, сьпіна да сьпіны...
    - Што пыталіся ў Вас сьледчыя?
    - Яны ўжо ўсё ведалі. На мяне далі паказаньні Родзька і Марцінкевіч. Марцінкевіч выкладаў фізкультуру ў Віленскай Беларускай гімназіі й кіраваў Віленскім камітэтам БНП. Мне зразу далі паперу: “Знаеш почырк Родзькі?” Родзька пісаў, што я быў па Пастаўскім павеце кіраўніком БНП і была мной створана ўзброеная група...
    - Які Вам быў прысуд?
    - Дзесяць гадоў лягероў і 5 гадоў паражэньня правоў. Трапіў я на золатаздабыўчыя шахты ў Бадайбо, гэта Якуція. А пасьля быў у Тайшэцкім “Озерлагу”. Там давялося мне ўадзіночку хаваць ксяндза Адама Станкевіча, але гэта асобная гісторыя...
    - Вы ўспаміналі Аўгена Жыхара, які апошні змагаўся з бальшавікамі...
    - Гэта быў таленавіты хлопец, пісаў прыгожыя вершы. Родам ён з вёскі Новадруцк. Быў у СБМ, вучыўся ў Паставах у настаўніцкай сэмінарыі. Я яго прымаў у Беларускую Незалежніцкую Партыю. А пасьля Аўген трапіў у “Дальвіц” і вярнуўся сюды з дэсантам. У яго была партызанская група, “бандай” яе называлі. Дзейнічала яна ў Пастаўскім раёне, каля Варапаева. Тэрарызавала камуністаў, савецкіх актывістаў, даносчыкаў і гэбістаў. Я вярнуўся зь лягероў, а Жыхар яшчэ быў у лесе. Ён загінуў напрыканцы лета 1955 году. Яго абкружылі на хутары ў сямёх кілямэтрах ад Паставаў. Прыйшлося Аўгену пусьціць сабе кулю ў лоб...
    Сяргей Ёрш
    Крыніца: http://autary.iig.pl/jorsz/
    jivebelarus.net › history/new-history/return-of…

                                             Доўгая вайна Віктара Сікоры
    Апошнім часам, гледзячы фільмы пра вайну, лаўлю сябе на нязвыклай рэакцыі. Чамусьці менавіта цяпер да болю крыўдна за пакаленьне нашых дзядоў. Нават тыя, хто ў калёнах альбо бязь іх ідзе сёньня побач з Лукашэнкам, наўрад ці пагодзяцца, што прычакалі сваёй сьветлай будучыні. Тыя, хто выжываў пад акупацыямі, прыкладна гэтак жа выжываюць і цяпер, у мірнай Беларусі. Тыя, хто змагаўся за вольную ад усіх акупацыяў Беларусь, так і не пабачылі краіны вольнай.
    У большасьці беларусаў адсутнічае адзін з галоўных жыцьцёвых стымулаў нацыі — жывое адчуваньне еднасьці й пераемнасьці пакаленьняў. Амаль усе героі вайны, «прышчэпленыя» нам са школьнай лавы, — не тутэйшыя. Нашы суседзі, прыкладам, расейцы ды ўкраінцы, лягчэй знаходзяць апору для свайго патрыятызму: у іх ёсьць хаця б жывыя прыклады уласных дысыдэнтаў, некаторыя зь якіх сталі актыўнымі дзеячамі дэмакратычнага руху. Беларусам жа, бадай, недастаткова аддзеленага ад нас больш як стагодзьдзем Кастуся Каліноўскага — а сваіх Валерыяў Навадворскіх, Анатоляў Лупынісаў, Андрэеў Сахаравых, Яраславаў Стэцько як бы й няма. Канечне, гэта ня так, але іх пакуль няма для большасьці — той крытычнай масы насельніцтва, якая магла б вызначальна сьведчыць пра наяўнасьць беларускай нацыі. Пакуль што нацыю мусяць ляпіць з «народнай масы» адзінкі, якія маюць гонар, волю й добрую памяць...
    Віктар Сікора — сьведка ваенных падзеяў на Беларусі і ўдзельнік моладзевага беларускага руху. Калі гітлераўская Нямеччына напала на сталінскі СССР, сп.Віктару было амаль 16 гадоў. Сёлета 12 ліпеня (як ён сам кажа, «на Пятра») патрыёт адзначыць свае 75-я ўгодкі. Гэты запіс нашай размовы зроблены пры амаль выпадковай, але незабыўнай сустрэчы. І зусім не адмыслова да юбілейнай даты 9 траўня...
    «Вы пытаецеся, з чаго пачалося ў 41-м? Пачалося ўсё з таго, што палякі ўсіх прыціснулі. Усе ўлады, і паліцыю, і мясцовыя гміны, паветы — усё пазахоплівалі й сваіх людзей рассадзілі. І беларусам нідзе ходу не было. Беларусаў стараліся зьнішчыць па адным — пад выглядам камуністаў. Трэ было ратавацца. Пачалася вялікая барацьба.
    Пералом у гэтай барацьбе за беларускае прыпаў на пачатак 42-га. Тады ўжо сталі бедныя беларусы за сваё рашуча выступаць. Пачалі адваёўваць у палякаў пасады. Урадавая мова на тэрыторыі Заходняй Беларусі спачатку стала нямецкай, але неўзабаве — беларускай. І на ўсе пасады ўжо прыйшлі беларусы.
    У Паставах былі створаныя шасьцімесячныя настаўніцкія курсы. Я там вучыўся. Сустрэўся зь людзьмі, зь сябрамі, убачыў — які дух! Дух адраджэньня! Як людзям надакучыла гэта ўсё польскае, што раней іх зьбівала з панталыку! І расейская мова — таксама. Усё гэта замянілася нашай роднай мовай. Пасьля, у канцы 42-га, была створаная Беларуская настаўніцкая сэмінарыя ў Паставах. Я туды паступіў. Нас там палякі трохі прыціскалі, але мы не здаваліся.
    Пры канцы чэрвеня 43-га ў Паставы прыехаў кіраўнік Глыбоцкай акругі Саюзу моладзі Аўген Мацюшонак з камісарам Вятвіцкім.
    І кажа: «Зь сёньняшняга дня вы ўсе зьяўляецеся сябрамі Саюзу Беларускай Моладзі». Пяць чалавек, пяць хлопцаў, адмовіліся. Адразу яны былі выключаныя з сэмінарыі і некуды вывезеныя. Нават сын пастаўскага бацюшкі Бяляўскага. Чаму яны адмовіліся? А хто іх ведае! Але зь іх толькі адзін вярнуўся, а іншыя чатыры — як паехалі «з канцамі», то й невядома, дзе іх шукаць. Ці ў Нямеччыну іх вывезьлі? Мне не давялося чуць, каб яны вярнуліся.
    Хутка мне прапанавалі зьезьдзіць на курсы малодшых кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі. У Альбярцін. Я паехаў. Гэта было ў ліпені 43-га. Быў там месяц. Далі званьне грамадовага. Вярнуўся ў Паставы. Пры сэмінарыі кіраўніком СБМ — Занкавіч Аўген , а я ў яго як памочнік. Пасьля ён становіцца раённым кіраўніком СБМ, а я — кіраўніком пры настаўніцкай сэмінарыі ў Паставах.
    Мы кожны тыдзень ладзілі канцэрты. Кожныя выходныя, у нядзелю — канцэрт. Альбо ставілі пастаноўку якую. Чыталі лекцыі, чыталі вершы. У нас быў створаны пры сэмінарыі яшчэ й аркестар струнных народных інструмэнтаў. Кіраваў ім Скурко Мітрафан. Скончыў польскую кансэрваторыю, выдатны быў скрыпач, праўда, немалады ўжо. Ён стварыў хор. Які хор!.. Звычайна адразу перад канцэртам была лекцыя. Кожнаму навучэнцу сэмінарыі было даручана, каб рыхтаваў лекцыі на нейкую тэму ці рыхтаваўся чытаць вершы. Каб, ведаеце, падняць людзям дух. Усё гэта рабілася, і нам ніколі ніхто за тое не плаціў.
    Ужо на пачатку 90-х да мяне прыяжджаў Юрась Быкаў, карэспандэнт «Беларускай маладзёжнай» з радыё. Ён праўду сказаў у той сваёй перадачы: што мы за адзін год зрабілі сваімі стараньнямі, сваім патрыятызмам тое, чаго камсамол не зрабіў за 70 гадоў! Хоць ім і плацілі, і ўсе ўмовы стваралі, і перад імі дзяржаўныя пасады — усё было! Усе ж выхаванцы камсамолу на ўсіх кіраўнічых пасадах былі. А ў нас — нічога! Нам ніхто нічога нават не абяцаў. Мы хадзілі абарваныя, у даматканых сваіх куртках, у абутку на драўляных падэшвах... Ну, нічога не было: ні адзеньня, ні абутку. Але мы ставіліся да справы добрасумленна.
    Пасьля — дарваліся да зброі. Мы несьлі ахову Паставаў. Былі ўжо ўзброеныя, нас баяліся. Нас, хлопцаў, было пад 150 чалавек. А са зброяй — чалавек пяцьдзясят. Зьмяняліся. Ну, трэ была тады зброя! Ведаеце — усё ішло не да таго...
    У канцы 43-га мяне накіравалі на курсы старэйшых кіраўнікоў у Менск. Кіраваў курсамі Ўсевалад Родзька. Я пазнаёміўся зь ім. У нас вайсковую справу выкладаў Язэп Сажыч, будучы прэзыдэнт эміграцыйнага ўраду беларускага. Ён быў у форме лейтэнанта нямецкай аховы чыгункі.
    Чытаў лекцыі й Родзька. Чытаў лекцыі Франц Кушаль, ён тады ў чыне капітана быў яшчэ, пасьля ўжо яму павысілі званьне. Чытаў лекцыі Калубовіч. З Калубовічам, праўда, я пазнаёміўся ў Альбярціне. Я ўпершыню пачуў прыгажосьць беларускай мовы. Пазнаёміўся з Натальляй Арсеньневай. Падарыла яна мне свой зборнік вершаў — «Пад сінім небам». Быў тры разы на прыёме ў Радаслава Астроўскага. Два разы — на абедзе ў яго.
    Калі я знаходзіўся ў Альбярціне, прыяжджаў да нас Кубэ. І быў ён зусім іншага выгляду, не такім, як паказваюць яго чырвоныя. Невялічкі такі, з вусікамі. Даволі сымпатычны дзядок.
    Памятаю, як недзе ў сакавіку папаўся ў палон начальнік контравыведкі палку Чырвонай Арміі. І ў тэатры імя Янкі Купалы ён выступаў, расказваў усё, як там ёсьць... Ведаеце, я тады ўпершыню ўбачыў форму савецкага афіцэра. Вёў гэта ўсё Ўсевалад Родзька.
    З Родзькам я блізка сышоўся, калі сабралася БНП, Беларуская Незалежніцкая Партыя. Быў прызначаны на пасаду — калі так назваць — кіраўніка БНП у Пастаўскім і іншых раёнах. Выйшаў на сувязь зь нямецкай контравыведкай «Абвэр» у Вільні. Тады й была створана баявая група — 50 чалавек.
    Вясной 44-га, гэта ў сакавіку было ці, магчыма, у пачатку красавіка (ведаеце, прайшло ўжо больш за 50 гадоў), у Вільні сьвяткавалі 20-годзьдзе Беларускай гімназіі. Быў там Астроўскі, была цётка Лёна (ня гэтая, Пашкевіч, а іншая), быў Родзька ў форме старэйшага лейтэнанта... Вопратка на ім была колеру францускага абмундзіраваньня. Многае ўжо з памяці выскачыла.
    Мы ахоўвалі ўваход. Там мы былі ўзброеныя, каб не зайшлі чужыя людзі й чаго не зрабілі. А пасьля (гэта была мая апошняя сустрэча з Родзькам) у пачатку чэрвеня ў Менску павінен быў адбыцца Ўсебеларускі Кангрэс. І я ехаў са сваёю групай узброенай. А трэ было ехаць на Вільню, бо іншая чыгунка была ўзарваная, масты пашкоджаныя. І мы туды накіроўваліся.
    За Лынтупы заехалі — цягнік падарвала на міне польская Армія Краёва. Завязалася перастрэлка. Мы ў яе ўступілі, паколькі ўзброеныя былі. У бункер, які ахоўваў гэтую чыгунку, пасьля прыйшоў браняпоезд. Так мы й не даехалі. Вярнуліся зноў у Паставы. Тут якраз прыйшоў зьвязовы ад Родзькі. З уласным паролем яго. І паперка была. Нам было загадана застацца для прыёму баявой групы, стварэньня беларускага падпольля ў тыле Чырвонай Арміі. Беларускія патрыёты лічылі, што скончыцца вайна зь немцамі — пачнецца іншая вайна. Што англічане й амэрыканцы пойдуць супраць Савецкага Саюзу, і мы павінны адстаяць сваё, беларускае, каб нікому не аддаць сваёй улады. Большасьць нашых хлопцаў паехалі ва Ўсходнюю Прусію, у горад Дальвіц, у дывізіённую школу, якую шмат зь іх паканчалі. Ну, а я застаўся сустракаць...
    Партызаны даведаліся, хтосьці ім сказаў, што я быў зьвязаны зь беларускім рухам, хаця й ня ведалі нічога дакладна. Партызаны мяне хацелі расстраляць. У лесе месца мне няма — там партызаны. Немцы групамі па лясах, уцякалі, але ўсё роўна партызаны іх улоўлівалі. Нідзе дзецца няма як! У 44-м я пайшоў у Чырвоную Армію. Там служыў у Белай Цэркве, ва Ўкраіне. Пасьля быў пісарам роты. Тады й захварэў моцна на малярыю. Зусім слабы быў. Але неўзабаве даведаўся, што эшалён ідзе на Першы прыбалтыйскі фронт, пойдзе цераз Полацак да Дзьвінску. Я й папрасіўся, каб мяне адправілі на фронт. У войску я быў яшчэ рэдактарам насьценнай газэты. Тады вельмі мала пісьменных было, а я ж скончыў настаўніцкую сэмінарыю. Дый бацька ж прымушаў вывучаць і расейскую мову.
    Я ўцёк з гэтага эшалёну. Уплаў церазь Дзьвіну на бервяне плыў. Гэта пачатак сьнежня быў. Увесь я зьмёрз. Ну, але як убраньне прывязаў вышэй, каля шыі, то холад — гэта не галоўнае было. Можа з гадзіну ў вадзе плыў за бервяном. Але тады мне здавалася: я вынесу ўсё. Дабраўся да хаты. Якраз бандыты забілі стрыечнага брата, у нас хаты рабавалі. Ведаеце што: за вайну ў нас было сем чалавек у хаце. Старэйшы брат у 40-м годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, там бязь весткі загінуў; невядома, ці ў палоне, ці, можа, дзесь так забіты. Пасьля Дасюкевіча, старшыню студэнцкага саюзу, як сабаку, немцы на вуліцы расстралялі. За трыццаць куляў выпусьцілі. У мяне ёсьць здымак: я ў яго на магіле... Ну, а пасьля на дачку Дасюкевічавай сястры, якой шукалі бандыты, напалі... Савецкія бандыты-сувязісты. Яна ўцякала праз вакно, прастудзілася. Запаленьне лёгкіх. Так і памёрла дзяўчынка. Пасьля маці памёрла, таксама напрыканцы вайны — 22 красавіка 45-га...
    Зь сям’і засталіся сястра і я. А я ўжо ў лесе быў! Ужо ў мяне была баявая ўзброеная група. Былі кулямёты, былі аўтаматы. Былі гранаты. Былі вінтоўкі, іншая зброя. У нас свая пякарня была. Свая, як кажуць, вытворчасьць. Шылі боты на драўлянай падэшве (не было скуры на падэшву!). Для дзяўчат выраблялі басаножкі, але — на драўлянай акалодцы такой. Рабілі колы, дзёгаць гналі. Мы не рабавалі. Ніводнага ні па кім не зрабілі стрэлу. Сядзелі... У нас і свой млын быў, і свая варта была. А пасьля палова з нас захацела за мяжу пайсьці. У Польшчу й далей на захад. Вось даведаліся работнікі гэтых міліцыі, НКВД, што мы ў лесе. Ага — і праўда!..
    Тады выйшаў якраз указ Вярхоўнага Савету, што дэзэрціры, за якімі няма забойстваў, ніякіх злачынных учынкаў, падлягаюць амністыі. І ўсё, і чалавек сорак з нашых пайшлі... Нас засталося чалавек дзесяць, і мы думалі ўжо прабівацца як-небудзь у Польшчу. Неяк я прыйшоў дамоў і сказаў, што не застануся. «Ай-ай-ай! — кажуць. — Ня кідай!..» Кажу, што мяне ўсё роўна тут замардуюць у турме. «А можа не?... А можа?...» А тут яшчэ прыехаў паэт такі — Міхась Машара. Я добра ведаю яго, у мяне кніжка ёсьць, ён там і мяне згадвае, і пра бацьку...
    Я ж думаў: не даведаюцца пра Беларускую Незалежную Партыю. Саюз Моладзі — то былі канцэрты. З такім патрыятызмам мы аддавалі сябе гэтай справе: хто што мог, пісалі... Ведаеце: такі дух! Сапраўды, проці нас у Паставах у 47-м годзе быў створаны ці Беларускі Саюз Патрыётаў, ці Саюз беларускіх патрыётаў. Я добра некаторых ведаў. Гэта ўсё з-за астатку духу гэтага — духу Саюзу Беларускай Моладзі, з-за яго на гэта пайшла моладзь. А КГБ настолькі мудра працаваў, што не арыштоўваў, пакуль не паспаўнялася ім па 18 гадоў. Таму што па Канстытуцыі — непаўналетнія лічацца.
    Так доўга-доўга хадзіў, а колькі разоў мяне лавілі, колькі разоў адыходзіў — і ня ведаю. Лёс такі — выжыць! Было, нават лічылі й забітым. 22 жніўня 45-га году прыйшоў дамоў. Бацька: «Застанься, пабудзь дома!» Я кажу: «Адыходзяць мае сябры, і я пайду». — «Не! Пабудзь, пабудзь!» Я думаў: толькі дзень прайшоў. Але праз той дзень мае хлопцы й пайшлі... Ужо няма! Пайшлі ў Польшчу. Застаўся я адзін, мне 19 гадоў, ваўкі выюць у лесе. Адзін! Аднаму непрыемна. А дзе зямлянкі, там такі гушчар, і новых не зрабіць сьцяжынак: як хадзіць па адным, сьлед застаецца.
    Прыйшоў мой бацька. Стала прыехаў Машара. Кажуць: «Ідзі, выходзь, нічога ня будзе!» Як кажуць, такі рок. Выйшаў 22-га... Якраз у гэты дзень, па-мойму, было абвяшчэньне вайны Японіі, у жніўні гэта было.
    Начальнік аддзелу ўнутраных справаў, Лосеў, як цяпер помню, учыніў мне допыт кароткі: як, што... Пра тое, як у лесе быў, і не пытаўся. Ну, а вось пра Саюз Моладзі... А Машара мне параіў: «Усё раскажы». Таму што яго знаёмыя, разам працавалі ў павятовай управе. Ну, я тое ўсё расказаў. Уладкаваўся памочнікам начальніка паштовага аддзяленьня сувязі і стаў працаваць.
    У канцы лістапада прыходзяць да мяне з паролем — «каліноўшчык». Быў такі пароль у нас. А гэта правакатар прыходзіў. І кажа: прыйдзе баявы атрад, рыхтуй месца. Я кажу: ня ведаю я ніякога «каліноўшчыка», нічога я ня ведаю! Адмовіўся я. Тады ён мяне выцягнуў за парог: «А хто гэта яшчэ будзе ведаць? Вось так, я табе сказаў: рыхтуй месца — і ўсё!» І пайшоў. Ніхто да мяне не прыйшоў, а празь дзён дзесяць...
    Я яшчэ спаў, гэта Дзень Канстытуцыі — 5 сьнежня. Прыходзяць у хату старэйшы лейтэнант, малодшы лейтэнант і сяржант. «Тут такі жыве? Вось, знаеце, вы не расстраівайцесь, не пугайцеся, вы нам патрэбны як сьведка. Вы з намі ў Вялейку паедзеце». Сястра кажа: «Уцякай!» А хату абкружыўшы — яшчэ сем аўтаматчыкаў! Чырвонапагоньнікаў. Усё ўжо!..
    Што ж, сабраўся. Нічога ня браў. Крышку ўзяў курыць махоркі (бацька не курыў). «Ну, што ж, пайдзём. Ай, вы ня бойцеся! Вы — як сьведка!» Кажу: «Не, ужо мяне напэўна ня ўбачаць родныя доўга. Калі не таго... Неахайна ж вы па сьведку прыехалі — дзесяць чалавек! З аўтаматамі!»
    Ну, і павялі мяне ў мястэчка Варапаева. Завялі, кінулі, дзе ў міліцыі, калі каго арыштоўваюць, КПЗ. Зьвязалі рукі-ногі калючым дротам. Пасьля йшоў таварняк — у таварняк, і завязьлі мяне ў Вялейку. У Вялейцы дзьве турмы: адна кацярынінская, а другую палякі пабудавалі. На сваю галаву... Каб папасьці да сьледчага, трэба прайсьці праз трынаццаць дзьвярэй. Каб у пакой, дзе сьледчы вядзе допыт... І ля кожных дзьвярэй стаіць надзірацель. І глядзіць у... Па-турэмнаму — у ваўчок, а па-іхняму — глазок, адчыняе і глядзіць. Дзе хто калі іхны, тады адмыкае дзьверы і — праходзь.
    І там я адбухаў сямнаццаць месяцаў. Мучылі — хай Бог сьцеражэ! Хадзіць ня мог, насілі, нават лекар турэмны — і той быў забараніў на допыт мяне вадзіць. У турме пад’ём — у шэсьць гадзінаў раніцы. Раніцай кавалачак хлеба дадуць, тады давалі трыста грамаў — і крышку ў банцы вады. З амэрыканскай тушонкай вады лінуць гарачай... Паставіш — праз паўгадзіны яна ўжо замерзла! Сьцюдзёна, ня дай Бог! У абед дзьве бульбіны, мёрзлыя, чорныя; які ні галодны — чалавек ня мог есьці! І ўсё. І яшчэ мо ў банцы кіпятку.
    Шэсьць месяцаў ніхто ня ведаў, куды мяне забралі. Ніхто... І вось выклікалі на вочную стаўку двух чалавек зь вёскі. Так адзін бацьку й сказаў: «Бачыў — уся галава разьбітая, укручаная сяк-так...». Білі і паленам, і чым папала: і нагамі, і прутамі жалезнымі... Катаваньне — хай Бог беражэ! А што? Я сам на сябе так іх наставіў!
    Прыходзіць сьледчы, пытаецца пра Саюз Моладзі... Я кажу «так» (ведаў, што ўсе гэта ведаюць!). У форме хадзіў, вось і ўсё, я ўжо быў старэйшым зьвязовым. А пра гэтую БНП, Незалежніцкую Беларускую Партыю — ніхто ня думаў! А Родзька даў паказаньні на мяне... Уласнаручна. І Марцынкевіч, настаўнік фізычнай культуры ў віленскай беларускай гімназіі — ён таксама быў у БНП. І яны далі паказаньні... На мяне...
    «Органы» ўсё, як кажуць, правяралі маю чэснасьць. «Ці праўда ты быў там?» І білі. І пакуль на мяне не паказалі, я не прызнаўся ў сяброўстве ў БНП. Каты мае тады ўзьняліся й кажуць: «Вось так! Будзем цяпер біць кожны дзень. Ты па-чэснаму не захацеў з намі размаўляць, ты скрываў!». Я кажу: «Баяўся». — «А чаго баяўся? Мы ж ведаем!» — «Ну, я баяўся, думаў, вы ня ведаеце. А так — можаце расстраляць». — «Можам і расстраляць». Я месяцы чатыры ў камэры сьмяротнікаў сядзеў.
    Вось Аскерку Аўгена забралі й расстралялі. Я ня ведаў... У камэры-адзіночцы адзін дзень сядзеў. У карцэры раз — пяць сутак, другі раз — сем... А карцэр — гэта турма ў турме. Камэра даўжынёй як вось гэтая шафа, і шырыні вось гэтакай. І там пад’ём у шэсьць, а адбой у дванаццаць. І на дзень выкідваюць з камэры такі зьбіты шчыт, з дошак. Ты босы. У бялізьне толькі. І — стаяць. І — 200 грамаў хлеба на суткі, і на чацьверты дзень, як яны кажуць, «гарачая пішча» — крышку гарачай вады, у банцы ў гэтай... І трэба стаяць з шасьці... Ведаеце, і ніхто ўжо не цікавіцца, што там з чалавекам. А калі паваліўся ў сем — выведуць, наб’юць! Ён жа праз гэты ваўчок глядзіць, як хто! І стаіць чалавек... Ужо нічога ня думаеш, нічога абсалютна! Як статуя. Ні на што не рэагуеш, а ўжо тады ў дванаццаць гадзінаў укідваюць гэты зьбіты шчыт з дошак, і тады толькі ўжо сядаеш. Але гэтага мала. Ты ў бялізьне, а сьцены ж камэры — бэтонныя! Сьцюдзёныя сьцены, і зьверху яшчэ трубы зробленыя — ідзе сьцюдзёнае паветра. Я зімой гэтак сядзеў. Два разы. Я казаў, што вы так расстрэльваеце... І вось пасьля ўжо так «даплыў», што хадзіць ня мог. Турэмны лекар, жанчына была, забараніла мяне чапаць. І мне дазволілі на нарах ляжаць. Пад’ём — мне дазволена ляжаць... І я два тыдні гэтак адпачываў, і пасьля таго якраз прыехалі на вочную стаўку, і адзін зь іх сказаў бацьку, дзе я.
    Сястра прыехала, прывезла мне трошку ежы. Ведаеце што: падмацаваўся — ну, малады арганізм, неяк адышоў...
    Судзіў мяне вайсковы трыбунал. Далі па артыкуле 63-м беларускага Крымінальнага кодэксу, пункт першы — гэта «здрада», але «грамадзянская», другі пункт — гэта «вайсковая здрада». Ну, і стаў я «здраднік Радзімы» і «вораг народу». І 76-ы артыкул — гэта «прыналежнасьць да беларускай антысавецкай арганізацыі».
    Пасьля павезьлі зь Вялейкі ў аршанскую перасыльную турму. Там я спаткаўся зь Мішам Бабровічам, лепшым сябрам — так ён і не вярнуўся зь лягераў...
    З аршанскай перасыльнай турмы мяне накіравалі на залатыя прыіскі ў Бадайбо, каля Якуціі, далёка. Край сьцюдзёны там! Там я хадзіў увесь распухлы. Быў даплыўшы да 50 кілаграм 400 грам вагой. Цудам выжыў, ня ведаю, мабыць, лёс — каб жыць, не памерці. Пасьля, восеньню 49-га, нас сталі адбіраць у спэцкантынгент. І з Бадайбо перавезьлі ў Тайшэцкі Азярлаг. Гэта асаблівы закрыты рэжымны лягер. Вось тут нумар, на ілбе, на штаніне і на плячах. Мой нумар быў — 69074...
    Там сустрэўся з Русланавай, год была ў тым лягеры. Лідзія Андрэеўна выступала, па дванаццаць песень у нас выконвала! А акампаніянтам у яе быў Сушко, з пастаўскай сэмінарыі. Ён быў пасьля мастацкім кіраўніком маладачанскага міжабласнога ансамблю моладзі. Быў ён і ў Маскве. Ён напісаў музыку да песьні «Ты ж маё сэрца параніў». Ён заслужаны дзяяч культуры Беларусі, на два гады малодшы за мяне. Працаваў пасьля ў Маладэчне ў доме народнай творчасьці.
    Там, у Азярлагу, былі страшныя, цяжкія ўмовы жыцьця. Там і ксёндз Адам Станкевіч памёр. Пахаваў я яго...
    Ужо мяне ў 54-м расканваявалі. Паколькі ў мяне парушэньняў не было, я гарэлкі ня піў, не курыў... Я напісаў заяву генэральнаму пракурору — што няправільна асуджаны. Я ж думаў, што дапаможа. Напісаў, што шмат дарэмных у мяне абвінавачваньняў, што справа мая не такая «цяжкая», што я быў у такой партыі, але практычных дзеяньняў у мяне няма.
    Даводзяць мяне да цягніка.... Прывезьлі ў Менск. У гэтую турму, што, кажуць, у Менску каля самага высокага будынку. Вы ведаеце, які ў Менску самы высокі будынак? КГБ. Зь якога бачыш, як там зэкі ў Сібіры пяскі абсыпаюць, а з другога боку — як латышы чарку п’юць. А там двор усярэдзіне такога тыпу, як галоўпаштамт — круглая «амэрыканка» там. Вось там і выпусьцілі мяне...
    Пашпарту мне не далі, у даведцы напісалі, што «часова ўзяты на вайсковы ўлік». Пасьля пашпарт аддалі «с ограніченіем», згодна зь якім я ня меў права ні ў якім горадзе пражываць — толькі ў вёсцы.
    Пераслухваў маю справу ўжо вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі 9 жніўня 56-га году, але — завочна. Мне толькі пасьля позву прыслалі, і я пайшоў да трыбуналу. Пытаюцца: «Пісьменны?» — «Пісьменны». — «Чытай, значыць. Прыгавор». Там шмат у мяне паздымалі абвінавачваньняў. Нават адзначылі: «Прызнаў віну... пад узьдзеяньнем сьледчых органаў».
    Але ўсё роўна — той самы тэрмін пакараньня застаецца, як і тое самае паражэньне ў правах! Пазьней выйшаў указ, згодна зь якім, калі за чалавекам няма пэўных дзеяньняў, калі, як кажуць, «сухая» справа, а ня «мокрая», без крыві, калі ніхто ня быў з-за цябе пакараны, ніхто не пацярпеў, нікога не адправілі ў Нямеччыну, не рабіў пры немцах даносаў — значыць, здымаецца судзімасьць. І хутка ў графе з пытаньнем, судзімы ці не судзімы, я ўжо пісаў, што не. Ужо ў мяне судзімасьць зьнялася. Але так не рэабілітаваны. Кажуць, у арганізацыю добраахвотна залез, якая рэабілітацыя?
    Арыштаваны 5 сьнежня 45-га, а дамоў вярнуўся 20 студзеня 55-га. Мне далі дзесяць гадоў. Я быў кіраўнік і атрымаў такі тэрмін. А хто пасьля мяне патрапіў, каго судзілі ўжо пасьля ўказу ліпеньскага 47-га году, тым нават па 25 гадоў давалі.
    ...Усё пайшло прахам, а мы пайшлі па этапах турмаў, перасылак, Азярлагаў, дзе вельмі мала нас засталося ў жывых. Хто й застаўся ў жывых, быў зламаны фізычна, з пакалечаным здароўем, без усялякіх надзеяў на лепшае.
    Так хочацца, каб Беларусь уваскрэсла, як Хрыстос! Хаця я бязбожнік, хаця я нікому ня веру, акрамя веры ў Бацькаўшчыну...»
    Запісала Тацяна Сьнітко
    /Наша Ніва: nn.by › 2000 /19/ 16.htm /

    Леанід Маракоў
                                            Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы,
                  работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.
                                                           Том III. Кнiга II.
                                                  СІКОРА ВІКТАР ІВАНАВІЧ
    [н. 1925, в. Малыя Алашкі Дзісенскага пав. Віленскага ваяв., цяпер Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.], грамадскі дзеяч, паэт. Падчас нямецкай акупацыі скончыў Пастаўскую настаўніцкую семінарыю. У 1943—44 адзін з кіраўнікоў СБМ у Паставах. З 1944 сябра падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі, кіраўнік Пастаўскага камітэта БНП. У 1944—45 на нелегальным становішчы, камандаваў антысавецкім партызанскім аддзелам у Пастаўскім р-не. У жн. 1945 легалізаваўся, быў амнісціраваны. Арыштаваны 5.12.1945, утрымліваўся ў Вілейскай турме. Асуджаны да 10 гадоў канцлагераў і 5 гадоў пазбаўленем правоў. Пакаранне адбываў у Якуціі, пасля — у Азёрным канцлагеры МДБ Іркуцкай вобл. (Тайшэт). На Беларусь вярнуўся ў канцы 1954. Жыве ў в. Малыя Алашкі. Піша вершы. 22.5.1992 прэзідыум Віцебскага абл. суда пастанавіў прыгавор трыбунала войск МДБ Маладзечанскай вобл. ад 8.5.1946 і вызначэнне трыбунала БВА ад 7.8.1956 пакінуць без зменаў.
    Тв.: Вершы Віктара Сікоры // Голас камбатанта. 2000. № 1.
    Літ.: Невяроўскі А. Юнацтва — у ахвяру // Наша слова. 1996. 26 вер.; Ёрш С. У лесе я сустрэў шмат такіх, як я. Інтэрв’ю з камандзірам беларускіх партызанаў // Наша ніва. 1998. 9 лют.
www.marakou.by › ... › Том III. Кнiга II -

                                                              УДАКЛАДНЕНЬНЕ
    Бадайбо – адміністрацыйна заўсёдна адносіўся да Іркуцкай губэрні, а потым да Іркуцкай вобласьці.
    Ліня  Мамакан,
    Койданава.