воскресенье, 1 февраля 2015 г.

Берта Ілустах. Золаташукальнік Берцін. Койданава. "кальвіна". 2015.




    Вальдэмар [Вольдемар] Пятровіч Берцін [Бертин] – нар. 23 студзеня 1888 г. на сялібе Ілустах [Иллухстах] Курляндзкай губэрні Расійскай імпэрыі, ў сям’і Пятра Пятровіча і Лізаветы Мацьвееўны Берціных. Ягоны бацька, вартаўнік на чыгунцы, ў 1896 г. пераехаў з сям’ёй у Сыбір.
    У Сыбіры Вальдэмар вучыўся ў царкоўна-прыхадзкой школе, з 15 гадоў працаваў сьлюсарам у чыгуначным дэпо на Томскай чыгунцы, а ў  1908 г. падаўся ў старацелі на Бадайбінскія залатыя капальні. Увесну 1915 г. ён, вызваліўшыся з бадайбінскай турмы, куды трапіў за ўхіленьне ад вайсковага абавязку і правёў 7 месяцаў, перабіраецца на Ахоцкія залатыя капальні, на капальню Фогельмана.
    У 1916 г. Берцін у Ахоцку быў мабілізаваны на ваенную службу і быў прызначаны сьлюсарам у 3-ю чыгуначную зэнітную батарэю 1-ай запасной артылерыйскай брыгады 5 арміі Паўночнага фронту, якая кватаравала ў павятовым месьце Дзьвінск Віцебскай губэрні ды была пад уплывам бальшавікоў.
    У ліпені 1917 г. Вальдэмар быў арыштаваны за агітацыю супраць вайны ды пасаджаны разам з іншымі арыштаванымі ў вагоны і адпраўлены ў Віцебск, адтуль ў Маскву.
    У верасьні 1917 г. “дзьвінцаў” выпусьцілі з Бутырскай турмы і яны пачалі актыўна ўдзельнічаць у жыцьці перадкастрычніцкай рэвалюцыйнай Масквы ў шэрагах Чырвонай гвардыі. Берцін таксама становіцца чырвонагвардзейцам, уступае ў шэрагі бальшавіцкай партыі. /В боях за власть советов. Из истории команды «Двинцев» - участников Октябрьских боев 1917 г. в Москве. Сборник воспоминаний и документов. Москва. 1937. 108 с.; Двинцы. Сборник воспоминаний участников октябрьских боев 1917 г. в Москве и документы. Москва. 1957. 180 с. /

    Актыўны ўдзельнік Кастрычніцкага перавароту 1917 г. у Маскве (штурму Крамля) Вальдэмар Берцін у сьнежні 1917 г. выехаў дахаты ў Сыбір. У дарозе ён пазнаёміўся з Тацьцянай Лук’янаўнай, якая стала яго жонкай. [Неўзабаве яна нарадзіла сына Анатоля, праз два гады дачку Ніну і потым сына Віктара.] Перазімаваўшы ў Благавешчанску на Амуры, Берціны адправіліся ў Ахоцк на капальню Фогельмана.
    У 1919 г. Вальдэмар Берцін у Ахоцку ўвайшоў у склад Ахоцкага Савету працоўных дэпутатаў. У тым жа 1919 г. “белыя” захапілі Ахоцк і Берціна разам з іншымі арыштаванымі адпраўляюць на параплаве ў Хабараўск. Калі ў Хабараўск увайшлі “чырвоныя” Берцін сышоў з партызанамі на Амур, а адтуль з эвенкамі на капальні па р. Цімптону, дзе грунтаваўся забарм 5-й Сыбірскай арміі і армейскія забесьпячэнцы здабывалі золата на капальнях, якія раней належалі Верхне-Амурскай золатапрамысловай кампаніі для армейскіх патрэб, бо грашовы зварот на Далёкім Усходзе было паралізавана. Даведаўшыся што на Алдане ёсьць золата Берцін з эвенкамі адправіўся на Алдан.
    У красавіку 1921 г. Вальдэмар прыбыў у Якуцк, дзе ўжо знаходзілася яго сям’я і зьявіўся ў ваенкамат. Яго прызначаюць загадваць артылерыйскімі складамі і зброевай майстэрняй штабу войскаў Якутыі,таксама ён дэпутат Якуцкай гарадзкой рады. У 1922 г. чалец Прэзыдыюму Якуцкага губбюро РКП(б). Удзельнік баёў з белапаўстанцамі ў Тулагіна і Кільдзямцаў ля Якуцку.
    У сьнежні 1922 г. зьбіраецца І-шы Ўсеякуцкі зьезд, які абвясьціў утварэньне ЯАССР. Маладой рэспубліцы востра былі патрэбныя грошы. Берцін у газэце “Автономная Якутия” 18 студзеня 1923 г. пісаў пра неабходнасьць арганізаваць пошукавыя працы золата на рэках Тамот ды Ворта-Сала.
    Атрымаўшы крэдыт ад Наркампрамгандлю ў памеры 10.000 рублёў, 2 красавіка 1923 г. атрад 1-й працоўнай арцелі па здабычы золату ў колькасьці 19 чалавек рушыў з Якуцка ў вярхоўі ракі Алдан, абавязваючыся заявіць усе адкрытыя залатаносныя вучасткі на імя Наркампрамгандлю.
    30 красавіка 1923 г. арцельшчыкі спыніліся на беразе прытоку р. Алдан Ворта-Сала і прыступілі да пошукавых працаў. Калі растаў сьнег, арцельшчыкі сталі знаходзіць старацельскія шурфы мінулых гадоў і рэшткі “амэрыканак” - найпростых старацельскіх прамывачных прыладаў. На месцы стаянкі знайшлося нядрэннае золата, але далёка не такое на якое разьлічваў Берцін.
    Тыдні праз два ўгару па рацэ прайшла група эвенкаў на чале з золаташукальнікам якутам Міхаілам Тарабукіным [Тарабыкіным]. Даведаўшыся, што яны непадалёку пачалі мыць золата, Берцін адправіўся да іх. 20 чэрвеня 1923 г. ён выявіў іх стаянку на правым прытоку Ворта-Салы. Разам з Тарабукіным там знаходзілася каля двух дзесяткаў сваякоў і аднавяскоўцаў з найблізкага эвенкійскага стойбішча на р. Амга (жонка Тарабукіна было эвенкійкай). Тарабукін не хаваў, што тут мыецца добрае золата. Задаволены Берцін тут жа абвясьціў тубыльцам, што ягоная арцель пасланая ўрадам ЯАССР і яна будзе тут працаваць. Тарабукіну не заставалася выбару і ён “уліўся” ў склад арцелі Берціна. 23 чэрвеня 1923 г. арцельшчыкі Берціна перабраліся да Тарабукіна. Залатаносны раўчук і капальня атрымалі назву Непрыкметны. За кароткі час арцельшчыкі здабылі некалькі дзесяткаў фунтаў золата. Узрадаваны Берцін вярнуўся ў Якуцк, з лішкам пакрыўшы ўзяты крэдыт. Вальдэмара прызначылі ўпаўнаважаным Наркампрамгандлю на Непрыкметнай і ён адправіўся ў зваротны шлях.
    У красавіку 1924 г. СНК ЯАССР прыняў рашэньне пра стварэньне дзяржаўнага золатапрамысловага  “Якзолтреста”, дырэктарам якога прызначылі П. Харытонава, а Берціна ягоным намесьнікам. Кіраваньне “Якутзолото” ў пратаколе № 1 ад 25 жніўня 1924 г. пастанавіла лічыць тав. Тарабукіна фактычным першаадкрывальнікам крыніцы Непрыкметнай, што дало магчымым стварэньня трывалай базы для разьвіцьця прадпрыемства “Якутзолото”.
    24 чэрвеня 1924 г быў утвораны саюзны трэст “Алданзолото”. На Непрыкметную хлынуў вал людзей і на 1 верасьня 1924 г. там налічвалася 8995 чалавек. Адкрываюцца новыя капальні: “Арачон”, “Пралетарская”, “Залатая”, “Джэканда”, “Турук”.
    У 1925-1926 гг. Берцін - кіраўнік трэста “Алданзолото”. У 1927-1928 гг. - кантралёр-інспэктар выведкавых працаў. У 1928-1929 гг. Вальдэмар кіраўнік экспэдыцыі трэста “Союззолото” на Чукотку па пошуку золата. У 1930-1932 гг. ён начальнік Тыркандынскага упраўленьня на Алдане. У 1932-1933 гг. ён упаўнаважаны Іркуцкай канторы “Якутзолото”, у 1933-1938 гг. ён начальнік Якуцкай канторы “Золоторазведка” і пражываў у Алданскім раёне ЯАССР.
    7 красавіка 1939 г. Вальдэмар Берцін Алданскім раённым аддзелам НКУС ЯАССР быў арыштаваны па артыкулах 58-2, 58-7, 58-11 УК РСФСР. Пастановай НКУС ЯАССР ад 14 ліпеня 1939 справа /№ 1368-р./ было спынена за адсутнасьцю складу злачынства.
    У 1940 г. Берціна пасылаюць на поўнач Якутыі ў Дальбуд, на асваеньне Яны, дзе ён кіруе капальнямі Астах ды Бургаўлі, быў намесьнікам начальніка фабрыкі № 418. Адсюль на фронт сыходзяць ягоныя сыны – Анатоль загінуў, а Віктар прапаў без зьвестак.
    У 1945 г. Берціна пераводзяць у Забайкальле дзе ён узначальвае забайкальскую кантору “Золоторазведки”.
    Ад 1949 г. Вальдэмар начальнік Дэрвенскай экспэдыцыі Таджыкскай ССР.
    Ад 1951 г. начальнік Бурэінскага прииска на Амуры.
   У 1953 г., пасьля выхаду на пэнсію, Вальдэмар з сямъёй пераяжджае ў Маскву.
    12 кастрычніка 1964 г. Вальдэмар Пятровіч Берцін памёр у Маскве і пахаваны на Бабуліных могілках.
    Быў узнагароджаны значком “Стаханавец залатой прамысловасьці” (1935), ганаровымі граматамі ЯЦВК, Вярхоўнага Савету ЯАССР, было нададзенае званьне першаадкрывальніка і пэрсанальная пэнсія. Ва ўлусным месьце Алдан РС(Я) імем Берціна названа вуліца і пастаўлены помнік.

                                              Помнік Тарабукіну і Берціну ў Алдане
                    У рагах “раганосцаў” (народная назва помніку) “залаты” самародак

    Ягоная жонка Тацьцяна Лук’янаўна Берціна (1871-1981), ад 18 чэрвеня 1974 г. “Ганаровы грамадзянін Алдана”, пахавана ў Маскве побач з мужам – Вальдэмарам Пятровічам Берціным.


    Міхаіл Пракопавіч Тарабукін (1882-1961) пахаваны ў Алдане


    Літаратура:
    Ельмакова Л.  Бертин. (Документальный очерк) Якутск. 1973. 52 с.
    Бертин Вальдемар Петрович. // Книга Памяти. Книга – мемориал о реабилитированных жертвах политических репрессий 1920-1950-х годов. Том первый. Якутск. 2002. С 29.
    Кичигин Л. Н.  Золотоискатель Вольдемар Петрович Бертин (1888-1964). // Якутский архив. №. 2. Якутск. 2004. С. 15-27.
    Историко-культурный атлас Якутия. Природа. История. Этнография. Современность. Москва. 2007. С. 384./
    Петунин А.  Его имя навсегда в истории Алдана. // Алданский рабочий. Алдан. 23 января 2013. С. 2.
    Берта Ілустах,
    Койданава.