среда, 14 января 2015 г.

Зоня Сьцык. Генэрал-губэрнатар Бранеўскі. Койданава. "Кальвіна". 2015.



    Сямён Багданавіч Бранеўскі /Броневский/ - нар. у 1786 годзе.
    Лічыцца, шіто “нейкі польскі шляхціц Станіслаў Бранеўскі, прыняў праваслаўе з імем Савелій Сьцяпанаў Бранеўскі і атрымаў маёнткі на Смаленшчыне у 1665 г.Род Бранеўскіх быў запісаны ў VI частку радаводных кніг Смаленскай ды Тульскай губэрняў. Ягоны бацька Багдан Бранеўскі пачаў службу ў цараваньне імпэратрыцы Лізаветы Пятроўны капралам бамбардзірскай роты Лейб-гвардыі Прэабражэнскага палка і ў чыне прапаршчыка выйшаў у адстаўку ды пасяліўся ў сваім маёнтку ў Белёўскім вуездзе Тульскай губэрні Расейскай імпэрыі.
    У 1803 г. Сямён Багданавіч Бранеўскі скончыў Гарадзенскі кадэцкі корпус.
    [24 лістапада 1778 г. адрынуты каханак Кацярыны ІІ Сямён Зорыч заснаваў у падараваным яму Шклове Высакародную вучэльню, якая пасьля ягонай сьмерці 28 лістапада 1899 г. была перададзена ў галоўнае вядзеньне беларускага губэрнатара П. Севярына. Тады ж упершыню яна была названая Шклоўскім кадэцкім корпусам. У 1800 г. вучэльня была пераведзеная ў Гародню і 16 кастрычніка 1800 г. пераназваная ў Аддзяленьне Кадэцкага корпуса Гарадзенскага і было падпарадкавана літоўскаму ваеннаму губэрнатару і складала дапаможную навучальную ўстанова 1-га кадэцкага корпуса ў Санкт-Пецярбургу. Па просьбе дваранства Смаленскай губэрні ў 1807 г. корпус быў пераведзены ў Смаленск і пераназваная ў Смаленскі кадэцкі корпус. У 1812 году ў сувязі з набліжэньнем напалеонаўскіх войскаў вучэльня была пераведзеная ў Цвер, потым у Яраслаўль і нарэшце ў Кастраму, а ў 1823 г. Маскву, дзе ён існаваў да 1918 году і існаваў пад рознымі назвамі: 1-й Маскоўскі кадэцкі корпус, 1-я Маскоўская ваенная гімназія, 1-я Маскоўская гімназія ваеннага ведамства.]
    Сямён Бранеўскі быў выпушчаны з кадэцкага корпусу ў чыне прапаршчыка на службу ў Ніжагародзкі драгунскі полк на Каўказ. Тут у 1804 г. ён прыняў удзел у Кабардзінскім паходзе.
    З прызначэньнем у 1808 г. генэрала Рыгора Глазенапа, душыцеля Каўказа, інспэктарам сыбірскіх войскаў і начальнікам сыбірскіх лініяй, Бранеўскі, у якасьці ягонага ад’ютанта, быў пераведзены ў Сыбір, у чыне падпаручніка, і праслужыў у ёй бесьперапынку 29 гадоў.
     Займаючы з 1814 г. пасаду атамана Сыбірскага лінейнага казачага войска, ён браў удзел ва ўціхамірваньні “мяцежных” кіргізаў і ў 1822 г. камандаваў экспэдыцыяй, якая канчаткова скарыла “драпежную” Табуклінскую воласьць. Па адмысловым прадстаўленьні Спэранскага, ён у 1823 г. быў узьведзены ў палкоўнікі і прызначаны першым начальнікам утворанай Вомскай вобласьці.
    У 1823-1826 гг. - капітан, начальнік Асобнага Сыбірскага корпуса; у 1827-1835 гг. - палкоўнік, Вомскі абласны начальнік; атаман Сыбірскага казацкага войска, начальнік штаба Асобнага Сыбірскага корпуса.
    Маскоўскае таварыства сельскай гаспадаркі, абраўшы яго ў 1822 г. сваім сапраўдным чальцом, прысудзіла яму два мэдалі: адну, срэбную - у 1824 г., за садзейнічаньне ўводзінам удасканаленай сельскай гаспадаркі ў селішчах сыбірскіх лінейных казакоў, і другую залатую - у 1834 г., за садзейнічаньне адкрыцьцю ў Вомску школы земляробства і ўзорнай сялібы ды разьвіцьцю сярод кіргізаў аселасьці, у мэтах хлебаробства.
    28 верасьня 1834 г. генэрал-маёр Сямён Бранеўскі быў прызначаны генэрал-губэрнатарам Усходняй Сыбіры, а 8 студзеня 1835 г., па асабістым абраньні імпэратара Мікалая I, ён быў зацьверджаны на гэтую пасаду і камандуючым войскамі Ўсходняй Сыбіры з атрыманьнем чыну генэрал-лейтэнанта.
    /Па загаду ад 26 студзеня 1822 г. “аб разьдзяленьні Сыбірскіх губэрняў на Заходняе і Ўсходняя упраўленьне” Сыбір была падзеленая на 2 генэрал-губэрнатарствы: Заходне-Сыбірскае (з цэнтрам ў Табольску) і Ўсходне-Сыбірскае (з цэнтрам ў Іркуцку). Усходне-Сыбірскае генэрал-губэрнатарства уключала ў сябе: Іркуцкую і Енісейскую губэрні, Якуцкую вобласьць, Ахоцкае і Камчацкае прыморскія упраўленьні, Троіцка-Саўскае памежнае упраўленьне./
    У 1835 г. па распараджэньні генэрал-губэрнатара Бранеўскага, які жадаў даць некаторую адукацыю якуцкаму казацтву, былі адпраўлены ў Іркуцк у казачую навучальную каманду адзін обэр-афіцэр, два ўрадніка і два казака. Але два ўрадніка па няздольнасці былі заменены новымі. Па вяртаньні ў 1837 г. дахаты яны займаліся навучаньнем казакоў да 1841 г.
    У канцы лютага - пачатку сакавіка 1836 г. Сямён Бранеўскі дзеля рэвізіі Якуцкай вобласьці наведаў Якуцк.
    Ён арганізаваў Сыбірскае лінейнае казацкае войска і іншыя вайсковыя часткі ва Ўсходняй Сыбіры. Вядомы сваімі добразычлівым стаўленьнем да ссыльных сьнежаньцаў. Шмат зрабіў для сялянскай калянізацыі (у тым ліку і з беларускіх губэрняў) стэпавага краю ў страту тубыльцам. Ім быў прапанаваны праект новага адміністрацыйнага дзяленьня Ўсходняй Сыбіры, дзе абгрунтоўвалася неабходнасьць узмацненьня мясцовай губэрнскай і абласной улады, у прыватнасьці - для Якуцкай вобласьці, Охотскага, Камчацкага прыморскіх і Троіцка-Саўскага памежных упраўленьняў. Ён прапанаваў адлучыць ад Іркуцкай губэрні Забайкальле і з Верхневудзінскай і Нерчынскай акруг і Троіцка-Саўскага памежнага ўпраўленьня ўтварыць Нерчынскую вобласьць, даўшы яе начальніку губэрнатарскія правы
    У 1837 г. Бранеўскі пакінуў Сыбір і быў прызначаны сэнатарам. Апошнія гады жыцьця правёў у адстаўцы ў Санкт-Пецярбургу.
    Памёр 14 лютага 1858 г.
    Кавалер ордэнаў: Белы Арол, Сьвяты Георгій, Сьвяты Ўладзімер ды іншых.
    Літаратура:
    Из прошлого Сибири (Бывший генерал-губернатор Восточной Сибири С. Б. Броневский и его мемуары). // Козьмин Н.Н.  Очерки прошлого и настоящего Сибири. СПб. 1910.
    175 лет Омской области (генерал-губернаторы Западной Сибири и губернаторы Омской области). Омск. 1998.
    Из воспоминаний первого омского областного начальника С. Б. Броневского. // Известия Омского государственного историко-краеведческого музея. № 7. 1999.
    Из воспоминаний первого омского областного начальника С. Б. Броневского. // Известия Омского государственного историко-краеведческого музея. № 8. 2000.
    Якутия. Хроника. Факты. События. 1632-1917 гг. Сост. А. А. Калашников. Якутск. 2000. С. 153-154.
    Броневский Семён Богданович. // Попов Г. А.  Сочинения Т. ІІІ. История города Якутска. 1632-1917. Якутск. 2007. С. 200.
    Петухова З.  Семиулусное собрание – первый съезд якутов. // Илин. № 3-4. Якутск. 2007.
    Братющенко Ю.В.  Генерал-губернатор Восточной Сибири С. Б. Броневский и его «Записки». Иркутск. 2008.
    Броня Сьцык,
    Койданава.