суббота, 31 января 2015 г.

Тэцька Рэстарант. Швэйцар. Койданава. "Кальвіна". 2015.

    Максіміліян Ільліч Швэйцар [Швейцер] – нар. 2 кастрычніка 1880 (1881) г. у губэрнскім м. Смаленск Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і патомнага ганаровага грамадзяніна, банкіра, купца першай гільдыі.
    Скончыўшы гімназію ў Смаленску Максімілян у 1899 г. паступіў на прыродазнаўчае аддзяленьне фізыка-матэматычнага факультэту Маскоўскага унівэрсытэту, дзе прымаў актыўны ўдзел у дзейнасьці сацыял-дэмакратычных рэвалюцыйных гурткоў.
    27 студзеня 1902 г. Швэйцар быў арыштаваны і прыгавораны, па абвінавачваньню ў падрыхтоўцы і за ўдзел у палітычных дэманстрацыях 9 і 17 лютага 1902 г. у Маскве, загадам ад 20 лютага 1902 г. і пастановай міністра ўнутраных спраў ад 9 сакавіка 1902 г. да высылцы ў межы Іркуцкага генэрал-губэрнатара тэрмінам на 4 гады. 16 сакавіка 1902 г. Максімілян падаў хадайніцтва пра памілаваньне, але маскоўскі генэрал-губэрнатар вялікі князь Сяргей Аляксандравіч, з-за свайго антысэмітцтва, адхіліў яго.
    Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам Швэйцар быў прызначаны ў Якуцкую вобласьць, а Якуцкім губэрнатарам – у Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці.
    Дастаўлены ў м. Алёкмінск 4 чэрвеня 1902 г. і быў паселены ў с. Нахтуйскае. Алёкмінскім акруговым спраўнікам 14 чэрвеня 1902 г. прызначаны памочнікам пісарчука Нахтуйскага валаснога праўленьня. Ад верасьня 1902 г. займаўся ўрокамі ў Мачынскай рэзыдэнцыі.
                                                                «Телеграмма
                                               Старшему советнику Олекминска
                                                                        № 211
                                                                      28 IX 1902
                       Швейцер на Маче у резидента Чижика дает уроки детям его
                                              Душкин. /НАРС(Я). Ф. 12 и. Оп. 17. Д. 10. Л. 9./
    Нагадаем, што Мэльхіёр Чыжык у 1863-1864 гг. узначальваў паўстанцкі атрад ў Менскай губэрні і за гэта быў сасланы ў Сыбір на катаргу.
    Ужо ў кастрычніку 1902 г. губэрнатарам былі забароненыя Швэйцару адлучкі праз раку Лену з Нахтуйска ў Мачу (амаль насупраць), як ў пункт, які знаходзіцца на тэрыторыі Іркуцкай губэрні.
    У ссылцы Максіміліян блізка сышоўся з чальцамі ПСР. Па хадайніцтве маці, Браніславы Швэйцар, патомнай ганаровай грамадзянкі, у лістападзе 1902 г. ён атрымаў дазвол генэрал-губэрнатара пераехаць на жыхарства ў Мінусінскі вуезд Енісейскай губэрні.
    Загадам ад 6 сьнежня 1902 г. Швэйцар быў вызвалены ад ссылкі ў Сыбіры з дазволам вярнуцца ў Эўрапейскую Расею, але з абраньнем месца жыхарства паміма гарадоў з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і знаходжаньнем пад наглядам паліцыі да 1 сакавіка 1904 г.
    Атрымаўшы прахадное пасьведчаньне ён 28 сьнежня 1902 г. выехаў з Алёкмінска ў губэрнскае м. Смаленск Расейскай імпэрыі. Пасьля вызваленьня 17 сакавіка 1903 г. з-пад нагляду паліцыі працягваў рэвалюцыйную дзейнасьць у шэрагах ПСР, дзе зрабіўся адным з кіраўнікоў баявой арганізацыі.
    4 кастрычніка 1903 г. Швэйцар выехаў за мяжу дзе ў Швэйцарыі ўвайшоў у “Баявую арганізацыю” ПСР і пачаў займацца вырабам дынаміту і бомбаў.
    Напрыканцы 1903 г. Максіміліян вярнуўся ў Расею разам з Аляксеем Пакацілавым пад чужымі імёнамі дзеля арганізацыі замаху на міністра ўнутраных спраў В. Плеве. 15 ліпеня 1904 г. бомбай вырабленай Швэйцарам Ягор Сазонаў забіў Плеве на мосьце праз Абводны канал у Санкт-Пецярбургу.
    У верасьні-кастрычніку 1904 г. Швэйцар кіраваў працамі па вырабы дынаміту ў тайнай майстэрні ў Парыжы.
    У лістападзе 1904 г. Швэйцар  пад выглядам англійскага артыста прыехаў у Санкт-Пецярбург з заданьнем звабіць граданачальніка Трэпава.
    У ноч з 25 на 26 лютага 1905 г. Максіміліян Швэйцар загінуў, пры нявысьветленых абставінах, у сваім нумару ў Пецярбургскім гатэлю “Брысталь” ад выбуху бомбы, якая захоўвалася там.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 120-121, 163, 167, 194, 309-310, 476.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е доп. Якутск. 1996. С. 120-121, 163, 167, 194, 309-310, 476.
    Тэцька Рэстарант,
    Койданава.