суббота, 24 января 2015 г.

Міна Чыгунка. Залкінд. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Самуіл Мордухавіч /Маркович/ Залкінд – нар. 20 сьнежня 1860 г. у губэрнскім м. Вільня Расейскай імпэрыі, у сям’і габрэйскага купца Віленскай губэрні.
    У 1878 г. скончыў Віленскае рэальнае вучылішчы і 28 траўня 1883 г. Інстытут інжынэраў шляхоў зносін імпэратара Аляксандра І ў Санкт-Пецярбурзе з правам на чын калескага сакратара.
    Сышоўся з нарадавольскімі курткамі. У 1884 г. безвынікова абшуканы. У 1885 г. жыў у Пецярбургу, дзе быў датычны да дзейнасьці ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі і ўвосень 1885 вёў заняткі з кружком юнкераў Паўлаўскага вучылішча на кватэры С. Ніканава. Зьехаў з Пецярбурга ў сьнежні 1885 г.
    8 лютага 1887 г. арыштаваны ў Вільні і дастаўлены ў Пецярбург, дзе ўтрымоўваўся ў Доме папярэдняга зьняволеньня, і прыцягнуты да дазнаньня пры Пецярбурскім жандарскім упраўленьні па справе пра ваенна-рэвалюцыйных гуртках (справа Ніканавых, Шэлгунова, Брагінскага ды інш.). Па высачэйшаму загаду ад 27 верасьня 1887 г. падлягаў высылцы пад галосны нагляд на 4 гады (разам з М. Брагінскім, Брамсанам ды інш.) ва Ўсходнюю Сыбір адміністрацыйна. Іркуцкім генэрал-губэрнатарам 7 сьнежня 1887 г. прызначаны ў Якуцкую вобласьць “у мясцовасьць для адміністрацыйна-ссыльных габрэяў па прызначэньні Якуцкага губэрнатара”.
    Атрымаўшы дазвол ехаць у ссылку на свой рахунак, выехаў 29 красавіка 1888 з Масквы. У Іркуцк прыбыў 25 траўня 1888 г. дзе падаў прашэньне на імя іркуцкага генэрал-губэрнатара каб дазволіў па хваробе пакінуць яго ў Іркуцкай або Енісейскай губэрнях, але генэрал-губэрнатарам 24 ліпеня 1888 г. быў прызначаны на жыхарства ў акруговае места Алёкмінск Якуцкай вобласьці, як места з найбольш мяккім кліматам ва ўсёй вобласьці.
    Разам з жонкай Разаліяй Ізраілеўнай Залкінд, якая добраахвотна рухалася за ім у ссылку, прыбыў 7 лістапада 1888 г. у м. Алёкмінск. Па прычыне хваравітага стану здароўя падаў прашэньне аб пераводзе ў Іркуцк або Краснаярск дзеля завяршэньня там тэрміну ссылкі. Іркуцкі генэрал-губэрнатар дазволіў адправіць яго ў жніўні 1891 г. ў Іркуцк для завяршэньня там 27 верасьня 1891 г. тэрміну ссылкі, а Дэпартамэнт паліцыі 24 чэрвеня 1891 г. дазволіў “пераехаць на тэрмін нагляду паліцыі, які застаўся, ў м. Вільня”.
    Разам з жонкай 16 жніўня 1891 г. Залкінд з м. Алёкмінск быў адпраўлены ў Іркуцк для далейшага ўтрымоўваньня ў м. Вільня. 12 верасьня 1891 г. ён выехаў з Іркуцка ў Вільню. Па заканчэньні тэрміну публічнага нагляду 27 верасьня 1891 г. распараджэньнем Дэпартамэнта паліцыі быў падпарадкаваны тайнаму нагляду паліцыі, які быў зьняты толькі 8 студзеня 1900 г.
    У ліпені 1895 г. выехаў з Вільні ў Іркуцкую губэрню дзеля працы на пабудове чыгункі. Атрымаў дазвол пражываць у Санкт-Пецярбурзе. Памёр у лютым 1917 г.
    Сястра Міна Маркаўна Залкінд (Брамсан) таксама пабывала ў Якуцкай вобласьці.
    Літаратура:
    Список кончивших курс в Институте инженеров путей сообщения императора Александра I за 100 лет. 1810-1910 гг. СПб. 1910. С. 117.
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 184.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 192, 249-250, 469.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е доп. Якутск. 1996. С. 192, 249-250, 469.
    Міна Чыгунка,
    Койданава.