понедельник, 26 января 2015 г.

Марак Лукша. Натансан. Койданава. "Кальвіна". 2015.




    Мардухай [Мордехай, Марк] Абрамавіч [Андреевич] Натансан [Натансон] – нар. 25 сьнежня 1850 г. у м. Сьвянцяны Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі, у заможнай габрэйскай мяшчанскай сям’і.
    Скончыў Сьвянцянскую (Ковенскую) мужчынскую гімназію і ў 1868 годзе паступіў у Мэдыка-Хірургічную акадэмію ў Санкт-Пецярбурзе.
    Вясною 1869 г. прымаў дзейны ўдзел у студэнцкіх беспарадках у Пецярбурзе, быў праціўнікам пазбаўленай усялякіх маральных прынцыпаў радыкалізму тактыкі С. Нячаева. Арыштаваны 16 сакавіка 1869 г. за ўдзел у руху і падвергнуты 6-ці тыднёваму арышту. Другасна быў арыштаваны па Нячаеўскай справе 21 студзеня 1870 г., з-за таго, што ў арыштаванай на мяжы 11 студзеня 1870 г. Варвары Аляксандравай быў знойдзены пакет з праклямацыямі на ягонае Утрымоўваўся ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, з якой быў вызвалены 4 лютага 1870 г., бо сьледзтва па гэтай справе было спынена з-за заявы Аляксандравай, што пакет з праклямацыямі прызначаўся іншай асобе. У 1869-1870 гг. разам з У. М. Аляксандравым быў кіраўніком гуртка са студэнтаў Мэдыка-Хірургічнай акадэміі, па распаўсюджваньню сярод моладзі грамадзка-палітычных кніг па патаньнёных коштах. У траўні 1871 г., пасьля эміграваньня Аляксандрава, прыцягнуў новых чальцоў (М. Чайкоўскі, В. Шлейсьнер і іншыя) і ў жніўні 1870 г. заарганізаваў канчаткова гурток, які атрымаў вядомасьць пад імем гуртка “чайкоўцаў”. У жніўні 1871 г. выключаны з Мэдыка-Хірургічнай акадэміі, пасьля чаго паступіў у Земляробскі інстытут у Санкт-Пецярбурзе. Дзейна працаваў па арганізацыі кніжнай справы, а таксама над карэктурай кнігі “Азбука социальных наук” У. Берві-Флероўскага. У кастрычніку 1871 г. арыштаваны ў трэці раз і прыцягнуты да дазнаньня па справе аб распаўсюджваньні паказанай кнігі Флероўскага. У лютым 1872 г. справа аб ім разгледжана ў адміністрацыйным парадку з высыланьнем яго пад нагляд паліцыі ў Архангельскую губэрню.
    Натансан быў паселены ў Шэнкурску, дзе прыняў праваслаўе і ажаніўся на Вользе Аляксандраўне Шлейсьнер, якая рушыла за ім у ссылку.

    [Шлейсьнер (па мужы Натансан) Вольга Aляксандраўна – нар. ля 1850 г. у Курскай губэрні Расейскай імпэрыі, паходзіла з дваранскай сям’і выхадцаў са Швэцыі, дачка паручніка (капітана), землеўласьніка Арлоўскай губэрні. У 1870 г. яна ўваходзіла ў гурток М. Натансана, У. Аляксандрава і інш. (“Вульфаўская камуна”). Вясною 1871 г. была ўдзельніцай гуртка самаадукацыі, арганізаванага М. Натансанам і М. Чайкоўскім. У 1872 г. рушыла ў Шэнкурск услед за М. Натансанам і там выйшла за яго замуж. У канцы 1872 г. ёй было дазволена прыехаць у Пецярбург, дзе яна слухала лекцыі на акушэрскіх курсах пры Мэдыка-Хірургічнай акадэміі, якія пасьпяхова скончыла. Тады ж яна была падпарадкаваная тайнаму нагляду. У 1875 (1876) г. яна вярнулася разам з мужам у Пецярбург і прыняла разам з ім удзел у рэвалюцыйнай працы. Увосень 1876 г. уваходзіла ў гурток “траглядытаў”, зімою 1876-1877 гг. разам з М. Натансанам, А. Міхайлавым, А. Абалсінавым ды інш. увайшла ў таварыства “Зямля і Воля”. была чальцом друкарскай групы. Таксама яна ўваходзіла ў склад “Вялікай рады” таварыства..
    Ейны брат, Шлейсьнер Віктар Аляксандравіч – бестэрмінова-адпускны фэервэркер 4-й батарэі артылерыйскай брыгады. Нар. ля 1856 г. у Сакольскім вуездзе Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі. Вучыўся ў Міхайлаўскай артылерыйскай вучэльні і ў Тэхналягічным інстытуце але курсу не скончыў. У 1872 г. паступіў працоўным на завод за Неўскай заставай у Пецярбурзе з мэтай прапаганды. Блізка стаяў да пецярбургскага кружка чайкоўцаў. У пач. 1874 г. працаваў у кузьні, арганізаванай у Пецярбурзе кружком “артылерыстаў”. Вясною 1876 г. разам з братам Мікалаем [Шлейсьнер Мікалай Аляксандравіч – нар. ля 1853 г. у Сакольскім вуездзе Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі. Служыў у артылерыі і выйшаў у адстаўку ў чыне паручніка.] і паручнікам Ф. Вульфэртам арандаваў у А. Казінай маёнтак “Крыжы” у Тарапецкім вуезьдзе Пскоўскай губэрні, дзе арганізаваў земляробскую калёнію з мэтай збліжэньня з сялянамі. Увосень 1876 г. зьехаў, разам з братам Мікалаем, у Сэрбію, бо з пачаткам Руска-турэцкай вайны яны абодва вярнуліся да вайсковай службы. Прыцягнуты да дазнаньня, разам з братам Мікалаем (утрымоўваўся пад вартай з 15 студзеня па 4 лютага 1880 г.), узьнікламу ў 1877 г., па справе аб рэвалюцыйнай прапагандзе ў Тарапецкім вуезьдзе, у ліку 58-мі асобаў, па абвінавачваньні ў заарганізаваньні разам з іншымі земляробчай фэрмы і ў падрыхтоўцы да дзейнасьці сярод народа. Шлейсьнер, Вера, жонка Мікалая Шлейсьнера. У 1876 г. пражывала ў земляробскай калоніі ў маёнтку “Крыжы”. Прыцягнутая ў 1877 г. да дазнання ў ліку 58-мі асобаў па справе аб прапагандзе ў Тарапецкім вуезьдзе. Падчас вытворчасьці дазнаньня выявіў прыкметы разумовага засмучэньня. Утрымоўваўся пад вартавых з 29 студзеня па 4 лютага 1880 г. (сакавік 1879 г.). Па найвысокім наказе 8 ліпеня 1881 г. справа аб ім (ды брату Мікалаю) была вырашаная ў адміністрацыйным парадку з падначаленьнем яго галоснаму нагляду паліцыі і з забаронай жыхарства ў сталіцах і ўнівэрсытэцкіх гарадах. У жніўні 1881 г. быў (разам з братам Мікалаем) падпарадкаваны галоснаму нагляду па месцы жыхарства ў маёнтку Сіўцава Балхоўскага вуезда Арлоўскай губэрні. Па пастанове Асобай нарады ад 22 лютага 1881 г. тэрмін нагляду вызначаны быў у 4 гады, лічачы з 9 верасьня 1881 г. У тым жа годзе ён быў прызнаны псыхічнахворым і зьмешчаны (разам з братам Мікалаем) ў Арлоўскую земскую лякарню. Ад 10 верасьня 1885 г. галосны нагляд заменены тайным, які быў спынены у студзені 1890 г. У 1885 г. Віктару было дазволена пераехаць на жыхарства ў сядзібу Гранянка Сакольскага вуезда Гродзенскай губэрні. Ад 1886 г. Віктар Шлейсьнер жыў у Гарадзенскай губэрні, а потым у м. Арол ды ў маёнтку Сіўцава.
    Ейная сястра Шлейсьнер (па мужы Ляўр) Марыя Аляксандраўна - нар. у Разані ля 1860 г. Скончыла прыватную гімназію Абаленскай у Санкт-Пецярбурзе. Блізка прымыкала да прапагандысцкай моладзі. Арыштаваная і прыцягнутая да дазнаньня, узьнікламу вясною 1879 г. у Варонежы, з-за блізкага знаёмства яе з М. Тулісавым. Вызваленая з-пад варты пад грашовы заклад у 1000 р. За недахопам доказаў не была аддадзеная суду, але падпарадкаваная не галоснаму нагляду. У 1882 г. жыла ў Кромах Арлоўскай губэрні, дзе муж яе, Іван Ляўр, быў натарыюсам. Прыцягвалася ў 1882 г. з мужам да дазнаньня, узьнікламу пры Арлоўскім жандарскім упраўленьні, па падазрэньні ў падбухторваньні да беспарадкаў сялянаў с. Аляксееўскага Кромскага вуезда. За недахопам дадзеных для абвінавачваньня, па распараджэньні Дэпартамэнту паліцыі ад 8 красавіка 1882 г. працягнуты не галосны нагляд, спынены па цыркуляры ад 18 сакавіка 1892 г. У 1904 г. фэльчарка-акушэрка на службе ў Чарнігаўскім земстве.]
    У красавіку 1873 г. па хадайніцтве цесьця, адстаўнога паручніка Аляксандра Шлейсьнера, Натансан быў пераведзены пад нагляд паліцыі ў м. Баброў Варонескай губэрні, а затым выехаў у м. Куопіё (Фінляндыя), дзе жыл ягоны цесьць. У сьнежні 1874 г. Натансан быў вызвалены ад галоснага нагляду паліцыі, але было на яго пакінутае тайнае назіраньне. У лістападзе 1875 г. Натансан пакінуў Куопіё і пасяліўся ў сваёй маці ў Якабштаце Курляндскай губэрні.
    Вярнуўшыся ў 1876 г. у Пецярбург, прыняўся дзейна за працу па аб’яднаньні разрозьненых рэвалюцыйных сіл. Для той жа мэты быў у Маскве, Кіеве, Адэсе, Харкаве ды за мяжой. гурткоў у адзіную рэвалюцыйную арганізацыю. Зімою 1876-1877 гг. заарганізаваў так званаю паўночную рэвалюцыйна-народніцкую групу, з якой некалькі пазьней утварылася таварыства “Зямля і Воля”. Разам з Хазавым быў галоўным арганізатарам рабочага рэвалюцыйнага кружка “Таварыства сяброў” (меў мянушкі: “Маркавіч”, “Пётр Іванавіч”). Арганізаваў ўцёкі за мяжу свайго таварыша па гуртку чайкоўцаў П. А. Крапоткіна, які сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасьці. 6 сьнежня 1876 г. разам з Г. В. Пляханавым арганізаваў дэманстрацыю на Казанскім пляцы Санкт-Пецярбурга, пасьля чаго перайшоў на нелегальнае становішча. За свой арганізатарскі талент Натансан атрымаў у рэвалюцыйных колах мянушку “Іван Каліта - зьбіральнік зямлі рускай”.
    Арыштаваны ў Пецярбурзе 3 (6) чэрвеня 1877 г. пад прозьвішчам Пятра Іванавіча Карловіча і быў прыцягнуты да дазнаньня па справе “Таварыства сяброў” і з 2 жніўня 1877 г. ўтрымоўваўся ў Петрапаўлаўскай крэпасьці. У чэрвені 1878 г. прымаў удзел у галадоўлі зьняволеных у крэпасьці. Па найвысокім загадзе 29 лістапада 1878 г. справа аб ім па абвінавачваньні ў прыналежнасьці да “Таварыства сяброў” была разгледжана ў адміністрацыйным парадку з высыланьнем яго пад галосны нагляд паліцыі ва Ўсходнюю Сыбір.
    Ягоная жонка Вольга Аляксандраўна, якая знаходзілася на нелегальным становішчы, была арыштаваная ў кастрычніку 1878 г. у Пецярбургу на кватэры А. Абалешава і 14 кастрычніка 1878 г. зьняволеная ў Петрапаўлаўскай крэпасьці. 14 траўня 1880 г. яеа была прысуджана да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і катаржным працам на заводах на 6 гадоў; па канфірмацыі катаржныя працы былі заменены ссылкаю на паселішча ў аддаленыя месцы Ўсходняй Сыбіры. Прызначаная да адпраўкі ў Іркуцкую губэрню, але па хваробе была пакінута часова ў Пецярбургу і 1 верасьня 1880 г. пераведзеная ў лякарню жаночага аддзяленьня Пецярбурскага турэмнага замка. Ад 25 лютага 1881 г., паводле хадайніцтва сапраўднага стацкага саветніка П. Саваітава, ёй было дазволена да акрыяньня жыць у межах Арлоўскай губэрні, у маёнтку Сіўкава. Вызвалена з турмы на даручальніцтва П. Саваітова, на кватэры якога ў Санкт-Пецярбурзе памерла 16 сакавіка 1881 г. ад сухотаў. Ейныя двое дзяцей ад Натансана памерлі ў раньнім узросьце ад шкарлятыны.
    З Петрапаўлаўскай крэпасьці 19 сьнежня 1878 г. Натансан быў перададзены ў распараджэньне пецярбургскага граданачальніка для адпраўкі ў Вышневалоцкую перасыльную турму. У 1879 г. паселены ў акруговым м. Верхаленск Іркуцкай губэрні. За “дзёрзкасьці супраць мясцовага начальства” пераведзены ў 1881 г. у Якуцкую вобласьць.
    27 сьнежня 1881 г. дастаўлены ў Якуцк, адкуль быў адпраўлены ў Багаянтайскі ўлус Якуцкай акругі, а адтуль у Батурускі улус Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці.
    Па пастанове Асобай нарады ад 3 траўня 1882 г. тэрмін нагляду вызначаны ў тры года, лічачы з 9 верасьня 1881 года. У 1883 г. пераведзены на жыцьцё ў Амгінскую слабаду Якуцкай акругі, дзе ў лістападзе 1883 года ажаніўся другасна на Варвары Іванаўне Аляксандравай.

    [Аляксандрава (па мужы Натансан) Варвара Іванаўна – нар. у 1852 г., дачка патомнага ганаровага грамадзяніна, маскоўскага купца. Напачатку 1870-х гг. зьехала ў Цюрых, дзе ўваходзіла ў склад кружка “фрычэй”. Яе сястра - Аляксандрава Аляксандра Іванаўна - у 1872 г. прыцягвалася да дазнаньня па абвінавачваньні ў арганізацыі кружка і бібліятэкі ды ў шыфраванай перапісцы. Неўзабаве захварэла псыхічным захворваньнем, лячылася ў прыватнай псыхіятрычнай клініцы Ф. Савей-Магілевіча ў Маскве. Пахавана на Брацкіх могілках Мікольскага аднаверскага манастыра. У 1873 г. Варвара працавала ў наборнай выданьня “Вперед”. Увосень 1874 г. вярнулася ў Расею па патрабаваньні расейскага ўраду У лютым 1875 г. прымала ўдзел у выпрацоўцы статуту “Усерасійскай сацыяльна-рэвалюцыйнай арганізацыі”. Улетку гэтага ж году паступіла на ткацкую фабрыку Зубкова ў Іванава-Узьнясенску працаўніцай і вяла прапаганду сярод працоўных. 7 жніўня 1875 г. яна была арыштаваная ў Іванава-Узьнясенску. Аддадзеная 30 лістапада 1876 г. суду асобай прысутнасьці Сэната па абвінавачваньні ў складаньні і ва ўдзеле ў супрацьзаконнай супольнасьці ды ў распаўсюджваньні кніг, якія мелі мэтай падбухторваць да бунту (працэс 50-ці). 14 сакавіка 1877 г. асуджаная да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і да катаржных работаў на заводах на 5 гадоў, якія былі замененыя высыланьнем яе ў Верхаленск Іркуцкай губэрні, дзе пазнаёмілася з сасланым Натансанам. У лістападзе 1882 г. яна добраахвотна рушыла да Натансана ў Якуцкую вобласьці, дзе выйшла за яго замуж.]
    Ад 10 сьнежня 1883 г. па 25 красавіка 1884 г. Натансан знаходзіўся ў Якуцкай турме за самавольную адлучку з месца жыхарства. Па пастанове Асобай нарады ад 21 лютага 1884 г. вызвалены ад дзеяньня маніфэста 15 траўня 1881 года. У верасьні 1886 г. скончыўся тэрмін яго ссылкі, але па пастанове Асобай нарады ад 23 кастрычніка 1886 г. тэрмін нагляду працягнуты яшчэ на тры гады з пакіданьнем у Якуцкай вобласьці на той жа тэрмін.
    Па хваробе ў сьнежні 1886 г. пераведзены разам з жонкаю ў Іркуцк, дзе і адбыў прызначаны тэрмін. Служыў у Іркуцку ў канторы братоў Громавых. У Іркуцку ён быў цэнтрам, які аб’ядноўваў шматлікую калёнію ссыльных. З дазволу міністра ўнутраных спраў у 1889 г. Натансан выехаў з Іркуцка і ў чэрвені 1889 года прыбыў у Гельсінгфорс, дзе з 1 верасьня 1889 г. жыў пад тайным наглядам.
    У 1890 г. пасяліўся ў Саратаве, дзе служыў у кантролі Казлоўска-Саратаўскай чыгункі і разам з М. С. Цютчавым быў цэнтральнай фігурай, вакол якой групаваліся як былыя дзеячы, гэтак і новая рэвалюцыйная моладзь. У 1892 г. Натансан пераехаў у м. Арол, дзе служыў памагатым кантралёра на Арлоўска-Гразкай чыгунцы. І у Арлу, як і ў Саратаве, вакол яго групаваліся рэвалюцыйныя сілы. Улетку 1893 г. па пачыне Натансана і Цютчава ў Саратаве адбыўся зьезд прадстаўнікоў рэвалюцыйных кружкоў, на якім было пакладзена аснова “Сацыяльна-рэвалюцыйнай партыі “Народнага Права”. Партыя мела сваю штаб-кватэру ў Арле і друкарню ў Смаленску, у якой друкаваліся Маніфэст партыі і рэвалюцыйныя брашуры. У 1893 г. Натансан аатрымаў дазвол пражываць у Пецярбурзе, куды і пераехаў у канцы лютага 1894 г..
    Напрыканцы красавіка 1894 г. Натансан быў арыштаваны ды прыцягнуты да дазнаньня і ў адміністрацыйным парадку высланы ва Ўсходнюю Сыбір на пяць гадоў.
    У 1896-1900 гг. Натансан жыў у Балаганску, у п. Ліственічным (на Байкале) і ў Іркуцку.
    Калі для будаўніцтва паромнай пераправы праз Байкал арганізавалі суднавэрф у п. Ліственічным, яе кіраўніку старэйшаму памагатаму суднабудаўніка Корпуса Карабельных інжынэраў Вацлаву Аляксандравічу Заблоцкаму запатрабаваўся дасьведчаны бугальтар, ён узяў на гэту пасаду Натансана, які трымаў на аброці інжынэраў і падрадчыкаў. 17 чэрвеня 1899 г. на сьвяточным абедзе ў гонар спуску на ваду ледакола “Байкал” губэрнатар Гарамыкін далучыўся да тоста і прозьвішча Натансана.
    Вярнуўшыся з ссылкі, ён служыў бугальтарам у Бакінскім гарадзкім упраўленьні. Вясною 1904 г. выехаў у Швэйцарыю, дзе сустракаўся з Леніным. У 1905 г. ўвайшоў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і быў абраны ў цэнтральны камітэт партыі. Пасьля 17 кастрычніка 1905 года прыехаў у Пецярбург. Прымаў удзел у першым зьезьдзе партыі, які адбываўся ў Фінляндыі з 29 сьнежня 1905 г. па 4 студзеня 1906 г. Улетку 1907 г. жыў у Фінляндыі у Мустамяках ды Выбаргу. Напрыканцы 1907 г. зьехаў за мяжу; ведаў фінансамі партыі. Жыў у Парыжы, Лёндане, Швэйцарыі. Быў чальцом цэнтральнага камітэта партыі.
    Займаў стрыманую пазыцыю ў адносінах да тэрарыстычнай тактыкі партыі. У 1906 г. быў супраць забойства Георгія Гапона, рашэньне аб якім было прынятае без яго згоды. Па яго патрабаваньні партыя адмовілася ўзяць на сябе адказнасьць за гэтае забойства. У 1907 г. выступаў супраць пляну забойства Мікалая II, распрацаванага Азефом і Г. Гершуні. Аднак у 1908 г., калі В. Бурцаў пачаў кампанію па выкрыцьці Азефа як правакатара, Натансон стаў на абарону Азефа. Да самага канца адмаўляўся верыць у супрацоўніцтва Азефа з ахранкай.
    З пачаткам Першай сусьветнай вайны стаяў на паражэнчым пункце гледжаньня. Меркаваў, што рэвалюцыя ў Расіі магчымая толькі ў выпадку паразы ў вайне з Нямеччынай. Зблізіўся з бальшавікамі, разам з якімі ўдзельнічаў у міжнародных антываенных канфэрэнцыях - Цымервальдзкай (1915) і Кінтальскай (1916). Разам з Ленінам і П. Аксельродам падпісаў заклік Цымервальдзкой канфэрэнцыі да пралетарыяту Эўропы.
    Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў траўні 1917 г. вярнуўся ў Расею праз тэрыторыю Нямеччыны “у плямбаваным вагоне”. Узначаліў левае крыло партыі эсэраў, якое рэзка крытыкавала абарончую пазыцыю Цэнтральнага Камітэта партыі. Выступаў за “паглыбленьне” рэвалюцыі, перадачу ўсёй зямлі сялянам, а ўлады - Саветам. Адкрыта падтрымліваў Леніна і бальшавікоў чым выклікаў раскол у партыі эсэраў. У лістападзе 1917 г. ініцыяваў стварэньне адмысловай Партыі левых эсэраў. На першым зьезьдзе партыі быў абраны ў Прэзыдыюм, а затым і ў ЦК новай партыі. Падтрымаў разгон бальшавікамі Ўстаноўчага сходу, большасьць месцаў у якім дасталася правым эсэрам. У 1918 г. пасьля Леваэсэраўскага мяцяжу ўвайшоў у Партыю рэвалюцыйнага камунізму, якая адшчапілася ад левых эсэраў. Быў чальцом Прэзыдыюма УЦВК.
    У ліпені 1919 г. выехаў на лячэньне (з-за боязі арышту: “З Леніным у мяне поўны разлад... Леніну я больш не веру”, - казаў ён сваім блізкім) у Швэйцарыю, пры гэтым перавозіў па даручэньні бальшавікоў золата ў швэйцарскія банкі.
    29 ліпеня 1919 “рэвалюцыйны камуніст-народнік”, як называў Натансана У. І. Ленін, памёр у Бэрне ад ускладненьняў (тромбаэмбалія і гнойная пнэўманія) пасьля праведзенай хірургічнай апэрацыі з нагоды пухліны прадсталёвай залозы. Пахаваны ў Бэрне (Швэйцарыя).
    Ягоная жонка Натансан-Аляксандрава ўлетку 1924 г. прыехала з-за мяжы ў Маскву, дзе і памерла 27 жніўня 1924 г. ад рака ў Маскоўскім доме вэтэранаў рэвалюцыі імя Ільліча, які знаходзіўся ў будынку былой багадзельні імя Сьцяпана і Ганны Тарасавых (Шабалаўка, 4, цяпер Пэнсійны фонд РФ). Пахавана на Ваганькаўскіх могілках. Дзяцей ня мела.
    Літаратура:
    Аптекман О. С. Две дорогие тени (Из воспоминаний о. Г. В. Плеханове и М. А. Натансоне, как соратниках). Петроград. 1921. С. 14 с. /Оттиск из журнала «Былое» № 16. 1921./
    Натансон Марк Андреевич. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. II. Семидесятые годы. Выпуск III. Москва. 1933. Стлб. 1002-1006.
    Тюкачев Н. А.  Революционная деятельность М. А. Натансона на разночинском этапе освободительного движения в России. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук (07.00.02). Москва. 1987. 14 с.
    Тюкачев Н. А.  Деятельность М. А. Натансона в партии эсеров. // Из истории демократического движения и общественно-политической мысли конца XIX - второй половины XX века. Брянск. 1994. С.122 - 131.
    Михалкина Т. А.  М. А. Натансон в российском освободительном движении (1889-1919 гг.). Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук (07.00.02). Саратов. 2003. 19 с.
    Марак Лукша,
    Койданава.