четверг, 22 января 2015 г.

Жужу Пампадур. Граф Амурскі. Койданава. "Кальвіна". 2015.







     Мікалай Мікалаевіч Мураўёў /Николай Николаевич Муравьёв/ - нар. 11 (23) жніўня 1809 г. у Расейскай імпэрыі, у сям’і статс-сакратара і кіраўніка Ўласнай Яго Вялікасьці канцылярыяй Мікалая Назар’евіча Мураўёва і Кацярыны Мікалаеўны Мардзьвінавай, дачцэ порхоўскага абшарніка.
    Разам з братам Валяр’янам, які потым зрабіўся губэрнатарам Пскоўскай і Аланецкай губэрні ды віцэ-губэрнатарам Яраслаўскай губэрні, вучыўся ў Санкт-Пецярбургу ў прыватным пансіёне Гадэніуса (Шпалерная вуліца, 25).
    Па распараджэньні імпэратара Аляксандра I абодва браты былі залічаны ў Пажскі корпус.
    У 1824 г., знаходзячыся ў старэйшых клясах Пажскага корпуса, Мікалай Мураўёў як камэр-паж быў прызначаны да вялікай княгіні Алене Паўлаўне, юнай жонцы Міхаіла Паўлавіча, малодшага брата Аляксандра I. Шмат пазьней яна спрыяла прызначэньню Мураўёва генэрал-губэрнатарам Усходняй Сыбіры.
    У 1827 году Мікалай скончыў Пажаскі корпус з залатым мэдалём і паступіў прапаршчыкам у лейб-гвардыі Фінляндзкі полк з якім браў удзел у руска-турэцкай вайне 1828-1829 гг. (удзельнічаў у аблозе крэпасьці Варны).
    Таксама ўдзельнічаў у задушэньні лістападаўскага паўстаньня 1830-1831 гг. у Заходніх губэрнях Расейскай імпэрыі.
    У 1833 г. Мураўёў у чыне штабс-капітана пакінуў ваенную службу і пяць гадоў правёў у маёнтку Стоклішкі Трокскага вуезда Віленскай губэрні, падараваным ягонаму бацьку ў пажыцьцёвае валоданьне, дзе займаўся гаспадаркай.
    Калі генэрал Галавін, пры якім Мураўёў падчас ранейшых ваенных дзеяньняў знаходзіўся ад’ютантам, быў прызначаны камандуючым асобным каўказскім корпусам і галоўнаўпраўляючым грамадзянскай часткай і памежнымі справамі ў Закаўказьзе, Мікалай быў у 1838 г. прызначаны да яго для адмысловых даручэньняў і некалькі разоў браў удзел у паходах супраць горцаў. Ад 1840 г. па 1844 г. Мураўёў быў начальнікам аднаго з аддзяленьняў Чарнаморскай берагавой лініі і ў гэтай пасадзе ўдзельнічаў у задушэньні народа убыхаў.
    У 1841 г. Мураўёў атрымаў чын генэрал-маёра ды зьехаў на лячэньне ва Францыю. Па вяртаньні адтуль яго прылічылі да міністэрства ўнутраных спраў, адкуль ён неўзабаве быў у 1846 году прызначаны выконваючым абавязкі тульскага ваеннага і грамадзянскага губэрнатара.
    17 студзеня 1847 г. Мікалай Мураўёў і Катрын дэ Рышэмон, з якой ён пазнаёміўся ва Францыі, пабраліся шлюбам. Катрын прыняла праваслаўе пад імем Кацярыны Мікалаеўны Мураўёвай.
     У Туле Мураўёў узьняў пытаньне пра вызваленьне сялян: Наведаўшы Тулу, імпэратар Мікалай І 5 верасьня 1847 г. на паштовай станцыі Сергіеўскай абвясьціў Мураўёву пра прызначэньне яго на пасаду выканаўцы абавязкаў генэрал-губэрнатара Ўсходняй Сыбіры.
    Здаўшы справы па Тульскай губэрні, у канцы верасьня 1847 г. Мураўёў прыбыў у Санкт-Пецярбург. 28 лютага 1848 г. з Краснаярска ў Пецярбург быў адпраўлены рапарт Мураўёва пра ягонае ўступленьне ў пасаду генэрал-губэрнатара Ўсходняй Сыбіры (губэрнатар Енісейскі і Іркуцкі) але зацьверджаны ў пасадзе ён быў толькі 6 сьнежня 1849 г.
    Вясной і восеньню праездам з Іркуцка ў Аян і Ахоцк ды зварот Мураўёў наведаў Якуцк. Восеньню Мікалай, чакаючы зімовага шляху, пражыў у ім больш за месяц. У выніку гэтай паездкі Ахоцкі край ў выглядзе асобнай акругі 2 сьнежня 1849 г. быў далучаны да Якуцкай вобласьці.
    Мікалай Мураўёў быў ініцыятарам калянізацыі расейскім сялянствам заходняй часткі Якуцкай вобласьці і па ягоным загадзе ўзьніклі паселішчы Сунтар, Нюрба, Нова-Аляксандраўскае ды Амосаўка ў Вілюйскай акрузе.
    17 лістапада 1851 г. пад старшынствам Мураўёва адбылося адкрыцьцё Усходне-Сыбірскага аддзела імпэратарскага расейскага геаграфічнага таварыства ў Іркуцку. 11 ліпеня 1851 г. было зацьверджана палажэньне аб аддзяленьні Якуцкай вобласьці ад Іркуцкай губэрні і з 1 студзеня 1851 г. яна пачала існаваць на правах губэрні.
Мураўёў энергічна прыняўся за клопаты па дазволе захопу Амура, які належаў Кітаю. 11 студзеня 1854 г. імпэратарам Мікалаем I Мураўёву было прадстаўлена права весьці ўсе зносіны з кітайскім урадам па разьмежаваньні ўсходняй ускраіны і дазволена вырабіць па Амуру сплаў войска. У траўні 1854 гады адбыўся першы сплаў, год праз - другі, з якім прыбылі на вусьце Амура першыя рускія пасяленцы.
    У 1855 г. праездам на Амур Мураўёў ізноў наведаў Якуцк.
    16 траўня 1858 г. Мураўёў склаў з Кітаем Айгуньскі трактат, па якім Амур да самага вусьця зрабіўся мяжой Расіі з Кітаем.
     26 жніўня 1858 г. Мураўёў быў уганараваны тытулам графа Амурскага, які ён завяшчаў перадаць малодшаму сыну брата Валяр’яна В. В. Мураўёву.
    У 1861 г. Мураўёў-Амурскі, здаўшы справы свайму стрыечнаму брату М. С. Корсакаву, пакінуў пасаду генэрал-губэрнатара і быў прызначаны чальцом Дзяржаўнай Рады.
    На працягу дваццаці гадоў Мураўёў-Амурскі амаль бязвыезна пражываў у Парыжы, і толькі зрэдку прыяжджаў у Расею, каб прыняць удзел у пасяджэньнях Дзяржаўнай Рады.
    Памёр Мураўёў-Амурскі 18 лістапада 1881 г. ў Парыжы і быў пахаваны на Манмарцкіх могілках. 18 (30) ліпеня 1897 г. памерла Кацярына і была пахаваная побач. А 1990 г. парэшткі ейнага мужа перавезьлі ва Ўладзівасток і перапахавалі ў раёне гістарычнага цэнтра горада.
     Мураўёву-Амурскаму адкрыты шматлікія помнікі ва Усходняй Сыбіры, ягоным імем названыя вуліцы, караблі ды Амурская абласная навуковая бібліятэка ў м. Благавешчанск. Імем ягонай жонкі названае сяло Екатерино-Никольское у Кастрычніцкім раёне Габрэйскай аўтаномнай вобласьці Хабараўскага краю.
    Літаратура:
    Лукашэвіч А. М.  Мураўёў-Амурскі Мікалай Мікалаевіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 11. Мінск 2000. С. 31.
    Якутия. Хроника. Факты. События. 1632-1917 гг. Сост. А. А. Калашников. Якутск. 2000. С. 164, 175.
    Павлов А. А.  Граф Муравьев-Амурский и Якутская область. // Якутия – форпост освоения северо-востока Сибири, Дальнего Востока и Русской Америки (XVII-XX вв.). Якутск. 2004. С. 148-154.
    Муравьёв-Амурский Николай Николаевич. // Попов Г. А.  Сочинения Т. ІІІ. История города Якутска. 1632-1917. Якутск. 2007. С. 231.
    Жужу Пампадур,
    Койданава.