суббота, 17 января 2015 г.

Броня Мычка. Генэрал-губэрнатар Гарамыкін. Койданава. "Кальвіна". 2015.




    Аляксандр Дзьмітрыевіч Гарамыкін /Горемыкин/ род. 16 студзеня 1832 г. у Санкт-Пецярбургу. Паходзіў з дваранскага роду Наўгародзкай губэрні, які вядомы ад XVII ст. Бацька - падпалкоўнік Карпусу жандараў.
    Адукацыю атрымаў у Наўгародзкім корпусе, а затым у 1-м кадэцкім корпусе, па заканчэньні якога 13 жніўня 1852 г. вызначаны ў Кексгольмскі грэнадзёрскі полк, а ў 1854 пераведзены ў лейб-гвардыі Егерскі полк. У 1854, падчас Крымскай вайны 1853-1856 гг., знаходзіўся ў складзе войскаў, якія ахоўвалі берагі Эстляндыі.
    У 1858 г., пасьля заканчэньня Мікалаеўскай Акадэміі Генэральнага штабу, прылічаны да Генэральнага штаба і прызначаны на службу ў Галоўны штаб Каўказскага войска, але яшчэ да адпраўленьня туды прызначаны знаходзіцца пры Асобным Грэнадзёрскім корпусе. У 1859 г. прызначаны старэйшым ад’ютантам у штабе Асобнага Грэнадзёрскага корпусу пры Генэральным штабе, у 1861 - там жа штаб-афіцэрам для выкананьня даручэньняў па Генэральным штабе, а ў 1862 - дзяжурным штаб-афіцэрам корпуса.
     У 1864 г. прылічаны да Інспэктарскага дэпартамэнта Ваеннага міністэрства.
    У тым жа 1964 г. камандзіраваны ў распараджэньне намесьніка ў Царстве Польскім для заняткаў па сялянскай справе і быў прызначаны старшынёй Варшаўскай камісіі па сялянскіх справах, чальцом камісіі для складаньня правіл пра продаж казённай маёмасьці і надзеле безьзямельных сялян і камандзіраваны для агляду рудняў і горных заводаў усходняй і заходняй акругаў Царства Польскага. У 1865 г. прызначаны старшынёй Пултускай камісіі па сялянскіх справах.
    Атрымаў бронзавы мэдаль за задушэньне “польскага мяцежу” 1863-1964 гг. ды залаты мэдаль за працы па ўладкаваньню абшарніцкіх сялян у Царстве Польскім.
    У 1866-1869 гг. Падольскі губэрнатар і віцэ-старшыня Камянец-Падольскага турэмнага камітэта.
    Ад 1 лістапада 1869 начальнік штаба Адэскай ваеннай акругі.
    Ад 26 траўня 1889 г. Гарамыкін быў прызначаны Іркуцкім генэрал-губэрнатарам (да 1887 г. Усходне-Сыбірскае генэрал-губэрнатарства) і камандуючым войскамі Іркуцкай ваеннай акругі.
    А. Гарамыкин надаваў вялікую ўвагу быту перасяленцаў ва Ўсходнюю Сыбір і пытаньням землекарыстаньня. Пры ім была праведзена судовая рэформа. Актыўна садзейнічаў будаўніцтву Транссыбірскай чыгункі і пры ім у Іркуцк прыйшоў першы цягнік. У 1890, калі ў Іркуцку згарэў драўляны тэатар, здолеў ініцыяваць будаўніцтва новага каменнага будынка тэатра і прыцягнуць да гэтага буйны капітал.
    3 ліпеня 1890 г. на параплаве “Генэрал Сінельнікаў” Гарамыкін прыбыў у Якуцк з сямействам і чыноўнікамі пуцявой канцылярыі. Генэрал-губэрнатар правёў рэвізію мясцовых устаноў Якуцкай вобласьці: абласнога праўленьня, акруговага суду, гарадзкіх паліцэйскіх упраўленьняў, паштовай канторы, гарадзкой і мяшчанскай управы, сіроцкага прытулку і вучэбных устаноў. Правёў агляд Якуцкай мясцовай каманды і каманды казакоў Якуцкага гарадзкога палку. Наведаў грамадзянскую бальніцу, турэмны астрог, мясцовы музэй і сельскагаспадарчую фэрму ў 5-ці вярстах ад горада. Папрысутнічаў з сямействам на Боскай літургіі ў саборы, наведаў Нікольскую царкву і рэальнае вучылішча. Па запрашэньні жыхароў пабываў з сямействам ў Мархіскім скапцоўскім сяле. Прыняў дэпутацыі Якуцкай, Вілюйскай і Верхаянскай акругаў з іхнімі выбарнымі.
    22 ліпеня 1890 г. Гарамыкін перадаў начальніку Якуцкай вобласьці 1000 руб. для разьмеркаваньня дапамогі  бедным, на патрэбы рэальнага вучылішча, прытулку для арыштанцкіх дзяцей, найбяднейшым казакам, ніжнім чынам паліцыі да інш. У той жа дзень генэрал-губэрнатар адбыў ў Іркуцк, куды прыбыў 7 жніўня 1890 г.
    У 1893 г. Гарамыкін атрымаў чын генэрал ад інфантэрыі.
    У 1897 г.яму было прысвоена званьне Ганаровага грамадзяніна горада Іркуцка.
    У 1900 г., у сувязі з пагаршэньнем здароўя Гарамыкін выйшаў у адстаўку і зьехаў у Пецярбург. 9 красавіка 1900 г. прызначаны чальцом Дзяржаўнай рады; засядаў у Дэпартамэнце прамысловасьці, навук і гандлю. За службу ўганараваны шэрагам вышэйшых расійскіх ордэнаў, ды ордэнам Сьвятога Аляксандра Неўскага з дыямэнтавымі знакамі ўлучна
    Памёр 8 чэрвеня 1904 г. і пахаваны на Мітрафаніеўскіх могілкіх ў Санкт-Пецярбургу.
    Літаратура:
    Якутия. Хроника. Факты. События. 1632-1917 гг. Сост. А. А. Калашников. Якутск. 2000. С. 241, 245-246.
    Броня  Мычка,
    Койданава.