понедельник, 19 января 2015 г.

Хруська Вага. Немесьнік Нагель. Койданава. "Кальвіна". 2015.

    Ларывон /Ларион/ Цімафеевіч Нагель /Ludwig von Nagel/ - нар. у 1738 г., паходзіў з галяндзкай шляхты.
    На расейскую службу паступіў у 1748 г. 13 сакавіка 1763 г. атрымаў чын ротмістра, 1 студзеня 1770 г. сэкунд-маёр. У 1772 г. ў чыне прэм'ер-маёра ўдзельнічаў у вайне з Барскай канфэдэрацыяй (1769-1772) пад камандаваньнем А. В. Суворава.
    27 кастрычніка 1775 г. Нагель атрымаў чын падпалкоўніка, у 1776-1778 гг. камандаваў Ахтырскім гусарскім палком, 22 верасьня 1779 г. атрымаў чын палкоўніка. Ад 24 лістапада 1780 г. па 21 красавіка 1789 г. камандзір Кабардзінскага палка.
    У Каўказскай вайне камандаваў Селенгінскім палком. 6 траўня 1784 г. заснаваў крэпасьць Уладзікаўказ. 2 лістапада 1785 г. атрад пад яго камандаваньнем разьбіў 20-тысячныя атрады шэйха Мансура ў сяла Татартуп. 30 лістапада 1785 г. імпэратрыца Кацярына II у рэскрыпце, дадзеным на імя найсьветлага князя Пацёмкіна-Таўрычаскага, адзначыла выбітныя заслугі палкоўніка Нагеля і ўзнагародзіла яго ордэнам Сьв. Уладзімера 3-й ступені. У 1787 г. атрымаў чын брыгадзіра, а 14 красавіка 1789 г. генэрал-маёра.
    У 1791 году быў прызначаны кіраўніком Іркуцкага намесьніцтва з з чынам ў таемнага дарадніка.
    У 1783 г. Сыбір была падзелена на тры намесьніцтвы: Табольскае, Калыванскае ды Іркуцкае. Адначасова ў сакавіку 1783 г. Іркуцкую губэрню падзялілі на чатыры вобласьці: Іркуцкую, Нерчынскую, Якуцкую і Ахоцкую.
    У Іркуцк Нагель прыбыў 9 кастрычніка 1791 з Троіцкасаўска і Кяхты, дзе вёў перамовы з кітайскімі кіраўнікамі пра наладжваньне сталага і бесьперашкоднага гандлю. У 1792 г. ўзнагароджаны ордэнам Сьв. Уладзімера 2-й ступені.
    Пры Нагелю ў Іркуцку пры горадзкой вучэльні быў адкрыты японскі кляс. Менавіта Нагель прапанаваў іркуцкаму купецтву скласьці адзіную кампанію, пра што пісаў ва ўрад у выніку чаго была заснаваная Расейска-Амэрыканская.
    12 сьнежня 1796 г. выйшаў імянны ўказ пра падзел Расейскай імпэрыі на губэрні. У сувязі з гэтым намесьніцтвы ў Сыбіры былі скасаваны і замест іх у сакавіку 1797 г. былі ўтвораны, як і раней, дзьве губэрні: Табольская ды Іркуцкая. У сувязі з гэтымі зьменамі ў 1796 г. камэнданцтвы ў Якутыі было скасаванае і край ізноў апынуўся на становішчы павета.
    Найвышэйшым указам 13 сьнежня 1797 г. Нагель паводле свайго прашэньня быў звольнены ад пасады іркуцкага намесьніка.
    26 кастрычніка 1798 г. Нагель быў ізноў прыняты на службу і Найвысокім указам прызначаны ліфляндзкім і эстляндзкім генэрал-губэрнатарам. 26 верасьня 1800 г. Нагель быў звольнены ад службы.
    Памёр у 1808 г.
    Літаратура:
    Нагель Ларион Тимофеевич. // Русский биографический словарь. Санкт-Петербург. 1914. С. 10–11
    Якутия. Хроника. Факты. События. 1632-1917 гг. Сост. А. А. Калашников. Якутск. 2000. С. 119.
    Хруська Вага,
    Койданава.