суббота, 31 января 2015 г.

Тэцька Рэстарант. Швэйцар. Койданава. "Кальвіна". 2015.

    Максіміліян Ільліч Швэйцар [Швейцер] – нар. 2 кастрычніка 1880 (1881) г. у губэрнскім м. Смаленск Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і патомнага ганаровага грамадзяніна, банкіра, купца першай гільдыі.
    Скончыўшы гімназію ў Смаленску Максімілян у 1899 г. паступіў на прыродазнаўчае аддзяленьне фізыка-матэматычнага факультэту Маскоўскага унівэрсытэту, дзе прымаў актыўны ўдзел у дзейнасьці сацыял-дэмакратычных рэвалюцыйных гурткоў.
    27 студзеня 1902 г. Швэйцар быў арыштаваны і прыгавораны, па абвінавачваньню ў падрыхтоўцы і за ўдзел у палітычных дэманстрацыях 9 і 17 лютага 1902 г. у Маскве, загадам ад 20 лютага 1902 г. і пастановай міністра ўнутраных спраў ад 9 сакавіка 1902 г. да высылцы ў межы Іркуцкага генэрал-губэрнатара тэрмінам на 4 гады. 16 сакавіка 1902 г. Максімілян падаў хадайніцтва пра памілаваньне, але маскоўскі генэрал-губэрнатар вялікі князь Сяргей Аляксандравіч, з-за свайго антысэмітцтва, адхіліў яго.
    Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам Швэйцар быў прызначаны ў Якуцкую вобласьць, а Якуцкім губэрнатарам – у Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці.
    Дастаўлены ў м. Алёкмінск 4 чэрвеня 1902 г. і быў паселены ў с. Нахтуйскае. Алёкмінскім акруговым спраўнікам 14 чэрвеня 1902 г. прызначаны памочнікам пісарчука Нахтуйскага валаснога праўленьня. Ад верасьня 1902 г. займаўся ўрокамі ў Мачынскай рэзыдэнцыі.
                                                                «Телеграмма
                                               Старшему советнику Олекминска
                                                                        № 211
                                                                      28 IX 1902
                       Швейцер на Маче у резидента Чижика дает уроки детям его
                                              Душкин. /НАРС(Я). Ф. 12 и. Оп. 17. Д. 10. Л. 9./
    Нагадаем, што Мэльхіёр Чыжык у 1863-1864 гг. узначальваў паўстанцкі атрад ў Менскай губэрні і за гэта быў сасланы ў Сыбір на катаргу.
    Ужо ў кастрычніку 1902 г. губэрнатарам былі забароненыя Швэйцару адлучкі праз раку Лену з Нахтуйска ў Мачу (амаль насупраць), як ў пункт, які знаходзіцца на тэрыторыі Іркуцкай губэрні.
    У ссылцы Максіміліян блізка сышоўся з чальцамі ПСР. Па хадайніцтве маці, Браніславы Швэйцар, патомнай ганаровай грамадзянкі, у лістападзе 1902 г. ён атрымаў дазвол генэрал-губэрнатара пераехаць на жыхарства ў Мінусінскі вуезд Енісейскай губэрні.
    Загадам ад 6 сьнежня 1902 г. Швэйцар быў вызвалены ад ссылкі ў Сыбіры з дазволам вярнуцца ў Эўрапейскую Расею, але з абраньнем месца жыхарства паміма гарадоў з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і знаходжаньнем пад наглядам паліцыі да 1 сакавіка 1904 г.
    Атрымаўшы прахадное пасьведчаньне ён 28 сьнежня 1902 г. выехаў з Алёкмінска ў губэрнскае м. Смаленск Расейскай імпэрыі. Пасьля вызваленьня 17 сакавіка 1903 г. з-пад нагляду паліцыі працягваў рэвалюцыйную дзейнасьць у шэрагах ПСР, дзе зрабіўся адным з кіраўнікоў баявой арганізацыі.
    4 кастрычніка 1903 г. Швэйцар выехаў за мяжу дзе ў Швэйцарыі ўвайшоў у “Баявую арганізацыю” ПСР і пачаў займацца вырабам дынаміту і бомбаў.
    Напрыканцы 1903 г. Максіміліян вярнуўся ў Расею разам з Аляксеем Пакацілавым пад чужымі імёнамі дзеля арганізацыі замаху на міністра ўнутраных спраў В. Плеве. 15 ліпеня 1904 г. бомбай вырабленай Швэйцарам Ягор Сазонаў забіў Плеве на мосьце праз Абводны канал у Санкт-Пецярбургу.
    У верасьні-кастрычніку 1904 г. Швэйцар кіраваў працамі па вырабы дынаміту ў тайнай майстэрні ў Парыжы.
    У лістападзе 1904 г. Швэйцар  пад выглядам англійскага артыста прыехаў у Санкт-Пецярбург з заданьнем звабіць граданачальніка Трэпава.
    У ноч з 25 на 26 лютага 1905 г. Максіміліян Швэйцар загінуў, пры нявысьветленых абставінах, у сваім нумару ў Пецярбургскім гатэлю “Брысталь” ад выбуху бомбы, якая захоўвалася там.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 120-121, 163, 167, 194, 309-310, 476.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е доп. Якутск. 1996. С. 120-121, 163, 167, 194, 309-310, 476.
    Тэцька Рэстарант,
    Койданава.



среда, 28 января 2015 г.

Скарлет Бургунд. Мінор. Койданава. "Кальвіна". 2015.





    Ёсель /Осип, Иосиф/ Зэлікавіч /Соломонович/ Мінор - нар. 12 (26) лістапада 1861 г. у губэрнскім м. Менск Расейскай імпэрыі, у сям’і рабіна і пісьменьніка Зэліка /Соломона Алексеевича/ Залкінда, (1826, Ромны - 1900, Вільня), які пісаў пад псэўданімам - Мінор ды ўзначальваў юдзейскую рэлігійную абшчыну Масквы ад 1869 г. па 23 ліпеня 1892 г., калі імпэратар Аляксандар III найвысока загадаў: Маскоўскага рабіна звольніць ад гэтай пасады з выправаджэньнем яго на жыхарства ў мяжы габрэйскай аселасьці і з забаронай яму назаўжды ўезду ў месцы, якія ляжаць па-за гэтай мяжой.
    Напачатку 1880-х гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэта, студэнтам якога ўдзельнічаў у рэвалюцыйных гуртках “Народнай волі”. У кастрычніку 1883 г. быў арыштаваны і высланы ў Тулу.
    Ад 1885 г. Ёсель студэнт Дземідаўскага юрыдычнага ліцэя ў Яраслаўлі, дзе вёў нарадавольскую рэвалюцыйную прапаганду сярод ліцэістаў, працоўных, афіцэраў гарнізона.
    У ліпені 1885 г. ізноў арыштаваны і пасьля 2,5 гадоў папярэдняга зьняволеньня сасланы без суда на 10 гадоў “за шкодны ўплыў на моладзь” ва Ўсходнюю Сыбір, у Сярэдне-Калымск Якуцкай вобласьці.
    У Якуцку ўдзельнічаў ва ўзброеным супраціве ссыльных супраць адпраўкі ў Калымскую акругу Якуцкай вобласьці ў сакавіку 1889 г., за што быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня замененага бестэрміновай катаргай, якую адбываў у Вілюйску (Якуцкая вобласьць) і Акатуе (Забайкальская вобласьць). Ад 1897 на паселішчы ў Чыце.
    У 1898 г. вярнуўся ў Эўрапейскую Расею, ад 1900 г. жыў у Вільні, друкаваўся ў газэце “Северо-Западное слово”. Ад 1902 г. - эсэр, у тым жа годзе высланы ў Слуцак, неўзабаве эміграваў.
    У 1902 г. у Жэнэве (Швэйцарыя). Актыўны арганізатар партыі эсэраў, чалец ЦК. Партыйная мянушка “Стары”. Удзельнічаў у Аграрна-сацыялістычнай лізе, дэлегат I і II зьездаў ПСР.
    З канца 1905 г. Мінор у Расіі, улетку 1906 г. стварыў і ўзначаліў ваенную арганізацыю эсэраў у Тыфлісе, але з-за пагрозы арышту эміграваў.
    У 1907-1908 гг. Мінор знаходзіцца ў Парыжы. Затым апынуўся на чале групы і ад яе імя вёў перамовы з ЦК ПСР пра яе перакіданьне ў Расею і яго разам з ёю. Пасьля доўгіх спрэчак у асяродзьдзі ЦК Мінор быў прызначаны ўпаўнаважаным ЦК па Паволжскай вобласьці, з правам распараджацца і ўсімі асабістымі сіламі арганізаванай за мяжой групы, прызначанай да перакіданьня праз мяжу. У курсе ўсяго прадпрыемства быў Азеф, а таксама ў склад групы пасьпела ўвайсьці абвінавачаная пасьля сакрэтная супрацоўніца ахоўнага аддзяленьня Тацьцяна Цэйтліна.
    У 1908 г. упаўнаважаны ЦК партыі эсэраў у Паволжа. Арыштаваны 2 студзеня 1909 г. у Саратаве. Напачатку 1910 г. прысуджаны да 8 гадам катаргі.
    Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. прыехаў 20 сакавіка ў Маскву. У той жа дзень на 3-й гарадзкой канфэрэнцыі эсэраў абраны ганаровым старшынёй сходу. Ад сакавіка 1917 г. адзін з рэдактараў маскоўскай эсэраўскай газэты “Труд”, чалец Маскоўскага камітэта эсэраў. 29 красавіка 1917 г. выступаў з прывітаньнем ад Маскоўскага камітэта на адкрыцьці Маскоўскага губэрнскага зьезду сялянскіх дэпутатаў. 30 красавіка - 1 траўня 1917 г. удзельнічаў у працы 6-го Савету партыі эсэраў, выступаў з дакладам “Палітыка партыі ў нацыянальным пытаньні і стаўленьне да нацыянальных сацыялістычных партый”. 25 траўня - 4 чэрвеня 1917 г. дэлегат 3-га зьезду эсэраў, чалец мандатнай камісіі, чалец прэзыдыюма: абраны чальцом ЦК, увайшоў у камісіі (выдавецкую, іншагароднюю, па нацыянальным пытаньні і зносінам з нацыянальнымі сацыялістычнымі партыямі). 7 ліпеня 1917 г. на 1-м паседжаньні новай маскоўскай Гарадзкой думы абраны яе старшынёй. 7 жніўня 1917 г. на нарадзе па абароне краіны, скліканым УЦВК, выступіў у спрэчках, падтрымаўшы пазыцыю Часавага ўрада. 18 верасьня 1917 г. на Ўсерасійскай Дэмакратычнай нарадзе выказаўся за стварэньне кааліцыйнага ўрада. 23 верасьня 1917 г. быў ад эсэраў у прэзыдыюме першага паседжаньня Ўсерасійскага Дэмакратычнага Савету.
    Кастрычніцкі пераварот 1917 г. не прыняў. Пасьля рашэньня Маскоўскага ВРК ад 6 лістапада 1917 г. пра роспуск Думы разам з яе іншымі чальцамі працягваў супрацьстаяньне бальшавікам, спрабуючы стварыць адзіны дэмакратычны фронт.
    20 студзеня 1918 г. Маскоўскі рэвалюцыйны трыбунал прысудзіў Мінору да штрафу ў 10.000 руб. або 3 месяцы зьняволеньня як рэдактара “Труда” за публікацыю нататкі пра неўдзел у бальшавіцкай маніфэстацыі 9 студзеня прадстаўнікоў 193-го пяхотнага палку. Другасна па аналягічнай. справе за няплату штрафу арыштаваны 7 лютага 1918 г. Вызвалены з турмы дзякуючы невядомаму твару, які ўнёс 10.000 руб.
    У верасьні 1918 г. Мінор зьехаў у Сымбірск, затым ва Ўфу. Пазьбегшы арышту падчас наступу А. В. Калчака, з дапамогай чэхаславацкіх сацыялістаў у вайсковым эшалёне даехаў да Ўладзівастока, адкуль перабраўся ў Парыж.
    Ад 1919 г. у Парыжы, працягвае актыўна працаваць у партыі эсэраў, у газэце «Дни» (Парыж), ад верасьня 1920 г. чалец рэдакцыі газэты “Воля России” (Прага, з 1922 г. часопіс), узначальваў Палітычны Чырвоны крыж, быў старшынёй Таварыства садзейнічаньня эмігрантам і палітвязьням Расеі, удзельнік нарады чальцоў Устаноўчага сходу ў Парыжы (1921 г.).
    У 1921 г. разам з І. Каварскім і В. Рудневым падпісаў ліст, зьвернуты да ЦК ПСР у Расеі: “Нам чужая вашая памяркоўнасьць да Савецкай улады, якая ўсё расьце, ваша гатоўнасьць ісьці з ёю адзіным фронтам для барацьбы з антыбальшавіцкай кааліцыяй”. 16 траўня 1921 г. падпісаў разам з Керанскім ды інш. маніфэст правай групы партыі эсэраў з заклікам да новай інтэрвэнцыі супраць Савецкай Расеі.
    Памёр 24 верасьня 1932 г. у Сюрен пад Парыжам, па іншай вэрсіі ў 1934 г.


    Жонка - Анастасія Навумаўна, у дзявоцтве Шехцер (1857-1943), з габрэйскіх мяшчан г. Адэсы, фельчарка. Выслана ва Ўсходнюю Сыбір па справе пра тайную нарадавольскую друкарню ў Таганрозе. Па прыбыцьці ў Якуцкую вобласьць жыла ў сваёй сястры Соф’і (Шэйвы Хаімаўны) Шехцер (у замужжы Доллер) у Батурускім улусе. Прыняла ўдзел 22 сакавіка 1889 г. у г. зв. Манастыроўскім пратэсце ў Якуцку ссыльных габрэяў супраць іхняй адпраўкі ў Калымскую акругу Якуцкай вобласьці. Была пазбаўлена ўсіх правоў стану і сасланая на 4 гады ў катаржныя працы ў Вілюйск. Дачка, народжаная ў якуцкай турме ў 1889 г., памерла праз некалькі месяцаў па дарозе ў Вілюйскую катаржную турму Вілюйскай акругі Якуцкай вобласьці. У 1892 г. як ссыльнапасяленка была паселеная ва Ўсходне-Кангаласкім улусе, затым перавялася ў Заходне-Кангаласкі улус Якуцкай акругі і некаторы час жыла ў Якуцку. Выехала з Якуцкай вобласьці летам 1895 г.
    Сын - Аляксандр Восіпавіч Мінор (1896, Чыта - 1977, Нью-Ёрк)
    Брат - Лазар Саламонавіч Мінор (17 сьнежня 1855, Вільня - 1942, Ташкент). Скончыў 4-ю Маскоўскую гімназію (1874) і Маскоўскі ўнівэрсытэт (1879). Доктар мэдыцыны (1882). У 1910-1932 гг. - дырэктар нэўрапаталягічнай клінікі пры Вышэйшых жаночых курсах (з 1930 гады - 2-й Маскоўскі мэдыцынскі інстытут). Адзін з заснавальнікаў і ганаровы старшыня Маскоўскага таварыства нэўрапатолягаў і псыхіятраў (з 1927 г.).
    Дачка - Ніна Лазараўна Мінор - да 1936 г. была замужам за філёзафам Сяргеем Іосіфавічам Гесенам; у 1942 году разам з сынам - паэтам Яўгенам Сяргеевічам Гесенам (1910-1945) - загінула ў канцлягеры Малы Трасьцянец (сын загінуў у Асьвенціме). Яе малодшы сын - польскі славіст Зьміцер Сяргеевіч Гесен (1916-2001) - удзельнік 2-й сусьветныя войны, складальнік “Вялікага польска-рускага слоўніка” (Масква, 1979).
    Літаратура:
    Бурцев В. Борьба за свободную Россию. Мои воспоминания. (1882-1922 г. г.). Том I. Берлин. 1923. С. 221.
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 200.
    Чернов В. М.  Перед бурей. Воспоминания. New York. 1953. С.155
    Вишняк М. Дань прошлому. New York. 1954. С.254.
    Скарлет  Бургунд,
    Койданава.




понедельник, 26 января 2015 г.

Марак Лукша. Натансан. Койданава. "Кальвіна". 2015.




    Мардухай [Мордехай, Марк] Абрамавіч [Андреевич] Натансан [Натансон] – нар. 25 сьнежня 1850 г. у м. Сьвянцяны Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі, у заможнай габрэйскай мяшчанскай сям’і.
    Скончыў Сьвянцянскую (Ковенскую) мужчынскую гімназію і ў 1868 годзе паступіў у Мэдыка-Хірургічную акадэмію ў Санкт-Пецярбурзе.
    Вясною 1869 г. прымаў дзейны ўдзел у студэнцкіх беспарадках у Пецярбурзе, быў праціўнікам пазбаўленай усялякіх маральных прынцыпаў радыкалізму тактыкі С. Нячаева. Арыштаваны 16 сакавіка 1869 г. за ўдзел у руху і падвергнуты 6-ці тыднёваму арышту. Другасна быў арыштаваны па Нячаеўскай справе 21 студзеня 1870 г., з-за таго, што ў арыштаванай на мяжы 11 студзеня 1870 г. Варвары Аляксандравай быў знойдзены пакет з праклямацыямі на ягонае Утрымоўваўся ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, з якой быў вызвалены 4 лютага 1870 г., бо сьледзтва па гэтай справе было спынена з-за заявы Аляксандравай, што пакет з праклямацыямі прызначаўся іншай асобе. У 1869-1870 гг. разам з У. М. Аляксандравым быў кіраўніком гуртка са студэнтаў Мэдыка-Хірургічнай акадэміі, па распаўсюджваньню сярод моладзі грамадзка-палітычных кніг па патаньнёных коштах. У траўні 1871 г., пасьля эміграваньня Аляксандрава, прыцягнуў новых чальцоў (М. Чайкоўскі, В. Шлейсьнер і іншыя) і ў жніўні 1870 г. заарганізаваў канчаткова гурток, які атрымаў вядомасьць пад імем гуртка “чайкоўцаў”. У жніўні 1871 г. выключаны з Мэдыка-Хірургічнай акадэміі, пасьля чаго паступіў у Земляробскі інстытут у Санкт-Пецярбурзе. Дзейна працаваў па арганізацыі кніжнай справы, а таксама над карэктурай кнігі “Азбука социальных наук” У. Берві-Флероўскага. У кастрычніку 1871 г. арыштаваны ў трэці раз і прыцягнуты да дазнаньня па справе аб распаўсюджваньні паказанай кнігі Флероўскага. У лютым 1872 г. справа аб ім разгледжана ў адміністрацыйным парадку з высыланьнем яго пад нагляд паліцыі ў Архангельскую губэрню.
    Натансан быў паселены ў Шэнкурску, дзе прыняў праваслаўе і ажаніўся на Вользе Аляксандраўне Шлейсьнер, якая рушыла за ім у ссылку.

    [Шлейсьнер (па мужы Натансан) Вольга Aляксандраўна – нар. ля 1850 г. у Курскай губэрні Расейскай імпэрыі, паходзіла з дваранскай сям’і выхадцаў са Швэцыі, дачка паручніка (капітана), землеўласьніка Арлоўскай губэрні. У 1870 г. яна ўваходзіла ў гурток М. Натансана, У. Аляксандрава і інш. (“Вульфаўская камуна”). Вясною 1871 г. была ўдзельніцай гуртка самаадукацыі, арганізаванага М. Натансанам і М. Чайкоўскім. У 1872 г. рушыла ў Шэнкурск услед за М. Натансанам і там выйшла за яго замуж. У канцы 1872 г. ёй было дазволена прыехаць у Пецярбург, дзе яна слухала лекцыі на акушэрскіх курсах пры Мэдыка-Хірургічнай акадэміі, якія пасьпяхова скончыла. Тады ж яна была падпарадкаваная тайнаму нагляду. У 1875 (1876) г. яна вярнулася разам з мужам у Пецярбург і прыняла разам з ім удзел у рэвалюцыйнай працы. Увосень 1876 г. уваходзіла ў гурток “траглядытаў”, зімою 1876-1877 гг. разам з М. Натансанам, А. Міхайлавым, А. Абалсінавым ды інш. увайшла ў таварыства “Зямля і Воля”. была чальцом друкарскай групы. Таксама яна ўваходзіла ў склад “Вялікай рады” таварыства..
    Ейны брат, Шлейсьнер Віктар Аляксандравіч – бестэрмінова-адпускны фэервэркер 4-й батарэі артылерыйскай брыгады. Нар. ля 1856 г. у Сакольскім вуездзе Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі. Вучыўся ў Міхайлаўскай артылерыйскай вучэльні і ў Тэхналягічным інстытуце але курсу не скончыў. У 1872 г. паступіў працоўным на завод за Неўскай заставай у Пецярбурзе з мэтай прапаганды. Блізка стаяў да пецярбургскага кружка чайкоўцаў. У пач. 1874 г. працаваў у кузьні, арганізаванай у Пецярбурзе кружком “артылерыстаў”. Вясною 1876 г. разам з братам Мікалаем [Шлейсьнер Мікалай Аляксандравіч – нар. ля 1853 г. у Сакольскім вуездзе Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі. Служыў у артылерыі і выйшаў у адстаўку ў чыне паручніка.] і паручнікам Ф. Вульфэртам арандаваў у А. Казінай маёнтак “Крыжы” у Тарапецкім вуезьдзе Пскоўскай губэрні, дзе арганізаваў земляробскую калёнію з мэтай збліжэньня з сялянамі. Увосень 1876 г. зьехаў, разам з братам Мікалаем, у Сэрбію, бо з пачаткам Руска-турэцкай вайны яны абодва вярнуліся да вайсковай службы. Прыцягнуты да дазнаньня, разам з братам Мікалаем (утрымоўваўся пад вартай з 15 студзеня па 4 лютага 1880 г.), узьнікламу ў 1877 г., па справе аб рэвалюцыйнай прапагандзе ў Тарапецкім вуезьдзе, у ліку 58-мі асобаў, па абвінавачваньні ў заарганізаваньні разам з іншымі земляробчай фэрмы і ў падрыхтоўцы да дзейнасьці сярод народа. Шлейсьнер, Вера, жонка Мікалая Шлейсьнера. У 1876 г. пражывала ў земляробскай калоніі ў маёнтку “Крыжы”. Прыцягнутая ў 1877 г. да дазнання ў ліку 58-мі асобаў па справе аб прапагандзе ў Тарапецкім вуезьдзе. Падчас вытворчасьці дазнаньня выявіў прыкметы разумовага засмучэньня. Утрымоўваўся пад вартавых з 29 студзеня па 4 лютага 1880 г. (сакавік 1879 г.). Па найвысокім наказе 8 ліпеня 1881 г. справа аб ім (ды брату Мікалаю) была вырашаная ў адміністрацыйным парадку з падначаленьнем яго галоснаму нагляду паліцыі і з забаронай жыхарства ў сталіцах і ўнівэрсытэцкіх гарадах. У жніўні 1881 г. быў (разам з братам Мікалаем) падпарадкаваны галоснаму нагляду па месцы жыхарства ў маёнтку Сіўцава Балхоўскага вуезда Арлоўскай губэрні. Па пастанове Асобай нарады ад 22 лютага 1881 г. тэрмін нагляду вызначаны быў у 4 гады, лічачы з 9 верасьня 1881 г. У тым жа годзе ён быў прызнаны псыхічнахворым і зьмешчаны (разам з братам Мікалаем) ў Арлоўскую земскую лякарню. Ад 10 верасьня 1885 г. галосны нагляд заменены тайным, які быў спынены у студзені 1890 г. У 1885 г. Віктару было дазволена пераехаць на жыхарства ў сядзібу Гранянка Сакольскага вуезда Гродзенскай губэрні. Ад 1886 г. Віктар Шлейсьнер жыў у Гарадзенскай губэрні, а потым у м. Арол ды ў маёнтку Сіўцава.
    Ейная сястра Шлейсьнер (па мужы Ляўр) Марыя Аляксандраўна - нар. у Разані ля 1860 г. Скончыла прыватную гімназію Абаленскай у Санкт-Пецярбурзе. Блізка прымыкала да прапагандысцкай моладзі. Арыштаваная і прыцягнутая да дазнаньня, узьнікламу вясною 1879 г. у Варонежы, з-за блізкага знаёмства яе з М. Тулісавым. Вызваленая з-пад варты пад грашовы заклад у 1000 р. За недахопам доказаў не была аддадзеная суду, але падпарадкаваная не галоснаму нагляду. У 1882 г. жыла ў Кромах Арлоўскай губэрні, дзе муж яе, Іван Ляўр, быў натарыюсам. Прыцягвалася ў 1882 г. з мужам да дазнаньня, узьнікламу пры Арлоўскім жандарскім упраўленьні, па падазрэньні ў падбухторваньні да беспарадкаў сялянаў с. Аляксееўскага Кромскага вуезда. За недахопам дадзеных для абвінавачваньня, па распараджэньні Дэпартамэнту паліцыі ад 8 красавіка 1882 г. працягнуты не галосны нагляд, спынены па цыркуляры ад 18 сакавіка 1892 г. У 1904 г. фэльчарка-акушэрка на службе ў Чарнігаўскім земстве.]
    У красавіку 1873 г. па хадайніцтве цесьця, адстаўнога паручніка Аляксандра Шлейсьнера, Натансан быў пераведзены пад нагляд паліцыі ў м. Баброў Варонескай губэрні, а затым выехаў у м. Куопіё (Фінляндыя), дзе жыл ягоны цесьць. У сьнежні 1874 г. Натансан быў вызвалены ад галоснага нагляду паліцыі, але было на яго пакінутае тайнае назіраньне. У лістападзе 1875 г. Натансан пакінуў Куопіё і пасяліўся ў сваёй маці ў Якабштаце Курляндскай губэрні.
    Вярнуўшыся ў 1876 г. у Пецярбург, прыняўся дзейна за працу па аб’яднаньні разрозьненых рэвалюцыйных сіл. Для той жа мэты быў у Маскве, Кіеве, Адэсе, Харкаве ды за мяжой. гурткоў у адзіную рэвалюцыйную арганізацыю. Зімою 1876-1877 гг. заарганізаваў так званаю паўночную рэвалюцыйна-народніцкую групу, з якой некалькі пазьней утварылася таварыства “Зямля і Воля”. Разам з Хазавым быў галоўным арганізатарам рабочага рэвалюцыйнага кружка “Таварыства сяброў” (меў мянушкі: “Маркавіч”, “Пётр Іванавіч”). Арганізаваў ўцёкі за мяжу свайго таварыша па гуртку чайкоўцаў П. А. Крапоткіна, які сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасьці. 6 сьнежня 1876 г. разам з Г. В. Пляханавым арганізаваў дэманстрацыю на Казанскім пляцы Санкт-Пецярбурга, пасьля чаго перайшоў на нелегальнае становішча. За свой арганізатарскі талент Натансан атрымаў у рэвалюцыйных колах мянушку “Іван Каліта - зьбіральнік зямлі рускай”.
    Арыштаваны ў Пецярбурзе 3 (6) чэрвеня 1877 г. пад прозьвішчам Пятра Іванавіча Карловіча і быў прыцягнуты да дазнаньня па справе “Таварыства сяброў” і з 2 жніўня 1877 г. ўтрымоўваўся ў Петрапаўлаўскай крэпасьці. У чэрвені 1878 г. прымаў удзел у галадоўлі зьняволеных у крэпасьці. Па найвысокім загадзе 29 лістапада 1878 г. справа аб ім па абвінавачваньні ў прыналежнасьці да “Таварыства сяброў” была разгледжана ў адміністрацыйным парадку з высыланьнем яго пад галосны нагляд паліцыі ва Ўсходнюю Сыбір.
    Ягоная жонка Вольга Аляксандраўна, якая знаходзілася на нелегальным становішчы, была арыштаваная ў кастрычніку 1878 г. у Пецярбургу на кватэры А. Абалешава і 14 кастрычніка 1878 г. зьняволеная ў Петрапаўлаўскай крэпасьці. 14 траўня 1880 г. яеа была прысуджана да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і катаржным працам на заводах на 6 гадоў; па канфірмацыі катаржныя працы былі заменены ссылкаю на паселішча ў аддаленыя месцы Ўсходняй Сыбіры. Прызначаная да адпраўкі ў Іркуцкую губэрню, але па хваробе была пакінута часова ў Пецярбургу і 1 верасьня 1880 г. пераведзеная ў лякарню жаночага аддзяленьня Пецярбурскага турэмнага замка. Ад 25 лютага 1881 г., паводле хадайніцтва сапраўднага стацкага саветніка П. Саваітава, ёй было дазволена да акрыяньня жыць у межах Арлоўскай губэрні, у маёнтку Сіўкава. Вызвалена з турмы на даручальніцтва П. Саваітова, на кватэры якога ў Санкт-Пецярбурзе памерла 16 сакавіка 1881 г. ад сухотаў. Ейныя двое дзяцей ад Натансана памерлі ў раньнім узросьце ад шкарлятыны.
    З Петрапаўлаўскай крэпасьці 19 сьнежня 1878 г. Натансан быў перададзены ў распараджэньне пецярбургскага граданачальніка для адпраўкі ў Вышневалоцкую перасыльную турму. У 1879 г. паселены ў акруговым м. Верхаленск Іркуцкай губэрні. За “дзёрзкасьці супраць мясцовага начальства” пераведзены ў 1881 г. у Якуцкую вобласьць.
    27 сьнежня 1881 г. дастаўлены ў Якуцк, адкуль быў адпраўлены ў Багаянтайскі ўлус Якуцкай акругі, а адтуль у Батурускі улус Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці.
    Па пастанове Асобай нарады ад 3 траўня 1882 г. тэрмін нагляду вызначаны ў тры года, лічачы з 9 верасьня 1881 года. У 1883 г. пераведзены на жыцьцё ў Амгінскую слабаду Якуцкай акругі, дзе ў лістападзе 1883 года ажаніўся другасна на Варвары Іванаўне Аляксандравай.

    [Аляксандрава (па мужы Натансан) Варвара Іванаўна – нар. у 1852 г., дачка патомнага ганаровага грамадзяніна, маскоўскага купца. Напачатку 1870-х гг. зьехала ў Цюрых, дзе ўваходзіла ў склад кружка “фрычэй”. Яе сястра - Аляксандрава Аляксандра Іванаўна - у 1872 г. прыцягвалася да дазнаньня па абвінавачваньні ў арганізацыі кружка і бібліятэкі ды ў шыфраванай перапісцы. Неўзабаве захварэла псыхічным захворваньнем, лячылася ў прыватнай псыхіятрычнай клініцы Ф. Савей-Магілевіча ў Маскве. Пахавана на Брацкіх могілках Мікольскага аднаверскага манастыра. У 1873 г. Варвара працавала ў наборнай выданьня “Вперед”. Увосень 1874 г. вярнулася ў Расею па патрабаваньні расейскага ўраду У лютым 1875 г. прымала ўдзел у выпрацоўцы статуту “Усерасійскай сацыяльна-рэвалюцыйнай арганізацыі”. Улетку гэтага ж году паступіла на ткацкую фабрыку Зубкова ў Іванава-Узьнясенску працаўніцай і вяла прапаганду сярод працоўных. 7 жніўня 1875 г. яна была арыштаваная ў Іванава-Узьнясенску. Аддадзеная 30 лістапада 1876 г. суду асобай прысутнасьці Сэната па абвінавачваньні ў складаньні і ва ўдзеле ў супрацьзаконнай супольнасьці ды ў распаўсюджваньні кніг, якія мелі мэтай падбухторваць да бунту (працэс 50-ці). 14 сакавіка 1877 г. асуджаная да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і да катаржных работаў на заводах на 5 гадоў, якія былі замененыя высыланьнем яе ў Верхаленск Іркуцкай губэрні, дзе пазнаёмілася з сасланым Натансанам. У лістападзе 1882 г. яна добраахвотна рушыла да Натансана ў Якуцкую вобласьці, дзе выйшла за яго замуж.]
    Ад 10 сьнежня 1883 г. па 25 красавіка 1884 г. Натансан знаходзіўся ў Якуцкай турме за самавольную адлучку з месца жыхарства. Па пастанове Асобай нарады ад 21 лютага 1884 г. вызвалены ад дзеяньня маніфэста 15 траўня 1881 года. У верасьні 1886 г. скончыўся тэрмін яго ссылкі, але па пастанове Асобай нарады ад 23 кастрычніка 1886 г. тэрмін нагляду працягнуты яшчэ на тры гады з пакіданьнем у Якуцкай вобласьці на той жа тэрмін.
    Па хваробе ў сьнежні 1886 г. пераведзены разам з жонкаю ў Іркуцк, дзе і адбыў прызначаны тэрмін. Служыў у Іркуцку ў канторы братоў Громавых. У Іркуцку ён быў цэнтрам, які аб’ядноўваў шматлікую калёнію ссыльных. З дазволу міністра ўнутраных спраў у 1889 г. Натансан выехаў з Іркуцка і ў чэрвені 1889 года прыбыў у Гельсінгфорс, дзе з 1 верасьня 1889 г. жыў пад тайным наглядам.
    У 1890 г. пасяліўся ў Саратаве, дзе служыў у кантролі Казлоўска-Саратаўскай чыгункі і разам з М. С. Цютчавым быў цэнтральнай фігурай, вакол якой групаваліся як былыя дзеячы, гэтак і новая рэвалюцыйная моладзь. У 1892 г. Натансан пераехаў у м. Арол, дзе служыў памагатым кантралёра на Арлоўска-Гразкай чыгунцы. І у Арлу, як і ў Саратаве, вакол яго групаваліся рэвалюцыйныя сілы. Улетку 1893 г. па пачыне Натансана і Цютчава ў Саратаве адбыўся зьезд прадстаўнікоў рэвалюцыйных кружкоў, на якім было пакладзена аснова “Сацыяльна-рэвалюцыйнай партыі “Народнага Права”. Партыя мела сваю штаб-кватэру ў Арле і друкарню ў Смаленску, у якой друкаваліся Маніфэст партыі і рэвалюцыйныя брашуры. У 1893 г. Натансан аатрымаў дазвол пражываць у Пецярбурзе, куды і пераехаў у канцы лютага 1894 г..
    Напрыканцы красавіка 1894 г. Натансан быў арыштаваны ды прыцягнуты да дазнаньня і ў адміністрацыйным парадку высланы ва Ўсходнюю Сыбір на пяць гадоў.
    У 1896-1900 гг. Натансан жыў у Балаганску, у п. Ліственічным (на Байкале) і ў Іркуцку.
    Калі для будаўніцтва паромнай пераправы праз Байкал арганізавалі суднавэрф у п. Ліственічным, яе кіраўніку старэйшаму памагатаму суднабудаўніка Корпуса Карабельных інжынэраў Вацлаву Аляксандравічу Заблоцкаму запатрабаваўся дасьведчаны бугальтар, ён узяў на гэту пасаду Натансана, які трымаў на аброці інжынэраў і падрадчыкаў. 17 чэрвеня 1899 г. на сьвяточным абедзе ў гонар спуску на ваду ледакола “Байкал” губэрнатар Гарамыкін далучыўся да тоста і прозьвішча Натансана.
    Вярнуўшыся з ссылкі, ён служыў бугальтарам у Бакінскім гарадзкім упраўленьні. Вясною 1904 г. выехаў у Швэйцарыю, дзе сустракаўся з Леніным. У 1905 г. ўвайшоў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і быў абраны ў цэнтральны камітэт партыі. Пасьля 17 кастрычніка 1905 года прыехаў у Пецярбург. Прымаў удзел у першым зьезьдзе партыі, які адбываўся ў Фінляндыі з 29 сьнежня 1905 г. па 4 студзеня 1906 г. Улетку 1907 г. жыў у Фінляндыі у Мустамяках ды Выбаргу. Напрыканцы 1907 г. зьехаў за мяжу; ведаў фінансамі партыі. Жыў у Парыжы, Лёндане, Швэйцарыі. Быў чальцом цэнтральнага камітэта партыі.
    Займаў стрыманую пазыцыю ў адносінах да тэрарыстычнай тактыкі партыі. У 1906 г. быў супраць забойства Георгія Гапона, рашэньне аб якім было прынятае без яго згоды. Па яго патрабаваньні партыя адмовілася ўзяць на сябе адказнасьць за гэтае забойства. У 1907 г. выступаў супраць пляну забойства Мікалая II, распрацаванага Азефом і Г. Гершуні. Аднак у 1908 г., калі В. Бурцаў пачаў кампанію па выкрыцьці Азефа як правакатара, Натансон стаў на абарону Азефа. Да самага канца адмаўляўся верыць у супрацоўніцтва Азефа з ахранкай.
    З пачаткам Першай сусьветнай вайны стаяў на паражэнчым пункце гледжаньня. Меркаваў, што рэвалюцыя ў Расіі магчымая толькі ў выпадку паразы ў вайне з Нямеччынай. Зблізіўся з бальшавікамі, разам з якімі ўдзельнічаў у міжнародных антываенных канфэрэнцыях - Цымервальдзкай (1915) і Кінтальскай (1916). Разам з Ленінам і П. Аксельродам падпісаў заклік Цымервальдзкой канфэрэнцыі да пралетарыяту Эўропы.
    Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў траўні 1917 г. вярнуўся ў Расею праз тэрыторыю Нямеччыны “у плямбаваным вагоне”. Узначаліў левае крыло партыі эсэраў, якое рэзка крытыкавала абарончую пазыцыю Цэнтральнага Камітэта партыі. Выступаў за “паглыбленьне” рэвалюцыі, перадачу ўсёй зямлі сялянам, а ўлады - Саветам. Адкрыта падтрымліваў Леніна і бальшавікоў чым выклікаў раскол у партыі эсэраў. У лістападзе 1917 г. ініцыяваў стварэньне адмысловай Партыі левых эсэраў. На першым зьезьдзе партыі быў абраны ў Прэзыдыюм, а затым і ў ЦК новай партыі. Падтрымаў разгон бальшавікамі Ўстаноўчага сходу, большасьць месцаў у якім дасталася правым эсэрам. У 1918 г. пасьля Леваэсэраўскага мяцяжу ўвайшоў у Партыю рэвалюцыйнага камунізму, якая адшчапілася ад левых эсэраў. Быў чальцом Прэзыдыюма УЦВК.
    У ліпені 1919 г. выехаў на лячэньне (з-за боязі арышту: “З Леніным у мяне поўны разлад... Леніну я больш не веру”, - казаў ён сваім блізкім) у Швэйцарыю, пры гэтым перавозіў па даручэньні бальшавікоў золата ў швэйцарскія банкі.
    29 ліпеня 1919 “рэвалюцыйны камуніст-народнік”, як называў Натансана У. І. Ленін, памёр у Бэрне ад ускладненьняў (тромбаэмбалія і гнойная пнэўманія) пасьля праведзенай хірургічнай апэрацыі з нагоды пухліны прадсталёвай залозы. Пахаваны ў Бэрне (Швэйцарыя).
    Ягоная жонка Натансан-Аляксандрава ўлетку 1924 г. прыехала з-за мяжы ў Маскву, дзе і памерла 27 жніўня 1924 г. ад рака ў Маскоўскім доме вэтэранаў рэвалюцыі імя Ільліча, які знаходзіўся ў будынку былой багадзельні імя Сьцяпана і Ганны Тарасавых (Шабалаўка, 4, цяпер Пэнсійны фонд РФ). Пахавана на Ваганькаўскіх могілках. Дзяцей ня мела.
    Літаратура:
    Аптекман О. С. Две дорогие тени (Из воспоминаний о. Г. В. Плеханове и М. А. Натансоне, как соратниках). Петроград. 1921. С. 14 с. /Оттиск из журнала «Былое» № 16. 1921./
    Натансон Марк Андреевич. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. II. Семидесятые годы. Выпуск III. Москва. 1933. Стлб. 1002-1006.
    Тюкачев Н. А.  Революционная деятельность М. А. Натансона на разночинском этапе освободительного движения в России. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук (07.00.02). Москва. 1987. 14 с.
    Тюкачев Н. А.  Деятельность М. А. Натансона в партии эсеров. // Из истории демократического движения и общественно-политической мысли конца XIX - второй половины XX века. Брянск. 1994. С.122 - 131.
    Михалкина Т. А.  М. А. Натансон в российском освободительном движении (1889-1919 гг.). Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук (07.00.02). Саратов. 2003. 19 с.
    Марак Лукша,
    Койданава.



воскресенье, 25 января 2015 г.

Вова Пойла. Камандзіроўшчык. Койданава. "Кальвіна". 2015.


                      ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
                                                        2 верасьня 2008 г. № 1270
                              АБ КАМАНДЗІРАВАНЬНІ А. М. РУСЕЦКАГА Ў г. ЯКУЦК
                            (РЭСПУБЛІКА САХА (ЯКУЦІЯ) РАСІЙСКАЙ ФЭДЭРАЦЫІ)
     Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
     Камандзіраваць з 5 па 8 верасьня 2008 г. у г. Якуцк (Рэспубліка Саха  (Якуція) Расійскай Фэдэрацыі) Міністра прамысловасьці Русецкага Анатолія Максімавіча і зацьвердзіць заданьне на гэту камандзіроўку* [*Не рассылаецца.].
     Фінансаваньне па найму жылога памяшканьня ажыцьцявіць па фактычных расходах.
    Першы намесьнік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь
    У. Семашка
    /Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 2 сентября 2008 г. №1270 “Аб камандзiраваннi А.М.Русецкага ў г.Якуцк (Рэспублiка Саха (Якуцiя) Расiйскай Федэрацыi)” По состоянию на сентябрь 2008 года. // Законодательство Республики Беларусь./


    Анатоль Максімавіч Русецкі – нар. 14 лютага 1951 г. у раённым  м. Барысаў Менскай вобласьці БССР (СССР).
    У 1973 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці “Прыборы дакладнай мэханікі” і атрымаў кваліфікацыю “Інжынэр-мэханік”.
    Ад 1973 г. па 1977 г. працаваў канструктарам - вядучым канструктарам у Акадэміі Навук БССР, з 1977 г. па 1981 г. - вядучым канструктарам АКБ “Імпульс” міністэрства радыёпрамысловасьці СССР.
    Ад 1981 г. па 1997 г. працаваў у Навукова-вытворчым аб’яднаньні “Плянар”, 1989-1992 гг. галоўным інжынэрам заводу Электронмаш, дырэктарам гэтага заводу, а з 1992 г. па 1997 г. прэзыдэнтам канцэрна “Плянар”.
    У 1997 г. быў прызначаны намесьнікам Міністра прамысловасьці Рэспублікі Беларусь, а ў 2002 г. - першым намесьнікам Міністра прамысловасьці Рэспублікі Беларусь.
    Ад чэрвеня 2002 г. па сьнежань 2003 г. працаваў Старшынёй Камітэту па навуцы і тэхналёгіям пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
    Са сьнежня 2003 г. - міністар прамысловасьці Рэспублікі Беларусь.
    26 чэрвеня 2009 г. адпраўлены ў адстаўку а міністрам прызначаны Аляксандр Радзевіч.
    У сьнежні 2009 г быў прызначаны на пасаду дырэктара Інстытута цяпло- і масаабмену імя А. В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а ў сьнежні 2010 г. - на пасаду старшыні Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
    25 верасьня 2012 г. абраны чальцом Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу пятага скліканьня ад места Менска. Ад 19 кастрычніка 2012 г. - намесьнік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага скліканьня.
    A. Русецкі - доктар тэхнічных навук, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, узнагароджаны Ганаровай граматай Савета міністраў рэспублікі. Узнагароджаны мэдалём “За працоўныя заслугі”. Аўтар больш 60 навуковых прац, 12 аўтарскіх пасьведчаньняў. Жанаты. Мае двух сыноў.
    Вова Пойла
    Койданава.



Мірабэла Блёг. Міна. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Міна Мордухаўна /Маркавна/ Залкинд (па мужы Брамсан) – нар. у 1864 г. у губэрнскім м. Коўна Расейскай імпэрыі, у сям’і габрэйскага купца Віленскай губэрні.
    Па заканчэньні Віленскай гімназіі паступіла ў 1880 г. на фізыка-матэматычнае аддзяленьне Вышэйшых жаночых курсаў у Санкт-Пецярбургу. Знаходзілася напачатку 1880-х у студэнцкіх рэвалюцыйных кружках. У 1883 г. была чальцом “Зьвязу моладзі партыі Народная Воля” і вяла працу ў кружках самаадукацыі ды кружках працоўных. Пасьля разгрому цэнтральнага кружка Зьвязу ў канцы 1884 г. прыняла разам з А. і С. Магат, М. Брамсанам, Гаселькусам і інш. дзейны ўдзел ва ўзнаўленьні цэнтральнага кружка.
     Скончыла курсы ў 1885 г. і выйшла замуж за М. Брамсана, за якім у 1888 г. рушыла ўсьлед у ссылку ў Якуцкую вобласьць.
    Брамсан быў прызначаны ў акруговае места Сярэдне-Колымск Якуцкай вобласьці. 18 лістапада 1888 г. ён дастаўлены ў Якуцк, дзе ўдзельнічаў у абмеркаваньні ссыльнымі праекта адрасу прэзыдэнту Французскай рэспублікі з нагоды 100-дзьдзя Вялікай Французскай Рэвалюцыі. З-за хваробы жонкі Міны быў часова пакінуты ў Мегінскім улусе Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці. За ўдзел 22 сакавіка 1889 г. у г. зв. “Манастыроўскім” узброеным супраціве сасланых у Якуцку Брамсан быў зьняволены ў Якуцкую турму.
    Міна была арыштавана 22 сакавіка 1889 г. у Якуцку ў доме Манастырова разам з іншымі ссыльнымі, якія аказалі ўзброены супраціў але неўзабаве з-пад варты была вызвалена, бо сьледзтвам было ўстаноўлена, што яна далучылася да “мяцежнікаў” у доме Манастырова ўжо пасьля аказаньня імі ўзброенага супраціву, таму папярэдняе судовае сьледзтва пра яе было спынена.
    Міна вярнулася на радзіму ў м. Вільня. У 1894 г., па канчатку тэрміну катаргі мужа, прыехала да яго ў Верхневудзінск Забайкальскай вобласьці, адкуль абодва ў 1895 г. вярнуліся ў Эўрапейскую Расею.
    Жыла ў 1895-1914 у гг. у Вільні. У 1920-х гг. жыла ў Маскве, дзе памерла 5 красавіка 1932 г..
    Брат Самуіл Маркавіч Залкінд таксама пабываў ў Якуцкай вобласьці.
    Літаратура:
    Памятная книжка окончивших курс на Санкт-Петербургских высших женских курсах. СПб. 1902. С. 42.
    Брагинский М.  Якутская драма 22 марта 1889 г. // Якутская трагедия – 22 марта (3 апреля) 1889 года – Сборник воспоминаний и материалов. Москва. 1925. С. 46, 50.
    Мірабэла Блёг,
    Койданава.




суббота, 24 января 2015 г.

Міна Чыгунка. Залкінд. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Самуіл Мордухавіч /Маркович/ Залкінд – нар. 20 сьнежня 1860 г. у губэрнскім м. Вільня Расейскай імпэрыі, у сям’і габрэйскага купца Віленскай губэрні.
    У 1878 г. скончыў Віленскае рэальнае вучылішчы і 28 траўня 1883 г. Інстытут інжынэраў шляхоў зносін імпэратара Аляксандра І ў Санкт-Пецярбурзе з правам на чын калескага сакратара.
    Сышоўся з нарадавольскімі курткамі. У 1884 г. безвынікова абшуканы. У 1885 г. жыў у Пецярбургу, дзе быў датычны да дзейнасьці ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі і ўвосень 1885 вёў заняткі з кружком юнкераў Паўлаўскага вучылішча на кватэры С. Ніканава. Зьехаў з Пецярбурга ў сьнежні 1885 г.
    8 лютага 1887 г. арыштаваны ў Вільні і дастаўлены ў Пецярбург, дзе ўтрымоўваўся ў Доме папярэдняга зьняволеньня, і прыцягнуты да дазнаньня пры Пецярбурскім жандарскім упраўленьні па справе пра ваенна-рэвалюцыйных гуртках (справа Ніканавых, Шэлгунова, Брагінскага ды інш.). Па высачэйшаму загаду ад 27 верасьня 1887 г. падлягаў высылцы пад галосны нагляд на 4 гады (разам з М. Брагінскім, Брамсанам ды інш.) ва Ўсходнюю Сыбір адміністрацыйна. Іркуцкім генэрал-губэрнатарам 7 сьнежня 1887 г. прызначаны ў Якуцкую вобласьць “у мясцовасьць для адміністрацыйна-ссыльных габрэяў па прызначэньні Якуцкага губэрнатара”.
    Атрымаўшы дазвол ехаць у ссылку на свой рахунак, выехаў 29 красавіка 1888 з Масквы. У Іркуцк прыбыў 25 траўня 1888 г. дзе падаў прашэньне на імя іркуцкага генэрал-губэрнатара каб дазволіў па хваробе пакінуць яго ў Іркуцкай або Енісейскай губэрнях, але генэрал-губэрнатарам 24 ліпеня 1888 г. быў прызначаны на жыхарства ў акруговае места Алёкмінск Якуцкай вобласьці, як места з найбольш мяккім кліматам ва ўсёй вобласьці.
    Разам з жонкай Разаліяй Ізраілеўнай Залкінд, якая добраахвотна рухалася за ім у ссылку, прыбыў 7 лістапада 1888 г. у м. Алёкмінск. Па прычыне хваравітага стану здароўя падаў прашэньне аб пераводзе ў Іркуцк або Краснаярск дзеля завяршэньня там тэрміну ссылкі. Іркуцкі генэрал-губэрнатар дазволіў адправіць яго ў жніўні 1891 г. ў Іркуцк для завяршэньня там 27 верасьня 1891 г. тэрміну ссылкі, а Дэпартамэнт паліцыі 24 чэрвеня 1891 г. дазволіў “пераехаць на тэрмін нагляду паліцыі, які застаўся, ў м. Вільня”.
    Разам з жонкай 16 жніўня 1891 г. Залкінд з м. Алёкмінск быў адпраўлены ў Іркуцк для далейшага ўтрымоўваньня ў м. Вільня. 12 верасьня 1891 г. ён выехаў з Іркуцка ў Вільню. Па заканчэньні тэрміну публічнага нагляду 27 верасьня 1891 г. распараджэньнем Дэпартамэнта паліцыі быў падпарадкаваны тайнаму нагляду паліцыі, які быў зьняты толькі 8 студзеня 1900 г.
    У ліпені 1895 г. выехаў з Вільні ў Іркуцкую губэрню дзеля працы на пабудове чыгункі. Атрымаў дазвол пражываць у Санкт-Пецярбурзе. Памёр у лютым 1917 г.
    Сястра Міна Маркаўна Залкінд (Брамсан) таксама пабывала ў Якуцкай вобласьці.
    Літаратура:
    Список кончивших курс в Институте инженеров путей сообщения императора Александра I за 100 лет. 1810-1910 гг. СПб. 1910. С. 117.
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 184.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 192, 249-250, 469.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е доп. Якутск. 1996. С. 192, 249-250, 469.
    Міна Чыгунка,
    Койданава.