понедельник, 8 декабря 2014 г.

Ізабэль Парсюк-Каніна. Калекцыя прафэсара Габышава. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Памятаю ў дзяцінстве глядзеў мастацкі фільм, у якім адзін дзяляга, які меў доступ да харчу, у блякадным Ленінградзе сабраў неацэнную асабістую калекцыю твораў мастацтва. У фінале фільма яго выкрылі савецкія адпаведныя органы, а калекцыю вярнулі радасным працоўным. Але гэта толькі ў кіно бываюць жулікі ды бандыты... У жыцьці ж так не бывае... Там усё сумленна...
    Міхаіл Фёдаравіч Габышаў нарадзіўся 15 кастрычніка 1902 года ў разьмешчаным на левым беразе ракі Лены сяле Юнкюр /Юнькюрь/ Мальжэгарскага насьлега Алёкмінскай акругі ды Алёкмінскага ўлуса Якуцкай вобласьці Расейскай імпэрыі [цяпер у Алёкмінскім улусе, у 7 км ад Алёкмінска, Рэспублікі Саха (Якутыі) Расейскай Фэдэрацыі] у сям’і Фёдара Сямёнавіча ды Варвары Васільеўны (1851 года нараджэньня) Габышавых. Фёдар Сямёнавіч, які памёр у 1926 году, займаўся зьвералоўствам, рыбалоўствам ды гандлем. 29 кастрычніка 1926 г. нованароджанага ахрысьцілі ў Спаскім саборы г. Алёкмінска. Праўда злыя языкі кажуць, што Міхаська быў пазашлюбным сынам стойкага бальшавіка, сапраўднага ленінца, Міхаіла Сьцяпанавіча Аляксандрава (Альмінскага), які ў 1899-1903 гг. знаходзіўся ў Алёкмінскай ссылцы, а ў 1920-1924 гг. быў дырэктарам Інстытута партыі пры ЦК УКП(б).
    Пісьменству Міхась навучыўся ў палітычных сасланых ва ўзросьце шасьці гадоў. Скончыў Мальжэгарскую царкоўнапрыходзкую школу. У 1918 годзе пасьпяхова заканчвае Алёкмінскае чатырохкляснае вучылішча і яго пасылаюць на казённы кошт вучыцца ў горад Якуцк, у толькі што адкрытую найніжэйшую сельскагаспадарчую вучэльню. У 1919 годзе ён пераходзіць у Якуцкую рэальную вучэльню, зарабляючы сродкі на жыцьцё, як заўсёды пішуць, ўрокамі і іншымі выпадковымі заробкамі.
    У гэтыя гады ён знаёміцца з нелегальнай літаратурай і збліжаецца з бальшавікамі-падпольшчыкамі. Пад іхнім кіраўніцтвам Міхаіл Габышаў пад кансьпірацыйным прозьвішчам Прэсьненскі прымае актыўны ўдзел у барацьбе з калчакоўшчынай. З усталяваньнем Савецкай улады ў Якуцку (сьнежань 1919 г.) Міхаіл падтрымлівае сувязь з мясцовымі бальшавікамі і ў сакавіку 1920 года ўступае ў шэрагі РКП(б). У ліпені гэтага ж году Якуцкая партарганізацыя камандзіруе Міхаіла Габышава ў Маскву, дзеля вучобы ў Камуністычным унівэрсытэце імя Я. М. Сьвярдлова. 28 лютага 1921 года ён прысутнічаў на пленуме Маскоўскага савету, які праходзіў у Вялікім тэатры, дзе прамаўляў У. І. Ленін.
    У красавіку 1921 года М. Габышава накіроўваюць на працу ў Алёкмінскую акругу. Тут ён чалец Алёкмінскага павятовага рэўкама ды загадчык аддзелам савецкага кіраваньня. На ІІІ-м павятовым зьезьдзе Саветаў ён абраны чальцом павятовага выканкама. Затым быў прызначаны кіруючым аддзелам народнай адукацыі. У лютым 1922 года, у парадку асобага заданьня, Габышаў быў прызначаны ўпаўнаважаным па перасоўваньні вайсковых частак Н. А. Каландарышвілі.


    [Анархіст Нестар Аляксандравіч Каландарышвілі /Каландарашвілі/ (1876-1922), ураджэнец с. Шэмаклідзі Азургецкага павета Тыфліскай губэрні 6 сьнежня 1921 г. быў прызначаны камандуючым Узброенымі сіламі Якуцкай губэрні і Паўночнага краю. Атрад, які атрымаў назву “2-гі Паўночны атрад імя дзядулі Каландарышвілі”, адбыў з Іркуцка напрыканцы сьнежня 1921 г. - пачатку студзеня 1922 г. шасьцю эшалёнамі. 2 траўня 1922 г., зьдзейсьніўшы трохтысячакілямэтровы шлях ва ўмовах суровай зімы, галаўны атрад Каландарышвілі, пад камандаваньнем Яна Строда (1894-1938), ураджэнца г. Люцына Віцебскай губэрні, прыбыў у Якуцк, а штаб з камандуючым спыніўся ў с. Цехцюр. Раніцай 6 сакавіка 1922 г. эшалён штаба выступіў у Якуцк і ў Хахсыцкой пратоцы, у 3 км ад Цехцюра і ў 33 км ад Якуцка быў зьнішчаны (каля 50 чалавек) з засады разам з Каландарышвілі.]
    Увесь гэты час М. Габышаў энэргічна праводзіць працу па ўсталяваньні і ўмацаваньні Савецкай улады на месцах, па ліквідацыі парэшткаў белагвардзейскіх хэўраў.
    У 1922 годзе ён вылучаецца дэлегатам ад Алёкмінскай акругі на 1-ю Якуцкую абласную партыйную канфэрэнцыю ды 1-ы Усяякуцкі ўстаноўчы зьезд Саветаў, у якіх прымае самы дзейны ўдзел. З утварэньнем 27 красавіка 1922 года Якуцкай АССР дырэктыўныя органы рэспублікі адклікаюць М. Ф. Габышава ў Якуцк на працу ў заарганізаваны Наркамат гандлю і прамысловасьці.
    1 красавіка 1923 года у Якуцку, ад жонкі Ксеніі Мікалаеўны, 1904 года нараджэньня, у яго нарадзіўся сын Леў.
    У 1923 годзе Габышаў накіроўваецца ў Маскву на вучобу ў Інстытут народнай гаспадаркі імя Г. В. Пляханава.
    У 1924 годзе яго ізноў адклікаюць у Якутыю і прызначаюць адказным сакратаром ЯЦВК. На III-м Усяякуцкім зьезьдзе Саветаў [сьнежань 1924 г.] Габышаў абіраецца чальцом і сакратаром ЯЦВК.
    У 1925 годзе Габышаў - выканаўца абавязкаў Народнага камісара ўнутраных спраў ЯАССР. З 1925 г. па травень 1928 г. знаходзіцца на гаспадарчай працы ў спажывецкай каапэрацыі ЯАССР.
    У чэрвені 1928 г. Міхаіл Габышаў прызначаецца Народным камісарам земляробства ЯАССР, удзельнічае 8 лістапада 1928 г. у адкрыцьці Карціннай залі пры Рэспубліканскім краязнаўчым музэі ў Якуцку, створанай на аснове невялікай калекцыі карцін рускіх мастакоў ХVIII - пачатку ХХ ст., перададзеных Трацьцякоўскай галерэяй у дарунак Якутыі, а таксама некалькіх палотнаў мясцовых і сыбірскіх жывапісцаў. Праўда злыя языкі кажуць, што ўжо тады ён наведваў склады з канфіскаванымі мастацкімі каштоўнасьцямі ды сёе-тое браў сабе. На VI Усяякуцкім зьезьдзе Саветаў [люты-сакавік 1929 г.] ім быў зроблены даклад “Пра зямельную рэформу ў Якутыі”, у якім была выкладзеная праграма ажыцьцяўленьня зямельнай рэформы. Падчас чысткі партыі ён быў абвінавачаны ў кулацтве і таму выехаў у Маскву, дзе спачатку працаваў у Пастаянным прадстаўніцтве ЯАССР.
    У 1930 годзе ягоная маці Варвара Васільеўна разам з унукамі выехала да яго ў Маскву. Падчас доўгага плаваньня ўверх па Лене яна, каб не марнаваць дарэмна час, ўладкавалася на параходзе матросам.
    У 1931-1934 гадах Міхаіл Габышаў асьпірант Маскоўскага навукова-дасьледчага саўгаснага інстытута. Па заканчэньні асьпірантуры ён быў пакінуты працаваць у інстытуце, спачатку на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, а пазьней кіраўніком навуковага аддзела.
    У чэрвені 1937 года Габышавым была абароненая дысэртацыя і кваліфікацыйная камісія Ўсесаюзнай Акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. І. Леніна зацьвердзіла яго кандыдатам сельскагаспадарчых навук. Ён робіцца старшым навуковым супрацоўнікам Усесаюзнага НДІ эканомікі сельскай гаспадаркі, а з 1938 года начальнікам тэхнічнага аддзела Народнага камісарыята саўгасаў СССР.
    У гэтыя гады Міхаіл Габышаў напісаў працу “Эканамічныя і арганізацыйныя асновы сьвінасаўгасаў”, якую прадставіў у якасьці дысэртацыі і 7-га чэрвеня 1939 года Навуковая рада Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К. А. Ціміразева аднадушна надала яму навуковую ступень доктара эканамічных навук. Ён атрымлівае катэдру Эканомікі і арганізацыі сацыялістычнай сельскагаспадарчай вытворчасьці ў Маскоўскім заатэхнічным (пушна-футравым) інстытуце, якой ён загадваў на працягу 15 гадоў. У 1940 годзе Габышаву надаецца званьне прафэсара.
    У Маскве Варвара Васільеўна Габышава на кінастудыі Союздетфильм зьнялася ў кінааповесьці рэжысёра Марка Сямёнавіча Данскога /працаваў адзін час асыстэнтам па мантажу на кінастудыі “Белдзяржкіно”/ “Рамантыкі” (1941), па сцэнарыю Ц. Семушкіна і Ф. Кнорэ, у ролі старой чукчанкі. Кожнае раніцы за ёй прыяжджала кіношная машына і адвозіла на кінастудыю. Калі здымаліся сцэны з яе ўдзелам то зьбягалася ўся кінастудыя. Так яна зрабілася першай якуцкай кінаактрысай.
    У 1941 г. Варвара Васільеўна з унукам Львом і нявесткай Ксеніяй Мікалаеўнай, вярнулася ў Юнкюр. У тым жа году Міхаіл з малодшым сынам Густавам быў эвакуіраваны ў Сярэднюю Азію разам са сваім інстытутам, дзе ім там вяліся дасьледчыя працы па каракуляводстве Ўзбэцкай ССР.
    З 1945 г. па 1947 г. М. Габышавым была праведзена комплексная экспэдыцыя па вывучэньні табуновай конегадоўлі і кармавых рэсурсаў ЯАССР.
    За заслугі ў галіне навукі 4 лістапада 1947 г. Міхаілу Фёдаравічу Габышаву, аднаму з першых у рэспубліцы было прысвоена ганаровае званьне Заслужанага дзеяча навукі ЯАССР. Ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга. У 1947 г. і 1951 г. ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета ЯАССР.


    У Маскве Варвара Васільеўна Габышава ізноў на Маскоўскай кінастудыі імя Горкага зьнялася ў эпізадычнай ролі ў фільме рэжысёра М. Данскога “Алітэт сыходзіць у горы” (1949), па аднаіменнаму раману Ц. З. Семушкіна.
    З юных гадоў будучы навуковец захапляўся калекцыяніраваньнем. Зьбіраў калекцыі матылькоў, жукоў, расьлін, марак. Затым заняўся складаньнем бібліятэкі і, нарэшце, пачаў калекцыянаваць карціны. Будучы асьпірантам. М. Ф. Габышаў нароўні з вывучэньнем навуковых дысцыплін, выяўляў жывую цікавасьць да літаратуры, музыцы, выяўленчага мастацтва. Спачатку ў калекцыі былі невялікія працы рускіх мастакоў, затым зьявіліся карціны галяндзкіх майстроў: пэйзажы і натурморты. З гадамі захапленьне заходнеэўрапейскім мастацтвам расло. Зьявіліся вялікія палотны мастакоў італьянскай, іспанскай, флямандзкай, нідэрляндзкай школ. Спэцыяліст у галіне канкрэтнай эканомікі памаленьку станавіўся вялікім знаўцам і знатаком мастацтва Заходняй Эўропы. Сабраная ім калекцыя атрымлівае высокую ацэнку”. "Прафэсар любіў дэклямаваць Пушкіна і чытаў у арыгінале, на нямецкай, Гётэ, быў знаўцам маскоўскіх музэяў і ўладальнікам збору кружэляк з запісам голасу Шаляпіна...” "Міхаіл Габышаў лётаў у Менск на заробкі, каб купляць карціны. З непрытоеным шкадаваньнем распавядаў пра “выдаткі” - хадзіў шпацыраваць у Парк Горкага і кружку піва купіў!”
    Былі і такія размовы: “А можа да яго прыходзіла адчуваньне невыразнай віны, а ў сьне зьяўлялася старая, у якой ён гандляваў аднойчы карціну, дачка былога купца першай гільдыі, правінцыйнага мэцэната? Не. не, - пярэчыць мастак Барыс Міхайлавіч Неменскі, - прафэсару Габышаву няма чаго было сарамаціцца. Яго калекцыяніраваньне - гэта суровы аскетызм, сталае самаадрачэньне. Я вучыўся ў свой час разам з сынам Міхаіла Фёдаравіча - Львом - у Сурыкаўскім інстытуце. Мы студэнты, ведалі: у Габышавых прысмакаў не бывае. Усё зьядаюць карціны”.
    У сьнежні 1949 г. у Менску ў сыстэме АН БССР быў заснаваны Інстытут жывёлагадоўлі. Першым дырэктарам арганізаванага Інстытута быў прызначаны доктар вэтэрынарных навук Х. С. Гарагляд.


    У 1954 г. дырэктарам інстытута быў прызначаны доктар эканамічных навук, прафэсар М. Ф. Габышаў. Там жа стаў працаваць і Фёдар Іванавіч Салтыкоў, які шмат гадоў загадваў у інстытуце аддзелам фізіялёгіі кармленьня сельскагаспадарчых жывёл. У 1928-1932 гг. ён працаваў загадчыкам аддзелу жывёлагадоўлі Якуцкай абласной сельскагаспадарчай досьледнай станцыі і ў тыя гады ведаў Міхаіла Габышава, які працаваў наркамам земляробства ЯАССР (у жонкі ўзяў Вольгу Анатольеўну Вербіч, якая таксама ведала Міхаіла Фёдаравіча).
    Інстытут займаўся рашэньнем найболей актуальных пытаньняў кармленьня і гадоўлі сельскагаспадарчых жывёл, вывучэньнем і ўдасканаленьнем мясцовых парод і пародных груп буйнага рагатага быдла, беларускай чорна-пярэстай пароды свіньняў, беларускіх запражных коней, вывучэньнем эфэктыўнасьці скрыжаваньня мясцовых грубашэрсных авечак з баранамі пароды прэкас. У сакавіку 1956 г. Інстытут жывёлагадоўлі Акадэміі навук БССР быў пераназваны ў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут жывёлагадоўлі і перададзены ў падначаленьне Міністэрству сельскай гаспадаркі БССР (з 1961 г. пераведзены ў г.п. Жодзіна Смалявіцкага раёна Менскай вобласьці, з 2006 г. Навукова-практычны цэнтар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі). У інстытуце быў створаны аддзел сьвінагадоўлі. У якасьці экспэрымэнтальнай базы інстытуту быў перададзены саўгас “Зарэчча” Смалявіцкага раёна. У верасьні 1958 г. дырэктарам інстытута быў прызначаны У. А. Барковский.
    У Міхаіла Фёдаравіча Габышава чатырохпакаёвая кватэра ў Менску “на праспэкце імя Сталіна мала чым адрозьнівалася ад мастацкага музэя”.
    Карэспандэнт газэты “Савецкая Беларусь” М. Марозаў 12 студзеня 1957 г. пісаў:
    “Міхась Фёдаравіч паўтара дзесятка гадоў зьбірае і рэстаўрыруе старадаўнія карціны, гравюры скульптуры і мэблю. Ён наведаў даволі шмат кватэр аматараў-зьбіральнікаў, разьмешчаных у розных канцах нашай неабсяжнай Радзімы. У яго адрас штодня прыбываюць дзесяткі лістоў, і шматлікія з іх тычацца выяўленьня мастацкіх каштоўнасьцяў, якія знаходзяцца ў асабістым карыстаньні працоўных. Мы спыталі  ў навукоўцы дазволу пабываць і агледзець сабраныя калекцыі.
    - У якутаў здаўна існуе звычай не адмаўляць у просьбе ахвотнікам наведаць іх жыльлё, - адказаў Міхаіл Фёдаравіч, - прыяжджайце праз паўгадзіны.
    Дзьверы нам адкрыла жонка навукоўца Ксенія Мікалаеўна. Насустрач адразу ж выйшаў гаспадар гэтай, незвычайнай з выгляду, чатырохпакаёвай кватэры, якая нічым не адрозьнівалася ад мастацкага музэя. Мы патрапілі ў сьвет мастацтва. Па ім павёў нас навуковец-калекцыянэр, які выдатна вывучыў гісторыю жывапісу.


    Мастацтва Нідэрляндаў, Фляндрыі і Галяндыі ХVI-XVII стагоддзяў прадстаўленае палотнамі ў той ці іншай ступені злучанымі з імёнамі амаль трыццаці найвядомых мастакоў таго часу. Сярод старадаўніх карцін, быць можа, паўтораў, варыянтаў і фрагмэнтаў, пісаных не толькі пераймальнікамі, але, магчыма, і вучнямі геніяльных жывапісцаў і часта, верагодна, імі самімі папраўленых, сустракаюцца дзівосныя па выкананьні працы, якія прымушаюць думаць пра магчымую прысутнасьць сярод іх арыгіналаў буйных майстроў.
    - Разгадаць аўтара мастацкага твора не лягчэй, чым выявіць карціну, - кажа Міхаіл Фёдаравіч. - І тут ужо пачынаецца вобласьць кваліфікаванага дасьледніка. Мы можам толькі любавацца гэтымі творамі, супастаўляць іхнія сюжэты з вядомымі па каталёгах творамі жывапісу розных збораў, клясыфікаваць іх па манеры маляваньня, па напісаных ініцыялах і подпісам мастакоў...
    Таямнічасьць кожнага палатна абвастрае ўвагу, уваскрашае ў памяці ўсе вядомыя творы мастакоў розных школ, прымушае аналізаваць. І мы падоўгу затрымоўваемся ля кожнай карціны, якая так шмат вандравала па антыкварных крамах і прыватным рукам аматараў жывапісу розных краін. Не растаючыся з лупамі, спрабуем пракрасьціся ў тое, што ўтоена ад няўзброенага вока.
    Добрыя палотны з умоўнымі назвамі: “На рынку”, “Мянялы”, “Сьпячая Вэнэра”, “Фаўн”, “На кухні”, “Урок музыкі”, “Сусана са старцамі”, “У гатычным храме”, “Дачка фараона”, “У каміна”, “Несусьветная мітусьня”, “Гулякі”, “Вэнэра, якая каецца”, “Пакланеньне пастухоў”, этуды, карціны дзіцячага вэрхалу і іншыя. З імем буйнага майстра сялянскага жанру А. ван Астадэ злучаны цяпло і неяк шчыра напісаныя старадаўнія карціны “Сьняданак”, “У карчмы”, “Шавец”, “Пральля”, “Селянін”. Школа П. Аертсена, а магчыма, і пэндзаль яго самога бачныя ў карціне, названай “Пакланеньне пастухоў”. Некаторыя карціны ўваскрашаюць у памяці творы Рубэнса, Ван Дэйка.
    У шэрагу пэйзажаў часам праступае майстэрства П. Потара, якія бліскуча адлюстроўвалі не толькі прыроду, але і жывёл, К. Пуленбурга, Я. Венікса. А вось пэйзажы, якія вельмі нагадваюць працы выдатнага мастака-рэаліста XVI стагодзьдзя П. Брэйгеля Старэйшага, які выводзіў у сваіх карцінах народную масу ў якасьці асноўнага героя і з вялікай рэалістычнай выразнасьцю адлюстроўваў веліч і прыгажосьць прыроды.
    Зьвяртае на сябе ўвагу вялікая сэрыя партрэтаў. Партрэт прыслужніцы, напрыклад, выпісаны настолькі натуральна і дынамічна, што здаецца, быццам яна вось-вось загаворыць з кімсьці, хто стаяць за межамі рамы, працягваючы сваю перапыненую мастаком справаздачу пры пакупцы.
    Італьянскі і іспанскі жывапіс прадстаўлена шэрагам добрых палотнаў. У асобным пакоі выстаўлены творы, зьвязаныя з імёнамі французскіх жывапісцаў.
    У зборы М. Ф. Габышава налічваецца каля трохсот карцін, партрэтаў, гравюр і скульптур".
    “У калекцыі навукоўца апынуліся некаторыя карціны мастакоў школаў Рэмбрандта, Ван Дэйка, Мурыльё, Флорыса, а таксама выдатныя палотны “Партрэт навукоўца” Ф. Боля, “Выезд царыцы СаўскайП. Брыля. “Горны пэйзаж” Я. Брэйгеля (Аксамітавага), “Геракл і Эрыманфскі дзік” Л. Джардана ды іншыя.
    Калекцыю жывапісу дапаўняюць у зборы выдатныя гравюры, афорты і малюнкі.
    У збор прафэсара ўвайшлі творы прыкладнага мастацтва, створаныя ў Італіі, Галяндыі, Англіі, Францыі і Нямеччыны выбітнымі майстрамі гэтых краін. У лік скульптурных твораў уваходзяць і працы антычных майстроў”.
    У лісьце на імя дырэктара Алёкмінскага раённага краязнаўчага музэя ў красавіку 1957 г. Міхаіл Габышаў пісаў: “...Наяўны ў мяне збор помнікаў сусьветнага мастацтва (эпохі Адраджэньня), які няспынна папаўняецца (у межах маіх сьціплых сродкаў), прызначаецца для стварэньня адмысловага музэя. Гэта вельмі вялікая праца, якую я вяду дадаткова да сваіх навуковых заняткаў у надзеі, што яна будзе з часам належным чынам ацэнена”.
    1 верасьня 1958 года Міхаіл Фёдаравіч Габышаў памёр ад цяжкай хваробы (пасьля апэрацыі) і быў пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках (магіла была добраўпарадкавана ўрадам РС(Я) у 2006 г.).


    Кажуць што “...аднаму са знаёмых сем’і Габышавы-сыны ў пагашэньне бацькаўскай пазыкі прапанавалі карціну з калекцыі на выбар. “Ніколі! - затрос чалавек сівою сваёю галавой. - Ніколі! Я б пакрыўдзіў і памяць і справу Міхаіла Фёдаравіча. А з грашыма пачакаю, не да сьпеху. Бо ён рубель не ў абаротак пускаў, не ператвараў жывапіс у ашчадкніжку”.
                                                                              “Выпіс
                з пастановаў Савету Міністраў Якуцкай АССР ад 19 лютага 1960 году № 69
    Заслужаны дзеяч навук Якуцкай АССР, доктар эканамічных навук, прафэсар Міхаіл Фёдаравіч Габышаў - адзін з актыўных арганізатараў Савецкай улады ў Якутыі, дзесяткі гадоў займаўся калекцыяніраваньнем твораў Заходне-Эўрапейскага жывапісу XVI-XIХ стст. /эпоха Адраджэньня/. Сабрана ім каля 300 карцін, гравюр і скульптур, якія знаходзяцца на яго кватэры ў гар. Менску. Перад сконам /жнівень 1958 г. / прафэсар М. Ф. Габышаў завяшчаў сваю шматгадовую зьбіральніцкую працу прынесьці ў дарунак працоўным Якутыі. Жонка М. Ф. Габышава - К. Н. Габышава, сыны Л. М. Габышаў і Г. М. Габышаў у пісьмовым выглядзе заявілі ва ўрад Якуцкай АССР пра гатоўнасьць здаць калекцыю працоўным Якутыі.
    Адзначаючы высакародны ўчынак прафэсара М. Ф. Габышава Савет Міністраў Якуцкай АССР пастанаўляе:
    1. Абавязаць Міністэрства культуры ЯАССР /т. Папова/ напачатку ІІ квартала 1960 году адкрыць у г. Якуцку музэй Заходне-Эўрапейскага выяўленчага мастацтва XVI-XIХ стст. на аснове калекцый, сабраных памерлым прафэсарам М. Ф. Габышавым.
    2. Для разьмяшчэньня музэя перадаць былы будынак казначэйства вул. Пятроўскага № 4 у г. Якуцку, якое цяпер займае радыёстудыя Камітэта радыёвяшчаньня пры Савеце Міністраў ЯАССР. Да вызваленьня гэтага будынка, музэй уладкаваць у цагляным будынку, які будуецца Якуцкім гарвыканкамам па вуліцы Кірава.
    3. …Абавязаць Якуцкі гарвыканкам /т. Терешкина/ на працягу 1960 году ў мэтах стварэньня ўмоў для творчай і далейшай зьбіральнай працы т. Габышаву Л. М. даць кватэру ў адным з цагляных жылых дамоў, якія будуюцца.
    4. Абавязаць Міністэрства культуры ЯАССР /т. Папова/ і Міністэрства фінансаў /т. Хіневіч/ унесьці прапанову ў Савет Міністраў ЯАССР пра крыніцы пакрыцьця выдаткаў па дастаўцы калекцыі музэя з г. Менска да г. Якуцка.
    5. Абавязаць Міністэрства культуры ЯАССР /т. Папова/ у другім квартале 1961 гаду выдаць каталёг музэя, падрыхтаваны памерлым прафэсарам М. Ф. Габышевым.
    6. У мэтах ушанаваньня памяці заслужанага дзеяча навукі Якуцкай АССР, доктара эканамічных навук, прафэсара, аднаго з актыўных арганізатараў Савецкай улады ў Якутыі, Міхаіла Фёдаравіча Габышава, прасіць Савет Міністраў РСФСР:
    1/ Надаць імя М. Ф. Габышева Алекмінскай гарадзкой васьмігадовай школе № 1 і надалей называць яе “Алёкмінская гарадзкая васьмігадовая школа імя М. Ф. Габышава”.
    2/ Дазволіць адкрыцьцё ў ліпені 1960 году ў горадзе Якуцку музэя Заходне-Эўрапейскага выяўленчага мастацтва XVI-XIХ стагоддзяў на аснове калекцый, сабраных прафэсарам М. Ф. Габышавым.
    8. Даручыць Міністэрству культуры і Навукова-дасьледчаму інстытуту сельскай гаспадаркі ЯАССР разгледзець пытаньне пра магчымае выданьне ў 1962 годзе да 60 год з дня нараджэньня М. Ф. Габышава, збор ягоных навуковых прац.
    9. Паставіць бюст М. Ф. Габышаву ў гар. Алёкмінску і ў музэі Заходне-Эўрапейскага выяўленчага мастацтва ў г. Якуцку.
    Усталяваць мэмарыяльную дошку з барэльефам на доме № 33 па Кастрычніцкай вуліцы гор. Якуцка.
    Усталяваць помнік-надмагільле на Ваганькаўскіх могілках ў гор. Маскве.
    Міністэрству культуры ЯАССР /т. Папову/ прафінансаваць за кошт сродкаў па мерапрыемствах вышэйпаказаныя працы.
        Пратакольная група
         Упраўленьня справамі
     пры Савеце Міністраў ЯАССР
    Нам. старшыні Савета Міністраў Якуцкай АССР                                          В. Конанаў.
    Кіраўнік справамі Савета Міністраў Якуцкай АССР                                   Р. Аржаков”.
    Карэспандэнт газэты “Советская Белоруссия” Марозаў 11 лютага 1961 г. пісаў:
    “Сьмерць вучонага была нечаканай, і ён не пакінуў завяшчаньня. Аднак пры жыцьці ў коле сваіх родных і блізкіх сяброў навуковец падзяляўся патаемнай сваёй марай - перадаць працу шматлікіх гадоў жыцьця па зьбіраньні і рэстаўрацыі твораў сусьветнага мастацтва ў дарунак роднай Якутыі, сынам якой ён быў.
    Гэту высакародную мару прафэсара ажыцьцявіла перад сваёй сьмерцю ягоная жонка Ксенія Мікалаеўна і цалкам завяршылі сыны - заслужаны дзеяч мастацтваў Якуцкай АССР Леў Міхайлавіч і слюсар-мэханік Густаў Міхайлавіч [афіцэр-артылерыст, які жыве ў Маскве]. Звыш 250 твораў з калекцыі Міхаіла Фёдаравіча [у жніўні 1960 г.] нядаўна дастаўлены адмысловым рэйсам на самалёце з Менска ў Якуцк. Урад Якуцкай АССР з вялікай падзякай прыняў дарунак вучонага-земляка, які быў адным з актыўных арганізатараў Савецкай улады ў Якутыі. У Якуцку ствараецца філіял Рэспубліканскага музэя з творамі калекцый М. Ф. Габышава. Сапраўдны чалец акадэміі мастацтваў СССР, народны мастак БССР Заір Ёселевіч Азгур цяпер працуе над скульптурным партрэтам свайго якуцкага сябра. Адлітыя ў бронзе бюсты М. Ф. Габышава будуць усталяваны на ягонай Радзіме ў г. Алёкмінску і перад будынкам філіяла музэя ў горадзе Якуцку. Другая частка калекцыі, як паведаміў нам заслужаны дзеяч мастацтваў Якуцкай АССР Леў Міхайлавіч Габышаў, неўзабаве паступіць у фонд Дзяржаўнага музэя БССР. У яе ўваходзіць шэраг найкаштоўных твораў. Сярод іх два вялікіх палотны вядомага галяндзкага мастака XVII стагодзьдзя Томаса Херэманса “Лета” і “Зіма”. Яны падпісаны мастаком і датаваныя 1678 годам. З карцін школы Рэмбрандта перадаецца “Партрэт мужчыны ў чалме”. Паступяць таксама “Каляды” мастака Піцера Аертсена, “Пэйзаж з падарожнікамі” мастака Ф. Мушэрона, “Рыбы” Я. Жэлі і інш. Такім чынам, усё, што было сабрана Габышавым і ацэнена цяпер спэцыялістамі ў сто тысяч рублёў у маштабе новых грошай, зрабілася здабыткам працоўных Якутыі і Беларусі”.
    З ліста, ад 30 ліпеня 1992 гады, дырэктара Дзяржаўнага музэя БССР Ю. А. Карачуна:
    Адказваем на Вашае пытаньне адносна твораў, набытых у калекцыю Дзяржаўнага мастацкага музэя Беларусі ў зьвязаных з Якуцкам уладальнікаў Габышавых Л. М. і Г. М. Першыя набыткі датуюцца 1960 гадам, калі ў музэй паступілі творы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, - мэблевы гарнітур ХІХ стагодзьдзя. Пазьней, у 1961 годзе, былі набыты жывапісныя творы Фрэдэрыка дэ Мушэрона, Томаса Херэманса, Карла Лота, Яна Жэлі, а таксама шэрагу невядомых італьянскіх, галяндзкіх і французскіх мастакоў. Быў набыты твор Жана Баціста Карпа. Больш позьніх зьвестак аб сувязі з Габышавымі ў музэі не маецца.”
    “Калекцыя была дастаўлена на самалёце з Менска ў Якуцк і Ўрад Якуцкай АССР з падзякай прыняло гэты дарунак”. У адпаведнасьці з пастановай Савета міністраў ЯАССР быў выдадзены загад Міністэрствы культуры “Пра арганізацыю з 22 сакавіка 1960 г. у г. Якуцку філіяла Якуцкага рэспубліканскага музэя выяўленчых мастацтваў “Калекцыя прафэсара М. Ф. Габышава”.
    17 лютага 1962 г. у “Якуцкім рэспубліканскім музэі выяўленчых мастацтваў адкрылася выстава твораў заходнеэўрапейскага мастацтва XVI-XIX стст, з калекцый прафэсара М. Ф. Габышава, перададзеных у дарунак працоўным Якутыі”. Як пісаў Леў Габышаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Якуцкай АССР (“Социалистическая Якутия. 20 февраля 1962.):
    “У залях Якуцкага мастацкага музэя экспануецца 250 твораў жывапісу, скульптуры, графікі, прыкладнага мастацтва. Тут прадстаўлены творы італьянскай, іспанскай, галяндзкай, нідэрляндзкай, флямандзкай, французскай, ангельскай, нямецкай школаў жывапісу. Калекцыю жывапісу дапаўняюць гравюры, афорты і малюнкі. Тут экспануюцца прадметы прыкладнага мастацтва, створаныя ў Італіі, Францыі, Ангельшчыне, Галяндыі і Польшчы.
    Мабыць, самае значнае месца на выставе займаюць творы італьянскіх мастакоў XVI-XVII стагоддзяў. Асабліва выдатнае палатно выбітнага італьянскага мастака XVII стагодзьдзі Лукі Джардана “Геракл і эфісіманскі дзік” на сюжэт, запазычаны з антычнай міталёгіі.
    ...На цёмным тле неба велічна высіцца постаць Геракла, а побач страшны дзік. Геракл выканаў дадзенае яму Эўрысфеем даручэньне - злавіў жахлівага дзіка, які жыў на горы Эрыманфе ды спусташаў навакольлі горада Псафіды. Пасьля доўгага перасьледу Геракл нагнаў грознага дзіка, зьвязаў і жывым аднёс у Мікены. З такой незвычайнай плястычнай сілай вырашаная выява Геракла ў карціне!
    Іншым выбітным творам з калекцыі з’яўляецца твор вядомага італьянскага мастака XVII стагодзьдзя Пьетра Ліберы “Дыяна і Каліста”. Сюжэт запазычаны з “Мэтамарфоз” Авідзія. На карціне міталягічныя пэрсанажы намаляваны ў выявах выдатных, юных і цалкам зямных жанчын. Жывапіс вылучаецца сваім вэнэцыянскім калярытам. Выдатна скампанаваны жаночыя постаці, поўныя цнатлівай прыгажосьці. Высокае майстэрства мастака прымушае нас падзяліць з ім ягонае захапленьне перад прыгажосьцю жанчын, прыгажосьцю чалавека.
    У іншай вялікай карціне славутага італьянскага мастака XVII стагодзьдзя Даменікіна (Даменіка Цампіеры) “Сьвятая Цэцылія” намалявана заступніца музычнага мастацтва. Цудоўная і зусім зямная выява сьвятой Цэцыліі.
    Экспануецца ў залі нямала і іншых карцін італьянскай школы. Гэта першым чынам творы Пальмы Векіа “Сьвятая Магдаліна”, Палідора да Караваджа “Трыюмф Амфітрыты”, карціна невядомага  італьянскага майстра XVI стагодзьдзя “Сыбіла Кумская” і іншыя.
    На выставе шмат прац галяндзкіх мастакоў XVII стагодзьдзя. Асабліва выдатны “Партрэт вучонага” пэндзля Фердынанда Болі - вучня Рэмбрандта. Удаліся жывапісцу твар, шырокі лоб мысьляра, разумныя вочы. Добра напісаны рукі і натурморт на пярэднім пляне, які паказвае кнігу і брэгет.
    Вылучаецца карціна Антоні Паламедэса “У вартоўні”, у якой мастак на пярэднім пляне жвава намаляваў групу галяндзкіх стралкоў. Вельмі лёгка скампанаваны групы ваенных людзей, якія гамоняць ды баламуцяцца. Карціна выдатная і сваім карычнявата-залацістым калярытам.
    З прац галяндцаў уяўляюць вялікую цікавасьць творы Ловіса Блумарта “Пагорысты пэйзаж з вудзільшчыкам”, Альбэрта Кейпа “Пэйзаж з быком”, Мэльхіёра дэ Гандэкутэра “Хатнія птушкі”, Герарда Доу “Мужчына, які чытае ліст”.
    У музэі прадстаўлены таксама творы мастакоў флямандзкай школы XVII стагодзьдзя. Тут перадусім трэба назваць працу майстэрні вялікага флямандзкага мастака Антоні ван Дэйка “Патройны партрэт ангельскага караля Карла I”. Аналягічны партрэт знаходзіцца ў Англіі, у Віндзорскім замку. Ён пісаўся па замове ангельскага караля для італьянскага  скульптара Берніні, які па патройным партрэце павінен быў стварыць мармуровую статую Карла I. Заслугоўвае ўвагі “Горны пэйзаж з вазамі”, напісаны флямандзкім жывапісцам Янам Брэйгелем (Аксамітавым) на дубовай дошцы.
    У зборы маюцца працы нідэрляндзкіх жывапісцаў XVI стагодзьдзя. Тут у першую чаргу жадаецца назваць палатно Паўля Брыля “Выезд царыцы Саўскай”, а таксама карціну, якая прыпісваецца знакамітаму нідэрляндзкаму мастаку XVI стагодзьдзя Францу Флорысу “Сон Вэнэры”, якому сучасьнікі далі мянушку "Паўночны Рафаэль”. На пярэднім пляне ляжыць сьпячая багіня каханьня - Вэнэра ў асяродзьдзі алегарычных постацяў. І ўсё гэта на фоне дзівоснага смарагдава-бірузовага гарыстага ляндшафту.
    Навуковец-калекцыянэр сабраў вялікую колькасьць унікальных графічных лістоў заходнеэўрапейскіх майстроў - такіх, як Адрыян ван Астадэ, Жак Кала, Анібале Карачы, Сальватор Ружа, Франчэска Барталоці, Пьетра Цеста, і шмат якіх іншых.
    Гонарам калекцыі з’яўляецца адзін з лепшых афортаў геніяльнага галяндзкага мастака Рэмбрандта ван Рэйна “Уваскрашэньне Лазара”, а таксама гравюра на медзі вялікага нямецкага мастака Альбрэхта Дзюрэра “Сустрэча Іякіма з Ганнай” - самы выбітны ліст з сэрыі “Жыцьцё Марыі”, выкананы паміж 1501 і 1505 гадамі.
    Са скульптурных вырабаў трэба адзначыць “Партрэт хлопчыка”, выкананы рымскім скульптарам у II-м стагодзьдзі нашай эры, а таксама выдатныя мармуровыя бюсты “Галава юнака” і “Галава фаўна” працы італьянскіх разьбяроў XVIII - XIX стагоддзяў.
    Прафэсарам М. Ф. Габышавым было сабрана нямала прадметаў прыкладнага мастацтва, старадаўняй мэблі. Выдатныя дэльфцкія вазы (Галяндыя, ХVII стагодзьдзе), дэкаратыўны посуд працы польскіх майстроў. З мэблі першым чынам трэба адзначыць крэсла італьянскай працы XVI стагодзьдзя, крэсла працы французскага майстра пачатку XVII стагодзьдзя (па наяўных літаратурных зьвестках, аналягічнае крэсла захоўваецца ў парыжскім Люўры). Вялікае ўпрыгожваньне выставы – “залаты гарнітур” працы французскіх майстроў XVIII стагодзьдзя і інструктаваны рознымі гатункамі дрэва столік італьянскай працы XVIII стагодзьдзя.
    Нават гэты невялікі агляд дасьць нейкае паняцьце, наколькі значная і каштоўная перададзеная ў падарунак працаўнікам Якутыі калекцыя прафэсара М. Ф. Габышава. І не толькі для адмыслоўцаў і мастацтвазнаўцаў, але і для самага шырокага круга гледачоў, знатакоў выдатнага”.
    Адзначым, што Леў Міхайлавіч Габышаў (1923-1975), скончыў мастацкую школу, стаў мастаком. Пераехаў разам з калекцыяй у Якуцк і ў 1962 г. стаў нязьменным дырэктарам музэя, створанага на аснове калекцыі бацькі, быў прапагандыстам выяўленчага мастацтва, выступаў у друку, па радыё і на тэлебачаньні. Мае дзяржаўныя ўзнагароды. Каштоўнасьць збору ўзрасла дзякуючы атрыбуцыі шэрагу прац навуковымі супрацоўнікамі музэя Эрмітажа і Дзяржаўнага музэя выяўленчых мастацтваў ім. А. С. Пушкіна. На аснове дарунка быў адкрыты філіял Якуцкага мастацкага музэю - Музэй заходнеэўрапейскага мастацтва ў старадаўнім будынку Казначэйства (пабудавана па праекце выхадца з Віцебшчыны К. Ляшэвіча) на пл. Дружбы ў Якуцку. [Імя М. Ф. Габышава музэю Заходнеэўрапейскага мастацтва было нададзена ў 1970 годзе]. Аднак у Якуцку “жыцьцё аказалася не меней суровым, чым у сталіцы. Адсутнасьць добрага памяшканьня для калекцыі, кватэры і майстэрні для працы, мізэрная зарплата, непаразуменьне ролі мастацтва з боку кіраўніцтва, безумоўна, падточвалі ягоныя жыцьцёвыя сілы”. Заслужаны дзеяч мастацтваў ЯАССР, чалец Саюза мастакоў СССР Леў Габышаў памёр 25 лістапада 1975 г. падчас спуску па трапе /зваліўся з трапа/ з самалёта ў Ленінградзе і быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках, побач з бацькамі.
    Бюст працы Заіра Азгура быў усталяваны ў Алёкмінску, у будынка 8-летняй школы № 1 імя прафэсара М. Ф. Габышава. Пры правядзеньні працаў па добраўпарадкаваньню бюст быў дэманціраваны і некаторы час валяўся безгаспадарным, пакуль землякі М. Габышава не зьвезьлі яго і не ўсталявалі ў Юнкюры.


    Музэй заходнеэўрапейскага мастацтва імя М. Ф. Габышава ў 1995 г. быў ператвораны ў Галерэю замежнага мастацтва імя прафэсара М. Ф. Габышава, якая тулілася ў пакоях жылога дома па вуліцы Хабарава, побач Якуцкім камандным рачным вучылішчы.
    Пасьля заканчэньня складаных рэстаўрацыйных прац будаўнічай фірмай “В. Р. Шельц” пры фінансаваньні АКАЛРОСА” ў былым будынку Казначэйства ў Якуцку /вул. Пятроўскага 4/ па рашэнні Прэзыдэнта РС(Я) В. А. Штырова, на якія сышоў не адзін год, у ім ізноў разьмясьцілася знакамітая калекцыя заходнеэўрапейскіх майстроў XVI XIX стагоддзяў - дарунак ЯАССР сем’і праф’сара М. Ф. Габышава. Урачыстае адкрыцьцё экспазыцыі адбылося 23 чэрвеня 2007 года, дзе прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры Татарстана і Бураціі, прыехалі з Масквы дзеці Густава Міхайлавіча Габышава - Ірына і Генадзь. /Праўда адрэстаўрыраваны будынак ужо мае расколіны па фундамэнту ды сьценах/.



    Ася Львоўна Габышава, адна з пяці дачок якуцкага пісьменьніка Льва Львовіча Габышавашэдэўр НММ” /нацыянальнага мастацкага музэя/ стала “нязьменным” дырэктарам. Прэзыдэнт Расіі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ пра прысваеньне ганаровага званьня “Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Фэдэрацыі” Асі Габышавой - генэральнаму дырэктару дзяржаўнай установы “Дзяржаўны музэйны мастацкі комплекс “Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Саха (Якутыя)” за “заслугі ў вобласьці мастацтва”.
    Ізабэль Парсюк-Каніна,
    Койданава.