воскресенье, 21 декабря 2014 г.

Маша Заяц. Мядзьведзь і медзьведзяняты. Койданава. "Кальвіна". 2014.





    Аляксандар Васільевіч Мядзьведзь [Олександр Васильович Ведмідь] нар. 16 верасьня 1937 г. у месьце Белая Царква Кіеўскай вобласьці УССР (СССР).
    Пасьля заканчэньня школы працаваў на заводзе, вучыўся на сьлюсара-мантажніка.
    На службу ў Савецкую Армію трапіў у Беларускую ваенную акругу, дзе пачаў займацца барацьбою ды выйграў пяршынства БВА.
     Пасьля дэмабілізацыі, адчуўшы сябе сапраўдным беларусам, застаўся ў БССР.
    У 1959 г. на II-й Спартакіядзе народаў СССР заваяваў бронзавы мэдаль.
    У 1961 г. Мядзьведзь скончыў Вышэйшую школу трэнэраў пры Беларускім дзяржаўным інстытуце фізычнай культуры. Ад 1962 г. заслужаны майстар спорту у барацьбе вольным стылі.

    У 1965 г. скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізычнай культуры. У 1964 г., пасьля перамогі на Алімпіядзе, ўзнагароджаны Ордэнам Леніна. Ад 1965 г. чалец КПСС. Ад 1969 г. заслужаны дзеяч фізычнай культуры Беларусі. Ад 1975 г. Ганаровы грамадзянін Менску. Ад 1976 г. - прафэсар.

    Аляксандар Мядзьведзь — трохразовы алімпійскі чэмпіён (1964, 1968, 1972), у трох розных вагавых катэгорыях (паўцяжкай, цяжкай і абсалютнай), 7 разоў (1962-1963, 1966-1967, 1969-1971) быў чэмпіёнам сьвету, 4 разы (1966, 1968, 1971 і 1972) — чэмпіёнам Эўропы.
    У 1972 г. нёс сьцяг СССР на цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Мюнхэне. У 1980 г. на адкрыцьці Алімпіяды ў Маскве прачытаў Алімпійскую клятву ад імя судзьдзяў.
    Па заканчэньні спартовай кар’еры працаваў дацэнтам у Менскам радыётэхнічным інстытуце і трэнэрам па барацьбе.
    У незалежнай Беларусі зрабіўся віцэ-прэзыдэнтам НАК Беларусі ды трэнэрам алімпійскай зборнай Беларусі па вольнай барацьбе.
    У 2001 вызнаны лепшым спартоўцам Беларусі XX стагодзьдзя.
    У 2004 г. на цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў ў Атэнах ужо нёс сьцяг Беларусі.
    Ад 1970 г. у Беларусі праводзіцца традыцыйны міжнародны турнір па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзьведзя (катэгорыя Гран-пры).
    У 2005 быў вызнаны лепшым вольным барцом у гісторыі спорту і ўведзены ў Залю спартовай славы барацьбы.
    Жанаты на Тацьцяне Сьцяпанаўне 1940 г. н., двое дзяцей — дачка Алена (1960) і сын Аляксей (1967) - барэц, уладальнік Кубка Сьвету, тры ўнукі, ёсьць праўнукі.
    Творы:
    Белорусские спортсмены на Олимпийских играх. Минск. 1979. 19 с. (Соавтор: Игорь Зиновьевич Смушкевич).
    Дзю-до. Методическое пособие для групп спортивного совершенствования в вузах. Минск. 1980. 50 с. (Соавторы: В. Я. Глезер, С. А. Гуманов).
    Совершенствование подготовки мастеров спортивной борьбы. Минск. 1985. 144 с. (Соавтор: Евгений Иванович Кочурко).
    Літаратура:
    Александр Медведь – семикратный чемпион мира по вольной борьбе. Биобиблиографический указатель. Минск. 1972. 23 с.
    Александр Медведь. Фотоочерк. Автор-составитель В. Голубев. Москва. 1978. 48 с.
    Мядзведзь Аляксандр Васілевіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 11. Мінск. 2000. С. 66.
    Валянціна Лецка. Мядзьведзевы падарожжы. // Наша Ніва. Мінск. 20 верасня. 2002.
    Маша Заяц,
    Койданава.

                                                                              Дадатак

                                                      МЯДЗЬВЕДЗЕВЫ ПАДАРОЖЖЫ
                                                                     У белых мядзьведзяў
    З паездак па Расеі запомнілася наведаньне Якуціі. Былі ў невялікім гарадку — у Беларусі вёскі ёсьць большыя. Выступілі ў спартовай залі, паказалі ім колькі прыёмаў, а потым пытаемся: “Дзе тут можна памыцца?” Нам паказалі вядро вады, нагрэтай з дапамогай электракіпяцільніка. Вядро вады на ўсю каманду! Затое ў Якуціі сустрэў свайго “белага брата” — калі езьдзіў да палярнікаў на льдзіну. Падышла мядзьведзіца зь медзьведзяняткам. Я кінуў ёй бляшанку згушчанага малака. Яна сьціснула яе лапамі, дык тая й луснула, бы яйка. Мядзьведзіца аблізала салодкае сама, а потым дала пакаштаваць свайму дзіцяці”.
    Запісала Валянціна Лецка.
    /Наша Ніва. Мінск. 20 верасня. 2002./

    Аляксандр Мядзьведзь:
                                          “Барадзіну я падарыў амаль мэтровы кубак”
    Трохразовы алімпійскі чэмпіён, віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Аляксандр Мядзьведзь падарыў на мінулым тыдні дзяржсакратару “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расіі Паўлу Барадзіну амаль мэтровы кубак. Пал Палыч адзначаў сваё 60-годдзе...
    Ён запрашаў мяне на юбілей у Маскву, гэта ж сябра мой, — распавёў карэспандэнту “Народнай волі” Аляксандр Мядзьведзь. — На жаль, не атрымалася, бо я быў на турніры. Але асабіста ад сябе падарунак падрыхтаваў і адправіў Паўлу Барадзіну праз знаёмых з СНД. Гэта амаль мэтровы, вельмі прыгожы, арыгінальны кубак, які зрабілі па спэцыяльным заказе ў Варшаве. Выгравіраваў і надпіс: “Майму сябру, паважанаму чалавеку, вялікаму палітыку”. Дарэчы, калі кубак адпраўлялі ў Маскву, яго нават давялося разьбіраць. Такая ўжо канструкцыя...
    Між тым у самога Пал Палыча ці то ад мноства падарункаў, ці то ад сьвяткаваньня раней тэрміну дня нараджэньня, напэўна, закруцілася галава, бо ў інтэрв’ю “Комсомольской правде” ён заявіў, што сталіцай “саюза” дзьвюх дзяржаў будзе Якуцк. Па яго словах, аб гэтым ён раней паведаміў прэзыдэнтам Пуціну і Лукашэнку. “Я ў Якуцку мэрам быў, — растлумачыў Барадзін сваю пазыцыю. — Там “цёпла”. Нават зімой можа “пацяплець” з мінус 52 да мінус 48. І яшчэ таму, што там тэрыторыя 3,2 мільёна квадратных кілямэтраў. Як уся Эўропа”.
    Усё зразумела! На наступны юбілей Барадзіна Аляксандр Мядзьведзь будзе адпраўляць свой падарунак адразу ў Якуцк...
    Алесь Сьвятланіч.
    /Народная воля. Мінск. 3 лістапада 2006./


                                                                На будынку
                            Мінскага цэнтра алімпійскага рэзэрву па барацьбе
                            ўстаноўлена памятная дошка Кастусю Каліноўскаму
    На будынку Мінскага гарадзкога цэнтра алімпійскага рэзэрву па барацьбе імя Аляксандра Мядзьведзя ўстанавілі памятную дошку са скульптурным партрэтам Кастуся Каліноўскага і яго кароткай біяграфіяй. Зрабілі гэта яшчэ ў сярэдзіне ліпеня без асаблівых урачыстасьцяў.
    Гэтая дошка з 1988 года па 1998-ы вісела на будынку кінатэатра “Вільнюс”, што па вуліцы Каліноўскага, 55, але потым зьнікла. Пасьля яе адшукалі і перадалі на захаваньне і аднаўленьне ў Першамайскае ЖРЭА, таму што будынак быў на рэканструкцыі. Кінатэатар “Вільнюс” пасьля рэканструкцыі стаў Палацам барацьбы.
    Нядаўна маладзёжная арганізацыя “Альтэрнатыва” правяла кампанію за ўстанаўленьне помніка Кастусю Каліноўскаму на названай у яго гонар менскай вуліцы. Зварот у гарвыканкам быў накіраваны 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Менскага гарсавета, міністру культуры, старшыні Мінгарвыканкама. Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквэр, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспэктам Незалежнасьці. Паблізу — Усходнія могілкі, дзе пахаваныя дзеячы беларускай культуры, штогод тут праходзіць шэсьце ў Курапаты.
    Усяго было сабрана 4.000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Менску, 3.500 з іх былі пасланыя ўладам.

                                                      Аляксандар Мядзьведзь супраць
    Прадстаўнік “Артсядзібы” Мікіта Броўка, распавёў, што Аляксандар Мядзьведзь не вельмі задаволены тым, што на спартовым аб’екце, названым яго імем, вісіць дошка Каліноўскаму.
    - Праблема ў тым, што гэтым, як распавёў ахоўнік будынка, не задаволены сам Мядзьведзь, у гонар якога ў прынцыпе і названы гэты Палац барацьбы. Прычым той кажа, што якое дачыненьне мае Каліноўскі да барацьбы? Людзі вельмі часта не чытаюць шыльду і думаюць, што гэта ці ягоны тата, ці дзед. Фатаграфуюцца на фоне шыльды, думаючы, што гэта нейкі родзіч Аляксандра Мядзьведзя.
    Са спасылкай на ўсё таго ж ахоўніка, Мікіта Броўка адзначае, што Аляксандр Мядзьведзь сябруе са старшынём Менгарвыканкаму Аляксандрам Ладуцькам, якога паспрабуе пераканаць у неабходнасьці зьняць шыльду памяці Каліноўскаму з Цэнтра алімпійскага рэзэрву.
    Шурык Трус,
    Койданава.