вторник, 2 декабря 2014 г.

Бэйла Крэва. Арыштант Бэрка. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                                           АРЫШТАНТ  БЭРКА
    Бэрка Эльяшэвіч Мілейкоўскі – нар. у 1870 г. у сям’і мешчаніна мястэчка Крэва Ашмянскага павета Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі, чалец Віленскай арганізацыі БУНДа.
    Быў арыштаваны ды зьняволены ў Віленскую турму. За супраціў турэмнаму начальству 6 сакавіка 1898 года Віленскай судовай палатай быў прысуджаны да 1 году турэмнага зьняволеньня, па заканчэньні якога, паводле заказу ад 22 красавіка 1898 г., падлягаў высыланьню ва Ўсходнюю Сыбір, а Іркуцкім генэрал-губэрнатарам месцам жыхарства яму была прызначаная Алёкмінская акруга Якуцкай вобласьці.
    Быў дастаўлены ў м. Алёкмінск 1 ліпеня 1899 г. Добраахвотна за ім паехала жонка Сара Готлібаўна з двума дзецьмі. У ліпені 1899 г. ён быў паселены ў Мальжэгарскай сельскай грамадзе Алёкмінскай інародчаскай воласьці. Жыў з сям’ёй на казённы кошт. У траўні 1901 г. падаў прашэньне губэрнатару аб адлучцы ў Якуцкую акругу для найманьня на працу па ўстаноўцы тэлеграфных слупоў ад м. Алёкмінска да м. Якуцка. Дазвол губэрнатара быў атрыманы пад заруку кіраўніка будаўніцтва.
    З набліжэньнем заканчэньня тэрміну ссылкі 4 красавіка 1902 г. ён падаў прашэньне на імя генэрал-губэрнатара аб дазволе адным з апошніх параходаў навігацыі 1902 г. выехаць у м. Верхаленск Іркуцкай губэрні і там скончыць тэрмін ссылкі. Дазвол быў атрыманы ў кастрычніку 1902 г.
    Алёкмінскі акруговы спраўнік 6 лістапада 1902 г. адправіў яго разам з сямействам этапным парадкам з Алёкмінска ў распараджэньне Верхаленскага павятовага спраўніка.
    Знаходзіўся да канца тэрміна ссылкі 8 студзеня 1903 г. у Верхаленску і разам з сямействам выехаў на жыхарства ў Вільню, дзе паводле распараджэньня Дэпартамэнта паліцыі ад 22 студзеня 1903 г. быў падпарадкаваны тайнаму нагляду паліцыі.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. . С. 66, 125, 138, 142, 193, 288-289, 472.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 66, 125, 138, 142, 193, 288-289, 472.
    Бэйла Крэва,
    Койданава