пятница, 7 ноября 2014 г.

Валеры Кнігар. Дырэктар Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі. Койданава. "Кальвіна". 2014.




    Раман Сьцяпанавіч Матульскі нарадзіўся 16 жніўня 1961 г. у в. Навасельцы Жыдачаўскага раёна Львоўскай вобласьці УССР. У 1979 году скончыў Самбарскую культурна-асьветную вучэльню, а затым у 1983 г. Менскі інстытут культуры ў БССР. Бібліятэкар Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна (1983).
    У 1983-1985 служыў у Савецкім войску, пасьля бібліятэкар Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна (1985-1986), затым бібліятэкар, мэтадыст, заг. аддзелу камплектаваньня бібліятэкі Менскага інстытута культуры (1986-1988).
    Асьпірант Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры (1988-1991). Выкладчык, ст. выкладчык, дацэнт катэдры бібліятэказнаўства Менскага інстытута культуры (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтва) (1991-1998); дэкан ф-ту бібліятэчна-інфармацыйных сістэм БДУК (1998-2003).
    Ад 2003 гады дырэктар дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”.
    У 2008 г. пабываў у Рэспубліцы Саха (Якутыя) на міжнароднай канфэрэнцыі пад эгідай ЮНЭСКА “Моўная і культурная разнастайнасьць ў кібэрпрасторы”, якая адбылася 2-4 ліпеня 2008 г. у Якуцку (Расійская Фэдэрацыя) з дакладам на тэму “Дзейнасьць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па захаваньні і разьвіцьцю моўнай і культурнай разнастайнасьці”.
   Мае навуковую ступень - доктар пэдагагічных навук, навуковае званьне - прафэсар. Навуковыя інтарэсы: тэорыя бібліятэчна-інфармацыйных сыстэм, бібліятэчна-інфармацыйны мэнэджмэнт. Апублікавана больш 200 навуковых і навукова-мэтадычных прац, сярод якіх і: Распространение русского языка в Беларуси посредством библиотечно-информационных учреждений. // Вестник Библиотечной Ассамблеи Евразии. Москва. № 1. 2008. – № 1. С. 14–16.
    11 траўня 2012 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала 300 кніжных выданьняў бібліятэцы аграмястэчка Дворышча Дзяржынскага раёна (былы Койданаўскі) Менскай вобл. РБ. Перадача адбылася падчас рэспубліканскай акцыі “Беларускую кнігу - у рэгіёны” Акцыя праводзіцца ў Год кнігі.
    “Перадача кніг - гэта традыцыя ў працы бібліятэкі. На калядныя сьвяты Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка падарыў аднаму з дзіцячых дамоў цэлую бібліятэку, тым самым паказаўшы нам прыклад”, - адзначыў на цырымоніі перадачы кніг дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі доктар пэдагагічных навук Раман Матульскі.
    У дадатак да калекцыі энцыкляпэдый, даведнікаў, падручнікаў, мастацкай і дзіцячай літаратуры бібліятэцы аграмястэчку перададзенае “Слуцкое Евангелие”, а таксама дыск, дзе сабрана ўся інфармацыя пра паэта Максіма Багдановіча. Адзначым, што гэтая літаратура найбольш запатрабаваная аграрыямі.
    У адказ старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч перадаў Нацыянальнай бібліятэцы каталёг “Мастера Дзержинщины”, а таксама зборнік вершаў і твораў дзяржынскіх аўтараў.

    Для госьцяў і ўдзельнікаў сьвята ва ўнутраным панадворку Дворышчанскага Цэнтру культуры бібліятэкары арганізавалі экспазыцыю “Дзяржыншчына літаратурная”. Свае вершы пад аплядысмэнты прысутных прачытала Рэгіна Рэўтовіч. А малодшыя школьнікі аграмястэчка ў гэты дзень прайшлі цырымонію прысьвячэньня ў чытачы. Раман Матульскі павіншаваў дзяцей з гэтый падзеяй і ўручыў падарункі. На сьвяце прысутнічаў і Дзяржынскі краязнаўца Лявон Целеш.
    Літаратура:
    Международная конференция «Языковое и культурное разнообразие в киберпространстве». // Вестник Библиотечной Ассамблеи Евразии. Москва. № 4. 2008. С. 13.
    Валеры Кнігар,
    Койданава.