вторник, 4 ноября 2014 г.

Агрыпа Нэрка. Лёс Каэтана Нямеры. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    28-29 студзеня 1945 г. ваенны трыбунал МУС БВА у г Ліда, пад старшынствам палкоўніка Жагрова “без удзелу абвінавачваньня і абароны” разгледзеў “у зачыненым судовым паседжаньні справу па абвінавачваньню Каэтана Іванавіча Нямеры /Немеры/, 1928 г. нар., ураджэнца в. Вялікае Сяло, Лідскага р-на Гродзенскай вобл., б/п, паляка, вучня сярэдняй школы ў в. Жырмуны (9 кл.) і “Выявіў:
    Увесну 1942 года па заданьню польскай антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі “АК” і нямецкіх уладаў была арганізаваная падрыўная група, якая ставіла сваёй задачай барацьбу з Чырвонымі партызанамі і Савецкім актывам. Да гэтай групы далучыўся Нямера Каэтан Іванавіч, які вёў антысавецкую агітацыю сярод насельніцтва, заклікаючы апошніх змагацца з рухам Чырвоных партызан, які расьце, са зброяй у руках адбіраў у насельніцтва харчаваньне, грошы і быдла.
    У ліпені месяцы 1944 г. прымаў удзел у выправе на гор. Вільня, пасьля разгрому белапольскіх атрадаў, вярнуўся на пляцувку Гервянікі, уцягнуў у гэтую арганізацыю новых удзельнікаў. Праводзіў з іншымі бандытамі падпольны сход і ўзброенае зборышча.
    2 верасьня 1944 года яны зьдзейсьнілі напад на памяшканьне сельсавету ў в. Гервянікі, спрабуючы вызваліць арыштаваных белапалякаў - Сечэня і Янкоўскага, і зьнішчыць ахову чырвонаармейцаў, якая там мелася. 3 верасьня 1944 года пад кіраўніцтвам верхавода хэўры Дарьмята Казімера, які забіты, Нямера, разам з групай хэўры, у колькасьці 25-30 чал., узброеныя вінтоўкамі, аўтаматамі і кулямётамі, абстралялі ў памяшканьні с/с старшыню і сакратара ды некалькіх чырвонаармейцаў, якія знаходзіліся там, разагналі канвой і вызвалілі арыштаваных, а 4 верасьня паўторна абстралялі памяшканьне і падпалілі яго…”
    На падставе вышэйпададзенага в/т прыгаварыў яго па арт. 63-1 КК БССР да 10 гадоў зьняволеньня ў папраўчых лягерах і паражэньнем у правах на 5 гадоў.
    На радзіме ў Каэтана Нямеры засталіся: бацька - Ян Станіслававіч, 1882 г. нараджэньня; маці - Алена Язэпаўна, 1890 г. нараджэньня; сястра - Дзякевіч Яніна Іванаўна, 1921 г. нараджэньня і брат Станіслаў, 1923 г. нараджэньня.
    10 студзеня 1948 г. Каэтан Нямера быў прыняты Індлягам, а 27 траўня 1949 г. сьпісаны ў Асобляг № 5, адкуль 24 студзеня 1953 г. паводле нараду “А” МДБ СССР № 18/10/3-299950 ад 12. студзеня 1952 г., быў накіраваны “у ссылку на паселішча ў раён Калымы”, а жыхарствам яму вызначылі “капальню Перамога ІТУ ў 80 км. ад цэнтра п. Вусьць-Нэра”.
    Спачатку на капальні ён працаваў рознарабочым, а затым тэхнарадчыкам і табельшчыкам.
    21 красавіка 1954 г. Каэтана Нямеру ад ссылкі вызвалілі, бо ён быў прызнаны інвалідам 2-й групы, а з работы звольнены 26 красавіка 1954 г. па арт. 47 “у”, па прычыне хваробы, з выездам у цэнтральныя раёны краіны, а для падлячэньня здароўя накіраваны ў райбальніцу п. Дэбін Ягадзінскага р-на Магаданскай вобласьці. Але было запозна. Каэтан Нямера, паводле “Пасьведчаньня аб сьмерці” № 136 памёр 1 кастрычніка 1954 года ад сылікознагу тубэркулёзу.
    Ягоная маёмасьць: грошы 73 рубля, аблігацыі на суму 190 рублёў і гадзіньнік тыпу “Маланка” былі адасланыя ягонаму бацьку.
    /Па матэрыялах асабістай справы ссыльнапасяленца Нямера К. І. № 11187, якая захоўвалася ў Архіве МУС РС(Я), арх. № 1-11557, пачатай 24 студзеня 1953 - скончанай 20 лістапада 1954 г./
   Літаратура:
    Barkouski A.  Losy Kajetana Niemiero. Z Archiwum Ministerstwa Spraw Wewnętrznych Republiki Sacha (Jakucja). // Zesłaniec. Nr. 15. Wrocław. 2004. S. 91-92.
   Агрыпа Нэрка,
    Койданава.