вторник, 11 ноября 2014 г.

Янафа Сток. Фрыдман. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                             САСЛАНЫ  ФРЫДМАН
    Рубін Енохавіч /Неухович, Наумович/ Фрыдман /Фридман/ нарадзіўся ў 1876 г. у сям’і мяшчанаў губэрнскага м. Вільня Расейскай імпэрыі.
    Папяросьнік. У рэвалюцыйным руху ўдзельнічаў ад 1892 года, вёў прапаганду ў сацыял-дэмакратычных гуртках.
    Выехаў за мяжу і па вяртаньні, у 1896 г., пасяліўся ў Беластоку, працаваў у нелегальнай друкарні групы “Рабочее знамя”.
    Арыштаваны ў 1898 г. у Беластоку і зьняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасьць. Наказам ад 23 лютага 1900 г. высланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 5 гадоў і Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам спачатку быў прызначаны ў Якуцкую акругу Якуцкай вобласьці, але потым 6 красавіка 1900 г., пераназначаны ў акруговы горад Алёкмінск Якуцкай вобласьці.
    Прыбыў туды разам з жонкай Раісай /Рашэль/ Якаўлеўнай, у дзявоцтве Страж, якая нарадзілася ў 1876 г. у сям’і мешчаніна, краўчыха, адна з актыўных дзеячаў кіеўскага “Саюза барацьбы за вызваленьне працоўнага клясу”, арыштаваная ў сакавіку 1898 г. і наказам ад 22 сакавіка 1900 г. высланая ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 4 гады, 17 жніўня 1900 г. З прычыны адсутнасьці акушэркі ў горадзе, ягоная жонка, якая была цяжарнай, атрымала дазвол губэрнатара і ў чэрвені-жніўні 1901 г. адлучылася ў м. Якуцк.
   Рубін маючы пашпарт на імя селяніна Палішчука, 26 верасьня 1902 г. зьдзейсьніў уцёкі з Алёкмінска на параплаве, але 2 кастрычніка быў затрыманы ў Кірэнску Іркуцкай губэрні ды з чарговай партыяй ссыльных дастаўлены ў Алёкмінск.
    За ўцёкі губэрнатарам 28 сакавіка 1903 г. ён быў пераназначаны у акруговае места Верхаянск і 18 траўня адпраўлены ў Якуцк, куды за ім выехала 14 чэрвеня 1903 г. ягоная жонка. Зьвярнуўся з прашэньнем да губэрнатара, з прычыны таго што з ім разам рухаецца жонка і паўтарагадовы сын, пераназначыць яго ў Вілюйск.
    Неўзабаве ён атрымаў перапрызначэньне ў Вілюйск, куды і быў адпраўлены разам з сынам на параплаве 22 чэрвеня 1903 г. Жонка па хваробе засталася ў абласным цэнтры Якуцку і толькі пасьля выздараўленьня, 29 ліпеня 1903 г., была адпраўленая ў Вілюйск. Тэрмін ссылкі ў яе скончыўся 22 сакавіка 1904 г., але так як яна не мела ўласных сродкаў, у той жа дзень Вілюйскае акруговае паліцэйскае ўпраўленьне адправіла яе на казённы рахунак пад канвоем у Якуцк. Выехала з Якуцка 11 чэрвеня 1904 г. на жыхарства ў Варшаву.
    Рубін быў вызвалены ад ссылкі маніфэстам 11 жніўня 1904 г. і адпраўлены з Вілюйска 4 лістапада 1904 г. у Якуцк.
    Выехаў з Якуцка на жыхарства ў Варшаву 15 лістапада 1904 г. Па вяртаньні са ссылкі жыў у Пецярбурзе, Севастопалі, у Закаўказьзі, працаваў у мясцовых сацыял-дэмакратычных арганізацыях. Працаваў у нафтавай прамысловасьці. Быў арыштаваны ў 1910 г. і высланы за межы Каўказу.
    Да 1917 г. нахадзіўся на нелегальным становішчы. Пасьля 1917 г. працаваў у сыстэме нафтавай прамысловасьці, у 1920 г. надзвычайны упаўнаважаны СТО РСФСР ва Ўрала-Эмбенскім раёне, жыў у м. Гур’еў, у 1922-1923 гг. старшыня праўленьня трэста “Эмбанафта”.  У 1935 г. зьяўляўся дырэктарам валютна-фінансавага сэктара Саюзнафтаэкспорту.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якуцк. 1995. С. 93, 122, 170, 193, 293-294, 476.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 93, 122, 170, 193, 293-294, 476.
    Янафа Сток,
    Койданава.