понедельник, 3 ноября 2014 г.

Лазар Ігумен. Гімназіст Лімпан. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Лімпан Лейба [Лев, Леонид] Лейзеравіч [Лазарев; Лазаревич] Берман – нар. у жніўні 1868 г. у в. Сяліба Ігуменскага вуезда Менскай губэрні Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і безьзямельнага селяніна /Паходзіў з мяшчанаў Менскай губэрні/.
    У 1878 г. паступіў у Менскую гімназію, а ў 1878 г. перавёўся ў Рыбінскую гімназію, якая знаходзілася ў Яраслаўскай губэрні. У 1884 г. уваходзіў у рыбінскі нарадавольскі гурток вучнёўскай моладзі (мянушка “Лейба”), вёў прапаганду сярод гімназістаў, быў касірам гуртка, распаўсюджваў рэвалюцыйную літаратуру. Калі вучыўся ў VII клясе то ў 1886 г. быў прыцягнуты да дазнаньня па справе рыбінскага гуртка. Быў выключаны з гімназіі ды па высачэйшаму загаду ад 2 сьнежня 1887 г. высланы пад галосны нагляд паліцыі ва Ўсходнюю Сыбір на 3 гады ў распараджэньне Іркуцкага генэрал-губэрнатара. Напрыканцы траўня 1888 г. адпраўлены з Масквы ў Сыбір.
    У сьнежні 1888 г. часова быў паселены ў м. Якуцк Якуцкай вобласьці. За “Манастыроўскі супраціў” 22 сакавіка 1889 г. у Якуцку быў арыштаваны. Прыгаворам ваенна-суднай камісіі ў Якуцку ад 13 чэрвеня 1889 г., як непаўналетні, быў прысуджаны да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і да 10 гадоў катаржных прац. Пры канфірмацыі прыгавору часовым камандуючым войскамі Іркуцкай ваеннай акругі генэрал-маёрам Вяроўкіным катаргу зьменшылі да 8 гадоў. Пакараньне адбываў, разам з іншымі “манастыроўцамі” адразу ў Вілюйскім астрозе (Вілюйскай катаржнай турме).
    Увесну 1892 г. быў пераведзены ў Акатуйскую катаржную турму. За ўжываньнем найвышэйшага загаду 17 красавіка 1891 г., тэрмін катаржных прац скарочаны на адну траціну. У канцы 1892 г. звольнены на жыхарства па-за турмой у Кадаінскім рудніку, а 12 верасьня 1893 г. ад катаржных прац, за канчаткам тэрміна, і адпраўлены на пасяленьне под нагляд паліцыі ў Прэабражэнскую воласьць Кірэнскай акругі Іркуцкай губэрні. Па высачэйшым загадзе ад 22 лютага 1895 г. пераведзены ў разрад сасланых на жыцьцё ў Сыбір, з частковым аднаўленьнем у правах і з правам з 7 жніўня 1895 г. вярнуцца ў межы Эўрапейскай Расеі пад умовай падначаленьня на 3 гады галоснаму нагляду паліцыі ў межах габрэйскай аселасьці, па-за ўнівэрсытэцкімі гарадамі. У лістападзе 1895 г. паселены пад галосны нагляд у Вільні. Займаўся перапіскаю і перакладамі.
    Па вызваленьні 7 жніўня 1897 г. ад галоснага нагляду быў падпарадкаваны па распараджэньні дэпартамэнту паліцыі ад 12 верасьня 1897 г. сакрэтнаму. У 1899 г. западозраны ва ўдзеле ў віленскім рэвалюцыйным габрэйскім кружку. Па цыркуляры дэпартамэнту паліцыі ад 12 сакавіка 1903 г. сакрэтны нагляд спынены. Прымаў удзел у забастоўцы чыгуначнікаў у рэвалюцыі 1905 г. Не ўваходзячы афіцыйна ў партыю эсэраў, садзейнічаў ёй. У 1917 г. увайшоў у партыю, але незадоўга да Кастрычніцкага перавароту выйшаў з яе, нязгодны з тактыкай эсэраў.
     Жыў у Кіеве, працаваў у чыгуначным упраўленьні, потым, кілі выйшаў на пэнсію, пакінуў працу. Займаўся архіўнай і літаратурнай працай па гісторыі рэвалюцыйнага руху. Быў рэдактарам Кіеўскіх паліткатаржных зборнікаў “Из эпохи борьбы с царизмом”.
    Беспартыйны. Уваходзіў у Таварыства паліткатаржанаў і ссыльна-пасяленцаў. Білет чальца № 234.
    Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 131-133, 138, 168.
    Берман Леонид Лазаревич. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 63.
    Лазар Ігумен,
    Койданава.