суббота, 15 ноября 2014 г.

Язэп Барэйка. Рачнік Барэйша. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Антось /Антон/ Сьцяпанавіч Барэйша /Борейшо/ нар. у 1858 г. на хутары Любопаль Марачанскай воласьці Пінскага вуезда Менскай губэрні Расейскай імпэрыі, у сялянскай сям’і.
    Вучыўся ў Пінскім рэальным вучылішчы, а пасьля заканчэньня Беластоцкага рэальнага вучылішча паступіў у 1877 годзе ў Тэхналягічны інстытут у Санкт-Пецярбургу, але быў выключаны з другога курсу за ўдзел у студэнцкіх беспарадках. З-за гэтага не быў прыняты ў Пятроўскую земляробчую акадэмію і ў 1879 г. жыў у в. Бацішчава Смаленская губэрні у “інтэлігенцкай супольнасьці” прафэсара А. М. Энгельгардта, у сувязі з чым быў падпарадкаваны паліцэйскаму нагляду.
    У Санкт-Пецярбург вярнуўся у студзені 1880 года Пад уплывам таварыша па Беластоцкаму рэальнаму вучылішчу Ігнася Грынявіцкага, разам з якім ён жыў, увайшоў з восені 1880 года ў нарадавольскую працоўную групу.
    У канцы сьнежня 1880 года працаваў у нарадавольскай лятучай друкарні на Траецкай вуліцы, дзе друкавалася “Рабочая газета”  Ад студзеня па сакавіка 1881 года працаваў у нарадавольскай друкарні на Падольскай вуліцы.
    У пачатку сакавіка 1881 года зьехаў у Маскву па пашпарце Гарбунова, дзе ўдзельнічаў у абмеркаваньнях пляну прапаганды сярод працоўных.
    У верасьні 1881 года вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, дзе жыў пад прозьвішчам Ігнацьеў. Удзельнічаў у сходах нарадавольцаў і вёў прапаганду сярод працоўных.
    18 сьнежня 1881 года быў арыштаваны ў Санкт-Пецярбургу пад прозьвішчам селяніна Аляксея Мікалаева і 26 сьнежня 1881 года зьняволены ў Трубяцкі бастыён Петрапаўлаўскай крэпасьці, а 7 студзеня 1882 года пераведзены ў Дом папярэдняга зьняволеньня; зноў утрымліваўся ў Трубяцкім бастыёне ад 14 сакавіка 1882 года па 23 сакавіка 1883 года, пасьля чаго ізноў быў пераведзены ў Дом папярэдняга зьняволеньня. Прыцягнуты да дазнаньня па справе тэрарыстычнай фракцыі рускай сацыяльна-рэвалюцыйнай партыі. Раскаяўся і даў падрабязныя паказаньні. Па высачайшаму загаду ад 2 лютага 1883 года быў адданы суду.
    Судзіўся з 28 сакавіка па 5 красавіка 1883 года ў Асобай Прысутнасьці Правячага Сэнату па працэсе 17-ці ды быў прысуджаны да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і да катаржных работаў у рудніках на 15 гадоў, але суд пахадайнічаў аб замене гэтага пакараньня ссылкай на пасяленьне ў аддаленыя месцы Сыбіры з пазбаўленьнем усіх правоў стану. Па найвышэйшай канфірмацыі прысуду 28 мая 1883 года сасланы ў менш аддаленыя месцы Сыбіры з пазбаўленьнем усіх правоў стану. Уселены ў акруговае месца Кірэнск Іркуцкай губэрні.
    Каля 1886 года быў пераведзены ў вёску Варонінскую ля Кірэнску. У 1889 годзе пераехаў з дазволу ўладаў на Ілімскі саляварны завод у Кірэнскай акрузе, дзе атрымаў месца працы.
    У 1888 годзе ажаніўся на Сафіі Андрэеўне Івановай (псэўд. Ванька, Шушка), якая нарадзілася ў кастрычніку 1856 г. ва ўр. Хан-Кенды Шушэнскага вуезда Шэмахінскай губэрні Расійскай імпэрыі, у шматдзетнай сям’і камандзіра падразьдзяленьня 16 Мінгрэльскага егерскага палка маёра Андрэя Іванова. У 1872 г. выехала ў Маскву, працавала швачкай, увайшла ў нарадавольскую арганізацыю. У 1979 г. выйшла замуж за нарадавольца Квяткоўскага Аляксандара Аляксандаравіча [(1852, Томск — 4 (16) лістапада 1880 Санкт-Пецярбург) — нарадаволец, мянушка Аляксандар I, удзельнік замаху на цара Аляксандра II,
пакараны сьмерцю. Сын Аляксандар Аляксандаравіч Квяткоўскі (1880-1884) - памёр ад дыфтэрыі.] Удзельнічала ў працэсе 16-ці, які праходзіў з 25 па 30 кастрычніка 1880 г. у Санкт-Пецярбурскім ваенна-акруговым судзе. Па прысудзе суда атрымала чатыры гады катаргі і была адпраўлена ў Сыбір этапным парадкам. На Кару прыбыла ў красавіку 1883 гады. Вясной 1885 г. выйшла на паселішча ў акруговае места Кірэнск Іркуцкай губэрні.
     Па ужываньні да яго ў 1890 г. маніфэста 15 траўня 1883 года, а ў 1892 годзе — найвышэйшага указа 17 красавіка 1891 года Антось Барэйша атрымаў права прыпіскі ў мяшчане, а па заканчэньні 14-гадовага тэрміну ссылкі (з 7 жніўня 1883 года) — права абраць месца жыхарства па-за сталіцай і сталічнымі губэрнямі з падначаленьнем на 5 гадоў галоснага нагляду і з аднаўленьнем некаторых правоў.
    У 1892 г. быў пераведзены ў акруговае места Ніжневудзінск Іркуцкай губэрні і ў 1893 г. прыпісаны да ніжнеўдзінскай мяшчанскай грамады.
    У 1892 г. атрымаў месца дарожнага майстра ў с. Кімільтэй Ніжневудзінскі акругі Іркуцкай губэрні.
    У 1895-1900 гадах жыў у Кірэнску, служачы на параплаве “Сынок” гандлёва-прамысловай кампаніі “Громава А. І. і сыны”, наведваў Якуцкую вобласьць.
    У 1900 г. выехаў з Сыбіры і з 1902 г. жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, служачы ў волжскім параходзтве Санкт-Пецярбурскай страхавой і транспартнай кампаніі “Надзея”.
    Памёр у 1924 годзе у Кірэнску.
    Сафія Андрэеўна Барэйша-Іванова ў 1914 году пераехала ў Маскву. Да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года працавала ў нелегальным Чырвоным Крыжы які дапамагаў палітычным катаржанам, што былі зьняволеныя ў розных местах. Памерла ў 1927 г. ў Маскве і пахаваная на Новадзявочых могілках. Мела дачку Алену Антонаўну Барэйша (1888-1970).
    Творы:
    К процессу 17-ти. // Былое. 1907. № 11. С. 295-299.
    Літаратура:
    Процесс 17-ти народовольцев в 1883 году. // Былое. № 10. 1906.
    Жуковский-Жук.  Ушедшие... Антон Степанович Борейшо. // Каторга и ссылка. Кн. 1 (14). 1925.
    Карнейчык Я. І.  Барэйша Антон Сцепанавіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. ІІ. Мінск. 1970. С. 172.
     Ласінскі М. Б., Чарапіца В. М.  Барэйша Антон Сцяпанавіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мінск. 1993. С. 327.
    Барэйша Антон Сцяпанавіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 2. Мінск. 1996. С. 336.
    Язэп Барэйка,
    Койданава.