вторник, 11 ноября 2014 г.

Лізавета Слодыч. Тапелец Цукерман. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                                           ТАПЕЛЕЦ  ЦУКЕРМАН
    Лейзер [Лазарь, Элиезер] Ёселевіч [Иосифович] Цукерман – нар. ў 1852 г. у губэрнскім месьце Магілёў Расейскай імпэрыі ў заможнай рэлігійнай габрэйскай сям’і. Паходзіў з купецкіх пляменьнікаў Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі. Вучыўся ў хедары, затым у Магілёўскай гімназіі, дзе ўдзельнічаў у дзейнасьці кружка самаадукацыі габрэйскай моладзі, пісаў вершы, якія распаўсюджваліся нелегальна.
    Вучобу працягнуў у Кіеўскім унівэрсытэце, дзе далучыўся да габрэйскай студэнцкай сацыялістычнай групы, якую ўзначальваў П. Аксельрод. Аповяды Цукермана на іўрыце друкаваліся ў часопісах “Ха-Меліц” і “Ха-Магід”.
    У 1874 г. прыехаў у Вену, дзе пазнаёміўся з П. Смаленскіным, а праз некаторы час пачаў працаваць наборшчыкам у друкарні, дзе друкаваўся часопіс “Ха-Шахар”. У ім былі апублікаваны публіцыстычныя працы Цукермана “Олам хафух” (“Перавернуты сьвет”) і “Рэ’айон мі’-олам ха-зе ў-мі-‘олам ха-ба” (“Ідэя гэтага сьвету і сьвету будучыні”), у якіх ён выкладаў сацыялістычныя погляды.
    Пераехаўшы а Бэрлін, Цукерман пазнаёміўся з А. Ш. Ліберманам і далучыўся да расейска-габрэйскай моладзевай камуны. Цукерман удзельнічаў у стварэньні ў траўні 1878 г. Агуддат ха-социалистым ха-‘иврым (Зьвяз габрэйскіх сацыялістаў) і, па меркаваньні шэрагу дасьледнікаў, быў адным з аўтараў ягонай праграмы (апублікавана ў 1880 г. у Жэнэве), якая заклікала аднадумцаў ісьці “у народ” і весьці прапаганду на ідыш. Цукерман дапамагаў А. Ш. Ліберману выдаваць з траўня 1877 г. часопіс “Ха-Эмет” (Вена, №1-3).
    У 1879 г. Цукерман па просьбе рускіх народнікаў вярнуўся ў Расейскую імпэрыю і пачаў працаваць наборшчыкам падпольнага часопіса “Народная воля” які выдаваўся ў Пецярбургу.
    Быў арыштаваны 17 студзеня 1880 г. пры ўзяцьці жандарамі друкарні “Народнай волі” ў Сапёрным завулку ў Пецярбурзе, дзе аказаў разам з хаўрусьнікамі ўзброены супраціў жандарам і паліцыі.

    Судзіўся па працэсу “16-ці” і быў асуджаны ад 31 кастрычніка 1881 г. да 15 гадоў цяжкіх працаў. Затым гэты тэрмін быў скарочаны да 8 гадоў. Пакараньне адбываў на Кары ў Забайкальскай вобласьці.
    Пасьля пяці гадоў зьняволеньня быў пераведзены на паселішча ў Батурускі ўлус Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці, дзе 18 ліпеня 1887 г. патануў ў рацэ Амга.
    Пасьмяротна былі апублікаваны ягоныя вершы на ідыш: у складанцы “Ройтэр пінкас” (“Чырвоны летапіс”, Варшава, 1921), у складанцы “Ды ідышы соцыалістышэ бавегунг біз  дер грындунг фун Бунд” (“Габрэйскі сацыялістычны рух да заснаваньня Бунда”, Вільня, 1939). Аповяды і артыкулы на іўрыце выдадзены ў складанцы “Кітвей Э. Цукерман” (“Творы Э. Цукермана”, 1940).
    Літаратура:
    Былое, ІХ, 1906.
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 227.
    Лізавета Слодыч,
    Койданава.