пятница, 7 ноября 2014 г.

Міша Сілаў. Пераплётчык Луры. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Аляксандар Рыгоравіч [Григорьевич] Луры [Лурий, Лури, Лурьи] – нарадзіўся ў губэрнскім м. Вільня Расейскай імпэрыі у габрэйскай мяшчанскай сям’і (па іншым зьвесткам у в 1857 г. у м. Мікалаеў Херсонскай губэрні Расейскай імпэрыі).
    Навучаўся ў Мікалаеўскай гімназіі з якой быў адлічаны з 4-га клясу з-за свавольства. Працаваў пераплётчыкам. Уваходзіў ў мікалаеўскі рэвалюцыйны гурток, які рыхтаваў замах на самадзержца расейскага Александра II, сходы якога праходзілі на ягонай кватэры, куды прыходзілі таксама распрапагандаваныя матросы.
    Арыштаваны 6 жніўня 1878 г. і зьняволены ў Адэскую турму. 5 жніўня 1879 г. Адэскім акруговым судом (працэс 28-мі) быў прыгавораны да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і ссылцы да 10 гадоў ў цяжкія працы, але па хадайніцтву суду тэрмін катаржных працаў быў скарочаны да 6 (4) гадоў, з 21 жніўня 1879 г. па 26 кастрычніка 1883 г.
    21 жніўня 1879 г. ён быў адпраўлены з Масквы ва Ўсходнюю Сыбір. 8 сакавіка 1880 г. ён быў дастаўлены на Кару, у Забайкальскай вобласьці.
    У кастрычніку 1883 г. выйшаў на пасяленьне ў Якуцкую вобласьць. Па прыбыцьці ў Якуцк быў прызначаны ў Мегінскі ўлус Якуцкай акругі, дзе атрымаў 15 дзесяцінаў зямлі і заняўся земляробствам. Пасьля таго як тры гады запар перанёс неўраджаі, заняўся пераплётнай справай. Каб атрымаць больш заказаў пачаў хадайнічаць аб пераводзе бліжэй да гораду.
    У 1888 г. быў перапрызначаны ва Ўсходне-Кангаласкі ўлус, што дазволіла яму часьцей прыяжджаць у горад за заказамі. Ад 1889 г. жыў у Мегінскім ды Заходне-Кангаласкім улусах.
    У сярэдзіне 1892 г., з-за пералому ключыцы і ейнага няправільнага зросту атрымаў дазвол жыць у м. Якуцк і паступіць у якую-небудзь гандлёвую фірму або да прыватнай асобы, так як пераплётнай справай займацца не дазваляла рука. Не будучы ў стане знайсьці якую-небудзь справу, што Луры тлумачыў боязьзю мясцовых жыхароў весьці хоць якое знаёмства з “палітычнымі”, ён пачаў хадайнічаць аб выезьдзе з Якуцкай вобласьці.
    Быў пераведзены ў Іркуцк, служыў у канторы Громавых. Атрымаўшы дазвол навігацыю 1894-1898 гг. наведваў на адным з параплаваў Якуцк, служачы памочнікам капітана.
    15 лістапада 1924 года памёр ў Іркуцку.
    Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 197.
    Лурий (Лури, Лурьи) Александр Григорьевич. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. ІІ. Семидесятые годы. Выпуск IІ. Москва. 1930. Стлб. 816-818.
    Міша Сілаў,
    Койданава