четверг, 13 ноября 2014 г.

Зісла Стайнік. Небарака Касьпяровіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                                         КАНАКРАД  КАСЬПЯРОВІЧ
    З “Артыкульнага сьпісу” ссыльнага Казімера Касьпяровіча, бачна, што ён па веравызнаньні “рыма-каталік”, а паходзіў з сялянаў Гарадзенскай губэрні Бельскага павету вёскі Праневічы. Таварыш міністра ўнутраных спраў, ад 22 траўня 1876 г. за № 1654, апавясьціў Віленскага генэрал губэрнатара, што ў 14 дзень, таго жа траўня, Найвысока дазволена, селяніна Казімера Антонава Касьпяровіча, які займаецца канакрадзтвам, выслаць ва Ўсходнюю Сыбір адміністрацыйным парадкам на заўсёднае там жыхарства. Па загаду спадара старшыні ў Радзе галоўнага кіраваньня Ўсходняй Сыбіры, ад 29 верасьня 1876 году за № 3820, Касьпяровіч быў прызначаны “на жыхарства ў Якуцкую вобласьць”. На радзіме ў яго засталіся “законная жонка і сын”. У Якуцк Казімер Касьпяровіч быў дастаўлены 1 лютага 1877 года, а 8 лютага ён быў прылічаны да “Амгінскай сялянскай грамады Якуцкай акругі”.
    Праз 10 гадоў Казімер Касьпяровіч зьвярнуўся да: “Ягонага Правасхадзіцельства Спадара Якуцкага Губэрнатара Сьвятліцкага”, які паходзіў з дваранаў Гарадзенскай губэрні, з прашэньнем:
    “Ужо дзесяць гадоў я пражываю стала ў месьце Якуцк, пры гэтым прыкладаю грамадзкую ўхвалу ад старасты, што знаходзіўся на службе пры гарадзкой пажарнай камандзе пяць гадоў і, калі быў на пажары, ломячы дах, зваліўся, з-за чаго зрабіўся навечна калекай.
    А ў цяперашні час пражываю ў грамадзкай мяшчанскай багадзельні і атрымоўваю ад Гарадзкой управы сабе на пражытак.
    А таму цяпер, у сілу Найміласьцівейшага Маніфэста 15 траўня 1883 года, прыпадаючы да ступняў Вашага Правасхадзіцельства, адважваюся прасіць зрабіць начальніцкае Вашае распараджэньне, аб вяртаньні на свой рахунак да свайго сямейства ў Бельскі павет Гарадзенскай губэрні, а калі па меркаваньні Вашага Правасхадзіцельства, гэта будзе немагчыма, то аказаць літасьць дазволіць у найбліжэй да гэтай губэрні, дзе б я мог дастаць сваё сямейства.
    На што маю шчасьце чакаць Найміласэрнай рэзалюцыі Вашага Правасхадзіцельства.
    29 студзеня 1887 г.
    Да гэтага прашэньня, па непісьменнасьці і па асабістай просьбе селяніна Казімера Касьпяровіча руку прыклаў якуцкі мешчанін Інакенцій Пятроў Манастыроў.
    Жыхарства маю ў горадзе Якуцку ў будынку Грамадзкай мяшчанскай багадзельні”.
    Далейшых зьвестак аб лёсе Казімера Касьпяровіча пакуль выявіць не атрымалася.
    Літаратура:
    Па матэрыялах НА РС(Я), ф. 12-і, воп. 1, спр. 6045, арк. 1.
    Зісла Стайнік,
    Койданава.