суббота, 15 ноября 2014 г.

Тамара Туміловіч. Выгнанец Вісарыён. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Вісарыён Сьцяпанавіч Гарбук – нар. 11 (24) лістапада 1913 г. у в. Шкілякі Полацкага павета Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі, сялянскай сям’і.
    Пасьля сьмерці бацькі ў 1917 г. сямігадовага хлапчука ўзяў да сябе дзядзька Язэп Ключонак, настаўнік пачатковай школы. З яго дапамогай Гарбук скончыў школу сялянскай моладзі ў Чашніках, педтэхнікум у Лепелі. Быў сакратаром камсамольскай ячэйкі пры Дварэцкім сельсавеце Чашніцкага раёну; з 1933 г. пачаў працаваць настаўнікам і вучыцца завочна, з 1935 г. - стацыянарна на літфаку Менскага пэдінстытута. Пісаў вершы, займаўся ў сэкцыі пачынаючых паэтаў пры СП БССР.
    У красавіку 1936 г. беспадстаўна рэпрэсіраваны. Зьняволеньне адбываў на Калыме.
    Вярнуўся ў 1940 г. Больш года працаваў настаўнікам у Мехаўскай школе Гарадоцкага раёну.
    У 1941-1946 гт. - у Чырвонай Арміі. Салдатам у складзе інжынэрных войск прымаў удзел у абароне Масквы, вызваленьні Беларусі, Варшавы, у баях на Вісленскім пляцдарме, Одэры, паставіў свой аўтограф на сьценах Райхстагу.
    Франтавая хвароба амаль на 14 гадоў прыкавала В. Гарбука да шпітальнага ложка. Толькі ў 1960 г. вярнуўся дадому інвалідам Айчыннай вайны першай групы. Поўнасьцю рэабілітаваны ў 1961 г. Жыў у Пяцігорску.
    Літаратурнай працай В. Габрук пачаў займацца ўжо будучы цяжка хворым. Гэта стала для яго адзіная магчымасьцю актыўна ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці. Працаваў літкансультантам (на грамадзкіх пачатках краявой газэты “Кавказская здравница” (Пяцігорск), прымаў удзел у рабоце літаб’яднаньня пры гэтай газэце, пасяджэньні якога адбываліся ў яго на кватэры, вёў шырокую перапіску і інш. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1979). Сябар Саюза Пісьменьнікаў Беларусі з 1963 г.
    Памёр 8 жніўня 1986 г. у м. Пяцігорск Кабардзіна-Балкарскай АССР (РСФСР-СССР) Расія),
    У 1957 г. часопіс “Семья и школа” зьмясьціў ягонае першае апавяданьне “Прагулка ў будучыню”. Пазьней ягоныя творы друкаваліся на старонках беларускіх пэрыядычных выданьняў, у альманаху “Ставрополье” і інш. Пісаў пра гераізм народа ў гады ІІ-й Усясьветнай вайны, расказваў пра надзённыя праблемы і зьявы жыцьця сучаснага грамадзтва. Асабліва ўдаваліся апавяданьні для дзяцей. Перакладаў на беларускую мову і апрацаваў для дзяцей казкі народаў Паўночнага Каўказу. Узнагароджаны мэдалямі.
    Літаратура:
    Савік Л. С.  Гарбук Вісарыён. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 118.
    Махнач Т. М.  Гарбук Вісарыён. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 118-120.
    Гарбук Вісарыён Сцяпанавіч (1913 – 1986) //  Памяць: гісторыка–дакументальная хроніка Полацкага раёна. Мінск. 1999. С. 639.
    Савік Л.  Гарбук Вісарыён Сцяпанавіч. // Сузор’е беларускага памежжа. Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 2014. С. 118.
    Тамара Туміловіч,
    Койданава.