суббота, 15 ноября 2014 г.

Іза Лякарня. Мешчанін Язэп. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Язэп [Иосиф, Осип] Васілевіч Аптэкман [Аптекман] - нарадзіўся 18 сакавіка 1849 года ў сям’і яўрэйскага мешчаніна г. Паўлаграда Кацярынаслаўскай губэрні Расейскай імпэрыі.
    Па заканчэньні гімназіі ў 1870 г. паступіў на мэдычны факультэт Харкаўскага ўнівэрсытэта, у 1871 г. паступіў у Пецярбургскую мэдыка-хірургічную акадэмію, але не скончыў яе, бо ў 1874 г. “пайшоў у народ”. Быў прапагандыстам у Паволжы.
    З’яўляўся адным з арганізатараў і актыўных дзеячаў таварыства “Зямля і воля”. Вёў рэвалюцыйную працу ў Харкаве, Кацярынаславе, Пскоўскай, Пензенскай, Тамбоўскай, Саратаўскай губэрнях. Быў арганізатарам шматлікіх кружкоў.
    Пасьля расколу ў 1879 г. “Зямлі і волі” зрабіўся адным з арганізатараў і відных дзеячаў “Чорнага перадзелу” ды рэдактаваў ейны ворган.
    Быў арыштаваны 28 студзеня 1880 г. і зьняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасьць. Непасрэдна абвінавачваўся па справе друкарні рэвалюцыйнай газэты “Чорны перадзел” і наказам ад 30 ліпеня 1880 г. быў высланы ва Ўсходнюю Сыбір на жыхарства.
    Генэрал-губэрнатар Усходняй Сыбіры 17 кастрычніка 1880 г. месцам ссылкі прызначыў Якуцкую вобласьць. Быў дастаўлены ў м. Якуцк 19 кастрычніка 1881 г. і паселены на жыхарства ва Усьць-Майскае паселішча Якуцкай акругі. Пастановай Адмысловай Нарады ад 9 верасьня 1881 г. яму быў прызначаны 5-гадовы тэрмін ссылкі, лічачы з 9 верасьня 1881 г. Па хваробе 11 красавіка 1883 г. быў пераведзены на жыхарства ў сяло Амгу Якуцкай акругі, дзе заставаўся да жніўня 1886 г.
    Падаў прашэньне аб пераводзе ў горад Алёкмінск для заканчэньня там тэрміна ссылкі. 9 жніўня 1886 г. быў пераведзены ў места Якуцк і якуцкім губэрнатарам пераназначаны ў м. Алёкмінск.
    Быў адпраўлены з Якуцка па параходзе 21 жніўня. Прыбыў у Алёкмінск, дзе заставаўся да 9 верасьня 1886 г.
    Пасьля заканчэньня тэрміну ссылкі выехаў у г. Бахмут Кацярынаслаўскай губэрні.
    У 1886-1889 гадах жыў у Мюнхэну, дзе закончыў мэдычную адукацыю і зблізіўся з сацыял-дэмакратамі. У 1890 [1889] годзе вярнуўся ў Расію і працаваў земскім доктарам у Ніжнім-Ноўгарадзе. У 1893 г. стаў адным з арганізатараў партыі Народнае права.
    У 1896 г. далучыўся да сацыял-дэмакратаў, бо пад уплывам маладых сацыял-дэмакратаў парывае з нарадавольцамі ды прымыкае да РСДРП. Працаваў ва ўфімскай, віленскай і сімбірскай арганізацыях.
    У сьнежні 1905 г. быў арыштаваны ў Вільні і сядзеў да скліканьня 1-й Дзяржаўнай думы Калі быў адпушчаны з-пад арышту пад заклад, то ў 1906 г. выехаў за мяжу ў Швэйцарыю.
    Да І Усясьветнай вайны далучаўся да меншавікоў, потым зрабіўся інтэрнацыяналістам. Вярнуўся ў Расію у г.зв. “плямбіраваным вагоне”, пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Працаваў у гісторыка-рэвалюцыйным архіве. Уваходзіў у Таварыства паліткатаржанаў і ссыльнапасяленцаў. Білет чальца № 1168.
    Памёр у Маскве 8 ліпеня 1926 г.
    Творы:
    Из истории революционного народничества. «Земля и воля» 70-х гг. СПб. 1907.
    Общество «Земля и воля» 70-х гг. по личным воспоминаниям. Петроград. 1924.
    Глеб Иванович Успенский. Москва. 1922.
    Георгий Валентинович Плеханов. Из личных воспоминаний. Ленинград. 1924.
    Василий Васильевич Берви-Флеровский. Ленинград. 1925.
    Літаратура:
    Дейч Л.  Роль евреев в русском революционном движении. Т. 1. Москва - Ленинград. 1925.
    Беркова К. Н.  О. В. Аптекман. // Новый мир. № 11. 1927.
    Аптекман Иосиф Васильевич. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 770;
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 192, 245-246, 466.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 192, 245-246, 466.
    “Чорны перадзел”. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 6. Кн. ІІ. Мінск. 2003. С. 169.
    Іза Лякарня,
    Койданава.