суббота, 15 ноября 2014 г.

Тамара Бандаровіч. Неслух Ісайка. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Ісай Ісаевіч Бондараў [Бондарев] - нар. 22 лістапада 1886 г. на ст. Ціхарэцкай Ейскага вуезда Кубанскай вобласьці Расейскай імпэрыі, у сям’і чыгуначніка [у сям’і селяніна Малінаўскай воласьці Дзьвінскага павету Віцебскай губэрні].
    Па заканчэньні трохкляснага гарадзкога вучылішча, працаваў вучнем у друкарні ў Рызе, затым у малярным цэху чыгуначных майстэрняў. Быў чальцом баявой дружыны партыі эсэраў (“Фама”). У 1904 г. уступіў у бальшавіцкую арганізацыю ў Дзьвінску.
    У 1905 г., ратуючыся ад перасьледаў паліцыі, зьехаў у Сыбір, жыў у Іркуцку, затым у Чыце. Некаторы час працаваў у п. Хілок Забайкальскай вобласьці, удзельнічаў у арганізацыі працоўных гурткоў. 22 студзеня 1906 г. у ліку іншых чыгуначнікаў арыштаваны на ст. Хилок. за арганізацыю замаху на машыніста-чыгуначніка, які адмовіўся супрацоўнічаць з рэвалюцыянэрамі, карнай экспэдыцыяй Мелер-Закамельскага і перададзены разам з іншымі арыштаванымі ў вагон іншай карнай экспэдыцыі ген. Рэненкампфа. Часовым вайсковым судом 14 лютага 1906 г. прысуджаны да сьмяротнага пакараньня, якая была заменена на 10 гадоў катаргі.
    Тэрмін адбываў з 7 сакавіка 1906 г. у Акатуеўскай турме, з 22 лістапада 1910 г. у Кутамарскай турме. За дзёрзкія паводзіны з турэмным начальствам і наглядчыкамі неаднаразова караўся карцэрам на 10 сутак штораз, дзе знаходзіўся закуты ў нажныя кайданы.
    Рашэньнем ваеннага губэрнатара Забайкальскай вобласьці ад 3 кастрычніка 1912 г. тэрмін катаржных прац быў падоўжаны на адзін год з адбываньнем у Зэрэнтуйскай турме. Па заканчэньні тэрміну, 5 кастрычніка 1913 г.. адпраўлены з Чыцінскай турмы праз Аляксандраўскую перасыльную турму на паселішча ў Якуцкую вобласьць.
    Дастаўлены ў Якуцк 12 чэрвеня 1914 г. і якуцкім губэрнатарам прызначаны на пасяленьне ў Хатын-Арынскую сельскую грамаду Якуцкай акругі, адкуль падаў прашэньне губэрнатару аб дазволе, з-за адсутнасьці працы у Хатын-Арынскай, на часовае пражываньне ў Якуцку, дзе знайшоў працу на гарадзкой электрастанцыі. Пераканаўшыся ў наяўнасьці працы, губэрнатар 7 ліпеня 1914 г. дазволіў пражываньне ў горадзе, дзе той і заставаўся да пачатку ліпеня 1916 г.
    4 ліпеня 1916 г. выехаў з Якуцка на жыхарства ў с. Нахтуйскае Алёкмінскай акругі, адкуль выехаў у тым жа годзе на Ленскія залатыя капальні, жыў у Бадайбо.
    Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. вярнуўся ў Петраград, дзе ўладкаваўся работнікам у вагонную майстэрню Паўн.-Зах. чыгункі, быў абраны ў Петраградзкі савет, ў ліпені 1917 г. быў памагатым начальніка Галоўнага упраўленьня зьняволеных. У лістападзе 1917 г. ваенна-рэвалюцыйным камітэтам прызначаны камісарам Варшаўскага вакзала, затым старшынёй нарсуда Нараўскага раёна. У 1918 г. быў тав. сакратара райвыканкама Нараўскага раёна. У канцы 1918 г. пайшоў добраахвотнікам на Нараўскі фронт. Пасьля перайшоў на гаспадарчую працу у Ленінградзе: “Петрараспрэдбаза”, "Мясахоладабойня”, “Судапраект” і г. д.), пражываў па вул. Пятроўская д. ½, кв. 14. Чалец УКП(б).
    Памёр пад час блякады ў лютым 1942 году і пахаваны на Серафімаўскіх могілках.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 200, 442-443, 467.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е доп. Якутск. 1996. С. 200, 442-443, 467.
    Тамара Бандарык,
    Койданава.