среда, 12 ноября 2014 г.

Гэнік Папіхач. Якуцкі матрос Таўкач. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                       ЯКУЦКІ МАТРОС ТАЎКАЧ
    Сямён Аляксандравіч Таўкач /Толкач/, 1883 г. н., які паходзіў з сялянаў Ігуменоўскай воласьці Дзісенскага вуезду Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі, у траўні 1907 г., адбываючы ў Верхневудзінску Забайкальскай вобласьці ваенную службу, быў арыштаваны і прысудам ваеннага суда ад 21 лютага 1908 г. асуджаны за прыналежнасьць да ваеннай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі да 4 гадоў катаржных працаў.
    Па заканчэньні тэрміну зьняволеньня ў Зерэнтуйскай турме (Нерчынскай катаргі) адпраўлены на паселішча ў Якуцкую вобласьць. Прыбыў у Якуцк 14 верасьня 1911 г., і прызначаны быў на жыхарства ў в. Навапакроўскую Амгінскага насьлега. Неўзабаве “часова, дзеля заробкаў”, атрымаў дазвол на пражываньне ў Якуцку, дзе пачаў здабываць сродкі да існаваньня фізычнай працай у “кулака-домаўладальніка”. У Якуцку пазнаёміўся з мясцовым Багданам Чыжыкам (сынам паўстанцкага камандзіра 1863 г. у Менскай губэрні) і падаўся з ім матросам на параплаў “Лена”, а ў навігацыю 1917 г. пачаў працаваць грузчыкам на Якуцкай прыстані. Ад Саюзу грузчыкаў, як кіраўнік, ён вылучаецца дэлегатам у Савет рабочых дэпутатаў. Падвяргаўся з боку эсэраў “гнюснаму паклёпніцкаму ганеньню”. Контррэвалюцыйная Абласная рада кінула яго 29 сакавіка 1918 г. у турму разам з іншымі “актыўнымі барацьбітамі за ўладу Саветаў” у Якуцку.
    З турмы ён быў вызвалены Чырвоным польскім атрадам, які прыбыў з Іркуцка 30 чэрвеня 1918 г. Выканкам Савета рабочых дэпутатаў прызначыў яго чальцом гарадзкога камісарыята.
    З падзеньнем ў жніўні 1918 г. Савецкай улады ў Якуцку ён быў арыштаваны і неўзабаве высланы ў Іркуцк. У іркуцкай турме Таўкач праседзеў больш гаду.
    У лістападзе 1919 г. калчакоўцы адправілі яго ў Забайкальле, дзе ён быў забіты.
    Літаратура:
    В-р.  Памяти т. Толкача. // Октябрьская революция в Якутии. Вып. 1. Сборник воспоминаний. Якутск. 1928.
    Толкач Семен Александрович. // За власть Советов в Якутии. Биографический сборник о борцах, погибших в 1918-1925 годах. Изд. 2-е. Якутск. 1958. С. 205.
    Васильев Г. А.  Из революционного прошлого. /1-е изд. Улан-Удэ, 1958, 2-изд. Улан-Удэ. 1968./ С. 38.
    Гэнік Папіхач,
    Койданава.