четверг, 6 ноября 2014 г.

Якаў Брагін. Раманавец Мордух. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                        РАМАНАВЕЦ  МОРДУХ
    Мордух [Марк] Мендэлевіч [Мендельевич, Менделевич, Исаевич] Брайда [Бройдо] – нарадзіўся 4 кастрычніка 1877 г. у м. Сьвянцяны Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі, у габрэйскай мяшчанскай сям’і, сын прыватнага паверанага м. Вільні Шае-Мендл Лейбовича Брайда.
    Вучыўся ў рэальным вучылішчы ў м. Панявежыс Ковенскай губэрні, дзе ўваходзіў у склад гуртка самаадукацыі з вучняў старэйшых клясаў, чальцы якога рабілі спробы таксама завязаць зносіны і весьці заняткі з працоўнымі, а ў апошні клясе перавёўся ў Лібаўскае рэальнае вучылішча, затым паступіў на хімічнае аддзяленьне Пецярбурскага тэхналягічнага інстытута. У Пецярбурзе ўваходзіў у студэнцкі гурток, які займаўся складаньнем і рассылкай па правінцыі легальных бібліятэк. За ўдзел у студэнцкіх беспарадках у 1899 г. быў выключаны і потым другасна трымаў конкурсны экзамэн на 1-шы курс (закончыў у 1918 г.).
    Будучы па сваіх поглядах сацыял-дэмакратам антыэканамічнага напрамку, Брайда ў 1900 г. зрабіўся заснавальнікам новай арганізацыі, якая мела сваёй спэцыяльнай задачай выданьне і распаўсюджваньне сацыял-дэмакратычнай літаратуры, ды была названай групай “Сацыял-дэмакратычная рабочая бібліятэка”. Быў чальцом рэдакцыі выданьняў групы і аўтарам яе праграмнай брашуры “Наши задачи”, падтрымліваў цесную сувязь з друкарняй, якая знаходзілася ў Вільні.
    У ноч на 30 студзеня 1902 г. быў арыштаваны ў Пецярбурзе пры разгроме групы. Быў зьняволены ў турму да 20 сакавіка 1902 г. (да 10 сакавіка ў Доме папярэдняга зьняволеньня), затым высланы па пастанове Асобай нарады пры міністры ўнутраных спраў ад 6 сакавіка 1902 г. ва Ўсходнюю Сыбір да вырашэньня справы. Найвысачэйшай пастановай 13 сакавіка 1903 г. вызначана было выслаць яго ва Ўсходнюю Сыбір на 8 гадоў.
    Паселены ў акруговым м. Крэнск Іркуцкай губэрні, дзе працаваў у якасьці памочніка інжынэра на пабудове інтэнданцкага склада. У канцы зімы 1902-1903 гг. за адмову падпісацца ў зачытаным яму цыркуляры генэрал-губэрнатара Кутайсава аб забароне самавольных адлучак быў высланы ў с. Ніжнеілімскае, адкуль праз кароткі час вернуты ва Вусьць-Кут і далучаны да партыі, якая адправілася ў Якуцк, куды прыбыў 24 жніўня 1903 г.
    Быў прызначаны ў акруговае м. Верхаянск Якуцкай вобласьці, а да адпраўкі туды павінен быў жыць у с. Тулугінцы, у 12 вёрстах ад Якуцка, але жыў у асноўным у самім Якуцку, дзе працаваў у міравога судзі пісьмаводам. У гэты пэрыяд (1903-1904) ён быў прыхільніка Махайскага.
    18 лютага - 4 сакавіка 1904 г. прыняў удзел у вядомым узброеным пратэсьце ссыльных, г. зв. “Раманаўскай справе”). 30 ліпеня - 8 жніўня 1904 г. судзіўся якуцкім акруговым судом па справе “раманаўцаў”. Быў прыгавораны, як і іншыя ўдзельнікі пратэсту, да 12 гадоў катаргі.
    23 жніўня 1904 г. адпраўлены са сваімі хаўрусьнікамі ў Аляксандраўскую турму і па дарозе, з апошняга прыстанку ў с. Урык, у 20 вёрстах ад Іркуцка, у ноч на 23 верасьня 1904 г. зьдзейсьніў уцёкі.
    Перабраўся за мяжу, жыў у Лёндане, пад прозьвішчам Маркава, пасьля 9 студзеня 1905 г. зьехаў у Жэнэву, а адтуль у Баку, дзе зрабіўся адным з кіраўнікоў шэндрыкоўскай меншавіцкай “Арганізацыі балаханскіх і бібіэйбацкіх рабочых”, які потым з траўня 1905 г. быў перайменаваны ў “Саюз бакінскіх рабочых”. У ліпені 1905 г. у Баку быў арыштаваны на партыйнай канфэрэнцыі (бальшавікоў і меншавікоў) але хутка выйшаў на волю, замяніўшыся з адным з таварышаў (як невядомы, Брайда падлягаў арышту на 3 месяцы, пасьля чаго яму пагражаў суд за “бадзяжніцтва”).
    Напрыканцы 1905 г. працаваў у Нараўскім раёне ў Санкт-Пецярбурзе. У 1907 г. на 5-м Лёнданскім зьезьдзе РСДРП адышоў ад меншавікоў і быў абраны чальцом ЦК РСДРП, быў чальцом рускай “пяцёркі” ЦК. Выдаў у 1907 г. у Санкт-Пецярбурзе, сумесна з М. Хейсіным (“М. Мишин”) брашуру “Кооперативы”. Арганізаваў з Нагіным прафэсыянальна-каапэратыўную камісію пры ЦК, удзельнічаў у працах першага ўсерасійскага каапэратыўнага зьезда ў Маскве ў красавіку 1908 г., пісаў па пытаньнях каапэрацыі ў “Профсоюзный вестник” ды меншавіцкія выданьні. 5 лістапада быў арыштаваны ў Пецярбурзе, дзе жыў па пашпарце на імя Лейбы Курыцкага, і быў, як невядомы, падвергнуты граданачальнікам арышту на 3 месяцы. 3 сьнежня 1908 г. назваў сябе, пасьля чаго адбыў 2 гады крэпасьці на выснове высачэйшага загаду 19 ліпеня 1906 г., якое адбылося па поваду узбуджанага ім тады праз абаронцу А. С. Заруднага перад міністрам юстыцыі хадайніцтва аб прымяненьні да яго агульнай амністыі “раманаўцаў” (выс. пав. 26 кастрычніка 1905 г.), з якой у свой час былі выключаны Брайда і 3-е ягоных хаўрусьнікаў, якія зьдзейсьнілі ўцёкі. (хадайніцтва аб замене “раманаўцам” катаржных работаў зьняволеньнем на 2 гады ў крэпасьці, было ўзбуджанае Іркуцкай судовай палатай, якая пераглядала справу ў апэляцыйным парадку 5-6 красавіка 1905 г.)
    У гады Першай усясьветнай вайны “абаронец”. У сьнежні 1915 г. увайшоў у “рабочую групу” Цэнтральнага Ваенна-Прамысловага камітэта ад абарончага крыла меншавікоў. У студзені 1917 г. быў арыштаваны.
    Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Брайда чалец выканкаму Петраградзкага Савету РСД. На паседжаньні Савета 1 траўня абраны старшынёй фракцыі. На 1-м Усерасейскім зьезьдзе саветаў 3-24 чэрвеня 1917 г. абраны чальцом ягонага Прэзыдыюму ад фракцыі меншавікоў. Упраўляючы справамі УЦВК 1-га скліканьня. На паседжаньні Петраградзкага Савета 9 чэрвеня ўвайшоў у камісію, як таварыш старшыні рабочай сэкцыі савету, чалец бюро і упраўляючы справамі першага УЦВКа.
    Меў партыйныя мянушкі “Яков”, “Роман” ды літаратурны псэўданім “М. Брагин”.
    Пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі адышоў ад актыўнай працы ў шэрагах меншавікоў, эміграваў за мяжу. Ад 1919 г. жыў у Летуве, с 1920 г. у Аўстрыі.
    Памёр ў 1937 г. у Лёндане.
    Ад жонкі Хавы Лейбаўна, у дзявоцтве Гордан, меў дачку Веру Маркаўну Брайда, якая калі пражывала ў ЗША выпусьціла пра сваіх бацькоў кнігу. Сына Данілу [Даниилa] Маркавіча Брайда
    Літаратура:
    Бройдо Марк Исаевич (Мордух Менделевич). // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. 5. Социал–демократы. Вып. 1. А-Б. Москва. 1931. Столб. 495-497.
    Бройдо Марк Исаевич. // Политические деятели России 1917 г. Биографический словарь. Москва 1993. С. 42-43.
    Якаў Брагін,
    Койданава.