четверг, 13 ноября 2014 г.

Бэрка Пёркін. Мешчанін Пэркін. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                                               МЕШЧАНІН  ПЭРКІН
    Мэндэль Бэркавіч [Беркович] Пэркін [Перкин] – нарадзіўся ў 1867 г. у сям’і мешчаніна губэрнскага места Вільня Расейскай імпэрыі.
    Быў адным з актыўных дзеячаў віленскай арганізацыі БУНДа. Арыштаваны і загадам ад 22 красавіка 1898 г. высланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 4 гады. Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам 22 чэрвеня 1898 г. прызначаны на жыхарства ў Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці.
    Дастаўлены ў м. Алёкмінск 15 студзеня 1899 г. і паселены на высьпе Кылах 2-гой Меіцкай сельскай грамады Алёкмінскай інародчаскай воласьці. У канцы студзеня 1899 г. падаў прашэньне губэрнатару аб пераводзе ў м. Алёкмінск, дзе змог бы знайсьці працу па сваім рамястве печніка, тынкоўшчыка і фарбавальшчыка, але быў пакінуты на месцы пасяленьня. У жніўні 1900 г. ён падаў прашэньне аб дазволе часовай адлучкі ў с. Нахтуйскае дзеля заробкаў. Да яго на выгнаньне прыехала жонка з трыма дзецьмі ды 18 сакавіка 1901 г. ў ссылцы нарадзіўся чацьвёрты сын – Барыс.
    У траўні 1901 г. Мэндэль падаў прашэньне губэрнатару аб дазволе працаваць на будаўніцтве тэлеграфнай лініі Алёкмінск - Якуцк з адлучкай у Якуцкую акругу на што атрымаў дазвол пад заруку кіраўніцтва будаўніцтва. У 1901-1902 гг. жыў у Мальжэгарскай сельскай грамадзе.
    З набліжэньнем заканчэньня тэрміна ссылкі атрымаў дазвол выехаць у сакавіку 1902 г. у м. Верхаленск Іркуцкай губэрні ды там скончыць тэрмін ссылкі. Этапным парадкам з Алёкмінска 27 лютага 1902 г. ён быў разам з сямействам адпраўлены ў м. Верхаленск, адкуль па заканчэньні тэрміна ссылкі 22 красавіка 1902 г. выехаў у Эўрапейскую Расею.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 142, 193, 282-283, 473.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 142, 193, 282-283, 473.
    Бэрка Пёркін,
    Койданава.