суббота, 29 ноября 2014 г.

Вяніпцій Казьлевіч. Кастусь Бараноўскі. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                                           КАСТУСЬ  БАРАНОЎСКІ
    Каб выявіць дакладную дату сьмерці беларускага пісьменьніка Арцёма Вярыгі-Дарэўскага (1816-1884), аднаго з пачынальнікаў “новай” беларускай літаратуры, які, па словах ягонай дачкі Габрыэлі, памёр недзе ў “якуцкай тайзе”, давялося праглядаць якуцкія царкоўныя мэтрычныя кнігі, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Саха (Якуція). Асабліва цікавілі мэтрычныя дакумэнты царквы ў Мачы, бо паселішча Мача ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя зрабілася сталіцай толькі што адкрытых залатых капальняў Алёкмінскай горнай сыстэмы, гэткі “Кландайк на Якуцкай зямлі». Дарэчы, адным з рэзыдэнтаў на Мачы быў Мэльхіёр Чыжык, былы паўстанцкі камандзір вызвольнага руху 1863 года ў Менскай губэрні, які са сваім атрадам пратрымаўся ажно да самай восені. Дарэчы, ён і пахаваны на цьвінтары Мачынскай царквы.
    Адразу пасьля адкрыцьця радовішчаў золата туды пацягнуліся “шукальнікі шчасьця” з усёй тагачаснай Расійскай імпэрыі. Не выключэньнем было і Койданава. Напрыклад, “Метрическая книга выданная из Якутской Духовной Консистории притчу Мачинской Николаевской церкви на 1900 год” паведамляе, што 31 ліпеня 1900 года (зразумела, што дата падаецца па старым стылі) у Мачынскай Мікалаеўскай царкве была ахрышчана Алімпіяда, якая нарадзілася 24 ліпеня 1900 года. Яе бацькамі былі койданаўскі мешчанін Менскай губэрні і павета Канстантын Сямёнаў Бараноўскі і Міхаліна Мартынава - абое рымска-каталіцкага веравызнаньня. Сьведкамі гэтага былі “прыказны Якуцкага казацкага ліку Аляксандар Кузьмін Бубякін і дваранка Васа Хведараўна Лімант”. Хрост зьдзейсьніў “сьвятар Мікалай Папоў”.
    Літаратура:
    Баркоўскі А. Койданаўцы на залатых капальнях Якуціі. // Краязнаўчая газета. Мінск. № 7. Люты. 2007. С. 6.
    Вяніпцій Казьлевіч,
    Койданава.