среда, 12 ноября 2014 г.

Танюся Пятрушкіна-Давыдкова-Вароніна. Смалянчук Тадаровіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.




    Ян [Иван] Браніслаў Адольфавіч Тэадаровіч [Тадаровіч, Теодорович] нар. 29 жніўня (10 верасьня) 1875 г. у губэрнскім м. Смаленск Расейскай імпэрыі, у каталіцкай сям’і беларускага шляхціца.
    Я нарадзіўся ў 1875 г. у гор. Смаленску, у польскай сям’і, у якой жылі вельмі багатыя паўстанцкія традыцыі. Дзед мой, Сьцяпан Іванавіч Тэадоравіч, гуляў актыўную ролю ў паўстаньні 1831 г.: пра яго шмат і ахвотна распавядаў нам, сваім унукам. У паўстаньні 1863 г. удзельнічалі як мой бацька, так і два брата маёй маці, Антоній і Леў Шпігановічы. Антоній быў сасланы ў Сыбір, а Леў - на Каўказ. Маці мая была палкай нацыяналісткай, любіла Міцкевіча, і з яе слоў я яшчэ ў раньнім дзяцінстве ведаў на памяць амаль усяго “Пана Тадэвуша”, гэта эвангельле польскай нацыяналістычнай скрухі. Я навучыўся ненавідзець рускі царызм, яго службоўцаў і ваеншчыну, але ўсё ж з мяне не выйшла польскага патрыёта. Чыньнікам таму былі наступныя акалічнасьці. Калі мне было гадоў 5 ад роду, бацька мой, буйны чыгуначны службовец, сышоўся з іншай жанчынай і пакінуў сям’ю ў шэсьць чалавек дзяцей (я быў перадапошнім). Маці мая, ганарлівая полька, адмовілася прымаць якую б там ні было дапамогу ад бацькі, і наша сям’я апынулася ў сетках крайняй галечы. Шматлікія гады мы жылі на бюджэт у 15-20 рублёў у месяц, якія зарабляла маці швівам і мыцьцём бялізны. Мы пасяліліся ў адным пакоі на найаддаленай ускраіне гор. Смаленска. Брудныя завулкі, абымшэлыя, пакрыўленыя халупы, заселеныя самай сапраўднай гарадзкой бяднотай, - вось дзе працякло маё дзяцінства аж да заканчэньня гімназіі. Я быў вельмі жывым, рухомым і ўражлівым дзіцем і вельмі хутка зблізіўся і пасябраваў з насельнікамі Рыбацкай вуліцы і Тыртава завулка. Вулічныя дзеці сталі маімі лепшымі сябрамі, а іх бацькі, рамесьнікі і працоўныя гарбарань і тытунёвых фабрык, - бесьпярэчнымі для мяне аўтарытэтамі. Паўсьвядома я параўноўваў гэтых беднякоў з іншым грамадзтвам, а менавіта польска-шляхоцкім, асобныя чальцы якога працягвалі знаёмства з маёй маці. Параўнаньне выходзіла не ў карысьць апошніх. Зразумела, усё гэта прадвызначыла мой далейшы жыцьцёвы шлях. Калі я паступіў у гімназію, я застаўся верны сваёй вуліцы і не збліжаўся з дзецьмі губэрнскіх вярхоў, якія вучыліся разам са мною”.
    У 1899 г. Тэадаровіч скончыў Маскоўскі ўнівэрсытэт. У рэвалюцыйным руху удзельнічаў з 1895 г. Сябра маскоўскага камітэту РСДРП (парт. псэўд. - Александр Павлович, Демьян, Н. Завьялов, Наблюдатель, Платон, С. Панов, Сергей Григорьевич).
    Арыштаваны 28 лістапада 1902 г. пад час паседжаньня камітэту. Пасьля сьледзтва вызвалены ад турэмнага зьняволеньня і, з-за нежаданьня знаходжаньня на свабодзе ў межах Эўрапейскай Расіі, пастановай міністра ўнутраных спраў у верасьні 1903 г. высланы ва Ўсходнюю Сыбір да вызначэньня меры пакараньня. Загадам ад 17 сьнежня 1903 г. яму вызначылі 6 гадоў ссылкі. Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам прызначаны ў Якуцкую вобласьць.
    15 студзеня 1904 г. дастаўлены ў м. Алёкмінск Якуцкай вобласьці і з-за хваробы жонкі, адміністратыўна-ссыльнай Глафіры Іванаўны, пакінуты ў горадзе.



    Глафіра Іванаўна Тэадаровіч, у дзявоцтве Акулава (Окулова), (партийный псэўданім “Зайчик”) - нар. 23 красавіка (5 траўня) 1878 г. у с. Шошына Мінусінскага вуезда Енісейскай губэрні Расейскай імпэрыі, у сям’і купца. У 1895 г. скончыла гімназію ў Краснаярску і пераехала на вучобу ў Маскву. У 1896 г. за ўдзел у студэнцкай дэманстрацыі арыштаваная і высланая ў Мінусінскі ўезд да бацькоў, пад нагляд паліцыі. У 1899 г. вярнулася ў Эўрапейскую Расею і працягвала рэвалюцыйную дзейнасьць. Арыштаваная ў лістападзе 1902 г. з групай чальцоў Маскоўскай арганізацыі РСДРП пад імем Зоі Юнеевай. Адначасова прыцягвалася па справе Кіеўскага камітэта РСДРП і групы “Іскра”. Знаходзячыся ў папярэднім зьняволеньні ў Маскве, выйшла замуж за І. А. Тэадоравіча. Пасьля сьледзтва вызваленая ад турэмнага зьняволеньня і, з-за непажаданага знаходжаньня ў межах Эўрапейскай Расеі, пастановай міністра ўнутраных спраў у верасьні 1903 г. высланая ва Ўсходнюю Сыбір да вынясеньня рашэньня па яе справе. Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам была прызначаная разам з мужам у Якуцкую вобласьць. Дастаўленая ў м. Алёкмінск 15 студзеня 1904 г. і па хваробе (цяжарнасьць) часова пакінутая з мужам у горадзе.
    Па акрыяньні жонкі адпраўлены з Алёкмінска 16 ліпеня 1904 г. у г. Якуцк. 20 ліпеня 1904 г. прыбыў разам з жонкаю ў Якуцк і якуцкім губэрнатарам 24 ліпеня прызначаны на жыхарства ў м. Алёкмінск. Адпраўлены 2 жніўня 1904 г. у Алёкмінск на ўсяленьне ў горадзе. Маніфэстам 11 жніўня 1904 г. тэрмін ссылкі скарочаны на адну траціну. Жыў на казённы дапамогу. У Алёкмінску ягоная жонка нарадзіла яму дачку.
    Падрабязнасьці расколу РСДРП на з’ездзе 1903 г. зрабіліся мне вядомыя ўжо ў Якуцку. Не вагаючыся, я стаў на бок бальшавікоў. У Якуцкай вобл. тым часам ішлі вельмі значныя хваляваньні сярод палітычных ссыльных на глебе іх нежаданьня падпарадкавацца знакамітым цыркулярам гр. Кутайсава. Калёнія горада Алёкмінска, дзе я жыў, абрала мяне “дыктатарам”, г. зн. часткай узброенага чым патрапіла атрада, створанага на выпадак супраціву ўладам пры іхняй спробе прымусіць нас падпарадкавацца загадам генэрал-губэрнатара. Абодва бакі відавочна адчувалі блізкасьць рэвалюцыі: гэта нас акрыляла, а ва ўладаў паралізавала энэргію. Перамога апынулася на нашым боку, і цыркуляры Кутайсава былі фактычна адмененыя”.
    28 жніўня 1905 г. Тэадаровіч зьдзейсьніў уцёкі з Алёкмінска і не быў расшуканы.
    Жонка была вызваленая ад ссылкі кастрычніцкай, 1905 г., амністыяй і выехала з дачкой 29 кастрычніка 1905 г. Таксама нарадзіўся сын: Канстантын Іванавіч Тэадаровіч (1907-1964) — мастак і літаратар.
    Па вяртаньні ў Эўрапейскую Расею працягваў дзейнасьць у шэрагах РСДРП(б), эмігрыраваў за мяжу. В Жэнэве, дзе ён пазнаёміўся з У. І. Леніным, працаваў сакратаром рэдакцыі газэты “Пролетарий”.
    У кастрычніку 1905 г. вярнуўся ў Расейскую імпэрыю, быў абраны чальцом Пецярбурскага камітэта РСДРП. Дэлегат 4-га (1906) ды 5-га (1907) зьездаў РСДРП ад фракцыі бальшавікоў, на 5-м выбіраўся чальцом ЦК. Балаціраваўся ў дэпутаты на выбарах в III Дзяржаўную Думу, але не быў абраны. У лютым 1908 года выехаў на Урал дзеля вядзеньня рэвалюцыйнай працы.
    У 1909 г. быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў катаргі, пасьля чаго паселены ў Ніжневудзінскай акрузе Іркуцкай губэрні, дзе знаходзіўся да Лютаўскай рэвалюцыі.
    У сярэдзіне сакавіка прыехаў у Петраград. Быў дэлегатам 7-й (Красавіцкай) Усерасейскай канфэрэнцыі, на якой быў абраны кандыдатам у чальцы ЦК, и VI-га зьезда РСДРП(б). Ад жніўня 1917 г. намесьнік старшыні Петраградзкай гарадзкой думы, затым чалец управы і асобай па харчу ўстановы.
    Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе. На ІІ Усерасійскім зьезьдзе Саветаў выбраны ў склад першага савецкага ўрада на пост наркама па справах харчу. Быў прыхільнікам стварэньня аднароднага сацыялістычнага ураду з удзелам меншавікоў ды эсэраў. Пасьля таго як ЦК РСДРП(б) скасаваў пагадненьні з гэтымі партыямі, Тэадаровіч 4 (17) лістапада 1917 г. падпісаў заяву аб выхадзе з СНК, але да сьнежня працягваў выконваць свае абавязкі. На ІІ Усерасійскім зьезьдзе Саветаў абраны ў склад першага савецкага ўрада як народны камісар харчу.
    Выехаў у Сыбір для адпачынку і лячэньні на некалькі месяцаў, але пасьля пачатку чэхаславацкага мяцяжу быў змушаны застацца там. У 1919-1920 гадах удзельнічаў у партызанскім руху ў Сыбіры супраць рэжыму Калчака. У 1920 г. выехаў у Маскву, быў прызначаны чальцом калегіі Наркамзема, а з 1922 гады намесьнікам наркама земляробства, займаў гэту пасаду да 1928 гады. Адначасова з 1926 гады быў дырэктарам Міжнароднага аграрнага інстытута. У 1928-1930 гадах генэральны сакратар Сялянскага інтэрнацыяналу. Дэлегат XV-га і XVI-га зьездаў УКП(б). Быў чальцом УЦВК. У 1929-1935 гадах быў рэдактарам выдавецтва Таварыства былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў ды часопіса “Катарга и ссылка”. Зьяўляецца аўтарам шэрагу прац па аграрным пытаньні і гісторыі рэвалюцыйнага руху.
    11 чэрвеня 1937 г. быў арыштаваны. Прысуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 20 верасьня 1937 г. па абвінавачваньню ва ўдзеле ў антысавецкай тэрарыстычнай арганізацыі да вышэйшай меры пакараньня і ў той жа дзень расстраляны. Месца пахаваньня - Данскія могілкі ў Маскве. Рэабілітаваны 11 красавіка 1956 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР.
    Ягоная жонка пасьля кастрычніка ў 1918-1920 гг. чалец Прэзыдыюма УЦВК, начальнік палітаддзела Ўсходняга фронту і чалец РВС 1-й, 8-й і Запасной армій, затым на палітпрацы на транспарце. Ад 1921 г. на партыйнай і навукова-пэдагагічнай працы. Працавала рэктарам камуністычных ВНУ ў Маскве, У 1929-1930 гг. намесьнік загадчыка Аддзелам агітацыі, прапаганды і друку ЦК ВКП(б). Затым была рэктарам Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы (Сьвярдлоўск), рэктарам Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы (Разань), старшым навуковым супрацоўнікам Музэю Рэвалюцыі СССР. Ад 1954 г. пэрсанальны пэнсіянэр. Узнагароджаная ордэнам Леніна. Памерла ў Маскве 18 кастрычніка 1957 г. і пахаваная на Новадзявочых могілках (5 уч. 11 рад).



    Літаратура:
    Деятели Союза Советских Социалистических Республик и Октябрьской революции. (Автобиографии и биографии). Часть III. Москва. 1989.
    И. А., Г. И. Теодоровичи, В. Л. Шанцер. // Охлопков В. Е.  История политической ссылки в Якутии. Кн. 2. (1895-1917). Ч. 1. Революционеры пролетарского этапа в якутской политической ссылке. Якутск. 1990. С. 65-78
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 92, 94, 130, 174-175, 194, 325-327, 475.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е доп. Якутск. 1996. С. 92, 94, 130, 174-175, 194, 325-327, 475.
    Teodorowicz Jan Bronisław. // Kijas A.  Polacy w Rosji od XVII wieku do 1917. Słownik biograficzny. Warszawa. 2000. S. 357-358.
    Танюся Пятрушкіна-Давыдкова-Вароніна,
    Койданава.