пятница, 14 ноября 2014 г.

Дупа Нарэзаль. Івянецкі Ёсель. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                               ІВЯНЕЦКІ  ЁСЕЛЬ
    Ёсель [Иосиф] Айзікавіч Рэзьнік [Резник]  нар. у 1861 г. Сын мешчаніна м. Івянец Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. Наборшчык.
    У 1885-1887 гадах працаваў сярод менскіх работнікаў, кіраваў гуртком. Аб ім адзываліся, што ён быў найбольш начытаны з рабочых і карыстаўся сярод іх вялікай папулярнасьцю. Ягоная прапаганда не насіла якога-небудзь акрэсьленага характару і абмяжоўвалася, як і ўся прапаганда ў менскіх кружках таго часу, “аналізам эканамічных высноваў капіталістычнага ладу і акрэсьленьнем сацыялістычнага ідэалу”.
    6 лютага 1887 г. Рэзьнік быў арыштаваны ў друкарні па даносу аднаго з работнікаў, які аказаўся правакатарам і па загаду ад 10 ліпеня 1887 г. высланы ў Якуцкую вобласьць пад галосны нагляд паліцыі на 3 гады.
    Быў паселены ў Тулагінскім насьлезе Мегінскага ўлуса Якуцкай кругі Якуцкай вобласьці і пражыў там каля году, разам з сям’ёй, якая прыбыла добраахвотна за ім. Затым, з-за сутычкі з паліцэйскімі супрацоўнікамі, быў пераведзены ў акруговае мместа Верхаянск Якуцкай вобласьці, куды прыбыў 24 красавіка 1889 г., дзе дапамагаў у мэтэаралягічнай працы магілёўчаніну Сяргею Каваліку.
    У ліпені 1889 г. ад Іркуцкага генэрал-губэрнатара была атрыманая наступная тэлеграма: “тав. Міністра Шыбека тэлеграфуе: дазнаньнем, узбуджаным у Кіеве аб лекары Эмілю Абрамовічу устаноўленая крымінальная перапіска яго з Ёселем Рэзьнікам, які знаходзіцца ў Якуцку”.
    Плянавалася ў яго і ягонай жонкі правесьці ператрус і адабраць усю падазроную перапіску. Пры ператрусе, аднак, не знайшлі анічога акрамя 4 нязначных лістоў, якія і былі адпраўлены ў Дэпартамэнт паліцыі.
     Па “манастыроўскай” справе Рэзьнік быў асуджаны Якуцкім акруговым судом да 10 месяцаў турэмнага зьняволеньня.
    У сакавіку 1890 г. прыйшло паведамленьне аб падоўжаньні нагляду яшчэ на 2 гады. 20 сакавіка 1892 г. пераведзены ў Якуцк, адкуль 10 ліпеня 1892 г. выехаў з Якуцка ў Менск.
    Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 21. С. 43, 75, 114, 126, 172.
    Казарян П. Л.  Верхоянская политическая ссылка 1861-1903 гг. Якутск. 1989. С. 43, 75, 114, 126, 172.
    Дупа Нарэзаль,
    Койданава.