вторник, 11 ноября 2014 г.

Сярожа Ёпач. Працалюбівы Шпіркан. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                                       ПРАЦАЛЮБІВЫ  ШПІРКАН
    Маркель Якаўлевіч Шпіркан – нар. у 1857 г. у губэрнскім м. Магілёў Расейскай імпэрыі, у купецкай (дваранскай) сям’і
    Вучыўся ў Каменец-Падольскай гімназіі, затым, нібыта, у Кіеўскім унівэрсытэце. Арыштаваны ў Каменец-Падольску ў 1879 г. па справе нарадавольскай друкарні.
    Маючы 24 гады судзіўся ў Кіеўскім ваенна-акруговым судзе (справа Крыжаноўскага) у кастрычніку 1879 г за заарганізаваньне “незаконнага таварыства, арганізацыю тайнай друкарні і надрукаваньне адозвы да грамадзтва, якая падбухторвала да бунту”. Быў пазбаўлены правоў і прыгавораны да 6 гадоў катаржных працаў.
    Пасьля кароткага знаходжаньня ў Мцэнскай палітычнай турме, быў адпраўлены на Кару ў Забайкальскую вобласьць, адкуль у 1883 г. выйшаў на пасяленьне ў Якуцкую вобласьць.
    Дастаўлены ў Якуцк ў студзені 1884 г. і быў адпраўлены ў Батурускі ўлус Якуцкай акругі, а затым пераведзены ў Намскі ўлус той жа акругі, дзе і пражываў да 1892 г. У 1885 г. ажаніўся на адміністрацыйна-сасланай Яўгеніі Сьцяпанавай.
    Яўгенія Мікалаеўна Сцяпанава - санкт-пецярбурская дваранка, у 27 гадоў судзілася ў Адэсе ў 1883 г., за прыналежнасьць да Сацыяльна-рэвалюцыйнай партыі (Стрэльнікаўскі працэс). Была пазбаўленая правоў стану і сасланая ў Сыбір. На пасяленьні жыла ў Намскім улусе Якуцкай акругі.
    У Намскім улусе меў хату, разам з жонкай вёў гаспадарку (штогод цярпелі няўдачу – у 1890 г. здохла карова, затым конь, у 1891 г. сабралі хлеба менш, чым пасеялі насеньня), абрабляў да 4 дзесяцін зямлі, наймаючы дзеля гэтага работнікаў з якутаў. Меў агарод для сваіх патрэбаў, лішак хлеба або раздаваў якутам, або ўвозіў у Якуцк. Па зьвестках наглядчыка за палітычнымі Намскага ўлуса сям’я Шпірканаў вяла “жыцьцё ціхае і працалюбівае”, мела двух дзетак ды дружна жыла з астатні ссыльнымі.
    У 1892 г.былі пераведзены ў Іркуцкую губэрню. В 90-х гадах вярнуўся ў Эўрапейскую Расею, дзе і памёр дзесьці ў 1918 г.
     Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 221, 238.
    Сярожа Ёпач,
    Койданава.