среда, 5 ноября 2014 г.

Ждан Раінчык. Мянчук Рубінок. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                                 МЯНЧУК  РУБІНОК
    Ёсель [Иосель] Гіршавіч Рубінок нарадзіўся ў 1863 годзе ў губэрнскім месьце Менск Расейскай Імпэрыі, ў габрэйскай сям’і мешчаніна
    У 1881 годзе, пад час жыхарства ў Маскве, быў падпарадкаваны тайнаму нагляду паліцыі па падазрэньні ў палітычнай нядобранадзейнасьці. У 1883 годзе паступіў на прыродазнаўчае аддзяленьне фізыка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўнівэрсытэта. У сьнежні 1883 г. быў арыштаваны па абвінавачваньні ў рэвалюцыйнай прапагандзе і загадам цара падпарадкаваны нагляду паліцыі на 1 год у Маскве. Затым калі быў арыштаваны па справе аб беспарадках у Маскве, якія адбыліся 2 кастрычніка 1884 г. і за палітычную нядобранадзейнасьць і пастановай Асобай нарады ад 10 сьнежня 1884 года высланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 3 гады. Па патрабаваньні Міністра ўнутраных спраў месцам выгнаньня яму была прызначаная Якуцкая вобласць.
    Дастаўлены ў горад Якуцк 5 лістапада 1885 года і паселены у Кусаган-Эльскім насьлезе Намскага ўлуса Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці. Без дазволу адлучыўся 28 лістапада 1885 года з месца пасяленьня ў Якуцк. 14 лютага 1886 года вернуты на месца жыхарства, адкуль зноў уцёк 13 сакавіка 1886 г. Разьяжджаў па Якуцкай акрузе і 12 красавіка 1886 года разам з палітсасланым І. Л. Шчапанскім быў моцна пабіты ў Батурускім улусе Якуцкай акругі, з прычыны чаго захварэў псыхічным захворваньнем. Па ягоным хадайніцтву якуцкі губэрнатар 21 жніўня 1886 года пераназначыў яго на жыхарства ў акруговае места Алёкмінск Якуцкай вобласьці, куды і быў дастаўлены 29 жніўня 1886 г.
    19 студзеня 1887 г. алёкмінскі акруговы спраўнік прадставіў якуцкаму губэрнатару прашэньне Ё. Рубінка ды М. Аўчыньнікава на конт павелічэньня памераў дапамогі. Жывячы ў месьце, 23 чэрвеня 1887 года без дазволу адлучыўся з яго, але быў выяўлены ў 40 вёрстах ад места і вернуты на месца жыхарства. псыхічная хвароба ў яго пагаршалася, і ягоныя дзеяньні часам не паддаваліся кантролю. 2 лістапада 1887 года ён ў паліцэйскім пастарунку абразіў памагатага акруговага спраўніка спадара Клімоўскага словамі: “Вы ілгун і нягоднік”, з-за чаго было распачатае сьледзтва. 6 лістапада 1887 года алёкмінскі акруговы спраўнік данёс якуцкаму губэрнатару аб Рубінку, што “мясцовыя жыхары яму кватэры не здаюць. І што ён за час пражываньня ў месьце Алёкмінску мяняў кватэры штомесяц і часьцей, па сваёй няўжыўчывасьці, па нэрвовай раздражняльнасьці”.
    І хаця 10 сьнежня 1887 года мінаў тэрмін ягонага выгнаньня, ён 8 сьнежня 1887 г. быў адпраўлены ў Якуцк, дзе быў падпарадкаваны паліцэйскаму нагляду і знаходзіўся пад сьледзтвам. Якуцкі акруговы суд 26 сакавіка 1888 года прысудзіў яго да 2-х тыднёвага арышту пры паліцыі ў Якуцкім гарадзкім паліцэйскім упраўленьні.
    Па адбыцьці тэрміну арышту 25 траўня 1888 года быў адпраўлены на радзіму ў места Менск.
    Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 213-214.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 106, 110, 127, 192, 246-247, 474.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 106, 110, 127, 192, 346-347, 474.
    Ждан Раінчык,
    Койданава.