суббота, 15 ноября 2014 г.

Алік Мархіна. Катаржны Цімох. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Цімох [Тимофей] Паўлавіч Алфёр [Алфер] - нар. у 1880 г. у сям’і селяніна Капацэвіцкай воласьці Лепельскага павету Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі.
    Атрымаў адукацыю, валодаў бухгальтарскай справай. Быў службоўцам кантролю Ўсурыйскай чыгункі ва Ўладзівастоку. Прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, вёў агітацыю сярод войскаў Уладзівастоцкага гарнізону.
    Арыштаваны 17 сакавіка 1906 г. “за распаўсюджваньне, непублічна, сярод ніжніх воінскіх чыноў меркаваньняў, якія узбуджаюць да ўчыненьня бунтаўшчыцкіх дзеяў і за завочнае, у прысутнасьці тых жа ніжніх чыноў і іншых асобаў, абразы вулічнымі лаянкамі гасудара Імпэратара, які Валадарыць і Імпэратрыцы, якая Ўдоўствуе, з мэтай узбуджэньня  непавагу да асобаў іх Вялікасьці”.
    Прыамурскім ваенна-акруговым судом ва Ўладзівастоку 29 сьнежня 1906 г. ён быў прысуджаны да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і ссылцы на катаржныя працы на 8 гадоў. Касацыйная скарга Галоўным вайсковым судом была адхіленая і прысуд быў зьвернуты да выкананьня 15 траўня 1907 г.
    Тэрмін адбываў з верасьня 1907 г. на Нерчынскай катарзе (Кутамарскай, Зерэнтуйскай катаржных турмах). Па загаду ад 21 лютага 1913 г. вызвалены ад катаргі і 29 чэрвеня 1913 г. прызначаны на пасяленьне ў Якуцкую вобласьць.
    Дастаўлены ў м. Якуцк 12 чэрвеня 1914 г. і якуцкім губэрнатарам разьмеркаваны ў Нюрбінскую сельскую грамаду Вілюйскай акругім Якуцкай вобласьці, куды і быў уселены 18 ліпеня 1914 г.
    Ён, калі не знайшоў на месцы прылічэньня сталай працы пісьмавода, у лістападзе 1915 г. прыехаў у г. Якуцк. Тут знайшоў працу і падаў прашэньне губэрнатару аб дазволе пражываць у горадзе. Атрымаўшы дадатны водгук паліцаймайстара, губэрнатар 19 снежня 1915 г. дазволіў пражываць яму дзеля заробкаў у горадзе.
    У чэрвені 1916 г. зьдзейсьніў кароткачасовую паездку з Якуцка ў  с. Нюрбінскае і, вярнуўшыся, 4 ліпеня 1916 г. выехаў з Якуцка на жыхарства ў с. Нахтуйскае Алёкмінскай акругі Якуцкай вобласьці.
    Ад ссылкі вызвалены сакавіцкай, 1917 г., амністыяй.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 200, 441-442, 466.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е доп. Якутск. 1996. С. 200, 441-442, 466.
    Алік Мархіна,
    Койданава.