пятница, 14 ноября 2014 г.

Крыштусь Хварба. Мастак Карней. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Хведар Хведаравіч Карней нарадзіўся мастак у в. Бараўцы Баранавіцкага раёну Брэсцкай вобласьці БССР, на беразе ціхай ракі Мышанкі. Яго прыцягвала сама прырода, яе таямнічая і загадкавая прыгажосьць.
    Пры пераезьдзе ў места Баранавічы ён стаў студыйцам Дому афіцэраў. Там жа ён упершыню бярэ ўдзел у дзіцячай гарадзкой выставе. Пасьля службы ў войску ён зьехаў у Брэст. Тут Хведар акунуўся ў мастацкае асяродзьдзе, дзе яго добра прынялі, далі магчымасьць удзельнічаць у мастацкіх выставах. З цеплынёй і падзякай ён успамінае і памятае свайго першага настаўніка Іосіфа Крупскага.
    Некаторы час працаваў мастаком-афарміцелем у м. Баранавічы. Затым была вучоба ў Віцебскім тэхналягічным інстытуце лёгкай прамысловасьці на аддзяленьні мастацкага афармленьня тэкстыльных вырабаў. Тады ж быў прыняты ў моладзевую сэкцыю Зьвязу мастакоў Беларусі. Правёў пэрсанальную выставу ў м. Віцебск, удзельнічаў у Рэспубліканскай моладзевай выставе ў м. Менск. У гэта ж час ён і яшчэ два мастакі ў Віцебску былі запрошаны для ўдзелу ў мастацкай выставе ў м. Зялёная Гура ў Польшчы.
    Па запрашэньні пісьменьніка Івана Ласкова зьдзейсьніў паездку ў Якутыю, дзе жыў і працаваў некаторы час. Там ён атрымаў унікальную магчымасьць убачыць паўночную прыроду, яе прыгажосьць і непаўторнасьць. Там да яго прыйшло каханьне. Хведар малюе шамана, мясцовых жыхароў, загадкавыя пэйзажы Верхаяньня.
    У 1991 годзе пераяжджае ў м. Ніжні Ноўгарад Расейскай Фэдэрацыі. Тут пачынаецца новая творчая паласа ў жыцьці мастака, чальца Зьвязу мастакоў Расеі. У 1993 г. прайшла першая пэрсанальная выстава ў Волга-Вяцкім кадравым цэнтры. Затым шэраг пэрсанальных выставаў у м. Ніжні Ноўгарад і населеных пунктах Ніжагародзкай вобласьці. Працы мастака знаходзяцца ў мастацкіх галерэях Віцебску, Зялёнай Гуры, Філядэльфіі, прыватных зборах Амэрыкі (сп. Музантэ /штат Масачусэтс/), Нямеччыны, Швэцыі, Галяндыі, у калекцыях Ніжагародзкіх банкаў, Адміністрацыі Ніжагародзкага раёна, у прыватных зборах Ніжняга Ноўгарада.

    Ад 18 студзеня па 13 лютага 2011 г. у “Ніжагародзкай адкрытай галерэі” прайшла пэрсанальная выстава Хведара Карнея. kornei-cf @ yandex.ru
    Крыштусь Хварба,
    Койданава.