пятница, 7 ноября 2014 г.

Алесь Баркоўскі. Апякунец Арцемія Вярыгі Дарэўскага ў Якутыі. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                             АПяКУНЕЦ АРЦЕМІЯ ВЯРЫГІ ДАРЭЎСКАГА Ў ЯКУТЫІ
    Падрыхтоўкай паўстаньня ў Віцебскай губэрні пад агульным кіраўніцтвам Віленскага паўстанцкага цэнтру займалася спэцыяльна створаная мясцовая ваяводзкая арганізацыя пра якую захавалася мала звестак. (1). Сярод галоўных прапагандыстаў і дзеячаў падрыхтоўкі паўстаньня ў Віцебску быў беларускі пісьменьнік Арцемій Аўгустын Вярыга Дарэўскі. Агульнае ўзброенае выступленьне на Віцебшчыне было прызначана на 23 красавіка 1863 г., у дзень Сьвятога Юрыя па ст.ст. Напярэдадні паўстанцкі настроеныя жыхары Віцебска, патрыятычная моладзь па аднаму і групамі выйшлі са зброяй з гораду, каб далучыцца да паўстанцаў. Некаторыя з іх былі адразу ж схоплены на Аршанскай шашы каля паштовай станцыі Дыманава, другія ж неўзабаве самі здаліся ўладам, ці былі пералоўленыя праваслаўнымі сялянамі, якія, адурманеныя царскай прапагандай, скарыстаўшы момант разграмілі мноства памешчыцкіх каталіцких маёнткаў.
    25 красавіка 1863 года жандарскі маёр Турцэвіч данасіў з Віцебску шэфу жандараў Далгарукаву ў Пецярбург што “... 23 красавіка зьявіліся да мяне некалькі сялянаў маёнтку Добрына (у 10 вёрстах ад Віцебску) памешчыкаў Кісялей і абвясьцілі, што яны, прыкмеціўшы напярэдадні ўвечары, што трое іхніх маладых памешчыкаў зьехалі з мызы і забралі з сабою зброю, нагналі іх на дарозе, заарыштавалі і здалі земскаму спраўніку...”. (2)
    Сярод затрыманых братоў знаходзіўся і Станіслаў Кісель Загаранскі, 1845 г. н. “шляхціц Віцебскага павету, дзе валодае непадзельна з іншымі братамі фальваркам Добрына”.(3)
    “Арыштаваныя былі прывезены ў Віцебскі астрог, але у час папярэдняга сьледзтва некалькі дзён былі ў будынку земскага суду, у 2 частцы гораду, супраць катэдральнага сабору”. (4)
    Таксама 23 красавіка 1863 г. Арцемій Аўгустын Вярыга Дарэўскі быў затрыманы каля ст. Дыманава, але здолеў уцячы. 24 красавіка ён ужо быў у Віцебску і неадкладна наведаў арыштаваных. “Некалькі разоў ён бачыўся з падсьледнымі паўстанцамі, раіў, як ім трымацца на сьледзтве...”. (5)
    29 красавіка 1863 г. у Віцебску была створана асобная сьледчая камісія, якая ўзялася за высьвятленьне паўстанцкай справы. 6 мая 1863 г. быў арыштаваны і сам Арцемій Вярыга-Дарэўскі ды адразу дастаўлены ў астрог. 1 чэрвеня 1863 г. ён паказаў: “... зьяўляюся апекунам над маёнткам удавы з дзецьмі Кісялёвых Добрына, які знаходзіцца ў Віцебскім павеце.” (6) “... Асоб, якія угаворвалі маладых людзей у м. Віцебску да ўзбунтаваньня, і месцаў, дзе б яны маглі зьбірацца каб парадзіцца, зусім не ведаю. Станавы прыстаў Рачынскі прыяжджаў да мяне ў Стайкі пры самым ад’ездзе ў Магілёў 22 красавіка і, нагадаўшы мне пра няплату падаткаў, якія сыскваюцца ў справах па апецы Добрына, са “строгасьцю сказаў мне: “А ў вас кулі льюць”. Я яму адказаў, зарагатаўшы: “Абшукайце і патлумачыў, што не мне пры столькіх цяжкіх клопатах з дамамі, выхаваньнем дачкі і беднаю раднёю пусьцякамі займацца, што ў маёй хаце ўсё ў наяўнасьці, спытайце, і прасіў яго, пакуль зьежджу ў Магілёў, не уціскаць мяне справамі і што я хутка вярнуся. Я паехаў а станавы яшчэ застаўся... Памешчык губэрнскі сакратар Арцемій Ігнацьеў Вярыга”. (7).
    1 лістапада 1863 г. справа 20 абвінавачваемых разам з Вярыгам Дарэўскім абвінавацілі ў арганізацыі паўстаньня ў Віцебскім павеце, іншых, у жаданьні далучыцца “да банды мяцежнікаў”. Напрыканцы лістапада гэтая справа была перададзена вайсковаму суду пры Віцебскім батальёне ўнутранай варты, а 1 студзеня 1864 г. асобная сьледчая камісія ў Віцебску паводле загаду Мураўёва была расфарміраваная.
    15 студзеня 1864 г. Вярыга-Дарэўскі ды іншыя слухалі прыгавор. Вайсковы суд, які заўсёды даваў максымум пакараньня, запатрабаваў для Вярыгі Дарэўскага бестэрміновай катаргі. 21 траўня 1864 г. гэтая справа слухалася ў Часовым палявым аўдытарыяце ў Вільне, куды паўстанцкія справы дасылаліся на заключэньне. Вярыга Дарэўскі атрымаў 8 гадоў катаргі. 12 жніўня 1864 г. гэтае заключэньне было падпісана. 13 жніўня 1864 г. камандуючы войскамі Віленскай ваеннай акругі генэрал Патапаў зацьвердзіў рашэньне аўдытарыяту па справе 20 паўстанцаў. У студзені 1865 г. віцебскі губэрнатар генэрал Вяроўкін паведаміў у Вільню пра выкананьне гэтай канфірмацыі. (8)
    Маёнтак “Загаранскіх Кісель” Добрына было канфіскавана ў казну. (9)
    “На Арцёма Ігнатавіча пасыпаліся праклёны матак, якія абвінавачвалі яго ў падбухторваньні іхніх сыноў ісьці ў паўстанцы”. (10)
    Згодна “Артыкульнага сьпісу” “Загаранскі Станіслаў Кісель, 20 г., росту 2 ар. 5 верш., валасы чорныя, твар чысты, рымска-каталіцкага веравызнаньня, з памешчыкаў Віцебскай губэрні. За намер ўступіць у шайку мяцежнікаў, па канфірмацыі камандуючага войскамі Віленскай ваеннай акругі пазбаўлены ўсіх правоў стану і згодна з пастановаю сасланы на пасяленьне у аддаленыя месцы Сыбіры. Г. старшынствуючым у Радзе Галоўнага Кіраваньня Ўсходняй Сыбіры прызначаны ў Якуцкую вобласьць”. (11).
    У Якуцк Станіслаў прыбыў 4 студзеня 1866 г. і прызначаны быў у Алёкмінскую сялянскую воласьць. У Алёкмінск дастаўлены 16 студзеня 1866 г. і паселены 18 студзеня 1866 г. “за № 105” на Мачынскай станцыі. (12). “Сямейства не мае”. (13) У 1867 г. Станіслаў, каб хоць як-небудзь пракарміць сябе “займаўся падзённымі працамі” у “сялян Мачынскага паселішча”. (14)
    “На выснове маніфэста 1866 г. генэрал-губэрнатарам Усходняй Сыбіры 26 мая 1866 г. яму “прысвоена права лічыцца сасланым на жыхарства”. (15)
    Па стану здароўя Станіслаў Кісель Загаранскі ў жніўні 1867 году быў адпраўлены на жыхарства у г. Алёкмінск, але потым ізноў вернуты на Мачынскую станцыю.
    “Па распараджэньні Галоўнага кіраваньня Ўсходняй Сыбіры прадпісаньнем Якуцкага губэрнатара ад 16 лістапада 1867 г. Алёкмінскім акруговым паліцэйскім упраўленьнем 7 сьнежня 1867 г. Станіслаў быў адпраўлены ў г. Кірэнск дзеля сумеснага жыхарства ў Кіранскай акрузе Іркуцкай губэрні з братам Фердынандам”. (15)
    Магчыма Станіслаў Кісель Загаранскі ў выгнаньні сустракаўся са сваім апекунам Арцеміям Аўгустынам Вярыгам Дарэўскім, які апошнія гады жыцьця 1881-1884 гг. “правёў на залатых капальнях у Віцімскай тайзе, там верагодней за ўсё, і памёр”. (16)
    Літаратура:
    1). Кісяёў Г. В.  Віцебскія паўстанцкія атрады. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1994. С. 340.
    2). Востание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг. Москва. 1965. С. 501.
    3). Хурсік В.  Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 гг. Мінск. 2001. С. 97.
    4). Васілеўскі Д.  Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадзкая чыннасьць. // Полымя. Менск. № 6. 1926. С. 194.
    5). Васілеўскі Д.  Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадзкая чыннасьць. // Полымя. Менск. № 6. 1926. С. 194.
    6). Арцём Вярыга-Дарэўскі. // Пачынальнікі. З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. Мінск. 1977. С. 283.
    7). Арцём Вярыга-Дарэўскі. // Пачынальнікі. З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. Мінск. 1977. С. 285.
    8). Кісялёў Г.  Арцём Вярыга-Дарэўскі. З гісторыі літаратурнага Віцебска. // Полымя. Мінск. № 5. 1966. С. 173.
    9). Хурсік В.  Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 гг. Мінск. 2001. С. 97.
    10). Васілеўскі Д.  Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадзкая чыннасьць. // Полымя. Менск. № 6. 1926. С. 196.
    11). НАРС(Я) ф. 19, воп. 1, спр. 2366, арк. 55.
    12). Казарян П. Л.  Численность и состав участников польского восстания 1863-1864 гг. в Якутской ссылке. Якутск. 1999. С. 14.
    13). НАРС(Я) ф. 19, воп. 1, спр. 2366, арк. 55.
    14). Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 143.
    15). Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. изд. 2. Якутск. 1996. С. 211.
    16). Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. изд. 2. Якутск. 1996. С. 211.
    17). Барковский С. А., Мальдис А. И.  Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского. // Советское славяноведение. № 2. Москва. 1971. С. 36.
    Алесь Баркоўскі,
    Койданава.