среда, 12 ноября 2014 г.

Рая Скочка. Пралетарчык Блох. Койданава. "Кальвіна". 2014.




    Файвэль [Павел] Гешэль [Гемпэль] Юдалевіч [Юделевич, Юдзелевіч, Юлианович] Блох – нарадзіўся у 1864 (ля 1963) г. у габрэйскай сям’і. Мешчанін м. Беласток Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі. Атрымаў прафэсію канторшчыка.
    Уваходзіў у партыю “Пралетарыят”. Браў ўдзел у забесьпячэньні рэвалюцыйных гурткоў літаратурай, якую атрымоўвалі з-за мяжы, у асноўным з Жэнэвы.
    23 верасьня 1887 г., на падставе агентурных зьвестак абшуканы ў Беластоку. Пад час ператрусу у яго было знойдзена шмат кніг і брашур, у тым ліку “Нищета философии”, “Речь о свободе торговли” Карла Маркса, “Развитие научного социализма” Фрыдрыха Энгельса ды інш. Арыштаваны (разам з Бяляеўскім, Любніцкім, Ленчэўскім) і прыцягнуты да дазнаньня пры Варшаўскай жандарскай управе (пры жандарскай управе Беластоцкага і Бельскага вуездаў?) па справе Ш. Шавель, Л. Гордан і інш. па абвінавачваньні ў прыналежнасьці да рэвалюцыйнага зьвязу ды ў распаўсюджваньні рэвалюцыйных выданьняў. Утрымоўваўся пад вартаю з 24 верасьня 1887 г. у Гарадзенскім турэмным замку. Загадам ад 11 траўня 1888 г. быў высланы пад галосны нагляд паліцыі ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 10 гадоў. Адпраўлены з Масквы ў пачатку ліпеня 1888 г.
    17 студзеня 1889 г. дастаўлены ў Якуцк, як адміністратыўна-сасланы і часова пакінуты ў Якуцкай акрузе Якуцкай вобласьці. Па распараджэньні якуцкага губэрнатара 16 ліпеня 1889 г. адпраўлены на пасяленьне ў Верхаянскую акругу Якуцкай вобласьці.
    Па прыбыцьці туды быў пакінуты на жыхарства ў акруговым месьце Верхаянск. Прыняў удзел 3 красавіка 1893 г. у падачы Верхаянскаму акруговаму спраўніку ліста “абразьлівага зьместу”, завошта па прысудзе Якуцкага акруговага суду падлягаў арышту пры паліцыі на 3 тыдні, але па маніфэсьце 14 лістапада 1894 г. вызвалены ад пакараньня.
    Па стане здароўя, з дазволу губэрнатара, быў пераведзены на жыхарства ў м. Якуцк, куды выехаў (дастаўлены) 21 чэрвеня 1895 г. За адмову прыняць прысягу на вернасьць Мікалаю II вызвалены ад дзеяньня маніфэста 14 траўня 1896 г. Па пастанове Асобай нарады ад 3 чэрвеня (ліпеня) 1898 г. тэрмін галоснага нагляду падоўжаны на 2 гады з дазволам адбываць такі ў Эўрапейскай Расеі, з цэлым шэрагам абмежаваньняў у выбары месца жыхарства. Яго хадайніцтва пра дазвол жыць у Беластоку было адхіленае. Працягваў жыць у Якуцку, дзе быў прадстаўніком буйнай гандлёвай фірмы. У Якуцку ён 2 жніўня 1900 г. ажаніўся на дачцэ ўрача Ільлі Біка – Соф’і Бік.
    [Пастановай Якуцкага выканаўчага Камітэта ў ліпені 1918 г. камісарам друку прызначаны быў Вадзім Ільліч Бік, затым адказным сакратаром газэты “Красный Север” (да 6 чэрвеня 1920 г. газэта звалася “Якутская правда”, якая 12 верасьня 1920 г. была пераназваная ў “Ленский коммунар”.]
    У 1916 (1915) г. Блох выехаў у Енісейскую губэрню.
    Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 168;
     Казарян П. Л.  Верхоянская политическая ссылка 1861-1903 гг. Якутск. 1989. С. 43, 64, 71, 114, 126-127, 169.
    Рая Скочка,
    Койданава.